Фільм “Высоцкий. Спасибо, что живой.” рэжысёра Пятра Буслова, прысвечаны трагічнаму выпадку, які здарыўся са знакамітым расійскім акцёрам, паэтам і спеваком падчас яго гастроляў па Узбекістане.

Сюжэт фільма цэльны, хаця ўражанне ад прагляду дваістае. З аднаго боку – выдатная рэжысёрская і аператарская праца, плюс якаснае тэхнічнае забяспечанне, з іншага – мноства мастацкіх хібаў і недакладнасцяў. На некаторых супярэчлівых мамантах мне і хацелася б засяродзіць вашу ўвагу. Незадоўга да прагляду фільма, мне давялося пачуць кароценькае інтэрв’ю з сынам Уладзіміра Сямёнавіча Мікітай, у якім ён сказаў літаральна наступнае: “Гэты фільм – мэта ўсяго майго жыцця…” Тады я не прыдаў гэтым яго словам належнай увагі. “А як яшчэ можа ставіцца сын да свайго бацькі?” – падумаў я. Пасля прагляду фільма, сэнс сказанага стаў мне больш-менш зразумелы. Болей таго, рызыкну выказаць здагадку, што гэты фільм – яго версія і асабісты погляд на складаную, супярэчлівую асобу Уладзіміра Высоцкага. Безумоўна, яны маюць права быць. Але з маім бачаннем Высоцкага, як чалавека, як асобу, яны цалкам не супадаюць. Я з таго пакалення людзей, якое выгадавалася на песнях Высоцкага, якое слухала і захаплялася імі ў тыя часіны, калі быў жывы яшчэ аўтар. І мы памятаем зусім іншага Высоцкага.

Прозвішча акцёра, які выканаў ролю Уладзіміра Сямёнавіча, па нейкіх невядомых прычынах хаваецца ад масавага гледача. Не стану заглыбляцца ў гэтыя таямніцы і гуляць у згадкі. Як па мне, дык не важна “хто”, а важна “як”. І вось тут узнікае шэраг пытанняў. Магчыма, такой была задума аўтараў фільма, але ў мяне склалася адчуванне, што гэтыя дзьве гадзіны, на працягу якіх доўжыўся прагляд, я правеў у кампаніі з нябожчыкам. Прабачце, высядзеў ля труны з яго целам. І тая неверагодная колькасць грыму на твары акцёра, тыя няўклюдныя і нескаардынаваныя рухі, нібыта ў робата, толькі ўзмацнялі гэтае адчуванне. Разумею, што такім чынам аўтары фільма імкнуліся, верагодна, падкрэсліць той неймаверна цяжкі, хваравіты стан, у якім знаходзіўся Уладзімір Высоцкі. Што ж, трэба прызнацца шчыра, яны сваіх мэтаў дасягнулі. Болей таго, гэтага было больш чым занадта. Напрыклад, я так і не змог паверыць герою. Я не ўбачыў жывога Высоцкага. Для мяне ён застаўся нябожчыкам нават пасля таго, як мінула клінічная смерць. Калі дакладна, то не нябожчыкам, а нейкай штучнай, васкавой фігурай.

Вяртаючыся да станоўчых момантаў фільма, неабходна падкрэсліць майстэрскую гульню акцёра Андрэя Паніна, які выканаў у фільме ролю асабістага доктара. Сюжэтная лінія фільма, на мой погляд, цалкам вытрымана. Атмасфера часу – таксама. Хаця, уражанне ад фільма, – як ад добрай казкі са шчаслівым канцом і з сумленнымі, спагадлівымі дзядзькамі з КДБ, якія самі з палёгекай уздыхнулі і парадаваліся, што ўсё абышлося. Безумоўна, адносіны да Уладзіміра Высоцкага з боку грамадства былі ў тыя часіны своеасаблівыя. З боку “ворганаў” – таксама. Але не трэба забываць пра час, у які адбываліся тыя сумна вядомыя падзеі. Не трэба забываць і таксама пра тую жорсткую партыйную дысцыпліну і пра ідэалогію, якія панавалі ў краіне. Пагонамі палкоўніка КДБ проста так не разкідваліся. Нават дзеля Высоцкага. Таму некаторыя сцэны ў фільме выклікаюць лёгкую іранічную ўсмешку. На маю думку прыцягнуты за вушы і эпізод з забуксаваным “таксі”, які мроіцца Высоцкаму, калі ён знаходзіцца ў коме. Уражанне такое, што гэта адзін са шматлікіх сямейных фотаздымкаў з альбома і апынуўся ён у фільме не выпадкова, а па нечаму настойліваму патрабаванню, каб падкрэсліць, што выбіраўся галоўны герой з той яміны, у якую трапіў, толькі з дапамагай сям’і. Так гэта ці не, ніхто не ведае. Гэта асабістае. І выцягваць яго на паверхню, на маю думку, не мела патрэбы

Калі шчыра, фільм мяне не ўразіў. Быццам бы і атрымаўся ён па ўсіх параметрах, а быццам бы і не. Нечага не стае ў ім. Магчыма, шчырасці. Напрыканцы прагляду, нехта з гледачоў паспрабаваў схіліць зал да апладысментаў. На жаль, гэтую ідэю мала хто падтрымаў. А дарма, калі не стваральнікам фільма, то хоць галоўнаму герою было і ёсць за што выказаць сваю ўдзячнасць…