Кормак Макарці. Дарога / The Road. Выдавецтва: “Азбука-классика”, 2010г.

“Ніводны амерыканскі пісьменнік з часоў Фолкнера не заглыбляўся гэтак ахвотна ў бездань д’ябальскай жорсткасці і граху,” – піша рэцэнзент з “Нью-Ёрк тайме”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Бо як свярджае сам Кормак Макарці: “Верагодна, толькі тады, калі свет падвяргаецца знішчэнню, можна зразумець, як ён быў створаны…”

“Дарога” – раман аб жыцці і смерці. Аб тым, што для чалавека важна і як гэта зберагчы. Людзі рыхтуюць сябе да будучыні, хаця яна нас не чакае. Будучыня не падазрае нават пра наша існаванне. А таму трэба жыць тут і зараз. А значыць прыймаць кожны новы дзень такім, якім ён ёсць. Бо ўсё некалі скончыцца. Бо жыццё — ёсць вандроўка на край свету, дарога ў нікуды, і пакуль мы жывыя, смерць заўжды будзе маячыць наперадзе. Так, “кожны дзень – падман. Але ты паміраеш. І гэта праўда…”. І як сцвярджае партугальскі пісьменнік і паэт Жозэ Сарамаго: “Усё жывое асуджана некалі стаць нежывым, і якімі б значнымі не былі імёны і дзеі, запісаныя на старонках гісторыі, усе мы выйшлі з нежывога і ідзем у нежывое”. (“Двайнік”) Застаецца толькі лічыць крокі і ісці. “Трымацца прама, не падаць, нават тады, калі пахіснешся…”

Кормак Макарці (анг. Cormac McCarthy) — сучасны амерыканскі пісьменнік і драматург, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі. Нарадзіўся 20 ліпеня 1933года ў Правідэнсе, штат Род-Айленд. З яго творчасцю рускамоўны чытач знаёмы па раманах “Коні, коні…” і “Старым тут не месца”. Дарэчы паводле апошняга зняты славутымі братамі Коэнамі аднайменны фільм – жорсткі вэстэрн у сучасных дэкарацыях.

Зараз Кормак Макарці жыве і працуе ў штаце Нью-Мексіко. У сваіх нешматлікіх інтэрв’ю прызнаецца, што не спытвае асаблівага захаплення ад твораў тых аўтараў, якіх “не цікавяць пытанні жыцця і смерці” – да прыкладу, Генры Джэймса і Марсэля Пруста. “Для мяне гэта не літаратура”, — кажа адкрыта пісьменнік.

Дзеянне ў рамане “Дарога” адбываецца пасля маштабнай загадкавай катастрофы. Бацька і сын накіроўваюцца ў пошуках выратавання на поўдзень, да ўзбярэжжа акіяна. Аднак іх намаганні выратавацца — заведама марныя. І бацька не можа таго не разумець. Насамрэч усё вельмі кепска, і выдаваць жадаемае за сапраўднае – гэта ўсё, што ім засталося. З большай верагоднасцю, яны проста загінуць недзе ў горах, і на гэтым усё скончыцца. Але агучваць свае песімістычныя думкі пры сыне ён не спяшаецца, ды і ня можа. А хто змог бы? Ён чапляецца за жыццё з апошніх сілаў. Яно і зразумела – “калі ты адзін, у цябе знікае жаданне жыць А таму тым,, хто зусім самотны, можна параіць толькі прыдумаць сабе каго-небудзь. Удыхнуць у яго жыццё, залагодзіць словамі любові. Падзяліцца апошняй скарынкай хлеба, і абараніць ад небяспекі ўласным целам…” Так, ён разумее, што не самы кепскі бацька. І ўсё ж жонка мела рацыю, калі гаварыла:

— Ты чапляешся за хлопчыка, каб выжыць самому… Раней мы гаварылі пра смерць. Зараз перасталі. Не ведаеш чаму?

— Не ведаю.

— А я ведаю — яна нас ужо напаткала….

Так, сюжэт рамана — дарога. Як гаворыцца, бяры ды “збірай” з абочыны. Хаця збіраць насамрэч, у прамым сэнсе гэтага слова, няма чаго. Вакол ахінуты цемрай свет. Вакол разрабаваныя, спусцелыя гарады. Вакол натоўпы галодных людзей, гатовых зжэрці тваіх дзяцей у цябе на вачах. Выпаленая зямля. Чорныя сілуэты асмаленых дрэў. І нідзе ні травінкі, Усё сухое і мёртвае да самых каранёў… Як бачым, дэкарацыі не для аптымізму. І таму, “ці варта разважаць пра тое, чаго даўно ўжо няма?” Сапраўды. Здавалася б, у гэтых нечалавечых умовах засталося толькі адно — “спыніць імгненне, ускалыхнуць са дна душы ўсё цёмнае і ледзяное і адправіцца ў пекла…” “Я хутка памру, — прадчувае нядобрае хлопчык і не па гадах, па-даросламу просіць бацьку: – Навучы мяне, як гэта лепей зрабіць…”. Але паміраць зараз і тут не ўваходзіць у бацкоўскія планы. Бо гаворачы словамі хэмінгуэйеўскага рыбака Сантьяга: «Чалавек не для таго створаны, каб трываць паразу”. І справа тут нават не ў паразе. Справа ў барацьбе. Бо жыццё — барацьба… І дарога. А таму трэба ісці. Куды?.. Насустрач чаму?.. “Насустрач “нечаму безназоўнаму ў ночы…”

— У нас усё будзе добра, праўда?

— Так, абавязкова.

— З намі не здарыцца нічога дрэннага?

— Не, вядома.

— Таму што мы нясём агонь?

— Так, таму што мы нясём агонь…

Раман Кормака Макарці “Дарога” – гэта процьма нязручных пытанняў без адказу. Але пытанні на тое і ёсць пытанні, каб на іх атрымліваць адказы.

Час ад часу хлопчык цікавіцца мінулым жыццё, пра якое сам нічога не памятае, бо нарадзіўся ўжо пасля “катастрофы”. Бацька разумее, што выглядае ў вачах сына “іншапланецянінам”, але што павінен расказаць яму, не ведае. Бо ад мінулага засталіся нават не ўспаміны, а адны толькі асобныя расплывістыя фрагменты. Бо хочам мы таго ці не, “кожны раз, мы змяняем тое, што ўспамінаем.” І памяць кепскі дарадца ў тым становішчы, у якім яны апынуліся. Мінулага не вернеш, А прыдумляць нешта суцяшальнае надакучыла. Ён даўно выкінуў Яе здымак. Хаця выкінуць здымак – не значыць, забыць. “Ты настойваеш, што трэба змагацца, — чуе ён неаднойчы Яе знявераны голас. — Ва мне ўсё памерла ў тую ноч, калі Ён нарадзіўся. І не прасі спачування. Яго няма. Што тычыцца асабіста мяне, то я шукаю вечнага нябыту. Гэта мая апошняя надзея…”. Кажуць жанчынам сняцца сны пра няшчасці, якія пагражаюць іх блізкім. Мужчынам — пра няшчасці, якія пагражаюць ім самім…

— Як бы мне хацелася быць з мамай.

— Маеш на ўвазе, што табе хацелася б памерці?

— Так.

— Ты не павінен пра тое гаварыць.

— Але гэта праўда…

У рамане амаль атсутнічаюць сентыменты. Усё жорстка, выверана і лаканічна. Яно і зразумела, бязглуздна чакаць нейкіх “прасветаў”, калі вакол цябе гіне свет. Таму эпізод, калі хлопчык іграе на дудачцы, зробленай некалі бацькам, падаецца нам не столькі проблескам нечага светлага і абнадзейлівага, колькі сцэнай абсурду. Заместа музыкі, гучыць штосьці расплывістае, зусім не падобнае да мелодыі. “А можа, гэта і ёсць апошнія на зямлі гукі музыкі, якія вырваліся з-пад абломкаў знішчанага Свету?.. – губляецца ў дагадках бацька і безнадзейна ўздыхае: — Вось ён сумны самотны сіротка. Прыйшоў у паселішча паведаміць людзям пра прыбыццё вандроўных артыстаў. І сам таго не ведае, што ваўчыная зграя пацягнула ўсю трупу”…

Хлопчык уздымае галаву. Мокры выпацканы сажай твар, гаворыць сам за сябе: “ Я — той, хто аб усіх клапоціцца. Менавіта я…”

Шлях персанажаў нялёгкі, працягласцю ў жыццё. Таму, каго толькі не сустрэнеш на ім. У пераважнай большасці, ім сустракаюцца абездоленыя, знявераныя жыццём, людзі. Але ўсіх іх яднае дарога. Жыццё. Ілай – адзіны персанаж у рамане, які мае імя. Але і яно, як высветляецца пазней, не сапраўднае, выдуманае, бо на месцы яго, мог бы аказацца любы іншы. Ілай — чалавек без узросту, гэткі змардаваны буда, “купка рыззя, што звалілася выпадкова з каляскі”. І аднаму Богу вядома, што давялося бачыць гэтым вачам на сваім вяку. Але на іх думку, менавіта ён павінен даць адказ на пытанне,, што здарылася са светам. Але хіба сустрэнеш што-небудзь людскае на дарозе?! Ды яшчэ ў такія часіны… “Таго, што здарылася, не змяніць, — адказвае нявызначана стары. — І наогул, дарма ў такія хвіліны чагосьці жадаць. Жаданні – занадта вялікая раскоша. Сёння ніхто не жадае жыць і ніхто не жадае паміраць… Там дзе людзям не выжыць, Багам рабіць няма чаго…”

Такі нявызначаны адказ старога задаволіць хлопчыка не можа. Ён не перастае дапытвацца, цяпер ужо ў бацькі:

— Дзесьці ж ёсць добрыя людзі. Ты сам казаў.

— Казаў.

— Ну і дзе ж яны?

— Хаваюцца

— Ад каго?

— Адзін ад аднаго…

Яно і зразумела: “Прыгожае, каб абараніць сябе, павінна хавацца..” (Ю.Місіма).

І зноў дарога. І зноў безназоўныя аднастайныя дні. Без спісу неадкладных спраў. Зноў мітуслівае безперспектыўнае вошканне ўсярэдзіне вымерлай прасторы. І так гадзіна за гадзінай. І так дзень за днём. А па начах — надакучлівыя каляровыя сны, напоўненыя чалавечай любоўю, спевамі птушак, святлом сонца. “А як яшчэ можа заявіць пра сябе смерць?” Ён перакананы — гэта нядобры знак. Бо “калі сніцца свет, якога раней не было, і цябе перапаўняе радасць, то гэта азначае, што ты здаўся”. Сын таксама адчувае, што бацька памірае і неўсвядомлена прывучае сябе да думкі, што ён сыходзіць ад яго. Але “ты павінен ісці далей. Адзін. Я не магу, а ты павінен, — настойліва просіць яго бацька. — Нам заўжды шанцавала. І табе пашанцуе. Ідзі. І ні аб чым не хвалюйся. Ты павінен несці агонь. Ён у тваім сэрцы…” Асацыяцыі адназначныя. Хлопчык і ёсць правобраз Горкаўскага Данка —, асобы вялікай духоўнай прыгажосці, здольнай да самаахвяравання дзеля выратавання іншых людзей. Той ноччу ён спіць з бацькам у абдымку, а прачнуўшыся ранкам, разумее, што абдымае халодны адубелы труп. “Калі ты паміраеш, усё вакол памірае разам з табой.” І гэта так. Тленнасць свету відавочная. Даўнія праблемы так застаюцца невырашаннымі.

“Азірніся вакол, “вечнасць” займае шмат часу.” Але хлопчык ведае ўсяму кошт — “вечнасць” бязмежная і ўсё, што стаяла паміж пачаткам і канцом іх шляху, — гэта той агонь, які яны няслі.

І ўсё ж, не гледзячы ні на што, аўтар, на маю думку, пакідае нам надзею. Кволую, непрыкметную, але надзею. І справа тут нават не ў тым, што героі рамана перакананыя, што свет, быццам бы, выратуе дабрыня. Гэта яшчэ як сказаць. Справа ў тым, што смерць не ўсемагутна, што ўсё загінуць не можа. Бо яна насамрэч – з’ява тэатралізаваная. Гэта тое, што недзе там і не з намі . І “калі мы ўсе памрэм, калі нікога з нас не застанецца, акрамя самой смерці, то і яе дні будуць палічаныя.

Пойдзе яна па дарозе, а вакол пустка, нікога няма. Што ёй тады рабіць? Вось яна і спытае; ”Дзе ўсе?” Куды больш страшней смерці фізічнай, смерць духоўная. І як мне здаецца, аўтар намякае чытачам менавіта на яе. Чытаючы раман ”Дарога”, пачынаеш неўсвядомлена разумець, што ўся гэтая “змрочная” бутафорыя, усе гэтыя мерцвякі з застылымі нямымі крыкамі на тварах, усяго толькі — алегарычныя персанажы, духоўна памерлыя людзі. І калі гэта так, то ўсё сапраўды кепска. Бо як гаварыў Сенека: “Няма розніцы, пакладзеш ты хворага на драўляны ложак ці на залаты: куды яго не перанясі, ён панясе з сабою хваробу”. Спробы вярнуць чалавека ў рай – месца, якое ён некалі страціў, так і застаюцца бесперспектыўнымі марамі, вандроўкаю за небакрай. У нікуды…

poplavok-a.livejournal.com