Сюжэт рамана “Дарога змен” класічны – сямейная драма з усімі адсюль прадказальнымі акалічнасцямі і наступствамі: крызіс узросту, разчараванне ў сямейным жыцці, недавер, здрада, смерць.

Хлусня на тое і хлусня, каб разбураць нас знутры ды сяліць у душах страх і няўпэўненасць. Як не ўпрыгожвай яе, чым не аздабляй, пад якімі марынадамі не падавай на стол — ежа гэтая атрутная. А калі падман у дадатак яшчэ і ўзведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі, то тады ўвогуле адбываецца дысбаланс грамадства. Падманваючы іншых, мы ў першую чаргу хлусім самім сабе. І гэты шлях не можа быць сазідальным. Бо калі ты на яго ступіў, сыйсці з яго няма ніякага шансу. Усё праўдзівае і сумленнае робіцца безнадзейна далёкім і ты раптам пачынаеш разумець, што тваё жыццё – містычны вар’яцкі спектакль, дзе ўсё тупа сур’ёзна, неахайна прэтэнцыёзна і няправільна; ты кажаш “так” замест таго каб казаць “не”, ты сутыкаешся з сваёй сапраўднай існасцю, не разумеючы, хто ты ёсць насамрэч. Але хто ў гэтым вінаваты яшчэ акрамя цябе?..

“Дарога змен” – гэта іранічны погляд на грамадства. Гэта раман пра складанасць і неадназначнасць чалавечай натуры. “Гэта, — як сказаў Курт Вонненгут, — “Вялікі Гэтсбі” для новых часін”. “Дарога змен” – працяг тыповай амерыканскай тэмы, распрацаванай напачатку пяцідзесятых славутым Солам Бэллоў.

Рычард Йейтс (Richard Yates) — амерыканскі пісьменнік, адзін з буйных празаікаў другой паловы XX стагоддзя. Пры жыцці не меў жаданай папулярнасці ў шырокай аўдыторыі. І толькі праз гады пасля смерці, яго кнігі дасягнулі належнага поспеху. Нарадзіўся ў прыгарадзе Нью-Йорка ў 1926 годзе у неблагапрыстойнай сям’і. Пасля заканчэння школы паступіў ва ўніверсітэт, але вучыцца ў ім яму не выпала.

Ішла Другая сусветная вайна і яго прызвалі ў войска. З вайны Рычард Йейтс вяртаецца з марамі пра кар’еру пісьменніка. У 1961 годзе, у трыццаціпяцігадовым узросце выдае свой дэбютны раман “Дарога змен”, ухвалены і чытачамі, і крытыкамі. Памёр у 1992 годзе ад ускладненняў пасля лёгачнай аперацыі.

Сюжэт рамана “Дарога змен” класічны – сямейная драма з усімі адсюль прадказальнымі акалічнасцямі і наступствамі: крызіс узросту, разчараванне ў сямейным жыцці, недавер, здрада, смерць. Мэты і задачы таксама выразна акрэсленныя – паказаць на прыкладзе трагедыі маладой і, на першы погляд, вельмі прыстойнай, зладжанай амерыканскай сям’і духоўны крах усяго пакалення, выкрыць заганы і недахопы палітычнай і ідэялагічнай сістэмы.

Дзеянне адбываецца ў Канэктыкуце напрыканцы спрыяльных для Амерыкі як у эканоміцы, так і ў палітыцы пяцідзесятых. Непадалёк ад пабудаванай нядаўна шырокай аўтастрады з сімвалічнаю назвай “Шаша№12”, у адным з трох сучасных мястэчак, якія яна злучыла, жыве сямейства Уілераў. Яна — безпрацоўная. Ён — клерк кампаніі “Лічыльныя машыны НОКС”. Некалькі слоў пра сімволіку. На маю думку, яе ў рамане ў збытку. Гэта і тая ж “Шаша№12”, якая асацыіруецца з дарогай змен, гэта і ўвасабленне новага часу – мястэчка “Рэвалюцыйны Узгорак”, які ніякім чынам не разлічаны на тое, каб даваць прытулак нейкім там выпадковым трагедыям. На яго вуліцах, заспеты горам чалавек – безтактоўна лішні. У гэтай казачнай краіне “нават ноччу не бывае нічыйных ценяў і змрочных сілуэтаў”, тут хіба толькі што можна згледзець ласкава-пастэльныных адценняў будынкі, якія здалёк, калі прыглядзецца, — усяго толькі “купка кідкіх цацак, безтурботна забытых і вымаклых пад дажджом.”

Насамрэч, на думку пісьменніка, “ краіна прагніла ад сентыментальнасці, якая быццам зараза, распаўзлася на цэлыя пакаленні. Ёю прасякнута ўсё, чаго не краніся. І воляй-няволяй пачынаеш задумвацца, а ці не ў ёй сапраўдная прычына ўсіх бедаў… Не, што б не спарадзіла сентыментальнасць, менавіта яна губіць Злучаныя Штаты. Любая ідэя, любое пачуццё вульгарызуецца да ўзроўню “жиденькой кашки”, якая не патрабуе разумовых высілкаў.

Укараняецца аптымістычны сентыментальны погляд на жыццё: усміхайцеся і ўсё будзе добра…” Гэта тупіковы шлях. Ён можа прывесці нацыю да маральнай, духоўнай і культурнай дэградацыі.

Таму ідэя стварэння аматарскага тэатра – ёсць спробы звярнуць з гэтага ганебнага і памылковага шляху. Дбайна скампанаваная з моладзі аматарская трупа “Лаўрэаты” усю зіму рэпетыруе п’есу “Каменны лес”. П’еса хоць і не з ліку шэдэўраў, але сімпатычная і, што самае важнае, вельмі надзённая. Зрэшты справа не ў ёй, “мы не проста рыхтуем спектакль, — папярэджвае кожны дзень рэжысёр, — мы ствараем аматарскі тэатр, а гэта вельмі важна і любая п’еса заслугоўвае таго, каб яе гулялі з поўнай аддачай…” І хоць “артысты” цешаць сябе тым, што наперадзе яшчэ безліч часу, яго насамрэч амаль ужо не засталося. Дзень прэм’еры не за гарамі і боязь, падацца ў вачах гледачоў дурнямі, робіць сваю ціхую разбуральную справу. Рэпетыцыі не даюць належных вынікаў. А тым часам, абнадзейлівая і жыватворная ідэя – стварыць добры аматарскі тэатр, прыцягвае ўвагу усё новых і новых гледачоў. І гэта не проста гледачовы натоўп, гэта прыстойныя, адукаваныя людзі, з дастаткам і прэстыжнай, добрай працай.

Выканаўца галоўнай ролі Эйпрыл Уілер – дваццацідзевяцігадовая статная бландынка, “чыю пародзістую прыгажосць” не здольнае сапсаваць нават аматарскае асвятленне. Яе партнёр неспадзявана захварэў і таму яго падмяняе сам рэжысёр. Дуэт не ладзіцца, аддувацца даводзіцца самой. Эйпрыл – адзіны “жывы” чалавек на гэтай сцэне. Але і яна з кожнай новай рэплікай здае пазіцыі.

Фінальная сцэна спектакля становіцца сапраўдным актам літасці. Гледачы не ведаюць куды падзець вочы і што гаварыць. Фрэнк Уілер разумее дробязнасць аматарскай няўдачы і спрабуе, як можа, суцешаць жонку:

— Усё гэта не варта таго, каб церабіць сабе нервы. Разумныя людзі не марнуюць свае душэўныя сілы на падобнае глупства. Галоўнае – заўжды заставацца самім сабою…

Для Эйпрыл гэтыя довады не суцешальныя. Для яе няўдачная прэм’ера — крах апошняй надзеі. Пад сумнівам не столькі яе амбіцыйныя намеры, колькі сама спроба памяняць нешта ў сваім жыцці. А ці было яно калі-небудзь тое жыццё?.. Дзяцінства яна свайго не памятае. Бацькі развяліся адразу ж пасля яе нараджэння. І маці прама з радзільні адвезла яе да цёткі, дзе яна і жыла да пяці гадоў. Праз некаторы час бацька застрэліўся ў нумары бостанскага гатэля, а маці памерла ў лякарні для алкаголікаў.

— Мяне заўсёды дзівіла, што ты наогул ацалела і перажыла дзяцінства, — гаворыць ёй неаднойчы Фрэнк. — Без усякай шкоды для свайго “я” і ўсё такое…

Ён хлусіць. Траўма заўважная. У дзяўчынкі, якую ў маленстве кінулі бацькі, і якой тым самым было адмоўлена ў цэлым зрэзе неабходнага жыццёвага доследу, развілося трывалае нежаданне мець дзяцей. З гэтай праблемай Фрэнк сутыкнуўся, калі яна ўпершыню зацяжарыла ад яго. План яе быў вельмі просты.

“Прасцей няма куды: чакаеш трэцяга месяца, бярэш стэрылізаваную клізму і крыху кіпячонай вады…” А далей — справа тэхнікі. Ён не дазволіў ёй здзейсніць злачынства. Але на ўсё свой час. Безнадзейная пустэча тутэйшага жыцця вымушае Эйпрыл пускацца на розныя хітрыкі, Яна ўсё яшчэ жыве надзеямі, што можна нейкім чынам абдурыць лёс і вырвецца з тупіковай жыццёвай сітуацыі, куды загнала сябе некалі сама. Яна разумее, што ўбачыць пустэчу – гэта адно, а зразумець яе безнадзейнасць – гэта зусім іншае. “І калі ты ўсё зразумееш, табе нічога не застаецца іншага, акрамя, як “зваліць” з гэтай краіны.” Яна адчувае ўсю безнадзейнасць свайго існавання і чапляецца за гэтую выратавальную ідэю, як тапелец за саломінку, Малюе Фрэнку самыя лепшыя перспектывы .

— Галоўнае, якую працу я там атрымаю, — спыняе яе раздражнёна Фрэнк.

— Ніякай… Сэнс у тым , што табе яна не спатрэбіцца, таму што працаваць буду я. Не смейся…

— А чым буду займацца я?

— Ты будзеш рабіць тое, чым не змог заняцца сем гадоў назад. Шукаць сябе…

Усё правільна, прама ў яблычка, лепш і не прыдумаеш… Гэта даўняя мара Фрэнка. Еўропу ён даўно лічыць адзіна прыстойным месцам у свеце. Фрэнку трыццаць і яму праракаюць бяспрэчны поспех у розных сферах, але ўсе сходзяцца ў адным, што ён схільны да “гуманітарнай”, або нават да творчай дзейнасці і для таго, каб знайсці сябе, неабходны толькі час і воля…

З Эйпрыл ён пазнаёміўся некалі на вечарынцы.

— Што вас цікавіць? – спытала ў яго выключна першакласная дзяўчына.

— Любая ты мая, калі б я ведаў адказ, я б у паўгадзіны замарыў бы нас абодвух…

Праз тыдзень яна скажа:

— Ты самы цікавы чалавек з усіх, каго я сустракала. Гэта праўда…

Потым, каб даказаць сваю адказнасць сем’яніна, ён уладкуецца на безнадзейна нудную працу. Потым пераедзе ў надмерна стыльную дарагую кватэру. А потым завядзе другое дзіця – як сведчанне таго, што нараджэнне першага не было памылкай. Увогуле, увесь час яму давядзецца нешта даказваць. Эйпрыл прымусіць яго трымаць абарону. Гэтая жанчына жыве па сваіх правілах. Яна нават кахае яго толькі тады, калі ён “добры” і “што самае крыўднае, яна ў любы час дня і ночы мажа кінуць яго…” Прапанова з’ехаць у Парыж, не столькі радуе яго, колькі здзіўляе і насцярожвае. Гэта не проста – сарвацца ў чужую краіну з дзецьмі. “Ну і што, што ў мяне нудная, нецікавая праца? — разважае ён сам з сабою, імкнучыся ўлічыць усе “за” і ўсе “супраць” нечаканай прапановы. — Ну і што, што задушана мая сутнасць, а цяперашняе жыццё адмаўляе маё існае “Я”?.. Гэтак жа сама вырашаюць свае праблемы дзевяноста восем адсодкаў людзей.

Сотні прыгожых, элігантных і бяспрэчна паспяховых мужчын і жанчын адужалі і перабаролі сябе, прыстасаваліся, знайшлі выгаду і цяпер карыстаюцца сістэмай “не прогибаясь под неё”. І ўсё ж прама адмовіць Эйпрыл ён пакуль што не здольны. Не хапае ні мужнасці, ні жадання Уменне адмяраць і адлічваць час – ёсць невычэрпная крыніца нашага спакою. І няма нічога настолькі вызначанага, што не магло б змяніцца. Час вырашае ўсё. Неабходна набрацца цярпення і чакаць. Прапанова Эйпріл не ўваходзіць у яго бліжэйшыя планы. Барт Поллак набірае каманду з маладых людзей для сваёй новай цікавай фірмы і яму свеціць даходная прэстыжная праца. На думку таго ж Барта Поллака, ён і ёсць “той хлопец, які ў любым месцы краіны можа выступіць і перад грамадскім аб’яднаннем, і на дзелавым семінары і на нарадзе…

— Прадаецца ўсё, — намякае яму Барт Поллак у прыватнай бяседзе. – У гэтым свеце нічога не здараецца і нічога не з’яўляецца без гандлёвай угоды…” Фрэнк не дзеліцца сваімі бліжэйшымі планамі з Эйпріл, марудзіць. Цяжарнасць жонкі, у якой яна яму аднойчы прызнаецца, і ёсць той шчаслівы чаканы выпадак, на які ён разлічваў.

— Ты хочаш здзейсніць злачынства супраць сваёй існасці і маёй таксама, — папярэджвае яго ў запале Эйпрыл.

І ўсё ж крытычны рубікон пяройдзены. Адзінаборства завяршылася. Жыццё зноў вяртаецца да нормы. Але пераможцам сябе Фрэнк не адчувае. Яшчэ шмат што належыць зрабіць, каб гісторыя з ад’ездам у Еўропу адышла ў мінулае. І ён стараецца. Але аднойчы ў прыбіральні знаходзіць гумовую, цёмна-жоўтую грушу.

Усё тую ж… Рукі апускаюцца. “Па-мойму нам не прызначана быць бацькамі, — прыходзіць ён нечакана да жахлівай вар’яцкай высновы. – Мы не адпавядаем гэтай ролі…” Гэта прыгожыя слоўцы, хлусня… Сапраўдную сутнасць якой выкрывае аднойчы Джон – псхічна хворы сын гаспадыні, у якой Уілеры здымаюць жыллё. Па настойлівай просьбе гаспадыні, “сяброўскія” шпацары з Джонам цяпер абавязковыя. Дзіўна, але Джон нічым не адрозніваецца ад усіх іх знаёмых “псіхаў” без даведак.

— Ведаеш, Фрэнк, па-мойму ён першы чалавек, які зразумеў чаго мы хочам, — прызнаецца аднойчы Эйпрыл.

Джон як заўжды прамы і справядлівы:

— Грошы – добрая адгаворка, — хітра ўсміхаецца ён, калі Фрэнк прызнаецца яму, што паездка ў Парыж адмяняецца. – Але не праўдзівая прычына. І я не здзіўлюся, калі даведаюся, што ты знарок яе “обрюхатил”, каб усё астатняе жыццё хавацца за мамчынай спадніцай. Выдатнага мужыка ты знайшла сабе, Эйпрыл. Мне шкада, цябе хоць вы, пэўна, вартыя адзін аднаго. Ведаеце, чаму я радуюся? Што мне не наканавана быць тым дзіцём…

Ён мае рацыю. Нельга кахаць некага толькі за тое, што ён “добры”. Гэта ўсё роўна што сказаць: “А што я з гэтага буду мець?” Нельга хаваць увесь час ад сябе тое, што здарылася даўно, у самым пачатку, калі табе было зручна верыць у тое, што гаварыць іншы ды ўзнагароджваць за гэта адзін аднаго новай зручнай хлуснёй, каб у выніку сказаць тое, што больш жадае пачуць іншы.

— Калі б можна было гаварыльняй ператвараць чорнае ў белае, нікога лепшага за цябе не знайшлося б, — папракае Фрэнка Эйпрыл.

Гэта адзінае, што яна здольная яму сказаць на развітанне. І справа не ў тым, што яна яго не кахае, а ў тым, што не можа яго ненавідзець. Бразгаюць дзверы і яго ахоплівае знаёмая паніка. Эйпрыл сыходзіць… Сыходзіць зрабіць тое, да чаго імкнулася шмат гадоў. Яна перакананая ў тым, чаму яе ніхто і ніколі не вучыў: “Калі ты хочаш зрабіць нешта па-сапраўднаму правільнае і сумленнае, рабі гэта сам без сведкаў…”

poplavok-a.livejournal.com