Сёлета кінафестываль «Лістапад» займеў уласны твар. Сімваламі пераменаў сталі фільмы «Шчасце маё» Сяргея Лазніцы і «Рэверс» Барыса Ланкоша.

Прыемна ўсё-ткі назіраць, як з беларускага культурнага далягляду патроху знікаюць ідэалагічныя хмары. Яшчэ нядаўна я лічыў фестываль «Лістапад» імпрэзаю кшталту «Славянскага базару», дзе шмат гадоў галоўным матывам было захаванне міфаў і традыцыяў ужо няіснага савецкага кінематографу. Ці то гэта вынік восеньскай перадвыбарчай лібералізацыі, ці то айчынныя кінабосы зразумелі патрэбу змены фестывальнай парадыгмы, але сёлета «Лістапад» займеў уласны твар.

 

Жанравае, але часам ідэалагічна правільнае і таму бяззубае кіно саступіла месца фестывальным эксперыментам, якія адбыліся на посткамуністычнай прасторы цягам апошніх гадоў.

 

Калі кінакрытыкі кажуць пра фармат і дух сапраўднага кінафестывалю, яны перадусім падкрэсліваюць «фестывальнасць» стужак. Рэцэпт прыгатавання такога кінашэдэўру, здавалася б, просты: у аснову кладзецца драматургічна насычаны сюжэт, уласцівы паспяховаму жанраваму кіно, аднак распавядаецца гісторыя такім чынам, што эмоцыі гледача не супадаюць з сюжэтнымі закруткамі. Публіка мусіць плакаць і смяяцца зусім не там, дзе гэтага вымагае фабула, але там, дзе трэба рэжысёру, спасцігаючы такім чынам сэнс аўтарскага паслання. Ці будзе так, на 80% залежыць ад рэжысёрскага таленту і толькі на 20% – ад ўсіх астатніх фактараў. Таму кінафестываль – гэта заўсёды парад тых, хто камандуе на здымачнай пляцоўцы.

 

 

Пераможца фестывалю – рэжысёр Сяргей Лазніца

 

У адрозненне ад мінулых гадоў, большасць стужак, якія ўзялі ўдзел у асноўным конкурсе «Лістапада», можна аднесці менавіта да фестывальных. Гэта ўжо ёсць пэўным знакам якасці. Геаграфія асноўнага конкурсу – посткамуністычныя краіны – была вызначаная канцэптуальна. А каб глядач адчуў выразны прысмак галоўных страваў, у якасці гарніру пад назваю «Конкурс маладога кіно» былі запрапанаваныя творы аўтараў, якія паходзяць з абшараў, далёкіх ад былога сацыялістычнага лагеру. Дзевяць стужак маладых рэжысёраў з Ірану, Індыі, Перу, Аўстраліі, Іспаніі ды іншых краінаў сталі цікавым фонам для асноўных канкурсантаў, а таксама паслужылі глебаю для параўнання.

 

 

 

Кадры з кінафільму «Шчасце маё»

 

Калі адбываецца змена фестывальных фарматаў, то крытыкі разам з гледачамі звычайна спрабуюць знайсці сімвалы, якія б дапамаглі ім зразумець глыбінны сэнс пераменаў. Для «Лістапада» такімі сімваламі сталі «Шчасце маё» Сяргея Лазніцы і «Рэверс» Барыса Ланкоша.

 

Гэтыя стужкі стылістычна паходзяць нібыта з розных сусветаў, аднак па сутнасці апавядаюць пра тое самае – духоўную трансфармацыю чалавека ў камуністычнай сістэме, чалавека маральна дэзарыентаванага ў сітуацыі, калі зло ўдавала з сябе дабро.

 

Адзін апускае нас у метафізічную рэальнасць, у якую можа трапіць кожны з нас, калі страціць памяць пра сябе і свой час. Другі, распавядаючы гісторыю трох польскіх жанчын у сталінскія часы, гуляе з героямі, як з марыянеткамі, змяняючы стылі і дэкарацыі. У «Рэверсе» станоўчыя героі могуць у момант стаць адмоўнымі і наадварот, пра гэта кажа нават назва стужкі. Лазніца і Ланкош выступаюць у ролі наратараў, якія нібыта не звязаныя з трагічнымі падзеямі таго перыяду ні ў прасторы, ні ў часе. Таму іх дзейства прасякнутае крыху змрочнай іроніяй, а гледачу не прапаноўваюцца гатовыя маральныя рэцэпты і «свет у канцы тунэлю», адно магчымасць самому адказаць на пытанні , якія б цяжкія яны ні былі. Ці магчыма гэта было на «Лістападзе» яшчэ некалькі гадоў таму? Наўрад ці.

 

 

 

 

Кадры з фільму «Рэверс»

 

У пэўным сэнсе «Шчасце маё» і «Рэверс» – фільмы-рэквіемы, якія заклікаюць развітацца не столькі з эпохай, якой ужо даўно няма, колькі з нашымі поглядамі на яе. Фестывальная публіка месцамі рэагавала на гэтыя заклікі даволі нервова. А шкада. Пазбаўленне вірусу савецкасці шмат для каго з нас ёсць балесным, аднак гэта дазволіць убачыць сваё мінулае больш яскравым і стракатым, калі няма месца толькі чорнаму і беламу. Беларусы, як трапна заўважыў у сваім блогу Алесь Чайчыц, жывуць у сваёй гісторыі, не адрозніваючы сябе сённяшняга ад сябе тагачаснага, а таму гістарычныя постаці для іх – гэта жывыя постаці. Паназіраць і прааналізаваць сябе тагачаснага надта важна, каб зразумець, на якім ты цяпер свеце, і ўяўляць, што можа быць далей. Без гэтага сённяшняя ідэнтыфікацыя будзе няпоўная, а ўласнае існаванне – няпэўнае.

 

З’яўленне такіх фільмаў як «Шчасце маё» на мінскім фестывалі, а тым больш прызнанне шляхам уручэння найвышэйшай узнагароды сімвалічныя, бо даюць надзею на канчатковую эвалюцыю «Лістапада» з сустрэчы састарэлых выпускнікоў даўно няісных універсітэтаў у фэст, які адкрые свету цалкам новы кінематаграфічны пласт, бо посткамуністычнае кіно рана ці позна набудзе-такі новую якасць.

 

Беларускае кіно, гэтак сама як і расійскае або ўкраінскае, урэшце зробіцца самім сабою, а не постсавецкім мутантам. Галоўнае трымацца выбранай каляіны.

 

n-europe.eu