Паглядзеў, нарэшце, “Варшаўску бітву”. Вынік: Гофман + Дэмбскі = батальная сцэна пад адпаведную музыку. Праблема ў тым, што для нармалёвага фільму патрэбны шчэ сцэнар ды майстэрства актораў. А так атрымаецца махач пад музыку на працягу дзьвюх гадзінаў. Гэта й маем.

Сюжэт

Яго няма. Не, у прынцыпе, ёсьць, але… ў той жа час няма.

Малец закахаўся ў дзеўку, але вайна, малец: з касьцёлу – на фронт, дзеўка: “Przysęgaj mi, że wrucisz…”, далей – вайна, выбухі, стрэлы, бум-бам, а-а-а-а-а!, шмяк!, лясь!, “Даёшь Варшаву!!!”, тра-та-та-та!, “Hura-a-a-a!!!”… У выніку дзеўка-санітарка ідзе па шпіталі: гоман галасоў, стогны параненых і г.д., і раптам, праз аграменную залю, яна чуе слабы шэпт “Olu…”, дзеўка кідае бінты-лекі, ляціць праз залю, знаходзіць параненага мальца. Усё, хэпі энд.

Аторы

У галоўнай ролі афігенна глядзеўся б Замахоўскі. Але Гофман запрасіў нейкага маладзейшага хлопца. І дарма. Стары конь баразны не псуе. Жэброўскі, праўда, засьвяціўся ў эпізодзе ў ролі Грабскага. Нармальна зроблены Пілсудзкі – і яшчэ б – сам Анджэй Кміціц, ён жа Аз’я, ён жа Тугай-бэй, ён жа Даніэль Альбрыхскі!

Акторская гульня асноўных пэрсанажаў, Мальца ды Дзеўкі, у цэлым адсутнічае. Шыц спрабуе, канешне, паказваць нейкія эмоцыі ды нават перажываньні, але дарэмна. Можна было б замяніць Шварцэнэгэрам з роўным вынікам. Даеш Замахоўскага, адным словам!

Ola… Волька-кулямётчыца, kurwamać! Дзеўка пяе ў кабаку, ідзне на хронт, там яе вучаць страляць з кулямёту (навошта?), але прызначаюць у санітаркі. Калі бальшавікі пруць на Варшаву, санітарка Воля, ясна справа, зрывае белую павязку, крычыць: “Патронаў!” і гасіць чырвоных з “максыму”. Чырвныя ад такога дабрыдзень паспрабавалі былі схадзіць у рукапашную на акопы, але ў час наляцелыя з флянгу ўланы ды малюткі-“Рэно” з фронту (нафіг было чакаць уланаў, калі ў вас саміх за акопамі танкі???) прымушаюць іх адступіць.

Бінга! — Zwycięstwo!

Walka

Маё беларускае ўспрыняцьцё гэтага слова: нешта зваленае ў кучу. Ну ось, неяк так… фільм успрыняцьцё падмацоўвае. Калі б я ня ведаў гістарычных падзеяў сабжу, заснуў б на паўгадзіне, ня гледзячы на кроў, ляскат ды іншыя грымоты. Не дае рэжысэрам спакою слава “Шарагоўца Раяна”, ой, не дае… Вось і Гофман патрапіў. Кожныя пяць-сем хвілін які безыменны жаўнер зь першага пляну высоўвае галаву за бруствэр і атрымлівае шалёную кулю. Разе на трэцім забаўляе, на сёмым-восьмым пачынае надакучваць.

Увогуле, добра зьнятыя батальныя сцэны ў фільме выліліся ў незразумелую нарэзку кадраў. Нейкага сюжэтнага зьместу ў большасьці зь іх няма: коньніца скача, пяхота бяжыць, кулямёты страляюць, ерапляны лётаюць, але для якой халеры яны гэта робяць зразумела, мабыць, аднаму рэжысэру. У савецкія часы быў такі фільм “Вызваленьне”, там дакумэнталістыка была разбаўленая маленькімі сюжэтамі, што надавала стрэлкам на мапе ды голасу дыктара нейкую жывасьць. Маўляў, вось у штабе заплянавана наступленьне на гэтым участку, а вось рэальныя танкісты праз агонь і дым пераўтвараюць пляны генэралаў у жыцьцё. І было моцна, глядзелася. Тут сюжэты засталіся, але мапы з дыктарам няма. І ўсё, гамон. Тысячы даляраў на спэцэфэкты – ў паветра халастым стрэлам. Лепей б Гофман менавіта так напаўдакумэнтальны фільм зьняў, было б болей сэнсу.

На фоне астатняга — добра паказаны подзьвіг Скарупкі. Каб увесь фільм так!

Добязі

О, вось тут “рэспэкт і ўважуха”, як кажа адзін мой знаёмы! Вопратка, тэхніка, мова – амаль бездакорна. Беларуская сялянка размаўляе па-беларуску, бальшавікі — па-расейску, камісар, што калісьці ведаў польскую – па-польску з памылкамі. Адзіная моцна заўважная моўная хіба – радыст у штабе Тухачэўскага, які зь цяжкасьцю спрабуе вымавіць расейскія словы, але ўсё адно не атрымліваецца. Цікава, зь якога дублю вынік прапусьцілі? Нагадвае “Чырвонага копа” са Шварцам, зноў жа.

Тачанкі, браневікі, танкі – файна, няма чаго сказаць.

Вынік

Можна, ясна справа, сказаць, што здымаць мастацкія фільмы па гістарычных падзеях, ды так, каб паказаць і гэныя падзеі, цяжка. Але Гофман не зрабіў ані мастацкага сюжэту, ані мастацкай хронікі. “Варшаўская бітва” – гэта Міхалкоў наадварот. Але з тым жа сэнсам і вынікам. У параўнаньне магу прыгадаць іншы польскі фільм, пачатку 2011 году – “Czarny czwartek”. Там ёсьць і гісторыя і сюжэт. І нармалёва яны дапасуюцца і пераплятаюцца. Так што, магчыма. Усё магчыма. Рабіць трэба ўмець, панове.