Францішак Багушэвіч — пачынальнік беларускай літаратуры і абуджальнік нацыянальнай свядомасці беларускага народа

Францішак Багушэвіч з’яўляецца самай яркай фігурай у беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Ён па праве лічыцца адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры, заснавальнікам грамадзянскай паэзіі на Беларусі. Яго ідэйная спадчына з’явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку ХХ стагоддзя. Дзякуючы Францішку Багушэвічу ўпершыню ў гісторыі нашай краіны грамадскія і палітычныя ідэалы былі скіраваны на адраджэнне Беларусі, а не на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага або Рэчы Паспалітай, як гэта было ў дабагушэвічаўскі перыяд.

Няпросты шлях да народа

Паэтычны дар, які пакінуў пясняр народных дум і спадзяванняў Францішак Багушэвіч, несумненна, з’яўляецца найкаштоўнейшым здабыткам айчыннай літаратуры. Але шлях твораў паэта да народа быў няпросты. Яго спадчына не дайшла да нас у поўным выглядзе. Пры жыцці паэта яго творы ў царскай Расіі былі забаронены. Асобнымі кнігамі выйшлі толькі ў час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, але неўзабаве былі арыштаваны. У Савецкай Беларусі ў 20-я гады зборнікі паэта былі выдадзены. Але ўжо праз некалькі гадоў уся творчасць паэта была абвешчана буржуазна-кулацкай і нацыяналістычнай і забаронена. Па сведчанні даследчыкаў творчасці паэта, 3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім віленскія, ковенскія і нават перыяду БССР выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца. Вядомы цікавы факт, які сведчыць аб тым, што будучы кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі ў маладосці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» Багушэвіча з Кракава ў Беларусь. І толькі пасля 40-х гадоў аднавілася выданне твораў пісьменніка. Больш за тое, асобныя творы паэта былі ўключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры, што дало магчымасць дзецям пазнаёміцца са спадчынай слыннага класіка зямлі беларускай.

Захаваўся сямейны альбом Францішка Багушэвіча, а таксама яго эпісталярная спадчына. Цікавыя дакументальныя сведчанні абставін жыцця паэта, гісторыі напісання яго твораў захоўваюцца ў архівах Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы. Удзячныя нашчадкі ўшанавалі памяць паэта: у бары каля Кушлянаў устаноўлены камень-помнік Багушэвічу, камень Багушэвіча ёсць і ва ўрочышчы Лысая гара недалёка ад Кушлян на тэрыторыі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, на могілках каля вёскі Жупраны ўстаноўлены помнік паэту, у інтэр’еры Жупранскага касцёла ёсць мармуровая пліта з надпісам «Францішку Багушэвічу. 1840—1900. Сябры». У Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча і адкрыты музей Францішка Багушэвіча, у Кушлянах захавалася сядзіба, якая належала паэту (зараз там працуе Дом-музей Багушэвіча). У райцэнтры Гродзенскай вобласці — горадзе Смаргонь — усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу. Ушаноўваецца памяць пра нашага слаўнага земляка і за межамі Беларусі: ва Украіне ў горадзе Нежыне на будынку, дзе вучыўся беларускі паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка, яго імем названа вуліца ў горадзе Канатопе, памятная шыльда ўстаноўлена і ў вёсцы, дзе нарадзіўся паэт — у Свіранах (Літва). Адна з бібліятэк Літвы носіць імя паэта, вуліца Багушэвіча ёсць у літоўскім мястэчку Рукойні. У Вільні на месцы дома, у якім з 1884 па 1898 год жыў Багушэвіч, усталявана мемарыяльная шыльда.

Святыя словы паэта

Францішак Багушэвіч выдатна разумеў, што нацыянальная мова — найважнейшая форма выяўлення духоўнасці народа. Словы, пачэрпнутыя з народных моўных глыбінь і па-майстэрску апрацаваныя пісьменнікам, трывала ўвайшлі ў лексічны склад сучаснай беларускай мовы. Акрамя стварэння літаратурных твораў, паэт займаўся лексікаграфічнай працай: збіраў слоўнік беларускіх слоў. Уся творчасць паэта садзейнічала выпрацоўцы моўных нормаў і развіццю сучаснай беларускай мовы. А словы аб значнасці для народа нацыянальнай мовы, сказаныя Францішкам Багушэвічам у прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ў 1891 годзе, застаюцца актуальнымі і сёння, хаця мінула больш за сто гадоў. Яны гучаць як своеасаблівы заклік шанаваць і развіваць беларускую нацыянальную культуру і яе першаэлемент — нацыянальную мову:

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова і толькі таго. Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць, пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова наша ёсць такая людская і панская, як і французская альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой Божа! Што ж мы за такія бяздольныя?! Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу — якіясьці харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя… маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газеты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баечкі; і дзеткі іх чытаюць так, як гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык можа б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку» і як дурня абсмяялі б! Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі… Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы… Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…». Радкі з гэтай прадмовы паэта ў наш час увекавечаны на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Радаслоўная Францішка Багушэвіча і паходжанне яго прозвішча

Гісторыкі сведчаць, што па мацярынскай лініі Францішак Багушвіч паходзіць са шляхецкага роду, дзявочае прозвішча маці — Галаўня. Захаваліся актавыя кнігі, у якіх ёсць запіс, паводле якога значыцца, што продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых набыў маёнтак Кушляны, або Мігуцяны, з сялянамі. А да гэтага род Багушэвічаў у пачатку ХVІІІ стагоддзя жыў у Полацкім ваяводстве. У архіўных матэрыялах захаваўся запіс, згодна з якім «7 чэрвеня 1729 года Міхаіл Савіцкі падпісаў дароўную, згодна з якой маёнтак Шкірлава, або Бароўшчына, з вёскай Хвашчаны і Мышкавічы (разам з сялянамі) у Полацкім ваяводстве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусцінаву Багушэвічу і яго сыну Казіміру, а іншых яго сыноў Антона і Франца Багушэвіча грашыма адарыў». Сваякі паэта ў канцы ХVІІІ стагоддзя былі запісаны шляхтай Віленскай губерні, а ў 1830 і 1845 гадах іх шляхецкія прывілеі пацвердзіў сенат геральдыі.

На вялікі жаль, прамыя нашчадкі паэта не прадоўжылі справу бацькі на ніве адраджэння беларушчыны.

Францішак Багушэвіч, як правіла, падпісваўся псеўданімамі: Dеmоs, Huszісz, Tеn, Tаmtеn Мацей Бурачок, Рэўка з-пад Барысава. Прозвішча Багушэвіч утворана на аснове асабовага мужчынскага імя Богуш, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца скарочаным народным варыянтам старажытных поўных славянскіх імёнаў Багуслаў, Багумір. У старажытнасці такія імёны звычайна замацоўваліся за прадстаўнікамі вышэйшых саслоўяў.

Сучасныя Багушэвічы

Прозвішча Багушэвіч даволі часта сустракаецца ва ўсіх абласцях нашай краіны, але найбольш частае яно на Міншчыне і Гродзеншчыне: Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці; Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Полацкі раёны Віцебскай вобласці; Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці; Ашмянскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі, Слонімскі, Шчучынскі раёны Гродзенскай вобласці; Барысаўскі, Клецкі, Мінскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Уздзенскі раёны Мінскай вобласці. Вядомае гэта прозвішча і на землях суседніх дзяржаў: Польшчы, Украіны, Расіі і Літвы.

Нярэдка адзначаецца імя Богуш і вытворнае ад яго прозвішча ў асновах назваў населеных пунктаў: вёска Багушы ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, Смаргонскім, Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці, вёска Багушоўка ў Бабруйскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці, вёска Багушова ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці, вёска Багушэвічы ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, гарадскі пасёлак Багушэўск у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці, хутар Багушкі ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, вёска Багушоўка ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці.