У XVI стагоддзі ў Празе жыў легендарны рэбэ Лёў. Паводле адной з версій, ён хацеў абараніць габрэяў ад пагромаў. Паводле іншай — банальна стварыць служку для нуднай хатняй працы. Зляпіўшы балвана з гліны, здабытай у Влтаве, ён ажывіў яго з дапамогай Кабалы. Уключальнікам для гэтага робата эпохі барока служыў “шэм” — цыдулка з таемным імем Бога, пакладзеная ў гліняны рот.

Голем спраўна завіхаўся на карысць гета: абараняў яго межы, насіў ваду і дровы. Часам, праўда, ад няма чаго рабіць самавольна ўключаўся, выходзіў з-пад кантролю і ішоў душыць саміх габрэяў, але збольшага ўсё было добра. І ўсё роўна аднойчы рэбэ Лёў выключыў яго назаўжды. Але шмат стагоддзяў габрэі Еўропы верылі, што Голем адраджаецца з пацярухі і абараняе іх народ у часы небяспекі.

Празаік Юры Станкевіч стаў шырока вядомы чытачу пасля 1997 года. Яго раман “Любіць ноч — права пацукоў” — жамчужына “новай літаратурнай сітуацыі”, класіка новага беларускага мадэрнізму, заслужаны “нуар” беларускай літаратуры. Эксперыментальны твор, мадэрністычны “свяжак” на фоне татальнага рэалізму айчыннай прозы, адрэдагаваны, выдадзены і разрэкламаваны калектывам часопіса “Крыніца” — бадай, самай магутнай і аўтарытэтнай інтэлектуальнай структурай Беларусі канца 1990-х, — вокамгненна стаў культавым.

Вось толькі аўтар, на праверку, выявіўся форменным Големам — змрочнай пачварай Франкенштэйна, які паўстаў супраць сваіх стваральнікаў. Мы і не заўважылі — але за нейкі дзясятак гадоў з флагмана мадэрнізму (якім мы яго чамусьці лічылі) Станкевіч перарадзіўся ў гуру беларускіх правых. Станкевіч — галоўны козыр беларускіх нацыяналістаў у ідэалагічным супрацьстаянні з праеўрапейскімі лібераламі, якія, у сілу бязмежнай талерантнасці да ўсіх, моўчкі глытаюць у тым ліку прозу Станкевіча. Камуністы таксама адседжваюцца ў хмызах. Што такога могуць супрацьпаставіць танку, які мкне напралом, тутэйшыя левыя? Маніфесты Цімура Хоміча? Складаецца ўражанне, што Станкевіч павёў рэй у гета беларускай культуры ўсур’ёз і надоўга.

У чым менавіта палягае перараджэнне празаіка Станкевіча?

На гэтае пытанне, думаю, здольная адказаць кніга “Шал”.

І

“Шал” мае амаль санетарную архітэктоніку. У кнізе 13 тэкстаў у чатырох жанрах. На першы погляд, “Шал” — кніга таго самага антыкамерцыйнага фармату “слепила из того, что было”, які дае цынікам нагоду кпіць з нішчымных беларускіх літаратараў. Маўляў, аўтары карыстаюцца любой нагодай апублікаваць “нятленкі” і, атрымаўшы перапустку ў друкарню, на радасцях вярстаюць пад адну вокладку ўсё, што гадамі пісалася ў стол. Але насамрэч усё ў зборніку даволі арганічна. Канцэптуальна ё