“У вечнага вандроўніка Язэпа Драздовіча ніколі не было ўласнага “роднага кута” – і ён зрабіў ім увесь Сусвет”.

Мала ў беларускай гісторыі ёсць персонаў, якія гэтак адпавядалі б рамантычнаму архетыпу, як Язэп Драздовіч.

Пачуўшы яго імя, адразу ўяўляеш самотную постаць на фоне палёў-лясоў, плашч на плячах, які развявае вецер, кавеньку ў руцэ, мройны погляд удалеч, ажно ў касмічныя прасторы… Таямнічасць, далучанасць да недаступных простым смяротным ведаў, неўладкаванасць жыцця… Архетып паэта, мудраца, лірніка.

Я – з вечна вандроўных, бяздомных людзей,
Што ўласнага куту не маюць,
Што не маюць сям’i, нi жон, нi дзяцей,
Сiратлiва сябе адчуваюць.
Адчуваюць сябе сiратой,
Нi кала, нi машыны не знаюць,
Па дарогах брыдуць пехатой,
З хатулём на плячах кавiняюць.

Гэтак Язэп Драздовіч як бы сфармуляваў сваю формулу жыцця.

Падобныя героі сустракаюцца ў Яна Баршчэўскага – тыповыя рамантычныя персанажы, чыя добраахвотна ўзятая на сябе пакута беспрытульнасці ўвасабляе не толькі адвечнае несупадзенне асобы паэта і прафаннага свету, але і боль за страчаную, паняволеную радзіму, забраны край.

Сын Буры, Плачка, іншыя персанажы Яна Баршчэўскага – носьбіты нацыянальнай самасвядомасці, незалежнасці Айчыны, сімвалы неўміручасці народнага, нацыянальнага духу і адначасова тугі па страчаным “залатым веку”.

Гэтае аплакванне “залатога веку”, характэрнае для сарматызму, мы бачым і ў Язэпа Драздовіча, які, з аднаго боку, мае відзежы пра Сатурн і Марс, з другога боку – паглыбляецца ў мінулае Беларусі, дзе ўсё было інакш і лепш:

I прайшлi вякi даўняй вольнiцы,
Калi кожны быў у супольнiцы,
Калi лес, зямля былi Божымi:
Нi прыватнымi, нi варожымi.
Калi ўсе ўсiм карысталiся
Ды ў правах сваiх вечавалiся.
Вечам правiлi-справавалiся,
Пад прымус ярма не давалiся.

Паэма “Трызна мiнуўшчыны” здаецца напісанай у дзевятнаццатым стагоддзі ў старым фальварку адным з тых паэтаў, якіх Уладзімір Караткевіч называў стваральнікамі “праклятага беларускага рамантызму”.

Але гэтую паэму ў 1937 годзе Драздовіч адаслаў у часопiс “Беларускi летапiс”, дзе яе жорстка раскрытыкаваў Максім Танк. Чаму – зразумела. Твор быццам прыйшоў з іншага часу, гэтак жа, як і яго стваральнік, які жыў і ў касмічнай будучыні, і ў залатым веку Вялікіга княства Літоўскага, толькі не савецкую эпоху. (Штопраўда, на тэрыторыі Заходняй Беларусі існаванне такой асобы было ўсё ж больш магчымым і апраўданым, чым у БССР).

Але пры ўсёй сваёй вольнасці ў часава-прасторавых каардынатах Язэп Драздовіч дзіўным чынам утрымлівае ў сабе і беларускую местачковасць, з’яўляецца паўнавартасным носьбітам нацыянальнага менталітэту з ягонымі вартасцямі і недахопамі.

Ягоныя Марсы і Сатурны надзіва беларускія, свойскія, сармацкія, намаляваныя ў гэткай жа інсітнай, наіўна-шчырай манеры, што і тутэйшыя краявіды.

Ракета, на якой Драздовіч прапануе ляцець на асвойванне іншых планетаў, дзіўным чынам прыпадабняецца вялізным, дыхтоўным карэтам і брычкам, на якіх беларускія шляхціцы выпраўляліся ў вандроўкі, наладоўваючы куфрамі ды валізамі з булкамі ды салам. Драздовіч з гэткім жа гаспадарлівым, падрабязным клопатам раіць грузіць на “шматнабойную касьмiчную тарпеду, на якой зямныя турысты паляцяць на Месяц“, жывых кур ды іншыя прыпасы.

Беларусу, як вядома, уласцівая прывязанасць да роднага кута. Менавіта да кута, лакальнага месца ў прасторы, да ўласнай зямлі, якую трэба асушваць, засейваць, адстойваць.

Асобы, пазбаўленыя пэўнага месца пражывання, пры пэўнай сакралізацыі – лірнікі, старцы, паломнікі – усё-ткі лічыліся ў вёсках маргінальнымі, падазрона чужымі.

Архетып беларускай прасторы – гэта зямельны надзел для сям’і лясніка ў “Новай зямлі” Якуба Коласа, кавалак неўрадлівай сушы, які трэба асушыць, у “Людзях на балоце” Івана Мележа, закінуты маёнтак і бедная вёсачка каля яго ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча.

У адрозненне ад рускай “шири лесов, полей, и рек”, ад стэпавай гарызанталі, гэтак жа як і ад польскай “вертыкалі” – далучанасці да гісторыі, роду, продкаў, тыповая беларуская прастора лакальная, замкнёная, нетрывалая, бо яе могуць адабраць.

Гэтая лакальнасць, расплывістасць гістарычнай “вертыкалі” і прасторавай “гарызанталі” мае адваротны бок – нетрываласць нацыянальнага самаўсведамлення. Беларус, які трапіў на чужыну, часцей за ўсё асіміляваўся, змагаючыся за свой “надзел зямлі” там, у іншым месцы. Вядома, што беларуская дыяспара ва ўсім свеце не з’яўляецца моцнай, а беларусам уласціва рабіцца донарамі чужых культур, расчыняцца ў іх.

Тое, што ў сусвеце Драздовіча прысутнічае архетып роднага кута, можна пацвердзіць фактамі біяграфіі – ягоная сям’я, рана пазбаўленая бацькі-кармільца, арандавала чужую зямлю гэтак жа, як сям’я Канстанціна Міцкевіча, і ў хаце не маглі не гучаць марэнні пра ўласны надзел. І ўнікальнасць Язэпа Драздовіча ў тым, что ён экстрапалюе “родны кут”, беларускую прастору на ўсю сферу сваіх мройных блуканняў, яго космас таксама робіцца беларускім, часткай “роднага кута”.

Аднолькава загадкавыя і прыгожыя рэальная гара Гараватка і Месячны горад. Персанажы сустрэчы вясны на Сатурне страшэнна нагадваюць і купалаўскага Гусляра, і жрацоў з паэмы “Трызна мiнуўшчыны” – гэткія пракаветныя, трохі дэфармаваныя друіды ў доўгіх белых кашулях, з сівымі валасамі.

Калі параўнаць карціны Драздовіча, напрыклад, з творамі Мікалая Рэрыха, розніца відавочная. Рэрых адлюстроўвае іншасць, экзотыку, а Драздовіч – свойскасць экзатычнай прасторы і экзотыку тутэйшых краявідаў.

Калі ж супастаўляць карціны Драздовіча з творамі Чурлёніса, што робяць даволі часта, таксама ёсць адрозненне. У Чурлёніса – эзатэрычныя, сімвалічныя матывы пераплятаюцца з нацыянальнымі, Драздовіч ніколі не сягае ў глыбіні эзатэрыкі, яна ў яго павярхоўная, аксэсуарная. Яго карціны, як і малюнкі Алены Кіш альбо Пірасмані, адлюстроўваюць знаёмы яму свет.

Да таго ж, успомнім, дзе адбываліся рэальныя падарожжы “архетыповага беларускага вандроўніка”?

Яны абмежаваныя Беларуссю, Расіяй, Літвой, Польшчай. Гэта не тулянні па свеце Ігната Дамейкі, нацыянальнага героя Чылі, альбо беларуса Гашкевіча, першага расійскага консула ў Японіі, ці Яна Чэрскага, які даследваў Сібір.

Вядома, каб апісваць далёкія краіны, не абавязкова пабываць там – чаму сведчаннем творчасць Янкі Маўра. Але Язэп Драздовіч шукае не экзотыкі.

Калі ў сваіх “астральных падарожжах” ён апісвае, скажам, Лунідаў, то гэта ўмоўныя персанажы, пазбаўленыя абліччаў: пляскатварыя, бязносыя, без падбароддзяў і вуснаў, пры гэтым – “бадай што нiчым ня рознiлiся ад нашых беласкурых паўночных жыхароў Эўропы”. Гэта кампутарныя персанажы, юніты, якім можна маляваць твары паводле сваіх уяўленняў. І твары гэтыя, магчыма, будуць тварамі беларускіх сялянаў.

Часта можна чуць нараканні, што Драздовіча, павятовага Леанарда да Вінчы, беларусы не ведаюць, не цэняць, не любяць так, як ён заслугоўвае. Вунь у Каўнасе існуе вялікі музей Чурлёніса, куды едуць турысты з усяго свету. Паасобныя ж карціны Драздовіча губляюцца ў вялікіх экспазіцыях, літаратурныя творы не надрукаваныя.

Сапраўды, асобу Язэпа Драздовічаможна ператварыць у пазнавальны брэнд, для гэтага нібыта ёсць усе складнікі. Але гэтыя складнікі трэба ўспрымаць менавіта ў сукупнасці, таму што паасобку ягоныя наробкі ў розных жанрах, сферах грамадскай дзейнасці, навукі не дадуць такога эфекту.

Выдадзеныя творы, скажам, стануць цікавым артэфактам, але не актуальнай літаратурай. Унікальнасць асобы Драздовіча менавіта ў яго універсальнасці, жыццятворчасці.

Сам Язэп Нарцызавіч прызнаваўся:

“Наогул, я зменная натура: праз кожныя тры гады што-небудзь новае пачну. Праз усё жыццё маё так. Тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае развіццё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадскай працы ды пісаў як пісьменнік. І вось ужо трэці год як вандроўны народны мастак…”.

На вядомым аўтапартрэце 1943 году мастак нават намаляваў сябе з трыма абліччамі, спрабуючы сімвалічна перадаць гэтую сваю рознабаковасць, каб не сказаць – раскіданасць.

Робіць ягоную постаць цэласнай менавіта беларускасць. Але ж менавіта “тутэйшасць”, напэўна, і перашкаджае бачыць у яго постаці веліч сусветнага памеру. Таму што ёсць выгадаваная ў беларусах цягам стагоддзяў этнацыду ганебная звычка лічыць сваё, нацыянальнае – горшым, драбнейшым, правінцыйным.

У гэтым плане паказальным з’яўляецца помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці Мінску. Як бы і задума добрая, глабальна-рамантычная: вандроўнік нясе над сабой уласнаствораны сусвет, але пры гэтым масштаб скульптуры дробны, неадпаведна малы, проста цацачны на фоне будынкаў.

Усё вельмі проста: масштаб помніка вызначае той, хто яго ставіць. Калі мы не будзем любіць сваіх паэтаў, мастакоў, навукоўцаў, не будзем самі лічыць іх вялікімі – дарэмна спадзявацца, што хтось збоку прыдзе і скажа: “А вось жа якія ў вас выдатныя асобы ёсць!”

У вечнага вандроўніка Язэпа Драздовіча ніколі не было ўласнага “роднага кута” – і ён зрабіў ім увесь Сусвет, як герой апавядання Аляксандра Грына, што сам пабудаваў у джунглях абяцаны яму і не знойдзены горад.

Для публікацыі на Svajksta.by ласкава даслана аўтаркаю.
Тэкст – выступ на канферэнцыі ў Маладзечне 24 красавіка.