Згодна з данымі “Белкнігі”,  новы раман Віктара Марціновіча “Сфагнум” стаў самай набываемай беларускай кнігай у краіне.

Праўда,  звесткі з сайта таямніча зніклі праз некалькі дзён…

Калі шукаць у Беларусі модных пісьменнікаў, то пачынаць варта з Віктара Марціновіча. Ці з Віці з Аўтаза, як ён сябе назваў напярэдадні прэзентацыі свайго новага рамана “Сфагнум”. Бібліяфілы і аматары літаратуры ўпадабалі і новага персанажа, хоць Віця і трымаўся “канкрэтным пацаном”. У звычайным жыцці людзі, што завіталі на прэзентацыю “Сфагнуму”, ад такіх хлапцоў трымаюца падалей — занадта розныя погляды. Дый моднай мабілы можна недалічыцца пасля такога рандэву.

Магчыма, гэтым можна патлумачыць цікаўнасць да “Сфагнуму” — інтэлігентны чытач паглыбляецца ў свет, што існуе побач, нават трохі вабіць, але застаецца незразумелым, пужае, насцярожвае.

Вымярэнне беларускай рэальнасці, дзе пануе своеасаблівы сфагнум — у батаніцы так называюць спецыфічны від балотнага мху, што ўтварае торф, — стала асновай для кнігі. У рамане шмат мату, асабліва ў арыгінальнай, неперакладной версіі. Што паробіш — на ім “размаўляюць” героі Марціновіча. Дэкарацыі кнігі, як і самі героі, пазнавальныя і з-за гэтага яшчэ больш непрывабныя. Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч увогуле зазначыў, што “ў рамане Віктара няма станоўчых герояў акрамя самога Віктара…”

А вось літаратурны крытык Андрэй Расінскі не паскупіўся на пахвальныя параўнанні ў адрас аўтара. Прачытаўшы абедзве версіі рамана (адна, рускамоўная, напісана ўласна Марціновічам, другая перакладзена на мову Віталем Рыжковым), Расінскі з прыдыханнем казаў аб тым, што тэкст просіцца на экран. Спадара Віктара паставілі на адну палічку з Гаем Рычы, Эмірам Кустурыцам і Квенцінам Таранціна. Вядома, у пераносным значэнні…

Дарэчы, літаратуразнаўца Расінскі падмеціў жыццёвую інверсію “Сфагнуму”. Першапачаткова Віктару прапанавалі напісаць сцэнарый для серыяла, але літаратар адмовіўся. Падобная гісторыя яднае Марціновіча з пісьменнікам Нілам Гейманам. Той спачатку стварыў сцэнарый, а потым распісаў яго ў цэлую кнігу. Так на свет з’явіўся містычны і прыгодніцкі раман “Никогде”.

“Я хацеў бы прасіць вас забыцца на падзелы, — звярнуўся Віктар да аўдыторыі. — Бо ў нас ёсць чытач, якога мы страцілі. І зараз нам трэба неяк яго вярнуць”.

Заяўленне Марціновіча аб тым, што крытыкам не трэба пісаць блага пра беларускія раманы, некаторыя ўспрынялі амаль як капітуляцыю. Праўда, прасіў Марціновіч не за сябе, а агулам адзначыў, што хопіць ганіць сваё.

“Лепш нічога не пішыце пра беларускую кнігу, якая вам не спадабалася, чым пішыце блага”, — заклікаў бараніць сваё аўтар.
І нават такія спрэчныя словы публіка ўспрыняла з энтузіязмам. Дасталося на прэзентацыі іншым. Напрыклад, перакладчыку Віталю Рыжкову. Маўляў, яго намаганнямі “з правакацыйнага твора зрабілі твор, які можна ўключаць у школьную праграму”.
Прэзентацыя кнігі доўжылася амаль дзве гадзіны, і яшчэ гадзіну Марціновіч падпісваў чытачам свежанькае выданне. Некаторыя, што ўжо пазнаёміліся з кніжкай у інтэрнэце, пыталіся наконт працягу.

“Калі мяне ў палон не возьмуць чачэнскія тэрарысты, пісаць працяг “Сфагнуму” я не буду”, — усміхнуўся Віктар і дадаў, што “зараз у яго галаве няма ніякіх ідэй”.

Яшчэ адзін камплімент аўтару: усім жадаючым атрымаць аўтограф не хапіла кніжак. Пацвярджэнне таго, што Марціновіч усё ж такі модны пісьменнік: многія госці нясціпла фатаграфаваліся на фоне аўтара, каб потым выкласці “фотачкі” ў сацсеткі. Мусіць, Віця з Аўтаза гэта ўхваліў бы…