У газеце “Літаратура і мастацтва” №28 ад 19 ліпеня 2013 з’явіўся агляд першай кнігі паэзіі гарадзенскай аўтаркі Святланы Куль “Вершы. Байкі. Паэмы”. З прыемнасцю публікуем вельмі прыхільны паэтцы тэкст на “Тваім стылі”.

Не ведаю, як гісторыі, але нашай сучаснай паэзіі вельмі пашанцавала – у ёй з’явілася новае імя. Знаёмцеся – Святлана Куль, паэтэса з Гродна. Яна вядомая таксама як доктар гістарычных навук, прафесар кафедры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы і кафедры турыстыкі і рэкрэацыі Беластоцкай палітэхнічнай Акадэміі.

Летась пабачыў свет яе паэтычны зборнік, у які ўвайшло больш як 170 вершаў, шэсць баек, чатыры паэмы і вянок санетаў. Творы размешчаны храналагічна – ад ліпеня 2011 года па ліпень 2012-га. На мой погляд, адзіны недахоп зборніка ў тым, што не было рэдактарскага падбору вершаў па тэматыцы: інтымная, грамадзянская лірыка, філасофская і духоўная паэзія, гістарычныя старонкі, асабліва ўсё, што датычыць мінулага Гродна.

Гісторыкаў, як і паэтаў, шмат. Звычайна яны існуюць паасобку. Каб у адной творчай адзінцы злучыліся ў адно цэлае гісторык, які шмат гадоў працуе ў навуцы з маладым запалам першаадкрывальніка, і вытанчаная, адзінокая душа паэта, гэта рэдкая ўдача.

Наважуся назваць такую з’яву доўгачаканым вяртаннем. Да нас, сучаснікаў, нібыта вяртаецца з-за смугі стагоддзяў нацыянальнае Слова. Слова мінулага ажывае намаганнямі рэдкіх майстроў. У роднай мове адкрываеш для сябе цэлыя пласты гісторыі, і якой! Жаночай рукой сатканы і вышыты карціны мінулага жыцця, а колькі новых імён загаварыла, уваскрэсла ў паэмах, байках, баладах, песнях!

Паэтычны стыль Святланы Куль адрозніваюць панарамнасць і глыбіня гістарычнага бачання, ціхая спавядальнасць і вясёлая ўсмешка, багатая метафарычнасць і шчырасць, тонкая празрыстасць дэталяў і веданне роднай мовы, асобна – пачуццё рытму. Часам гэта можа быць кароткая, хуткая страфа, як і патрабуе таго тэма, або разгорнуты, доўгі радок, што імкнецца да кананічнасці, строгасці, ці доўгі гук, як звон абарванай струны.

Памірала эпоха. 
Сусвет памяншаўся ў памерах. 
На парыжскай Мадонне 
Камянелі, як рыфы, хімеры. 
Недзе плыў Магелан 
І Калумб разбіваў каравелы, 
Памірала эпоха 
Пад сталёвым разцом Данатэла.

(“Адраджэнне”)

У зборніку шмат вершаў-прызнанняў у любові роднаму Гродна. Шчодра, з лёгкай радасцю паэтэса дорыць нам усім любімыя куткі каралеўскага горада: Замкавую гару, Лесвіцу кахання каля Каложскай царквы, рачулку Гарадніцу, аленя Губерта, парк Жылібера, тэатр, Швейцарскую даліну, парк Румлёва… Тут усё дыхае гісторыяй.

У вузкіх вуліцах
няма шляхоў вятрам,
Душу не студзіць
лютаўская замець,
Бо грэе сэрца аб мінулым памяць,
Аб тых,
што збудавалі першы храм…

У тэкстах неверагодна шмат падрабязнасцей, дэталяў, забытых ведаў, народных паданняў, легенд, апавяданняў, якімі з намі дзеліцца паэт-навуковец-гісторык. Гучаць галасы людзей з розных саслоўяў, іх шмат: магнат, салдат, купец, млынар, каваль, князь і князёўна, гусар, маладая паненка, закаханы акцёр, вядзьмаркі-шаптухі…

Трэба было толькі дакрануцца, як чароўнай палачкай, таленавітай рукой да знямелай гісторыі, і яна ажыла, загаварыла са старонак кнігі высокім паэтычным стылем.

Прафесія стала крыніцай ведаў, памочніцай і верным сябрам для паэтэсы. Яна дорыць чытачу гісторыю як асаблівы свет і вольна перамяшчаецца з аднаго часу ў іншы. Раскрывае паэтычнымі вобразамі, цудоўнымі знаходкамі, нібы бутон, які ператвараецца ў каштоўную, рэдкую кветку.

Аказваецца, наша гісторыя побач з намі, а мы праходзім міма, не заўважаючы прыгажосці ліній старадаўніх вуліц, сцен касцёлаў, гулкага бруку. Па раніцах каляровы брукаваны камень вузкіх вуліц ільсніцца ад вільготнага па-ветра, гуляе чырвонымі,вугальна-чорнымі, агатавымі, шэрымі бакамі і доўга трымае рэха многіх крокаў. Апоўдні зачароўвае густая мелодыя званоў, яе старадаўнія гукі ўзносяцца высока ў неба і адгукаюцца ў сэрцах.

Ля далёкага мора,
Дзе пах памаранчаў і зёлак,
Мне прысніўся мой горад,
Прыгожы, як споведзь анёла,
Дзе як прасніца плошча
З яе сямісвечнікам вуліц,
Да сябе, нібы прошчу,
Узнёслыя храмы прытуліць. 

(“Ля далёкага мора”)

Паэтэса поўная жадання выбудоўваць свае гістарычныя тэмы, ніколькі не хвалюючыся тым, што можа адстаць ад сучаснасці. Яна шукае ў мінулым герояў духу, сапраўдных герояў. Ім ёсць месца якраз у такіх паэтычных жанрах, як санеты, пасланні, балады, элегіі, паэмы. На жаль, сёння такія жанры нячаста выкарыстоўваюцца паэтамі.

Святлана Куль не дае абарвацца повязі паміж мінулым і сучаснасцю. Калі наўмысна не забываць мінулыя эпохі, кажа яна сабе і чытачам, іх багацце можа жыць з намі доўга-доўга, падсілкоўваючы нашу памяць, нашы памкненні, выхоўваючы адказнасць, гонар, нацыянальную ідэнтычнасць і веліч.

Паэтэса падводзіць чытача да разумення дзяржаўнай ідэі будаўніцтва нашага беларускага дома. Гэты вобраз вандруе ў яе з аднаго верша ў другі. Грунтоўна і не спяшаючыся яна выбудоўвае ў творах “свой дом”, не забывае ў сваіх памінальных спісах нікога, добрым словам успамінае імёны дзядоў, кланяецца родным магілам.

Паэтэса здольна перайсці ад прыватнай гісторыі да эпічных абагульненняў, і атрымліваецца гэта арганічна.

Яны адыходзілі з родных 
маёнткаў, з фальваркаў —
Рамантыкі, геніі, 
соль беларускай зямлі, —
У чорных сурдутах, 
у ветрам падшытых чамарках,
Хто ехаў на захад, 
каго па этапах вялі.

Апошнія крокі рабілі 
па родных алеях
Да брамы на ўездзе 
і дом аглядалі адтуль:
З калонамі ганак, 
абсаджаны белай спірэяй,
І ценем на ім — 
сілуэты бацькоў і матуль.

Яны адыходзілі з нашай зямлі 
назаўсёды,
Каб стацца для іншых 
паэтам, героем, суддзёй,
Яны адыходзілі з хаты, 
з зямлі і з народа,
З гісторыі нашай, 
каб болей не значыцца ў ёй.

(“Выгнанцы”)

Святлана Куль падсілкоўвае нашу сучасную мову рэдкімі словамі, архаізмамі: кунтуш,аршак, вухналь, намітка паркалёвая, лёхі, пошасць, войт…

Можна забытыя словы ведаць, але як імі “кіраваць”? Яны ўжо аджылі свой век. Гэта як старадаўняе начынне, розныя гаспадарчыя прыстасаванні ў этнаграфічным музеі, усе яны былі неабходныя ў мінулым. Цяпер, на жаль, іншыя дні, іншая эпоха.Усё гэта датычыць матэрыяльнай культуры, але як быць са славеснасцю? У вершы “Княгіня”, на мой погляд, ёсць адказ.

…У перлах вершаў,
дыяментах прозы,
У аксаміце Метрык і Статутаў —
Смяецца з недарэчнасці прагнозаў
Іудаў і скуголячых манкуртаў.

Яны памруць, а мова застанецца,
Бо кожны здзек,
бы лёд зімовы, стопіць.
У нашай мовы велічнае сэрца,
Яго яшчэ
на сто стагоддзяў хопіць.

Такой княгіняй, прыгожай, станістай, уяўляецца і сама Святлана Куль, а праз яе і наша паэзія.Аўтарка звяртаецца да роднай і жывой гісторыі. Нарэшце прыйшла пара ўбачыць, ацаніць самае лепшае, самабытнае, годнае, што было ўласціва нацыі, і задумацца: што ж мы, горшыя за іншыя народы? Няўжо традыцыі прыгажосці мастацкагаслова згубленыя? Дзякуй богу, не.

У Святланы Куль ёсць духоўная сіла і пачуццё прыгажосці паэтычнага слова. Яна нібыта знайшла даўно згублены старадаўні куфар і цяпер сама атрымлівае асалоду ад сваёй песні і шчодра дзеліцца з намі. Адкрывае наноў скарбніцы роднай славеснасці і старонкі ліцвінскай гісторыі.