У Нямеччыне выйшла кніга Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд», якая завяршае яе знакаміты мастацка-дакументальны цыкл «Галасы Утопіі». Немцы ўзрушаныя гэтай кнігай.

Няма практычна ні адной буйной нямецкай газеты, ні аднаго папулярнага радыёканала, якія б не адгукнуліся на кнігу Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд», якая выйшла ў Нямеччыне, у выдавецтве Hanser, адначасова з рускім выданнем.

Агульнае і галоўнае пачуццё нямецкіх рэцэнзентаў — узрушэнне. «Часам невыносна цяжка зазіраць у душы людзей, якія перажылі крушэнне савецкага сацыялізму», — прызнаецца рэцэнзент газеты Frankfurter Allgemeine. Яму ўторыць выданне Börsenblatt: «Гэтая сумная кніга выклікае ў чытача боль і спачуванне да людзей, пра якіх распавядае».

А крытык штотыднёвіка Der Spiegel піша пра «чалавечую панараму на руінах сацыялізму, якая ўзрушвае чытача». Яго, дарэчы кажучы, больш за ўсё ўразіў стары камуніст Васіль, якога ў 1937 г. арыштавалі разам з жонкай. Яна загінула ў лагерах, а ён, які пазнаў ўсе жахі допытаў у НКУС, быў шчаслівы, калі праз шмат гадоў яму ізноў ўручылі партыйны білет.

Эпоха спыненага часу

Але ў «дакументальным рамане» Святланы Алексіевіч (так вызначае жанр кнігі аўтар артыкулу ў Berliner Zeitung) гаворка ідзе не толькі аб старых, якія слепа верылі і працягваюць верыць у камуністычныя ідэалы. Кніга распавядае пра ўсё сённяшняе «постсавецкае», як прынята казаць, пра ўсю савецкую цывілізацыю, якая працягвае існаваць, пра тое, наколькі жывучая псіхалогія «чырвонага чалавека» (выраз Алексіевіч). Дзесяць гадоў яна працавала над сваёй новай кнігай, сустракалася і размаўляла з людзьмі розных пакаленняў, прафесій і сацыяльных слаёў, з тымі, якія прайгралі, з абдзеленымі, аўтсайдэрамі (такіх нашмат больш у кнізе) і з тымі, хто разбагацеў, зрабіў кар’еру ў эпоху «сэканд хэнд» — эпоху спыненага часу.

Перад намі праходзіць чарада чалавечых праўдаў, незвычайных нават для таго, хто сам у гэтым жыве, а ўжо для нямецкага чытача — і пагатоў. «Я спрабую сумленна выслухаць усіх удзельнікаў сацыялістычнай драмы», — кажа аўтар у самым пачатку апавядання.

Зроблены «Час сэканд хэнд» гэтак жа, як і іншыя кнігі Святаланы Алексіевіч, якія даўно сталі знакамітымі, перакладзеныя на шматлікія мовы (у тым ліку і на нямецкую): «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Апошнія сведкі» і іншыя … Мінімум аўтарскага каментара. Паліфанія галасоў. «Ніхто так не ўмее слухаць і чуць, як яна», — кажа ў інтэрв’ю Börsenblatt нямецкі выдавец Алексіевіч Элізабэт Руге (Elisabeth Руге). Börsenblatt выпускае Саюз нямецкага кнігагандлю, які прысудзіў у гэтым годзе Святлане Алексіевіч Прэмію міру — самую прэстыжную ўзнагароду, якой ганаруюцца ў Германіі інтэлектуалы. Прэмію прысудзілі за ранейшую творчасць, яшчэ да выхаду ў свет кнігі «Час сэканд хэнд».Інстынкт спагады

У кнізе шмат слёз. Слёз страху, гнева, пакут. Але плачуць людзі часцей за ўсё не з-за мінулага, а з-за цапярашняга. Большасць тых, чые галасы ў ёй гучаць, — гэта галасы людзей, якіх, як заўважае газета Frankfurter Allgemeine, «да Алексіевіч ніхто не пытаўся і не слухаў». Рэцэнзент Berliner Zeitung піша аб дзіўным «інстынкце спагады», якім валодае Алексіевіч. «Час сэканд хэнд» напісаны не гісторыкам і не палітолагам. Святлана Алексіевіч, па яе ўласных словах, глядзіць на свет вачыма гуманітарыя.

Гэта зусім не азначае, што яна даруе людзям усё. «У камунізму быў вар’яцкі план — перарабіць «старога» чалавека, Адама — піша Алексіевіч. — І гэта атрымалася… Можа быць, адзінае, што атрымалася».
. І з горыччу дадае: «Чалавек не заўважаў свайго рабства, ён нават любіў сваё рабства» . Гэта ў мінулым. А што сёння? Сёння ў грамадстве зноў з’явіўся попыт на Савецкі Саюз, на культ Сталіна. Адраджаюцца ідэі «вялікай імперыі»,«асаблівага рускага шляху», туга па моцнай руцэ…

Але было б занадта проста звальваць усю віну за катастрофы і расчараванні апошніх дваццаці пяці гадоў на «дзікі капіталізм», на Пуціна ці Лукашэнку. Многія сённяшнія праблемы сыходзяць сваімі каранямі ў савецкае мінулае, падкрэслівае Berliner Zeitung. «Савецкага Саюзу няма, але савецкі чалавек жыве», — цытуе газета Святлану Алексіевіч. «Камунізм — гэта хвароба, вірус — перакананая пісьменніца — і гэтая хвароба вяртаецца зноў і зноў». Часам паміж радкоў кнігі прагледжвае адчай. Алексіевіч спадзявалася, што свабода зменіць людзей, але яны адвыклі ад свабоды. «Чырвонага чалавека» адвучылі ад свабоды за доўгія гады савецкай улады , і ў гэтым — сапраўдная трагедыя эпохі.

Пра якія б патрасенні мінулага ні пісала Святлана Алексіевіч — пра афганскую вайну, чарнобыльскую катастрофу, «дысідэнцкіх кухнях» савецкай эпохі — яна заўсёды спрабуе зазірнуць у будучыню. Зазірнуць, так бы мовіць, вачыма сваіх герояў, сваіх суразмоўцаў. Калі судзіць па кнізе «Час сэканд хэнд» гэта будучыня яе палохае, адзначаюць многія нямецкія рэцэнзенты. Палохаюць сённяшняя абыякавасць у грамадстве, ксенафобія, гатоўнасць да гвалту…

Страшнавата чытаць: «Няхай усе здохнуць. Буду жыць для сябе». Або: «Ненавіджу! — Каго? — Усіх». І горкае : «У нас кожны абавязкова кагосьці ненавідзіць… Шмат нянавісці ў паветры. Да чалавека нельга дакрануцца».

«Час сэканд хэнд» — апошняя кніга, кульмінацыйны пункт грандыёзнай эпапеі савецкага жыцця , створанай Святланай Алексіевіч. Эпапеі, часткі якой выдаюцца і перавыдаюцца і ў Нямеччыне. Ужо ў кастрычніку выходзіць на нямецкай кніга «У вайны не жаночы твар», у пачатку наступнага года — «Апошнія сведкі», рыхтуецца другое выданне «Цынкавых хлопчыкаў»…

Сумна ўсведамляць, што ў Расіі Алексіевіч публікуецца куды менш, не кажучы ўжо пра Беларусь, дзе творчасць Алексіевіч ўладамі фактычна ігнаруецца.