З нагоды перакладу рамана Міхаэля Кумпфмюлера «Хараство жыцьця», выдавецтва Логвінаў 2013, перакладніца зь нямецкай Ірына Герасімовіч.

Пераклады зь нямецкай усё часьцей цешаць нашага чытача. Трэба прызнаць таксама, што зь нямецкай на родную мову зьяўляецца большая частка ўсіх сучасных перакладаў наагул. Нашыя перакладнікі і перакладніцы пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ды іншых нямецкіх, а таксама нямецкамоўных ініцыятываў іншых краінаў, адкрываюць нам новыя сусьветы, дазваляюць на час уцячы ў зусім іншае вымярэньне. Перакладніцтва зь нямецкай да ўсяго выпрацоўвае і мае сваю цікавую тэхнічную і эстэтычнаю традыцыю перакладу, зь якой мусіць лічыцца беларускае перакладніцтва зь іншых моваў.Якраз зьяўленьне чарговага перакладу, выкананага Ірынай Герасімовіч, штурхае сказаць некалькі словаў не пра цікавую і вусьцішную гісторыю каханьня,  якая, няма сумневу, захоплівае, зацягвае і кідае ў вір жарсьці і журбы, не пра хараство і вусьціш жыцьця, а перадусім пра хараство слова, хараство перакладу. Як перакладніка, мяне заўсёды цікавіць манэра перакладу, доза прысутнасьці асабістага, асабовага, аўтарскага, так бы мовіць, ад перакладніка. Наколькі ўдаецца перакладніку захаваць арыгінал і не “запэкцаць” яго аўтарствам перакладніцкім?

Калі глябальна, дадзены пераклад уражвае, шармуе часам экзатычным флёрам, нягутэльнымі ноткамі. Гэта азначае, па-першае, што перакладніца, дадушы, прынцыпова і проста не збеларусізавала тэкст, захавала аўтарства, далікатна  перадала пасланьне, дух пісьменьніка. А, па-другое, перакладніца смачна і па-майстэрску прадэманстравала ўласную творчую здольнасьць, а таксама, канечне, падкрэсьліла здольнасьць мовы быць ня проста акадэмічнай, штучнай, а якраз, наадварот, альтэрнатыўнай, адкрытай да сьмелых структураў, зваротаў, словаў.  Спрычыненая перадусім да людзкага, а ня кніжнага, мова ў перакладзе Ірыны Герасімовіч набывае жвавасьць, а яшчэ рэальную, а не адцягнутую  ці мёртвую эстэтычнасьць.

Апраўданымі і апраўдальнымі, а таксама, канечне, арганічнымі ў тарашкевіцкім перакладзе бачацца словазлучэньні і словы накшталт “латва”, “праве”, “збыт”, “палюбляць”, “зноў а зноў”. Як ні дзіўна, але пасьля Я. Коласа і М. Зарэцкага сяньня мала хто імкнецца ўжываць гэтыя адметныя словы (латва, праве). Цікавым здабыткам зьяўляюцца ў перакладзе некаторыя дыялектызмы: пеляна, напрыклад (“пакласьці галаву на пеляну”, то бок, на грудзі).

Нарэшце, такім дарэчным глядзіцца плюсквампэрфэкт там, дзе многія перакладнікі ўнікаюць гэтай няпростай формы (была згарэўшы і г.д.). 

Часам, калі чытаеш пэўны пераклад, разумееш, што ён не саступае па сваіх удаласьці і геніяльнасьці тэксту-арыгіналу. У француска-беларускай перакладніцкай сфэры такое зьведаў я зь некаторымі перакладамі Зьміцера Коласа. Канечне, у нямецка-беларускім перакладзе я не магу параўнаць пераклад з арыгіналам, але, як чытач, я магу сказаць, гэта другі пераклад  зь нямецкай, калі я разумею, здагадваюся, адчуваю, што дадзены твор варта чытаць ня толькі з-за таленавітасьці аўтара (Міхаэля Кумпфмюлера), але і перакладніцкага майстэрства (Ірыны Герасімовіч).  А першым такім творам стаўся для мяне раман «Юстыцыя» Фрыдрыха Дзюрэнмата ў перакладзе Васіля Сёмухі.

Прыгадайма, перакладніцкія пошукі і экспэрымэнты Ірыны Герасімовіч ужо не аднойчы пранікалі ў нямецкамоўны сьвет. Напрыклад, часткова проза і паэзія швайцарскай аўтаркі Ільмы Ракузы даступная па-беларуску дзякуючы І. Герасімовіч. Лоўкасьць, сьціпласьць і прыгажосьць паэзіі І. Ракузы, загучалай па-беларуску, заслугоўваць асобнай ухвалы перакладніцы.

Прыгэтым варта заўважыць, што новы пераклад, новае чытво ня зь лёгкіх. І гэтая нялёгкасьць, адметная, мудрагелістая і нейкая шматпрыступкавая манэра расказваньня аўтара ёсьць, няма сумневу, ягонай простай і натуральнай познаткай, якую так удала захавала і перадала перакладніца.

Такім парадкам, праз вусьціш хваробаў, пакутаў, жарсьці і сьмерці так выразна вымалёўваецца ўсё ж-такі хараство жыцьця. А праз пакуты пошуку, гульні з словам, праз пакуты і непазьбежнасьць крытыкі, нападак, а часам і банальнай зайздрасьці калегаў і каляжанак так сьветла разумеецца хараство перакладу….