У дзяцінстве я почасту захапляўся такой літаратурай – поўнай болем, набрынялай чалавечай пакутай і смерцю. Не чытаў, але захапляўся.

Аднойчы пагартаў кніжку Алексіевіч пра Чарнобыль[1]. Запомніўся апельсін – як ён ляжаў каля аднаго з ліквідатараў, ужо радыёактыўны, і гэты ліквідатар ці жонку, ці маці хацеў ім частаваць. Мне здаецца, калі з факту пра быкаўскае не-падпісанне пісьменніцкага ліста супраць Салжаніцына абавязкова і неўнікнёна нараджаецца цэлая інтэрпрэтацыйная традыцыя з мноствам разнастайных стратэгій дыфамацыі і гларыфікацыі, то вакол гэтага апельсіну – або Нобелеўская прэмія, або роўнядзь чыстага і звонкага культурніцкага маўчання. Сёння бачым, што першае хутчэй за другое.

Выпадак Алексіевіч і гэтай яе кнігі, “Час second-hand” – адмысловы, несумненна. Мне здаецца, што ў душы кожная малая еўрапейская літаратура, яшчэ не этабліраваная ў шыхтах еўрапейскага прыгожага пісьменства (такіх, напэўна, увогуле застаецца мала, тыя ж літоўцы ці ўкраінцы) мроіць пра такое актыўнае гаварэнне пра свайго наяўнага пісьменніка. Другасным тут робіцца ўсё. Напрыклад, што Алексіевіч выступае хутчэй як руская пісьменніца. Але калі ўся наша краіна хутчэй выступае як Расія – ці выпадае з гэтага здзіўляцца?

Далей я разгледжу некалькі выпадкаў рэакцыі на кніжку Алексіевіч[2]. Адзін з гэтых выпадкаў беларускі, два нямецкія. Іх некаторае параўнанне даволі карыснае.

(1) “Blätter für deutsche und internationale Politik” пішуць пра Алексіевіч[3].

Зразумела, там яна цалкам руская пісьменніца – гаворка не пра мову і нават не пра ўяўленую культурную традыцыю Дастаеўскага і Талстога, а пра агульны кантэкст. Памянуўшы месца нараджэння і месца ўзрастання пісьменніцы, аўтар далей паказвае на гістарычныя перыяды, якія асветлены ў Алексіевіч, заканчваецца гэта ўсё Ельцыным і “фальшывым царом Пуціным” (гэта цытата). Гаворка ідзе менавіта пра Расію, а Беларусі няма.

Увогуле, рэцэнзія звычайная – аж занадта звычайная, недзе побліз тых локусаў, калі пачынаецца банальнасць. Але цікавыя рэчы здараюцца, напрыклад, калі Engelberg бярэцца за атрыбутацыю кніжкі Алексіевіч у розныя культурныя традыцыі. Ён гэта робіць гранічна забаўна. Па-першае, для Engelberg’а аўтарка “стварае ўласны жанр”[4]. Гэта непрымальная для гуманітарыя памылка, да якой мы яшчэ вернемся ніжэй. Далей – абавязковы пункт фабулы ці не кожнай рэфлексіі пра Алексіевіч (ну, не кожнай, адылі ж вельмі знамянальны): “Але ці гэта ўвогуле літаратура? Ці хутчэй від гісторыяпісання?”[5]. Выглядае як дэтэктыўны сюжэт, і тут, напэўна, мае быць кульмінацыя. Цяжка сказаць, ці здараецца з гэтым усім належнай развязкі, бо, здаецца, далей Engelberg прыточвае да Алексіевіч традыцыю, якая ўзнікла ў Еўропе пасля першай сусветнай вайны. У прыватнасці, гаворка вядзецца пра Карла Крауса і ягоную кніжку “Апошнія дні чалавецтва” (у якой такія ж дыялогі – і “яскравейшыя адкрыцці – цытаты”).

(2) На “Радыё Свабода” Лукашук рэцэнзуе нумар “Дзеяслова”, дзе выходзіў беларускі пераклад “Час second-hand”[6]; Наша Ніва перадрукоўвае гэты сціплы (ці ўсё ж такі сапраўды – нясціплы?) водгук пад загалоўкам: “Лукашук знішчальна крытыкуе кнігу Алексіевіч”, а пра Алексіевіч там усяго толькі траціна тэксту – не знаю, ці ж можна такія загалоўкі рабіць?

Лукашук наогул майстар рабіць і круціць тэксты[7]. Прыгожа тут пастуліруецца Joyce і ягоны саўдзел у беларускай літаратуры, гэта дастаткова далікатна. Аўтарава далікатнасць выяўляецца таксама ў тым, што часцяком узнікае ўказанне на суб’ектыўны характар выказаных ацэначных суджэнняў. Зрэшты, гэта назіраецца цяпер і ў побытавых дыскурсах, калі некаторыя людзі, якія ўпярод даволі рэзка крытыкавалі Алексіевіч, пасля яе еўрапейскіх трыумфаў у абавязковых дужках змяшчаюць нешта кшталту “што іншае ляжыць у крытэрыюме адзнакі, акрамя сьціплага меркаваньня аўтара гэтай (любой) адзнакі?”. Такі вось узор вонкавай легітымізацыі наадварот. Калі вяртацца да фактаў, то гэты факт у будучыні, я спадзяюся, будзе трывала ўпісаны ў наратыў гісторыі беларускай культуры.

Перад немцамі ў Лукашука ёсць несумненная фора агульнай з Алексіевіч інкультурацыі. Наогул, гэта вельмі важны для Беларусі парадокс, бо Лукашук і Алексіевіч дэкларуюць прынцыповы адрозныя, дыяметральна процілеглыя культурныя ангажаванасці (умоўна гэта выглядае так: Достоевский vs. Joyce), тым не менш, застаючыся прыблізна ў тых жа самых каардынатах. Гэта, напэўна, абумоўлена посткаланіяльнасцю ці нечым такім яшчэ. У кожным разе, Engelberg не мог ведаць і не ведае, што Алексіевіч новых жанраў ані трошкі не стварае. Ніяк яна не звязана і з інспіраванымі ваенным ліхалеццем 1910-х гг. кніжкамі Крауса. Перадусім, Алексіевіч з’яўляецца вучаніцай беларускага аўтара Алеся Адамовіча, якога можна з поўнай справядлівасцю назваць культавым, бо я не ведаю, хто яшчэ з беларускіх пісьменнікаў можа з большым правам прэтэндаваць на гэтае званне, як не той, у чыіх творах савецкай пары цытуецца Ніцшэ?

Пра Адамовіча трэба гаварыць асобна. Лукашук, натуральнае, ведае, што ён (г.зн., Адамовіч) – адзін з неаспрэчных тытанаў нацыянальнай традыцыі, пры чым выглядае цалкам дарэчным ва ўсіх яе трох вымярэннях: уласна савецкай, нацыянальна-постсавецкай і заходнеруска-постсавецкай (ну, у апошнім можа крыху менш дарэчна, чым у першых двух). Для Лукашука і ўсіх нас, прадстаўнікоў, скажам так, багушэвіцкага складальніка культуры, Адамовіч – гэта перш за ўсё блізкі паплечнік Быкава па кшталтаванні мясцовай філіяцыі экзістэнцыялізму ў тыя беспрасветныя камуністычныя гады, калі беларуская культура амаль ніяк не камунікавала з Еўропай; гэта выдатны даследчык беларускай прозы, напрыклад, адзін з тых, хто аднаўляў у беларускай літаратуры месца Максіма Гарэцкага; гэта, нарэшце, сябра Беларускага народнага фронту; тут трэба мець на ўвазе і агульныя культурніцкія інтанацыі 1960–1980-х гг., г.зн. далёкай залатой пары беларускай савецкай культуры са 100-тысячнымі накладамі кніжак Шамякіна і Быкава[8]. Больш за тое, нядаўна выказана меркаванне, што Адамовіч – як Быкаў – вельмі высока ўзняўся на лесвіцы сусветнай літаратуры, пры чым гэта рэдкі выпадак, калі выказвае меркаванне не ангажаваны беларус, а замежнік[9].

Я не магу сцвярджаць, што Лукашук кіруецца такімі непрывабнымі матывамі і не крытыкуе Адамовіча толькі таму, што ён вось грае важную ролю ў беларускай культуры і калі яго адтуль вынуць, там застанецца толькі пустэча і пустэльня. Гэта выглядае ў Лукашука натуральна, а не як рацыянальны выбар, то бо’ ўсё гэта можа быць прычынамі – але хутчэй неўсвядомленымі. Нарэшце, чаму б нам усім не любіць Адамовіча і за ягоную прозу?

Канфлікт гэтай драматызацыі палягае, аднак, у тым, што Лукашук павінен, умоўна кажучы, “выгарадзіць” Адамовіча і побач – як сфарумлявала Наша Ніва (крыху недакладна, але займальна) – “знішчальна” пакрытыкаваць Алексіевіч. Вось і выходзіць, што трэба зрабіць так, каб Алексіевіч, знаходзячыся побач з Адамовічам, не стварала ў тэксце лёгкі флёр кафкіянскага абсурду. Робіцца гэта, ізноў жа, хораша – заяўляецца, што Адамовіч яе падмануў, а яна яму паверыла. Тут я проста абавязан успомніць які-небудзь анекдот, як гэта робіць сам Лукашук.У галаву прыходзіць толькі калізія з South Park’у, завязаная на Эрыку Картмане, Скоце Тэнэрмане і пытаннях пазітыўнай рэпрэзентацыі ступені сталасці хлопчыка. Гэта, мусіць, не вельмі ці прынамсі не самы прыстойны прыклад.

Наастачу тут заўважу, што Адамовіч таксама спрабаваў азначыць жанр, у якім працуе Алексіевіч. “Рэпартаж з месца гістарычнай падзеі – некалі мне гэта так уяўлялася. Сіла памяці, эмацыйная сіла жывых расказаў, тэмпература дзённікаў такія, што для іх як бы не існуе дыстанцыі часу…”[10] Ён прыводзіць некалькі магчымых назваў у прадмове да яе кнігі, сярод якіх – “вусная гісторыя”[11]. Там цікавая зноска – пра тое, што гэта заходнееўрапейскі тэрмін. Гэта важна, таму што гуманітарнае жыццё савецкага перыяду ў Беларусі сёння амаль невядомае. Між тым, яно часта хавае ў сабе сапраўдныя адкрыцці.

Такім чынам, падсумую: у Лукашука водгук лепшы, бо Лукашук ведае, хто такі Адамовіч, а Engelberg не ведае ці робіць выгляд, што не ведае.

(3) Апошні ўзор, які зараз будзе разгледжаны, належыць Ackermann’у і надрукаваны (?) ў інтэрнэце на партале, прысвечаным сучаснай гісторыі[12]; Ackermann – гэта супрацоўнік ЕГУ, таму, відаць, пісаць яго імя лацінкай, паказваючы яго як немца, крыху бессэнсоўна. Але нічога не магу з сабой зрабіць.

Гэта рэцэнзія мяне зацікавіла найбольш, бо яна з трох сама блізка падышла да таго, каб гаварыць пра Алексіевіч як пра з’яву гуманітарнага жыцця і як з’яву культуры, а не як пра літаратуру. У такіх рэцэнзіях 1940-я гг. і іх вайна – гэта заўсёды вайна, “якая за Леанідам Брэжневым у якасці Вялікай Айчыннай вайны стала фундаментам будынку савецкай ідэнтычнасці”, а не нешта іншае. Мне даспадобы такая ваяўнічая канкрэтыка гуманістыкі.

Гэта вельмі прыемная і сімпатычная рэцэнзія, якая тлумачыць, што кніга Алексіевіч – гэта кніга-біяграфія калектыўнай страты, пра “савецкі народ, які згубіў сваю Айчыну”; калі Engelberg піша, што Алексіевіч стварае новы жанр – і гэта банальна, то Ackermann заўважае іншае – Алексіевіч стварае гісторыю савецкай культуры, – і гэта рэмарка пераконвае прынамсі сваёй змястоўнасцю.

Яшчэ, Ackermann проціпастаўляе Алексіевіч гісторыкам – паказваючы яе большую паспяховаць у справе стварэння карцін эпохі, у параўнанні з прафесіяналамі, якія павінны гэтым займацца. І гэта добра. Гэта дазваляе зноў вярнуцца да South park’а. Там аднойчы ідзе гаворка пра гісторыю, і Кайл Брафлоўскі заўважае – я прывяду вынятку па-руску: “Да, но знаешь, ты сегодня многое понял. Ты понял, что невозможно переписать историю, история вечна, и все что случилось, случилось по какой-то причине. Конечно, можно попытаться изменить прошлое, но…”.

Гэта добра, што давялося ў канцы гаварыць менавіта пра Ackermann’а; усё само па сабе падсумавалася ў нейкі дапушчальны вывад, і Лукашук, і Engelberg, і Алексіевіч, і антрапалагічны паварот.


[1] Алексіевіч, С. Чарнобыльская малітва: хроніка прышласці / С. Алексіевіч. – Мн.: Гронка, 1999. – 222 с.

[2] Напрыклад, нямецкае выданне: Alexijewitsch, S. Secondhand-Zeit, Leben auf den Trümmern des Sozialismus / S. Alexijewitsch. – Berlin, 2013. – 576 S.

[3] Engelberg, A. Das Beil überlebt seinen Herrn / A. Engelberg // Blätter für deutsche und internationale Politik. – 2013. – Nr10. – S. 121–123.

[4] Ebenda. S. 121.

[5] Ebenda. S. 122.

[6] [Лукашук, А.] Пра беднага Джойса, аўтара “Дзеяслова” [Электронны рэсурс] / А. Лукашук. – 2013. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/25147812.html. – Дата доступу: 26.10.2013.

[7] Як напрыклад, у кніжцы сваіх “заўчасных мемуараў” – спачатку, дарэчы, выходзілі ў “Дзеяслове”: гл. Лукашук, А. Зкімбы-зымбы / А. Лукашук // Дзеяслоў. – 2012. – №3(58). – С. 125–145.

[8] Тут маецца на ўвазе блізкасць Адамовіча да таго, што ў будучым, магчыма, будзе выглядаць як беларускі падсавецкі андэрграунд – гл. Тарас, В. На высьпе ўспамінаў / В. Тарас. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. – 606 с. – С. 183–194 і інш.

[9] [Снайдэр, Ц.] У беларускай літаратуры ёсць твор, які ўваходзіць у шорт ліст найлепшых раманаў свету ХХ стагоддзя [Электронны рэсурс] / Ц. Снайдэр. – 2013. – Рэжым доступу: http://nn.by/?c=ar&i=114890. – Дата доступу: 26.10.2013.

[10] Адамович, А. Поиски, продолжение жанра / А. Адамович // Алексиевич, С. У войны – не женское лицо… – Мн.: Маст. літ., 1985. – 317 с. – С. 50.

[11] Там же. С. 52.

[12] Ackermann, F. Eine kollektive Biographie des Verlustes [Электронны рэсурс] / F. Ackermann. – 2013. – Рэжым доступу: http://www.zeitgeschichte-online.de/kommentar/eine-kollektive-biographie-des-verlustes. – Дата доступу: 25.10.2013.