Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё змалку. Кожнае лета бацькі выпраўлялі мяне пажыць у бабулі, у вёсцы Галякова. Знаходзіцца яна за якія трыццаць кіламетраў на паўночны захад ад майго роднага Полацка, зусім побач з Кушлікамі — тымі самымі Кушлікамі, у бітве каля якіх аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны ў лістападзе 1591 года нанесла сакрушальную паразу палкам маскоўскага князя Івана Хаванскага.

Калі я быў малы, ніхто ў бабулінай вёсцы, зразумела, пра тую слаўную бітву нічога не чуў… Затое маё вуха чула ад кушлікоўцаў і галякоўцаў:

— …А ён без галошаў у вайлаках ідзець…

— Забарсні шнуркі, а то наступіш…

— А во, і ў ісподках рукі пакалелі…

— Няможна, штоб кусанікі на стале аставаліся…

— Ужэ ж і машарнікі па мху пашлі…

— Пакоціцца пакато, не дагоніць ніхто…

— А гэны паўшабэлак дык усё пад нагамі круціцца…

— Лёнік, схадзі прынясі халадзёнкі…

Словы “вайлакі” (валёнкі), “забарснуць” (зашнураваць), “ісподкі” (споднія рукавічкі), “кусанік” (недаедзеная скіба), “машарнікі” (грыбы махавікі), “пакато” (кола), “паўшабэлак” (вісус), “халадзёнка” (халодная вада, якой абдаюцца ў лазні) і яшчэ шмат якія я ўведаў не са слоўнікаў: мала таго, думаў, што па-беларуску так “правільна” і будзе. Прыйшоў час, калі чутае ў дзяцінстве я пачаў шукаць па слоўніках, якіх так багата ў маёй хатняй бібліятэцы, ды шмат што там мне не траплялася.

І вось мінскае выдавецтва “Кнігазбор” нарэшце надрукавала кнігу, дзе я тыя словы пазнаходзіў, дзе вярнуўся ў полацкую вёску, дзе маім сябрукам у дзіцячых гульнях, у выездах у начное, у працы на сенакосе было не сорамна гаварыць “па-свойму”, “па-полацку”, па-беларуску. У назве згаданай кнігі слова полацкі, аднак, няма. Радзіма аўтара гэтай кнігі, выбітнага Паэта і Чалавека сучаснасці Рыгора Барадуліна — недалёкая ад Полацка Вушаччына, таму на тытульнай старонцы чытаем: “Вушацкі словазбор”. І гэта слушна. Да вываду вушацкіх моўных скарбаў у шырокі свет спрычыніліся Арцём Вярыга-Дарэўскі і Фелікс Тапчэўскі, Пятрусь Броўка і Еўдакія Лось, урэшце Сяргей Законнікаў і сам Васіль Быкаў. І ўсё-такі, згадваючы добрым словам папярэднікаў Рыгора Барадуліна, ва ўзроўні свядомага і падсвядомага ўспрымання нашай старадаўняй мовы знайсці роўнага яму моўнага чараўніка проста немагчыма. У прадмове да “Вушацкага словазбору” паэт Уладзімір Някляеў так і піша: “Для таго, каб мы не зніклі, Бог пасылае нам такіх чараўнікоў, як Рыгор Барадулін, які й боскімі малітвамі, і паганскімі заклёнамі… аберагае нашу мову, а значыць, і народ…” Напраўду, кніжка дзядзькі Рыгора нараджалася праз падслухоўванне (у мамы Акуліны Іванаўны, вушацкіх суседзяў і проста знаёмых і малазнаёмых людзей), натаванне і… варажбіцтва аўтара на працягу паўстагоддзя. У ёй мы знойдзем і полацка-вушацкія словы, прыклады якіх я ўжо называў, і запамінальныя ўстойлівыя выразы, і параўнанні, і дасціпныя прыказкі, прымаўкі ды загадкі. Тут жа непаўторныя тлумачэнні дат народнага календара, дзіцячых гульняў, прыкмет, кухарскіх і народналекарскіх таямніц… Заглыбляючыся далей у кніжку, выганяеш з сябе ўсялякі пафас, які не да месца, калі гарэзіць, віруе, чаруе жывая мова, якая хіба можа цяпер памерці? Прыгаворкі, жартаўлівыя і сур’ёзныя зычэнні, праклёны і грозьбы, “пад’ялдычкі”, “цвялілкі”, “прыгаворкі пад скокі”, прыпеўкі ідуць адна за адной, прымушаюць або захоплена ўсклікваць, або выбухаць смехам:

Лахі пад пахі ды бягом.

Як вераб’ю на памінкі.

Падторкнуўся, як чорт

з каўшом пад брагу.

Аднаму дагадзіш,

а пяцёх угаладзіш.

На чужое шчасце

й мухай не ўпасці.

Як пойдзе Кітай,

дык усё кідай.

Сей у гразь, будзеш князь.

На душы хоць г… сушы.

Каб яму цёпла ў пекле было.

Хай табе зубы ў роце

будуць лішнія.

Хлеб-соль! — Ядзім ды свой…

Газетны фармат не надта прыдатны для таго, каб тут цытаваць узоры народнай мудрасці, забароненыя ў савецкі час, — грубаватыя, нярэдка з эратычным падтэкстам, у якіх, аднак, няма ані каліва пошласці або ханжаства…

Апошнім часам не-не, а даводзіцца праглядаць форумы папулярных беларускіх сайтаў. Часам здзіўляешся, якой нянавісцю да беларускай мовы і яе носьбітаў прасякнуты выказванні некаторых інтэрнэт-ваяроў. Пры гэтым іх быццам бы расійская мова зазвычай вельмі бедная, граматычна неаформленая.

Сваім “Вушацкім словазборам” Рыгор Барадулін дае годны і пераканаўчы адказ такім дзеячам: беларускі народ стварыў гэткія моўныя скарбы, якія не будуць патрабаваць абаронцаў, а будуць сведчыць за сябе і стагоддзі, і тысячагоддзі наперад. Часцінку гэтых скарбаў, рупна сабраную Рыгорам Барадуліным і апрацаваную ўкладальніцай кніжнай версіі Наталляй Давыдзенка, сёння кожны ахвотны можа ўдамавіць у сябе: кніга “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” пакуль што ёсць у продажы ў буйнейшых кнігарнях краіны.