Касмовіч Дз. За вольную і сувэрэнную Беларусь. — Вільня: Gudas, 2006

 


У 2006 годзе асобнай кнігай выйшлі ўспаміны аднаго з самых актыўных антыкамуністычных дзеячоў беларускай паваеннай эміграцыі Дзьмітрыя Касмовіча (1909 — 1991).* Яе рэдактарам пазначаны нехта Алесь Дабровіч. Высьвятляецца, што гэта псеўданім аднаго беларускага гісторыка. Ён падрыхтаваў да друку ўспаміны, напісаў камэнтары да іх і прадмову.

Нават думкі не было, што ў кнізе штосьці магло быць ня так. Аднак летась узьнікла патрэба параўнаньня тэксту кнігі з арыгіналам — машынапісам успамінаў Дзьмітрыя Касмовіча (два тамы машынапісу аўтару гэтых радкоў удалося паглядзець у 2001-м. З паловы была зробленая копія, зь іншай часткі — выпіскі. Цяпер гэтыя матэрыялы вельмі прыдаліся). Думка параўнаць тэкст машынапісу са зьместам кнігі ўзьнікла, калі выпадкова выявілася адсутнасьць у апошняй згадкі пра ролю прафэсара Андрэя Пракапчука ў вызваленьні ў 1940 годзе з НКВД Міхала Вітушкі і Дзьмітрыя Касмовіча. Ніяк ня мог адшукаць, але памятаў, што чытаў пра гэта! У машынапісе ўспамінаў згадка была, а вось у кнізе яна зьнікла! Тады вырашыў параўнаць увесь тэкст.

Складальнік кнігі “Алесь Дабровіч” піша: ”Успаміны друкуюцца з падкарачэньнямі і стылёвымі праўкамі”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 6) Аднак гэтыя “падкарачэньні”, на наш погляд, не заўсёды былі слушнымі, а некаторыя “белыя плямы” цяжка патлумачыць. Высьвятляецца, напрыклад, што ў кнігу не патрапіла прадмова аўтара мэмуараў.

У машынапісе чытаем: “Ужо з першай клясы нясьвіжскай гімназіі вучыліся з Дзімітрам Касмовічам сьвядомыя беларусы: Міхась Вітушка, Эмануіл Ясюк, Аляксандар Калоша, Анатоль Шкутка і інш.”. (Копія машынапісу… С. 14) “Алесь Дабровіч” засумняваўся, што яны ўжо ў той час маглі быць “сьвядомымі”, таму ў кнізе падправіў: “будучыя сьвядомыя беларусы”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 16)

Дз. Касмовіч піша пра Радашковіцкую беларускую гімназію, згадвае вучняў Саковіча і Янчуковіча. Аднак у кнігу не патрапіў гэты сказ: “Абодва былі беларускімі патрыётамі”. (Копія машынапісу… С. 21) Няўжо ён лішні? Ці ў “Алеся Дабровіча” ўзьніклі нейкія сумненьні?

“На грудзёх жыхароў Радашковічаў і вучняў гімназіі красаваўся бел-чырвона-белы сьцяжок, знак вернасьці Беларусі”, — піша Дзьмітрый Касмовіч пра сьвяткаваньне 25 сакавіка ў 1927 годзе. (Копія машынапісу… С. 23) “Знак вернасьці Беларусі” не спадабаўся “А. Дабровічу”, ён выкінуў гэтыя словы.

Касмовіч піша пра паездку ў Прагу ў 1938 годзе: “Затым наведаў Чэшскі Дзяржаўны Музэй у якім знайходзіўся аддзел з беларускім архівам. Загадчыкам гэтага аддзелу быў Васіль Захарка. В. Захарка запазнаў Дзімітра Касмовіча з беларускім архіўным матэрыялам. Д. Касмовіч змог асабіста прагледзець і чытаць гістарычныя беларускія дзяржаўныя Акты і дакументы”. (Копія машынапісу… С. 48) Апошні сказ “Дабровіч” выкінуў, яго няма ў кнізе. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 36)

Вельмі моцна парэзаныя (прабачце, “адрэдагаваныя”) ўспаміны пра падзеі 1939-1940 гадоў. Прывяду некалькі прыкладаў з дзясяткаў выяўленых.

У Беластоку ў 1939-м Дз. Касмовіч сустрэўся з Якубам Коласам і Янкам Купалам. У кнігу “За вольную і сувэрэнную Беларусь” чамусьці не ўвайшлі словы Купалы: “не забывай браток гісторыю свайго народа, працуй для ягонага дабра, не забываючы ягонай слаўнай мінуўшчыны”. (Копія машынапісу… С. 100)

З апісаньня знаходжаньня на 5-й нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета СССР у лістападзе 1939 году ў Маскве чамусьці зьніклі гэтыя радкі: “…сядзеў і глядзеў на седзячых у фатэлях перада мною партыйных правадыроў. Сэрца напаўнялася кіпучай злосьцю. Гэта-ж была “хеўра” злачынцаў на сумленьню якой былі мільёны нявінных афяраў…”. (Копія машынапісу… С. 112-113)

Самай галоўнай неспадзяванкай стала тое, што “Алесь Дабровіч” падкарэктаваў успаміны пра сустрэчу Касмовіча і размову са Сталіным у Маскве ў 1939-м. Больш таго, ён “падправіў” сказанае Сталіным.

У машынапісе чытаем наступныя словы савецкага правадыра:

“Я люблю беларускі народ и помогу ему, он получит от меня большую поддержку и помощь. Ваш народ добрый и он будет известным всему свету. Моя власть принесёт вашему народу много радости и счастья, чем теперь пользуются все народы Советского Союза. Этим счастьем будет пользоваться ваш народ, присоединённый к СССР. Вы вернётесь домой и раскажете об этом от меня населению бывшей Западной Белоруссии”. (Копія машынапісу… С. 115)

А цяпер глядзім, як гэтыя словы выглядаюць у кнізе:

“Я очень люблю белорусский народ и помогу ему. Он получит от меня большую поддержку. Ваш народ добрый, он будет известен всему свету. Моя власть принесет вашему народу много радости и счастья, чем теперь пользуются все народы СССР. Вы вернетесь домой и расскажете об этом всему населению Западной Белоруссии”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 59)

Нарэшце спынімся і на эпізодзе з затрыманьнем зімой 1940-га Касмовіча і Вітушкі НКВДыстамі ў Нясьвіжы, пра які мы згадвалі ў пачатку, ды пра ролю Андрэя Пракапчука ў іх вызваленьні.

Касмовіч піша: “Праз пару гадзінаў прышоў да іх Сіротка з прыкметным на лобе потам, неяк дзіўна паглядзеў на іх, сказаў — “можаце ісьці да хаты, гэтым разам палагодзіў сам ўсё добра…”, затым зьвяртаючыся да Міхася Вітушкі паважным голасам сказаў: “а ты Вітушка перойдзеш з міліцыі ў Дарожны Аддзел і будзеш там працаваць”. (Копія машынапісу… С. 147)

“Алесь Дабровіч” перапісаў словы Сіроткі, пакінуў толькі: “Можаце ісьці да хаты, гэтым усё абышлося”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 65)

Але далей — больш. Вось што мы чытаем у кнізе “За вольную і сувэрэнную Беларусь”:

“НКВД і вырашыла нас арыштаваць. Толькі асабістае ўмяшальніцтва Сіроткі выратавала нас ад арышту”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 65)

Вы думаеце гэта адпавядае арыгіналу? Не! “Дабровіч” у чарговы раз уводзіць у зман чытачоў, бярэ на сябе адказнасьць вырашаць, што можна пакінуць ва ўспамінах Д. Касмовіча, а што выкінуць зь іх.

Чытаем арыгінал:

“…як сказаў Сіротка, НКВД вырашыла арыштаваць Дзімітра Касмовіча і Міхася Вітушку і выслаць на дапрос і разбор справы ў Менск, ў турму. Аднак Сіротка аб гэтым даведаўся і рашыў да гэтага не дапусьціць. Ён тэлефанічна выклікаў з Менска ведамага навукоўца-беларускага акадэміка д[окта]ра мэд[ыцыны], прафесара Андрэя Якаўлевіча Пракапчука, швагра Міхася Вітушкі па першай жонцы, каб супольна з ім ратаваць ад НКВД Д. Касмовіча і Міхася Вітушку. А. Я. Пракапчук быў той таямнічай асобай, якую Д. К. і М. В. бачылі ў памятную ноч у будынку НКВД. Яны дваём — Сіротка і Пракапчук — пераканалі начальніка НКВД не арыштоўваць Д. К. і М. Вітушку і паручыліся за іх”. (Копія машынапісу… С. 148-149)

Гэта важны эпізод і яго ад нас схаваў “Алесь Дабровіч”. Ён скраў у дасьледчыкаў, якіх цікавіць дзейнасьць “ілжэпартызанскіх” атрадаў падчас вайны, наступнае сьведчаньне Дзьмітрыя Касмовіча:

“Партызанскія радысты перакінутыя Масквою цераз фронт, амаль усе пападалі ў рукі ОД, якое ў Бранскіх лясох, ў паразуменьні з вайсковым Штабам, займала цэлыя ўчасткі лясоў, выдаючы сябе за партызанаў. Вернасьць і ўзаемны давер сярод байцоў ОД былі прымернымі. Перакінутыя Масквою партызанскія радыё-лучнікі верылі, што знайходзяцца сярод партызан і надавалі падаваныя ім фалшывыя весткі ў Маскву, якія атрымоўвалі ад ОД аб пасоўваньні нямецкіх войск, ўзгодненыя раней з нямецкім камандаваньнем”. (Копія машынапісу… С. 259)

У фінале, як і можна было чакаць, “карэктаваньне” і перапісваньне, зьмянілася фальсіфікацыяй (а можа гісторык не зразумеў сэнсу словаў Касмовіча?).

Дзьмітрый Касмовіч пісаў у машынапісе:

Не засакрэчваючы Р. Астроўскага ў істнаваньне на Беларусі тайнай арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі і аб яе планах, Д. Касмовіч і М. Вітушка запрапанавалі Р. Астроўскаму абняць гэты ганаровы абавязак, у патрэбную “Х”-хвіліну, ачоліць Беларускі Урад”. (Копія машынапісу… С. 324).

“Алесь Дабровіч” жа зьмясьціў у выдадзеных успамінах Касмовіча выдуманы сказ:

І, нарэшце, [Касмовіч і Вітушка] распавялі яму [Астроўскаму] пра існаваньне на Беларусі тайнай арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі й пра яе пляны. Мы запрапанавалі яму ў патрэбную “Х”-хвіліну ўзначаліць Беларускі ўрад”. (За вольную і сувэрэнную Беларусь. С. 188-189).

Аднак, паводле сэнсу прыведзенай цытаты з машынапісу, “не засакрэчваючы” трэба разумець, як “не ўтаямнічыўшы”. Г. зн. Астроўскаму яны нічога не расказвалі пра БНП.

Яшчэ раз падкрэсьлю, што гэта толькі некалькі прыкладаў з дзясяткаў, якія выявіліся пры параўнаньні.

***

Можна па-рознаму ставіцца да асобы Дзьмітрыя Касмовіча і яго дзейнасьці (асабліва падчас вайны). Аднак пры ўсім пры гэтым хацелася б мець выдадзеныя САПРАЎДНЫЯ яго ўспаміны, без неапраўданых “белых плямаў” і розных выдумак “рэдактара кнігі”. Пакуль жа ёсьць нейкі “эрзац”, які выдаецца за праўдзівыя “ўспаміны”, на які спасылаюцца гісторыкі. Цяжка прыгадаць, каб нешта падобнае здаралася за часы незалежнай Беларусі.