Кожнаму буйному гораду патрэбны раман пра людзей, якія не ходзяць у офісы з дзевяці да пяці, а замест таго тусуюцца, малююць карціны, здымаюць фільмы, пішуць раманы і любяцца з усім, што варушыцца. Карацей, тэкст пра багему. Пра тусу. Пра арт. Пра дзвіж. Сярэднестатыстычнаму чытачу такі раман паведаміць, што недзе побач, на дыстанцыі адной бяссоннай ночы ад яго, ёсць іншае жыццё, у якім джэнтльмены, замест таго каб абмяркоўваць крэдыт на новы «Форд» з салона, ужываюць забароненыя рэчывы, спрачаюцца да світанку пра інтэрвенцыі эстэтыкі кабукі ў творчасць Курасавы ды прыдумляюць сюжэты, якія сярэднестатыстычны чытач потым будзе спажываць як высокую культуру.

Звычайна ў такім свеце ззяе крышталь, чпокаюць коркі ад шампанскага «Удава Кліко» ды нейкі неразборлівы голас гундзіць пра тое, што мантыі ў вустрыц трохі завялі (гл. раман «У сырах» Эдуарда Лімонава). У прынцыпе, «Шклатара» Артура Клінава малюе нам такі сусвет. Але гэты сусвет па-беларуску непасрэдны. Замест «Удавы Кліко» тут каньяк «Версаль», замест вустрыц – крабавыя палачкі. Замест крохкіх балерын ды архідэяватых актрыс, якія атачаюць Бегбедэра ды іншых бытапісцаў багемы – страмнаватыя жанчыны-скандалісткі. Замест какаіну – алкагольнае пахмелле. Калі «Масакра» была бульба-хорарам, дык «Шклатара» – гэта бульба-багемны раман. Якое жыццё, такія і тэксты!

Кожнаму раману патрэбны годны аўтар. Здараюцца тэксты, напісаныя не тымі аўтарамі. Так, напрыклад, бачна, што Дастаеўскі з уласнымі загонамі пра «почвеннічаства» адназначна не варты геніяльных твораў, якія выходзілі пад ягоным прозвішчам. Аўтар у «Шклатары» – ідэальны.

Па-першае, Клінаў – інсайдар. Па-другое ён мастак, а гэта заўсёды цікавей, чым пісьменнік. Па-трэцяе, Клінаў – творца складанага іміджу, на якім варта спыніцца асобна.

Калі пачытаць каменты на «Нашай Ніве» да навіны пра выхад апошняй кніжкі Клінава, можна пабачыць усё, што яму прад’яўляецца тусай. Дарэчы, Клінаў – адзін з яскравых прыкладаў таго, як у твар чалавеку кажуць адно, а за спінай – зусім другое. Дык вось, у кулуарах можна пачуць, што Клінаў – «няўдачнік». Там жа, у заспінні, можна пачуць гісторыю рамана «Шалом», які Клінаву нібыта «замовілі» немцы, а потым вырашылі яго не выдаваць. Пры гэтым «няўдачнік Клінаў» – першы беларус, кніжку якога «Горад сонца» выдаў магутны «Цуркамп», а пра падзею тую паведамілі буйныя нямецкія газеты як пра нешта надзвычай цікавае.

Уласна, Клінаў меў усе шансы зрабіцца беларускім Юрыем Андруховічам (паэтам, з выдання якога пачалося адраджэнне цікавасці немцаў да ўкраінскай літаратуры). Аднак падчас свайго нямецкага трыумфу Артуру не ўдалося таго, што ўдалося Андруховічу – стварыць беларускі асяродак у нямецкай літаратуры, «адкрыць» немцам іншых таленавітых суайчыннікаў. Бо дзе быў бы цяпер Андруховіч, калі б не загучаў у Германіі Сергій Жадан? Трыумф беларусаў за мяжой толькі тады будзе трывалым, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму.

Дык вось, той жа «няўдалы Шалом» быў выдадзены ў адным з самых пантовых рускіх выдавецтваў AdMarginem, пра якое мне як аўтару застаецца толькі марыць.

Яшчэ пра Клінава кажуць, што ён «графаман» і нібыта ягоныя тэксты напісаны слабай мовай, з якой вельмі корпаюцца рэдактары. Але я лічу, што меркаваць варта па выніках, а вынік што ў «Шаломе», што ў «Шклатары» цікавы (дарэчы, два запар раманы з назвамі на рэдкую літару «Ш» – гэта ўжо перфоманс). Адно што ў «Шклатары» трохі весяліць слова «насланнё», якім, здаецца, тут трохі злоўжываюць. Галоўнае ж для мяне тое, што «Шклатару» я здолеў прачытаць за чатыры дні, а звычайна валакуся праз тэксты каля тыдня.

Што да рамана per se, дык ён складаецца з двух сусветаў – перапрацаванага кінасцэнара Яна Завальні, у якім сцвярджаецца, што менавіта Завальня бабахнуў рускага цара, а таксама «выдуманай» гісторыі Артура Клінава, які той сцэнар піша і прадае на «Беларусфільм». Здаецца, другая частка – гэта спроба лірычнай прозы пра каханне.

Аўтар сам сказаў у інтэрв’ю «Нашай Ніве», што яму падабаецца Эдуард Лімонаў і ён арыентаваўся на ягоны знакаміты твор «Гэта я, Эдзічка». Але як для «Гэта я, Эдзічка», у «Шклатары» занадта мала сэксу. Некалі Лімонаў шакаваў кансерватыўнае савецкае грамадства сцэнай уласнага аральнага кахання з афраамерыканцам. У «Шклатары» няма не толькі сцэн аральнага кахання з афраамерыканцам, у ёй наогул няма класічных эратычных сцэн. «Канаваленка мае рацыю – мне кепска ўдаюцца любоўныя сцэны. Таму, скажу проста, мы пілі каньяк і цалаваліся на заднім сядзенні», – вось як рэалізаваная эротыка ў рамане. Дарэчы, мне вельмі падабаецца – густоўна і з гумарам. Але прычым тут Лімонаў?

У другой траціне кнігі на месца скупога сэксу прыходзяць сваркі з жанчынамі. Гэтыя панурыя высвятленні адносін чытаць зусім цяжка. Любы «мэнэджар сярэдняга звяна», які гандлюе шынамі, тут прыйдзе да нечаканай высновы, што ягонае жыццё значна цікавейшае за побыт беларускай «багемы».

Дзівацтва рамана ў тым, што тэкст, задуманы як скандальная гісторыя асабістага жыцця, уся складаецца са скажоных прозвішчаў. Кудзіненка тут названы Канаваленкам, змененыя таксама імёны і прозвішчы Латушкі, Замяталіна, жанчын, якія атачаюць героя. Ёсць некалькі ўдалых знаходак, напрыклад, замест кнігарні “логвінаЎ” у галерэі «Ў» мы бачым «Угарню». Іншыя прозвішчы нясмешныя і прыдуманыя яўна хутка. На дваццатай старонцы пачынаеш блытацца: а вось гэта хто? Логвінаў? Ці Жбанкоў? Трэба лезці назад у тэкст, правяраць… Крытык гэта зробіць, чытач – не. Навошта было змяншаць градус інтрыгі?

Не, ну зразумела, нашто. Каб на наступны дзень пасля выхаду кнігі не атрымаць судовую позву ад Латушкі, Замяталіна і іншых «герояў» рамана. Але зноўку – прычым тут Лімонаў? Той бы выкарыстаў позвы як інструмент піяру кнігі. Гэта, дарэчы, не Лімонаў прыдумаў, гэта такая, калі хочаце, ванітная «тэхналогія».

Аўтабіяграфічны раман са скажонымі прозвішчамі, змененыя кантэксты ды назвы месцаў – гэта становіцца прыкметай часу ў беларускай літаратуры. Тое самае бачым у часткова падобным па ідэі рамане «Аўтамат з газіроўкай…», дзе прататып аўтара (які насамрэч быў знаным камсамольскім паэтам), раптам тусуецца са стылягамі, носіць маднявыя кашулі ды прапануе лічыць сябе «героем падполля». Раман, дарэчы, па выніках атрымаўся добры, прычым гэтае сцверджанне тычыцца і «Аўтамата…», і «Шклатары».

Што да скажэнняў, дык ёсць адна ідэя, калегі.

Каб падводзіць вынікі эпохі, трэба дачакацца яе сканчэння. Тады не трэба будзе шукаць замену для імёнаў. Бо ўсе імёны будуць здадзеныя, як тая шклатара (вось вам яшчэ адно прачытанне клінаўскай метафары). А пісьменніку застанецца толькі патлумачыць, хто быў казлом, а хто – анёлам. Бо цяпер з гэтым блытаніна. І пасля чытання «Шклатары» блытаніны меней не робіцца.