Днямі па афіцыйных СМІ прабегла чарговая хваля, мэтай якой было паказаць, што найвышэйшыя ўлады краіны “таксама клапоцяцца” пра духоўнасць нашых грамадзян і “таксама думаюць” пра беларускіх літаратараў.

У прыватнасці, чарговая прэмія, асвечаная імем Самога, была ўручана паэту і галоўнаму рэдактару дзяржаўнага часопіса “Полымя” Міколу Мятліцкаму.

Фармальнай нагодай прысуджэння гэтай прэміі стаў выхад у выдавецкім доме “Звязда” кнігі “Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая”, у якой сабраны пераклады твораў кітайскіх паэтаў ад старажытнасці да нашых дзён. Пра якасць гэтых перакладаў вялікага кітаязнаўцы Мятліцкага мне ўжо даводзілася пісаць на старонках “Народнай Волі”, паўтарацца не буду. Чамусьці мне здаецца, што Мікола Мятліцкі атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі прэмію зусім не за пераклады, зробленыя немаведама з якой мовы. Напэўна, найвышэйшага кіраўніка куды болей прывабілі неаднаразова публікаваныя ў дзяржаўных выданнях вершы, у якіх Мікола Мятліцкі захапляецца “чысцінёй і справядлівасцю” цяперашняй улады і з непадробным пафасам ставіць да ганебнага слупа “прагнілы і варожы Захад”. Можна сабе ўявіць, якой крывёй і потам яму, колішняму выпускніку філфака Гомельскага ўніверсітэта, даваліся гэтыя шэдэўры: кар’ера Мятліцкага складаецца са шматгадовай нястомнай працы ў розных літаратурных рэдакцыях. Дарэчы, у даўнія ўжо гады Мятліцкі быў добра знаёмы з выпускніком таго самага ўніверсітэта, цяперашнім палітвязнем Алесем Бяляцкім. На пачатку 1990-х гадоў Бяляцкі стаў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, які цяпер “клапатлівыя” ўлады вырашылі ліквідаваць як самастойную ўстанову. Мікола Мятліцкі тады быў сціплым выдавецкім рэдактарам, які чакаў свайго часу — і ўрэшце дачакаўся. Што праўда, з вышыні сваёй цяперашняй стратэгічна важнай дзяржаўнай пасады яму цяжка разгледзець праблемы таго самага музея ці таго самага Бяляцкага…

Мае сённяшнія нататкі, аднак, прысвечаны не Міколу Мятліцкаму, а сапраўды высокаталенавітаму літаратару, празаіку, чыя сціплая асоба не мільгаціць на старонках СМІ. Завуць гэтага празаіка Вінцэсь Мудроў, жыве ён у сваім родным Полацку. Яшчэ ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя ён, сын былога вайскоўца, рускага па нацыянальнасці, знайшоў літаральна на сметніку сціплы зборнічак паэзіі Багдановіча і… закахаўся ў беларускую літаратуру. Першыя спробы яго — як і яго калегі-аднакласніка, будучага знакамітага творцы Уладзіміра Арлова — літаратурнай творчасці былі звязаны з нелегальным “Блакітным ліхтаром”, усе нумары якога пазней былі канфіскаваны “літаратуразнаўцамі ў цывільнай вопратцы”. Але Вінцэсь Мудроў паспеў атрымаць дыплом інжынера, і яго працоўная біяграфія тады не перапынілася: краіне Саветаў усё-такі былі патрэбны спецыялісты нафтагазавай індустрыі і ў Беларусі, і на ўсіх велізарных абшарах былой імперыі. Ды нават працуючы ў далёкай Цюменскай вобласці, Вінцэсь Мудроў не кінуў пісаць свае адметныя і непаўторныя апавяданні і аповесці, у якіх бліскуча выявіў свой талент — някідкімі, але каларытнымі мазкамі вымалёўваць душу “гома саветыкуса”. Пасля Вінцэсевага вяртання на радзіму пачалі з’яўляцца і першыя, ужо непадцэнзурныя публікацыі, дзе героямі заставаліся ўсё тыя самыя тыпажы — гараджане першага пакалення: вані бяньковы, лёшкі мандрыкі, суровыя гарадскія дапільноўшчыкі правільнага савецкага жыцця фарзуны… Гэтых самых герояў мы сустракаем і на старонках найноўшай кніжкі мікрааповесцяў і апавяданняў Вінцэся Мудрова “Багун”, што выйшла з друку напрыканцы мінулага года дзякуючы прыватнай ініцыятыве “Полацкае ляда”. Як на маё разуменне, у гэтай кнізе аўтар не толькі зрабіў новы крок у літаратурным асэнсаванні савецка-беларускай ментальнасці, але і паспрабаваў дакапацца да яе каранёў. Героі апавяданняў “Раніцай, калі патухаюць зоркі” і “Багун” жывуць у пераломную эпоху далучэння Заходняй Беларусі да БССР, а героі аповесці “Калодзеж” выходзяць на сцэну ў гады Другой сусветнай вайны. Дазволю сабе тут толькі адну цытату з першага з названых твораў:

“…Ідучы да хаты, Багун з Хамёнкам чухалі патыліцы, штохвілі ўздыхалі.

— І як яно ўсё будзе? — прамармытаў Багун, на хаду прыпальваючы цыгару.

— Ды неяк будзе, — Хамёнак таксама чыркнуў запалкай, — палякі панавалі, цяпер Саветы запануюць. Прыйдуць кітайцы — мы і пад імі ўжывёмся, жаб будзем жэрці ды па-кітайску балабоніць.

— Яно так, — пагадзіўся Багун і хутка азірнуўся…”

На сапраўдны шэдэўр сучаснай сатырычнай літаратуры выглядае апавяданне Вінцэся Мудрова “Іду на таран!”, якое друкавалася ў незалежнай перыёдыцы яшчэ ў другой палове 1990-х гадоў, але толькі цяпер трапіла на старонкі кніжнага выдання. У афіцыйных беларускіх СМІ не раз даводзілася чытаць пра абвяшчэнне літаратурных конкурсаў на найлепшыя творы, прысвечаныя беларускай арміі. Напэўна, былі ў гэтых конкурсах нейкія лаўрэаты, пераможцы, але сказаць, каб айчынная літаратура пасля ўручэння гэтым пераможцам адпаведных узнагарод сапраўды пабагацела, ніяк не магу. А вось мудроўскі “Іду на таран!” варта было б прачытаць сённяшнім міністру абароны, сакратару саўбеза, усяму беларускаму генералітэту. І, калі гэтыя асобы напраўду маюць пачуццё гумару, яны шмат што і шмат каго ў гэтым творы пазнаюць. Бо душу беларускага вайскоўца тут даследуе інжынер-тэхнолаг паводле дыпломнай спецыяльнасці і інжынер несавецкай душы паводле паклікання, таленавіты палачанін Вінцэсь Мудроў…