Наталка Харытанюк “Смерць лесбіянкі” (Мінск, Логвінаў, 2013)

Пакуль мы тут забаўляемся, беларускі ПЭН-цэнтр і сайт bookster.by абвясцілі конкурс для маладых і нават зялёных крытыкаў. Я таксама паспрабавала, вось што атрымалася.

Кнігу я набыла, вядома, з-за назвы. Ужо з першых старонак спрабуеш зразумець, хто тут лесбіянка, ці не сама гераіня незнарок. І гэтая хітрая гераіня наўмысна дае напачатку прычыны так думаць. Потым разумееш, што ўсё гэта дурное, што лесбіянка там адна, і яна ўжо мёртвая, і не будзе ніякага працягу лесбійскай гісторыі. І яна такая ж лесбіянка, як і феміністка, як і жанчына, як і літаратарка, як і жыхарка Менску, ды хто заўгодна. Яна ўжо мёртвая і не важна, кім яна была. Я павялася на гарачанькае, прызнаю. Цяпер можна расслабіцца і цалкам уцягнуцца ў дэтэктыўныя падзеі.

Усё дзеянне адбываецца ў Полацкім ўніверсітэце, куды галоўная гераіня Наталка прыязджае са сталіцы з мэтай пазбавіцца закляцця, не памерці і, калі пашанцуе, то і напісаць кнігу. Нечакана яна становіцца ўцягнутай у гісторыю забойства і разам з іншымі сведкамі загадкавых падзей старанна вышуквае забойцу, пры гэтым не забываючыся на блізкасць уласнай смерці. Заблытаныя падзеі нечакана распутваююца за кілішкамі і філіжанкамі розных напояў, і ты разумееш, як часам неабходна абыходзіць беларускамоўных ратаўнікоў бацькаўшчыны і іншых занадта патрыятыятычных асобаў, каб не дай божа яны не прынялі цябе за сваю і потым не расчараваліся, калі ты ў газеце “Роднае Слова” лезеш разгадваць крыжаванку, а не чытаць пра юбілей чарговага пісьменніка.

Навакольны свет рамантычная Наталка ўспрымае праз кнігі: тут табе ад Ніцшэ, Пруста і Фройда да Панчанкі, Арлова і Баршчэўскага. Дзесяткі імёнаў усплываюць то тут, то там ці то дзеля эканоміі славесных сродкаў (“ну, гэта як у Фройда, што тут тлумачыць”), ці ад добрай адукаванасці дзяўчыны (канешне, цётка ж такая філалагіня, каго яшчэ магла выхаваць). Ва ўсялякім разе, розныя пазнавальныя вобразы (людзей, мясцін, з’яў, страў, нават цэлых пакаленняў) дазваляюць нам глыбей уцягнуцца ў вір падзей.

Побач з паўсядзеннасцю крочыць містыка, і яны заўсёды перадаюць адно адной эстафету першанства. Пярсценак з зяленым камянем гіпнатызуе – дайце мне хурмы паболей, духі памерлых лётаюць – налейце бехераўкі, і гэта працягваецца, і ты ўжо слаба разумееш, дзе рэальнасць, а дзе фантазія. Усё прыму, не трэба рэверансаў, толькі не памірай, Наталка.

А эратызму не хапіла. Не тое, каб яго там зусім няма (часам нехта расцілае пінжак пасярод цёмнай актавай залі, а нехта яшчэ і сочыць за імі), але збольшага ўся “клубнічка” застаецца за кадрам. “Ну, гэта ж не дэтэктыў, не павінна тут быць класічнай эратычнай сцэны” – на самым пачатку гарачага дзеяння суцяшае Наталка і сябе, і нас. А мы яе не слухаем і просім дадаць перчыку, таму што нельга так з чытачом – раззадорыць, а потым прыгожа сыйсці пісаць працяг гісторыі.