Нягледзячы на тое, што Ян Баршчэўскі добрую частку свайго жыцця пражыў у сталіцы Расіі Пецярбургу і выдаў тут сваю галоўную кнігу — зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», расійскае літаратуразнаўства больш за паўтара стагоддзя не звяртае ўвагі на яго асобу і творчасць. Заўважыў беларускага пісьменніка прыродазнаўца — біёлаг Дзмітрый Вінаходаў.

Нягледзячы на тое, што Ян Баршчэўскі добрую частку свайго жыцця пражыў у сталіцы Расіі Пецярбургу і выдаў тут сваю галоўную кнігу — зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», расійскае літаратуразнаўства больш за паўтара стагоддзя не звяртае ўвагі на яго асобу і творчасць[1]. Яно й нядзіўна: беларускі літаратар не меў аніякіх сантыментаў ні да расійскага царызму, ні да «братняга» народа. Прадстаўнікоў адміністрацыі, тых, што звычайна ў той час называлі «маскалямі», ён паказваў у сваіх творах у вобліку д’яблаў, чарнакніжнікаў і нячыстае сілы; набрыдзь рангам ніжэй атрымала ў яго найменне «асташоў», што «спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам».

Расійскія спецыялісты-філолагі і сёння «не бачаць» Я. Баршчэўскага[2]. Заўважыў беларускага пісьменніка прыродазнаўца — біёлаг Дзмітрый Вінаходаў.

Даследчыка-аматара прывабіла таямніца, наяўнасць якой ён несумненна адчуў. Варта заўважыць, што Дз. Вінаходаў вядомы ў колах аматараў твораў Толкіена, якія ва ўсім свеце займаюцца разгадваннем таямніц, збіраннем матэрыялаў, рэканструкцыямі і г. д. Абмеркаванням ды спрэчкам вакол дзеяў у творах Толкіена прысвечаныя шматлікія інтэрнэт-форумы. Тым самым шляхам Дз. Вінаходаў вырушыў і на разгадванне таямніц твора Я. Баршчэўскага, спрабуючы ўтварыць у віртуальнай прасторы нешта кшталту клубу, падобнага на клуб сяброў Толкіена. І тут адбылося неспадзяванае. Твор Я. Баршчэўскага, сягаючы ажно ў ХХІ ст. з дапамогаю сучасных (фантастычных для чалавека ХІХ ст.) сродкаў камунікацыі, вабячы таямніцаю, выкрывае тую самую з’яву, што застаецца актуальнаю ўжо некалькі стагоддзяў.

Расіянін пачаў з таго, што пераклаў «Шляхціца Завальню» на рускую мову і змясціў пераклад на адмыслова створаным сайце [3]. Пераклад тэксту, напісанага Я. Баршчэўскім больш за сто пяцьдзесят гадоў таму, яму надаваўся цяжка [4], і перакладчык звяртаўся па дапамогу і парады да шматлікіх спецыялістаў і аматараў[5]. Як вынік, у тэкст Я. Баршчэўскага трапілі словы і выразы характэрныя, напрыклад, для адэскага жаргону пачатку ХХ ст.:

Когда этот спор и шум затянулись, Йосель, что стоял в конце стола, говорит:

— Послушайте сюда, добрые господа, вы таки неправильно себе думаете за вашего Василя. Василь, чтоб он был здоров, человек добрый и аккуратный; и когда заходит ко мне в компании, то уже платит звонкой монетой, и той монеты у него — непереводно. А Алюта — ай, да и Алюта тоже таки хорошая девушка, и одевается, как чистая панёнка. А что Арина, и что я должен об ей плохое сказать? Или что она колдует, так что, она геволт с погромом устроила? Она себе колдует, чтобы гельд иметь на немного грошей, а гроши таки нужны каждому человеку! Она помогает, добрые господа, лечит травами людей этих, чтоб они были здоровы!

У арыгінале:

Gdy się ta sprzeczka i szum przedłuża, żyd Josiel stojąc u końca stołu: — «Posłuchajcie, — rzecze, — niesprawiedliwie mówicie o Wasilu. Wasil clek dobry i akuratny; kiedy pryjdzie z towarysami do mnie, to zawse placi gotowką i zawse ma pieniędzy, a Aluta, aj da Aluta, dobra dziewcyna, jak się dobre odziewa, jak panienka, a, i u Aryny ja nić złego nie widzę. Nu co, ze ona caruje, ona caruje dla tego by mieć pieniędzy, a pieniędzy bardzo potrebne dla każdego cłowieka; ona i pomaga, lecy trawa ludzi».

Праца над перакладам падштурхнула Дз. Вінаходава да працы літаратуразнаўчай: ён узяўся за напісанне прадмовы да будучай кнігі, г. зн. артыкула пра Я. Баршчэўскага і час, у якім жыў пісьменнік. Дзеля гэтага Дз. Вінаходаў стварае жывы часопіс [6]. Зрэшты, аматары гісторыі і літаратуры, якія адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у складанні біяграфіі Я. Баршчэўскага, не маглі аказаць істотнай дапамогі.

Дз. Вінаходаў сам піша біяграфію Я. Баршчэўскага (змешчана на інтэрнэт-старонцы), дае кароткую характарыстыку «Шляхціцу Завальню» (змешчана ў жывым часопісе), а таксама аналізуе вобраз Плачкі (выступленне на канферэнцыі ў Пецярбурзе пададзена ў жывым часопісе).

Тое, што Дз. Вінаходаў выкарыстоўваў менавіта беларускія пераклады, асабліва заўважна, калі знаёмішся з каментаром да расійскага перакладу: па сутнасці, ён з’яўляецца перакладам каментара з беларускіх выданняў «Шляхціца Завальні» (часам пашыраны).

Пры напісанні артыкула[7] пра Я. Баршчэўскага і яго час Дз. Вінаходаў таксама выкарыстоўвае беларускія публікацыі, хоць нідзе і не спасылаецца на іх. Цікава, што гэтае выкарыстанне мае розны характар. Мае месца не толькі пераклад-пераказ, але і напісанне на аснове прачытанага цалкам супрацьлеглага паводле ідэйнай скіраванасці тэксту. Дз. Вінаходаў імкнецца змякчыць негатыўны ўплыў палітычных падзей канца XVIII — пачатку ХІХ стст. на фармаванне асобы Я. Баршчэўскага; ён не хоча бачыць повязі «Шляхціца Завальні» з грамадска-палітычным жыццём у Беларусі ў першай палове ХІХ ст.; пераконвае чытача, што напісанае Я. Баршчэўскім — гэта пераклад на польскую мову беларускага фальклору, а таксама сялянскіх гавэндаў-гутарак, пачутых аўтарам у канкрэтных мясцінах на Полаччыне[8].

Знаёмячыся з напісаным пра Я. Баршчэўскага за больш чым сто пяцьдзесят гадоў, Дз. Вінаходаў звярнуў увагу на шэраг нявытлумачаных фактаў біяграфіі Я. Баршчэўскага і паспрабаваў даць ім сваю інтэрпрэтацыю. Ён яўна мае на ўвазе расійскамоўнага чытача, калі сцвярджае, што біяграфіі Баршчэўскага «…не существует. Есть лишь статьи в энциклопедиях и литературоведческих словарях»[9] . Г. зн., наўрад ці хто ў Расіі ведае пра беларускамоўныя кнігі, прысвечаныя Яну Баршчэўскаму, а таму ёсць шанец «упершыню» скласці біяграфію пісьменніка. Што і было зроблена ў маі 2008 г.: «Составил, так сказать, в первом приближении биографическую статью о Яне Барщевском»[10] .

На філалагічных факультэтах беларускіх ВНУ, дзе ў курсе гісторыі літаратуры вывучаецца творчасць Яна Баршчэўскага, студэнты, пішучы дыпломныя і курсавыя, таксама «складаюць» біяграфіі гэтага літаратара — старанна перапіс­ваюць з даступных ім кніг і часопісаў старонкі з патрэбнай інфармацыяй. Выдатнікі — перастаўляючы словы ў сказах і спасылаючыся на крыніцы, іншыя — слова ў слова, не абцяжарваючы сябе лішнім клопатам. Дз. Вінаходаў мусіў беларускамоўны тэкст перакладаць на расійскую мову, а з тае прычыны, што «составлял» біяграфію не дзеля адзнакі ў залікоўцы, — імкнуўся даць арыгінальную трактоўку вядомым фактам. Найбольш цікавымі падаюцца некалькі такіх «арыгінальнасцяў». Яны не ёсць плёнам пошукавай працы, а толькі вынікам няўважлівага прачытання добра вядомых крыніцаў.

Адна з іх тычыцца высвятлення году нараджэння пісьменніка і году яго ад’езду ў Пецярбург. Ведаючы гэтыя даты, можна больш упэўнена гаварыць пра хранатоп «Шляхціца Завальні». А гэта значыць, прывязваць дзеянне твора да пэўных гістарычных падзеяў — першага падзелу Рэчы Паспалітай.

У кнізе «На парозе забытае святыні» мы падрабязна прааналізавалі версіі літаратуразнаўцаў адносна даты прыходу на свет Я. Баршчэўскага, выкарысталі архіўныя матэрыялы: «Першы біёграф пісьменніка Рамуальд Падбярэскі ў прадмове да «Шляхціца Завальні» сцвярджаў: «Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1794 годзе», але літаральна праз некалькі старонак, апавядаючы пра раннюю творчасць «ільва» свайго артыкула, кажа, што паэт склаў песеньку «Да чім жэ твоя, дзевэнька, галоўка занята?», вельмі папулярную цяпер, напісаную ў Марогах з нагоды залётаў да маладое панны Максімавічанкі, яшчэ ў студэнцтве, блізу 1809 года, калі меў не больш за 18 год». Відаць, якраз гэта дало падставы Юльяну Барташэвічу, аўтару некралога «Ян Баршчэўскі», назваць іншы год нараджэння пісьменніка — 1790 і закончыць свой артыкул фразаю: «Аўтар «Завальні» жыў 61 год». <…> Але на пачатку 80-х гг. ХХ ст. украінскі архівіст Б. Табачнік і беларускі краязнаўца Г. Каханоўскі выявілі ў Жытомірскім абласным архіве пахавальную метрыку Я. Баршчэўскага.

Адпаведны запіс зроблены ў метрычнай кнізе Чуднаўскага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла. З запісу відаць, што Ян Баршчэўскі памёр 28 лютага (старога стылю) 1851 г. і пахаваны 2 сакавіка (таксама старога стылю) на «парафіяльных Чуднаўскіх могілках». У графе: «Якога быў стану, звання, колькі жыў, з якой парафіі» — сказана: «Свабоднага стану, мужчына, які меў ад роду каля 54 год, парафіянін Чуднаўскага касцёла». Аднак калі Б. Табачнік асцярожна выказаўся на карысць версіі Р. Падбярэскага («Чуднаўскі запіс робіць больш верагодным 1794 год»), то Г. Каханоўскі ўводзіць новую дату: «выходзіць, што Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1797-м, найбольш у 1796 г.».[11]  І хоць высвятленню дадзенага пытання мы прысвяцілі некалькі старонак у кнізе, аднак не мелі падстаў адназначна выказацца на гэты конт, а таму сцвердзілі, што «пытанне пра год нараджэння пісьменніка Я. Баршчэўскага застаецца адкрытым».

Дз. Вінаходаў, «складаючы» біяграфію, канспектыўна паўтарае:

Первый биограф писателя Ромуальд Подберезский называет 1794 год, однако приводит некоторые подробности, позволяющие вычислить более раннюю дату — 1790 год, которую повторяет в некрологе Юлиан Бартошевич. Похоронная же запись даёт возможность предположить, что Барщевский родился в 1796 или даже в 1797 году…

І робіць выснову:

…с точки зрения дальнейших событий его жизни именно эта датировка представляется наиболее правдоподобной [12] .

Што ж гэта за «дальнейшие события его жизни»? Даследчык наступным чынам гаворыць пра гэта: маўляў, у «Шляхціцы Завальню» Я. Баршчэўскі свядома ўводзіць чытача ў зман, калі гаворыць, што яго герой Янка прыязджае да дзядзькі ўвосень 1816 г. На думку Дз. Вінаходава, Я. Баршчэўскі ў 1816 г. «еще находился в Полоцкой академии, о чём свидетельствует в своих воспоминаниях его соученик Фома Массальский» [13]. Але дарэмна б мы шукалі ва ўспамінах ЭдвардаТамаша Масальскага інфармацыі, якая б пацвердзіла дапушчэнне пецярбургскага аўтара. Сапраўды, Э. Т. Масальскі аднойчы згадвае прозвішча Я. Баршчэўскага:

Po zapisaniu nas tedy do Akademji [14]  zaczкliњmy uczкszczaж na lekcje. Jуzef, їwawszy ode mnie, bystrzejszy i usposobiony raczej do poezji, aniїeli do nauk refleksyjnych, znudziі siк wydziaіem filozoficznym i przeszedі na literacki, to jest wіaњciwy nauk wyzwоlonych. A їe tu mu wszystko szіo bardzo іatwo tak, їe nie potrzebuj№c pracowaж w domu, lekcje wszystkie z samego sіuchania pamiкtaі, zaczaі wiкcej czasu poњwiкcaж na pisanie wierszy, a takїe i na nieco za dіugie obcowanie z kolegami. Pomiкdzy nimi byіo niemaіo pracowitych i pilnych, jak np. na prawnym wydziale Donat Їebrowski, Konstanty Serbinowicz, Piotr Elijaszewicz; na literackim Szepielewicz i Barszczewski. Ci obaj mieli duїo ducha poetyckiego i, gdyby trafiі siк byі lepszy profesor, pewnoby zastawili po sobie lepsze utwory niїeli te, ktуre wydali [15] .

На першы погляд, — усё лагічна: Э. Т. Масальскі з 1816 г. вучыцца разам з Я. Баршчэўскім у Полацкай езуіцкай акадэміі. Магчыма, нават да 1820 г., да часу выгнання езуітаў з Полацка. Хутчэй за ўсё не на адным курсе, але ж кола полацкіх студэнтаў параўнальна невялікае, яны добра ведаюць адзін аднаго.

Аднак выказванне Э. Т. Масальскага дапускае і іншую трактоўку: Я. Баршчэўскага аўтар успамінаў не застаў у Полацку, але ад настаўнікаў і калегаў ён чуў гэтае імя, пазней сустракаўся з гэтым чалавекам у Пецярбурзе, хоць ніколі не быў з ім у сяброўскіх адносінах (што пацвярджаецца характарыстыкай яго творчасці). Тым больш, што аднагодак Э. Т. Масальскага Гаўдэнты Шапялевіч, сябра Я. Баршчэўскага, вучыўся ў Полацку, відавочна, да апошняга дня існавання Акадэміі (яго вершы друкаваліся ў «Miesiкczniku Poіockim» у апошніх нумарах выдання як творы вучня айцоў-езуітаў). І, трэба думаць, калі дваццацігадовы Г. Шапялевіч у 1820 г. трапляе ў Пецярбург, то гэта Я. Баршчэўскі прыйшоў на дапамогу сябру, бо ўжо некалькі гадоў жыў у сталіцы Расійскай імперыі (Ю. Барташэвіч, вучачыся ў Пецярбурзе ў 1838—1842 г., мог пачуць гэтую гісторыю толькі ад Я. Баршчэўскага, але ў 1851 г. хутчэй за ўсё пераблытаў факты).

Э. Т. Масальскі называе ў сваіх успамінах і прозвішча К. Сербіновіча (1796—1874), які са ступенню кандыдата філасофіі закончыў навучанне ў Полацкай Акадэміі ў 1817 г. і ў хуткім часе апынуўся ў Пецярбурзе (з 1818 г. служыць без «жалования» ў Замежнай калегіі, а пасля, паводле словаў П. Вяземскага, «чиновником по особым поручениям при Карамзине»). Цікава, што ў дзённіку К. Сер­біновіча пад датаю 20 кастрычніка 1820 г. запісана: «Дома застаю Ивана, принесшего шубу, говорит о семеновском бунте»[16].

Іван — гэта не хто іншы як Ян Баршчэўскі. А г. зн., што беларускі пісьменнік прыехаў у Пецярбург у 1817 г., як ён сам паведамляе ў «Шляхціцы Завальні», а не ў 1826 ці 1827 г., як піша — невядома на падставе чаго — Дз. Вінаходаў. Пра тое, што Я. Баршчэўскі дакладна памятаў пра асноўныя падзеі і факты свайго жыцця, гавораць і іншыя храналагічныя прывязкі ў яго творах. Так, у іх двойчы згадваецца пра семнаццаць гадоў адсутнасці пісьменніка ў родным краі: «— А як даўно пакінуў родны край? — Ужо таму васемнаццаты год»[17] , а ў Полацку — васемнаццаць: «Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці!»[18]  Ці ж маем падставы не верыць пісьменніку? Тут, дарэчы, пецярбургскі даследчык пагаджаецца, што Я. Баршчэўскі «Беларусь <…> не видел 17 лет, а Полоцк — все 18»[19] . Відаць, Дз. Вінаходаў забыўся пра сваё ранейшае «адкрыццё», бо іначай заўважыў бы, што выехаўшы ў 1826 ці 1827 г. на семнаццаць гадоў з Беларусі, Я. Баршчэўскі тады адведаў бы яе ў 1843 ці 1844 г. Аднак першы захаваны ліст з карэспандэнцыі пісьменніка да Юлі Корсак датаваны 4.08.1837 г. А г. зн., што 1817 г., прапанаваны намі як год ад’езду Я. Баршчэўскага ў Пецярбург, адпавядае рэальнасці.

Зрэшты, варта адзначыць поспехі Вінаходава-краязнаўцы.

Успрыняўшы кнігу Я. Баршчэўскага як дакументальны нарыс, даследчык імкнецца прачытаць яе праз прызму тапаграфіі, сучаснае і гістарычнае. Найперш яго ўвагу прыцягнула вёска Мурагі, якая хоць і не згадваецца ў «Шляхціцы Завальні», але, на думку Дз. Вінаходава, менавіта там (больш дакладна, у г. зв. Плябані) сяляне, падарожныя і суседзі апавядаюць шляхціцу Завальню свае гісторыі. Аўтар, дзякуючы апісанням самога пісьменніка і аповедам мясцовых жыхароў вызначыў тое месца[20] , дзе колісь стаяла хата бацькі Я. Баршчэўскага, святара Мурагоўскае уніяцкае царквы.

Надзвычай цікавыя паведамленні, якія спалучаюць гістарычныя звесткі з сённяшнімі рэаліямі, пра возера Нешчарда, раку Дрыса (там у 1812 г. Я. Бар­шчэўскі з бацькам і суседзямі хаваўся ад вайны), Пачаноўскую гару (да гэтай гары пісьменнік прывязваў легенду пра Плачку), маёнтак Магільна (дзе ў маладыя гады аканомам служыў шляхціц Завальня[21] ), Санкт-Пецярбург (дом купчыхі Касаткінай, у якім жыў Я. Баршчэўскі)[22] , Глухое возера і возера Рэбло. Свае тэксты Дз. Вінаходаў ілюструе здымкамі і картамі.

Пэўных поспехаў дасягнуў аўтар і ў спробах расшыфраваць прататыпаў герояў Я. Баршчэўскага, хоць тут ён яўна спрошчана падыходзіць да мастацкага твора[23] . Скажам, пана Б., які падарыў сляпому Францішку востраў на возеры Рэбло, Дз. Вінаходаў мае падставы ідэнтыфікаваць з Янам Багамольцам [24] , а езуітаў Буду і Попэ — з Мікалаем Будзько і Ігнатам Попам [25] , але гэта героі трэцяга плану, яны толькі згадваюцца ў творы. Гэта тыя вобразы, якія ствараюць «праўдзівасць», аўтэнтычнасць тэксту. Але ж ці абгрунтавана шукаць адназначны прататып вобраза-тыпу, вобраза-сімвалу?

Уражвае наіўнасць у разважаннях Дз. Вінаходава, калі ён бярэцца за характарыстыку таго, што літаратуразнаўцы называюць ідэяй твора. Даследчык-аматар, як зрэшты і шмат хто іншы, не жадае бачыць у кнізе Я. Баршчэўскага грамадска-палітычнага кампаненту. «Шляхціц Завальня» для яго — зборнік апрацаванага фальклору. Ужо на самым пачатку працы над перакладам Я. Баршчэўскага, пазнаёміўшыся з кнігай «На парозе забытае святыні», Дз. Вінаходаў катэгарычна заявіў: памыляецца М. Хаўстовіч, які «расшыфроўвае» вобраз Плачкі «как саму Беларусь, оплакивающую своих детей, белорусов». Фактычна як палеміку з нашай канцэпцыяй трэба разглядаць выступленне пецярбургскага даследчыка на канферэнцыі «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (9 чэрвеня 2008 г.) [26]

На думку Дз. Вінаходава, Плачка — гэта ні што іншае, а Божая Маці, бо «в белорусском фольклоре этот образ однозначно интерпретирован как Богоматерь». Як пацвярджэнне сказанаму прыводзіцца апавяданне «Поп і пустэльнік» са зборніка А. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (СПб., 1911). І падкрэсліваецца:

Эта история записана в 1883 г. в д. Чудин от рассказчика Дудура, при этом сам рассказчик, которому в это время было уже «больш капы [т. е. шестидесяти] гадоў», слышал её от своего деда, когда «ещэ без парток бегаў» [27] .

Маўляў, народная легенда ўзнікла нашмат раней за «Шляхціца Завальню», а г. зн., Я. Баршчэўскі проста пераклаў вядомы яму фальклорны тэкст на польскую мову.

Не трацячы часу на палеміку наконт прапанаванай Дз. Вінаходавым трактоўкі вобраза Плачкі, варта адзначыць, што рэлігійны кампанент (а ён вельмі істотны!) кнігі выражаны пры дапамозе іншых сродкаў. Адзначым толькі тое, што катэгарычна пярэчыць трактоўцы вобраза Плачкі як Божай Маці. Дзеля гэтага звернемся да апавядання «Кабета Інсекта», дзеянне якое пераносіцца ў далёкае мінулае. Пісьменнік з дапамогаю прыёму градацыі падкрэслівае «старадаўняе» паходжанне свае гераіні: «Даўней жыла ў нашым краі багатая пані», «яна ўжо састарэла», «дазволіў [Бог] доўга жыць на гэтай зямлі», «гадоў сто пані пражыла», «доўга так жывучы», «шмат гадоў прамінула». І толькі тады пачынаюцца асноўныя падзеі, а менавіта, за грахі і злачынствы свайго жыцця гераіня (Я. Баршчэўскі не падае ні імя, ні прозвішча) «сохла і пакрысе змяншалася», урэшце ператварылася ў інсекту. Характэрна, што пераўвасабленне багатае пані ў інсекту супадае па часе з з’яўленнем новага гаспадара яе ранейшых уладанняў. І менавіта цяпер пад уплывам малітваў полацкіх езуітаў адбываецца яшчэ адна метамарфоза — кабета Інсекта ператвараецца ў Плачку [28].

Ці б такім быў «радавод» галоўнае гераіні, каб пісьменнік бачыў яе як вобраз Маці Божае? Не мог вернік Я. Баршчэўскі паказваць такім мінулае Маці Божае.

Мяркуючы па жывых часопісах, у якіх абмяркоўвалася трактоўка вобраза Плачкі паводле Дз. Вінаходава, амаль усе інтэрнаўты пагадзіліся з прапановамі пецярбургскага даследчыка.

Аднак знайшлася асоба, якая катэгарычна запярэчыла Дз. Вінаходаву. Гэта — Андрэй Белякоў, выхаванец МДЛУ (1981—1986), які цікавіцца творчасцю Я. Баршчэўскага (у 2007 г. на сваёй інтэрнэт-старонцы змясціў арыгінальны тэкст «Шляхціца Завальні»). Дазволім сабе падаць вялікія фрагменты з яго разважанняў:

Магчыма, што вобраз Плачкі Баршчэўскі пазычыў і з народных сказаў, але, як я зразумеў, сам пісьменнік пад Плачкай разумее Літву. Доля Вялікага Княства Літоўскага была горшай ад лёсу польскіх земляў. Царства Польскае працягвала існаваць, а Літвы як бы і не стала. На карысць такога меркавання гавораць дзве дэталі: манета з выявай Пагоні, якую падае Плачка, а таксама аповед «Сын Буры». Сэнс яго можна зразумець, калі памеркаваць, што пад Сынам Буры Баршчэўскі вывеў літоўскага патрыёта, такога, як Міцкевіч, які горка аплаквае страту Літвы. Шляхціц жа Завальня, як і сам Баршчэўскі, належалі да тых ліцвінаў, якія пры страце роднай краіны, яе незалежнасці, парадкаў і ладу адчай мяняюць на спадзяванне на Госпада, аб чым і гаворыць Завальня ў канцы аповеда[29] .

Відавочна, А. Белякоў не ведае нашых публікацый пра алегарычны змест «Шляхціца Завальні», аднак досвед (і ў першую чаргу філалагічная падрыхтоўка) дазволілі яму правільна зразумець ідэю твора Я. Баршчэўскага. Праўда, ён чамусьці забыўся, што сваю кнігу пісьменнік назваў «Беларусь у фантастычных апавяданнях», што раз-пораз героі гавораць пра беларускіх грамадзян, пра беларускую гасціннасць і г. д. Такім чынам, з большым правам можна гаварыць пра вобраз Плачкі-Беларусі, хоць, вядома, і вобраз Плачкі-Літвы (у гістарычным разуменні) таксама прачытваецца ў кнізе Я. Баршчэўскага.

А. Белякоў працягвае:

Але застаецца яшчэ апавяданне «Сын Буры». Пра чалавека, які не можа знайсці Плачку, хоць яму — як лічыць Завальня — варта было б спадзявацца на Бога, а не бедаваць несуцешна аб тым, што ён не можа знайсці Плачку [30] . Мяне самога азадачвае апавяданне пра Плачку, але мне цяжка і ўявіць, каб чалавек, які шукае Прасвятую Багародзіцу, называўся б Сынам Буры, мог бы адчаяцца ў пошуку. Наўрад ці гэта меў на ўвазе і Баршчэўскі. Ды і манета з Пагоняй тады чаму згадваецца? Менавіта з Пагоняй. Калі ж уявіць, што Баршчэўскі пісаў пра Літву, шмат што тлумачыцца, у тым ліку і тое, чаму ж шукальнік Літвы называецца сынам буры. Гэта інсургент [31] .

Я бачу тлумачэнне гэтага апавядання так:

І сам Баршчэўскі, і Завальня, і ягоныя сябры — усе лічаць сябе дзецьмі Літвы. Яны ўсе яе згубілі, бо цяпер Літва — прывід, які плача па сваіх дзецях. Выразна Літва не прысутнічае ні як тэрыторыя, ні як палітычнае ўтварэнне. Але рэчу тым, што Баршчэўскі і ягоныя героі лічаць знікненне Літвы карай Боскай за грахі іх, літвінаў [32] . Яны перакананыя, што калі з пакорай знесці пакуты, як выпрабаванне за грахі, то Бог дасць суцяшэнне: ці вяртаннем Літвы, ці іншым карысным для душы чынам, які Ён ведае лепш за самога чалавека. Сын жа Буры не звяртаецца да Бога па суцяшэнне. Ён не разважае, ці карысна было б душам людзей, калі б Літва ізноў адрадзілася, а мінулыя грахі засталіся б. Для Сына Буры Літва — бясцэнная і галоўная каштоўнасць. Каб яе здабыць, ён гатовы на ўсё. Пошук Плачкі зацьмявае сабой усё: не толькі духоўныя каштоўнасці, але нават і зямное разважанне пра тое, што цяжка перамагчы саюз трох арлоў, а яшчэ цяжэй сквапнасць людскую, якая не можа без Расіі, багатай крыніцамі даходаў для эканамічна ў той час бесперспектыўнай Беларусі (большасць багатых беларусаў нажылі ў часы Баршчэўскага капіталы ў Расіі).

Баршчэўскі і ягоныя героі пакутавалі ад страты Літвы, але шукалі яны найперш Боскае суцяшэнне… Гэта наогул водападзел, відавочная мяжа, якая пралегла ў тое стагоддзе паміж УСІМІ незацыкленымі на шкурных пытаннях жыхарамі былой Рэчы Паспалітай. Адны імкнуліся да палітычнай барацьбы, меркавалі, што незалежнасць дасць шчасце тым, хто працягвае жыць у грахах. Другія, плачучы аб страце сваёй дзяржавы, сілы свае скарыстоўвалі на тое, каб жыць паводле Боскіх прыказанняў і іншых да такога жыцця схіляць. <…> Пра Сыноў Буры шмат даследаванняў. Жыццё праведных беларусаў даследчыкаў не цікавіць, хаця свет Баршчэўскага, Завальні, Родзькі куды багацейшы і цікавейшы.

Кніга Баршчэўскага — гэта як бы паралельная гісторыя тых мясцінаў. Афіцыйная гістарыяграфія Беларусі, Расіі і Польшчы апавядае пра сыноў буры і меркантыльных прыстасаванцаў. Баршчэўскі — пра мараль вёсак і засценкаў.

<…> Сын Буры зразумеў, хто такая Плачка, правільна. На думку Завальні, ягоная памылка была ў іншым. Яму варта было не Плачку шукаць, а Бога. Сын Буры кажа:

— Я — сын бацькоў, гнаных Бураю і Неспакоем. Мой бацька не разарваў жалезных кайданоў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале.

Тут гаворыцца пра пакаленні жыхароў Рэчы Паспалітай, якія ўжо нара­дзіліся ў час развалу краіны, г. зн. пасля 60-х гадоў XVIII стагоддзя. Усе аднагодкі Баршчэўскага і большасць людзей з ягонага атачэння нарадзіліся ўжо тады, калі іх зямля не магла разарваць кайданы, што скоўвалі іх рукі.

Іншыя словы Сына Буры:

— Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе пануры голас заўсёды гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, — шумныя хвалі не маглі заглушыць яе журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінаю марай…

Гэта таксама пра аднагодкаў Баршчэўскага, якія з войскамі розных краінаў абышлі ўсю Еўропу і нават пераплылі акіян, каб ваяваць у Гаіці.

Родная зямля была паўсюль для іх адзінай марай.

Для Сына Буры Літва — «багіня». На жаль, гэта крыху нагадвае стаўленне многіх польскіх і літоўскіх патрыётаў таго часу да сваёй зямлі. Былі такія, хто дзеля яе вызваленне прымаў іслам… У Іспаніі на загад напалеонаўскіх генералаў сыны буры нападалі на каталіцкія кляштары і не пакінулі войска нават тады, калі дазналіся аб расправах над шчырымі каталікамі. Пры гэтым ваявалі яны не за Францыю. Гэтыя ваенныя бадзягі таксама шукалі Плачку, хаця меней за ўсё маглі б сустрэцца з ёй падчас разбояў у каталіцкіх кляштарах Іспаніі альбо ў джунглях Гаіці.

Толькі да Бога не звярталіся.

Дарэчы, сюжэт «Сына Буры» быццам бы спісаны з біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі. Мяркуйце самі:

— Як хутка прамінуў той час, калі я ведаў толькі квітнеючыя палі і гаі, якія акружалі ўбогі дамок бацькоў маіх. Любіў самотна блукаць па гарах і лясах, кожнае дрэўца і красачка жывілі мае мары. О, цудоўная багіня! Ты спаткала мяне ў той час у сукенцы вясёлкавых барваў і з кветкамі на галаве, з высокіх гор паказала ты мне далёкі свет, над якім пад аблокамі луналі арлы. З таго часу гэты цуд заняў усе мае думкі і жаданні. Вырашыў я высока, далёка ляцець і пабачыць, што дзеецца на свеце. Але ты знікла, і я блукаю па волі буры!.. Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе журботны голас заўсёды гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, — шумныя хвалі не маглі заглушыць яе журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінаю марай…

Касцюшка нарадзіўся ў Літве і быў ахрышчаны ў уніяцкай царкве. Ён правёў сваё дзяцінства сярод квітнеючых садоў (як і ўсякі літвін). Але яго вабіла паглядзець свет, тым болей што для яго — маладога афіцэра — у тагачасным войску асаблівых перспектываў не было. Ён пераплыў мора, апынуўся ў Амерыцы, узяў удзел у вайне за Незалежнасць і нават атрымаў вельмі высокі для перасяленца ў першым пакаленні чын брыгаднага генерала (немала для дробнага літоўскага шляхціца!) Усё складвалася так, што ён мог стаць вельмі знакамітым жыхаром Амерыкі, атрымаць статус, якога ніколі б не меў у сябе дома. Прычым гэта кар’ера і статус у больш перспектыўнай за Рэч Паспалітую краіне. Жыві — не бядуй, але «ўсюды яна была маёй адзінаю марай…» А потым над роднай краінай навісна пагроза. Касцюшка вяртаецца, бярэ на сябе кіраўніцтва паўстаннем, паранены трапляе ў палон. А потым зноўку бадзянні Сына Буры. Турмы ў Санкт-Пецярбургу, жыццё на волі, але далёка ад дому, эміграцыя, марныя спробы ізноў вярнуцца да барацьбы за свабоду Літвы.

Я не думаю, што Баршчэўскі меў на ўвазе менавіта Касцюшку. Проста бія­графія тыповая. Падобных Касцюшку было шмат. Баршчэўскі ж пазначыў у апавяданні стаўленне да іх бадзянняў. Для яго найперш Валадарства Божае і праўда Ягоная, а ўсё астатняе будзе. Магчыма, што так Баршчэўскі і імкнуўся жыць. Ён не ўдзельнічаў у бесперспектыўных паўстаннях, але і не грэў рукі ў Расіі, не рабіў паспяховай кар’еры і не завальваў Герольдыю фальшывымі даведкамі. А пасля сябе пакінуў кнігу, якая толькі з прычыны гістарычнай несправядлівасці не пастаўленая да гэтага часу ў адзіны шэраг з апавяданнямі Гогаля [33] .

На жаль, гэта разважанні навукоўца адно толькі на інтэрнэт-форуме.

Не выпадае скончыць гэты артыкул стандартна-аптымістычнаю высноваю пра тое, што сёння ў Расіі абуджаецца цікавасць да творчасці Яна Баршчэўскага.

Напісаную па-польску кнігу Баршчэўскага рускі перакладчык-аматар не мог чытаць у арыгінале і вымушаны быў, не прызнаючыся ў гэтым, звярнуцца да беларускага перакладу. Да той мовы, якой не павінна было б ужо і быць, бо ў кнізе якраз і апісваецца, як расійцы нішчылі ўсё беларускае. Не выйшла. Адным з доказаў таго — тэксты Я. Баршчэўскага, выдадзеныя па-беларуску колькасцю 70 тысяч асобнікаў, трапілі да чытача.

Каштоўнасць дзейнасці аматара-даследчыка і перакладчыка Дз. Вінаходава ў тым, што чарговая згадка пра Яна Баршчэўскага прымушае да новых пошукаў і разважанняў.

А ці справіць гонар беларусам, што пераклад на рускую мову «Шляхціца Завальні» паставіць гэтую кнігу ў адзін шэраг з «рассказами Гоголя», што Бар­шчэўскага назавуць беларускім Гогалем?

Ідэйная скіраванасць твораў Я. Баршчэўскага нязменна будзе нагадваць ра­сійскаму чытачу пра злачынствы царызму ў адносінах да ліцвінаў-беларусаў, аднак мастацкія вартасці прозы пісьменніка, хаваючы яго гнеў і абурэнне, вабяць і зачароўваюць аматараў прыгожай пісьменнасці.

РЭЦЭНЗІЯ МІКОЛЫ ХАЎСТОВІЧА БЫЛА НАДРУКАВАНАЯ Ў № 4 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.

 


 

Мікола Хаўстовіч — гісторык літаратуры і перакладчык, аўтар больш як дзьвюхсот навуковых публікацый (у тым ліку — пяці манаграфій). Апошняя публікацыя — кніга «Жыццё і творчасць Рамуальда Падбярэскага» (2008).

 

 


 

 

1 Хоць шэраг энцыклапедый і біяграфічных слоўнікаў ужо напачатку ХХ ст. згадвалі пра гэтага польскамоўнага беларускага літаратара (хутчэй за ўсё, на падставе даследаванняў А. Пыпіна).

 

2 Наколькі нам вядома, сённяшняя прысутнасць Я. Баршчэўскага ў расійскім дыскурсе абмяжоўваецца віртуальнай прасторай.

 

3 http://www.barszczewski.spb.ru.

 

4 У прэпрынтным выданні пазначана: «Перевод с польского Дмитрия Виноходова». Па сцверджанні пецярбургскага гісторыка М. Нікалаева, Дз. Вінаходаў не валодае польскаю моваю, а пераклад зроблены паводле беларускіх выданняў.

 

5 Завяршыўшы працу, перакладчык падзякаваў усім тым, «кто помогал мне в работе. Редкие и устаревшие слова и выражения, которые отсутствуют в обычном польско-русском словаре, мне объяснила Станислава Викторовна Зонова, а Игорь Алексеевич Хазанов всего несколькими штрихами сумел оживить ряд диалогов, которые до того звучали по-канцелярски, в переводе же стихотворений существенную помощь оказал мне мой отец, Олег Владимирович Виноходов. Работа над комментариями к «Шляхтичу Завальне» потребовала консультаций у специалистов разного профиля. Разобраться в астрономических терминах помог Тимофей Вячеславович Авилин, а во многих конфессиональных, исторических и лингвистических проблемах — Павел Александрович Парфентьев, Станислав Генрихович Козлов-Струтинский, а также Петр Сергеевич Безруков, который, кроме того, взял на себя все нелёгкие труды по созданию настоящего интернет-сайта. В дизайне сайта также оказала неоценимую помощь Елена Адольфовна Старостина, великолепный вкус которой позволил воплотить в жизнь задуманное художественное оформление, а в подборе материалов помог Игорь Белов, предоставивший цветную репродукцию портрета Барщевского кисти Кароля Рипиньского, находящегося в Вильнюсском художественном музее. Также я очень признателен Николаю Викторовичу Николаеву и Аксане Петровне Безлепкиной, которые помогли мне наладить контакты со многими белорусскими литераторами и литературоведами».

 

6 http://urfinwe.livejournal.com.

 

7 Непрыемна здзіўляе ўжо назва артыкула: «Попович Янко, или Беларусь в первой половине ХІХ века». Словы «поп», «паповіч» заўсёды мелі абразлівую афарбоўку; бацька ж Баршчэўскага быў уніяцкім ксяндзом. Імя Янка (гэтак яно гучыць і па-польску, і па-беларуску) Дз. Вінаходаў перарабіў на дзіўнае Янко.

 

8 Уражвае наіўнасць вучонага-біёлага: ён нагадвае тых юных чытачоў-піянераў 30-х гг. ХХ ст., якія, пазнаёміўшыся з шырокавядомым творам Янкі Маўра, паверылі ў рэальнае існаванне палескіх рабінзонаў і ў сваіх лістах да пісьменніка пыталіся, дзе цяпер жывуць Віктар і Мірон, кім яны сталі, ці сябруюць, ці падарожнічаюць і г. д. Такіх зваротаў былі тысячы, а таму Беларускае радыё нават арганізавала адмысловую перадачу-сустрэчу з Янкам Маўрам.

 

9 Форумы Tolkien.ru 30.ХІІ.2007.

 

10 http://urfinwe.livejournal.com/4309.html.

 

11 М. Хаўстовіч. На парозе забытае святыні: Творчасць Яна Баршчэўскага. Мінск, 2002. С. 5.

12 http://urfinwe.livejournal.com/4309.html.

 

13 http://urfinwe.livejournal.com/4309.html.

 

14 Браты Масальскія ў 1816 г. закончылі пяць класаў езуіцкае школы ў Магілёве і ў гэтым жа годзе былі прыняты ў Полацкую езуіцкую Акадэмію.

 

15 Massalski E. Z pamiкtnikуw (1799—1824) / Z filareckiego њwiata: Zbiуr wspomnieс z lat 1816—1824. Warszawa, 1924. S. 248.

 

16В. Нечаева. Пушкин в дневнике К. С. Сербиновича / Литературное наследство: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. Москва, 1952. Т. 58. С. 248.

 

17 Я. Баршчэўскі. Выбраныя творы. Мінск, 1996. С. 284.

 

18 Тамсама. С. 141.

 

19 http://urfinwe.livejournal.com/4309.html.

 

20 Праўда, яшчэ ў 90-я гг. ХХ ст. фалькларысты Віцебскага універсітэта даведаліся ад мясцовых жыхароў, што Плябань называлі колісь Завальня. Але іх публікацыі засталіся незаўважанымі. Улетку 2008 г. мясціны Я. Баршчэўскага наведаў яшчэ адзін пецярбургскі аматар творчасці пісьменніка, Ілля Марчанка. Гл. яго нататкі: http://www.ilyam.org/July_21_2008_IM_Expedition_ to_Jan_Barszczewski’s_Murahi.mp3, а таксама http://www.ilyam.org/July_21_2008_IM_Expedition _to_Jan_Barszczewski’s_Murahi.pdf.

 

21 У паведамленні пра Мурагі Дз. Вінаходаў пераконваў чытача, што шляхціц Завальня, ці то бацька пісьменніка, быў уніяцкім святаром, а ў нататцы пра Магільна даводзіць, што прыкладна ў 1800 г. той служыў аканомам у князя Агінскага і што нават менавіта яго згадвае Г. Дзяржавін у сваіх славутых «Записках». Але ж Я. Баршчэўскі нарадзіўся ў Мурагах, а не ў Магільне! Але ж бацька пісьменніка быў адно прататыпам дзеля стварэння вобраза шляхціца Завальні!

 

22 Каб адшукаць пецярбургскі адрас Яна Баршчэўскага, нам давялося перагледзець усе нумары штотыднёвіка «Tygodnik Petersburski» за 30—40-я гг. ХІХ ст. Магчыма, Вінаходаў зрабіў тое самае, бо падае гэта як сваю знаходку, але пецярбургскі адрас Я. Баршчэўскага не раз згадваўся ў нашых публікацыях.

 

23 Так, ён зусім сур’ёзна заяўляе: «События, которые Барщевский описывает в своей книге, не только происходят в строго конкретных, реально существующих местах, но в них участвуют вполне конкретные, реально существовавшие люди».

 

24 Багамольцам якраз належала возера Рэбло.

 

25 Паводле захаваных спісаў сяброў езуіцкага ордэна.

 

26 Дз. Вінаходаў яўна прэтэндуе на ролю першаадкрывальніка творчасці Я. Баршчэўскага. Не выпадкова ў сваіх публікацыях ён толькі два разы спасылаецца на кнігу «На парозе забытае святыні», і толькі дзеля таго, каб аспрэчыць «излишнюю <…> политизацию данного вопроса». І гэта пры тым, што амаль усю інфармацыю для «складання» біяграфіі беларускага пісьменніка ён бярэ з гэтае кнігі ці з прадмоваў і каментароў да беларускіх выданняў твораў Я. Баршчэўскага.

 

27 http://urfinwe.livejournal.com/4309.html.

 

28 Я. Баршчэўскі. Выбраныя творы. Мінск, 1996. С. 292—293.

 

29 http://urfinwe.livejournal.com/6578.html?thread=36274#t36274.

 

30 Сын Буры не можа знайсці Плачку-Беларусь, ці Плачку-Літву, бо Яе няма! Яна знікла з карты Еўропы, і няма надзеі, што адродзіцца, бо Яе грамадзяне нічога не хочуць знаць пра Плачку.

 

31 Цікавая прапанова! І перспектыўная. Мы выказвалі думку пра аўтабіяграфічнасць вобраза Сына Буры. І лічым, што ў пэўным сэнсе Я. Баршчэўскі, хоць і не прымаў удзелу ў паўстанні 1830—1831 гг., быў інсургентам.

 

32 Гл. наш аналіз апавядання «Кабета Інсекта» з аповесці «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта».

 

33 http://urfinwe.livejournal.com/6578.html?thread=36274#t36274.