Нізка вершаў А. Сузіня “Горад” – назве адпавядае: урбаністычная лірыка, арытмічная, але без “лесвіцы”, хоць і з арыенатцыяй на яе; скрыгатлівая, дэкларатыўная, як фабрычная труба…

“Маладосць” 

Падборка вершаў Н. Грышчук “Анёлы вучацца лятаць” (а можа, усё-ткі “лётаць”?) – удалы дэбют: класічнасць, добрая мова і тэхніка. Адзначым вершы “У ноч калядную Дзяды…” і “Вёска. Лёгкі дым над камінамі”.

Два кароткія апавяданні (першае – лепшае) дэбютанткі Д. Максімавай – змрачнаватыя замалёўкі, не пазбаўленыя, трэба скзаць, арыгінальнасці мыслення (“ад палёгкі і нават ад агіды, а зусім не ад раптоўнага надыходу зімы, скінулі клёны лісце”). І такое трэба. Супакойвае і ўсмешлівае фота аўтаркі – не ўсё яшчэ, маўляў, “дало душок”, нешта сярод агіды, гвалту і тлуму такі засталося чыстым. Ды хаця б гэтая ўсмешка. Магчыма, неўзабаве замалёўкі разрастуцца ў апавяданні.

Нізка вершаў А. Сузіня “Горад” – назве адпавядае: урбаністычная лірыка, арытмічная, але без “лесвіцы”, хоць і з арыенатцыяй на яе; скрыгатлівая, дэкларатыўная, як фабрычная труба…

Фэнтэзі С. Мінскевіча “Рок@нат” з’яўляецца кангламератам розных мастацкіх практык, ідэалогій. Бадай, што гэта твор “без традыцыі”. Прынамсі, з падкрэсленым адрывам ад класічнай фантастыкі. Ён як быццам склеены з асобных кавалачкаў, але гэтая стракатая сюжэтная мазаіка нечакана складваецца ў дзіўную цэльную карціну. Фэнтэзі без псіхалагічных раскладак герояў (г.зн. па сутнасці пазбаўлены “героя” і “характара” ў літаратуразнаўчым сэнсе слова), але (пера)насычаны нечаканымі экскурсамі ў псіхааналіз і тэасофска-містычныя аналогіі.

Вершы В. Бубнава “Вышыня” неяк разбўляюць гэтае маладзецкае эксперыментатарства часопіса традыцыйным падыходам і немітуслівасцю. Адзначым верш “Адгушкала дзяцінства на арэлях…”

Працягваецца публікацыя перакладу хронікі Я. Длугаша “Грунвальдская бітва” (што праўда, больш лагічна было б паставіь гэтую працу паміж літаратурным і публіцыстычным блокамі нумару, бо гэтая “разбіўка” – толькі на шкоду).

Вершы К. Макарэвіч з падборкі “Цеплыня тваіх рук” – дасціпныя замалёўкі, добрыя цёплыя верлібры, трохі іранічныя, дастаткова эмацыянальныя, каб не стаць халоднымі штабелямі метафар.

Пачатак публікацыі аповесці Г. Пацыенкі “Пакуль куля ляціць” (у перакладзе з рускай мовы Г. Васільчанкі), акрамя таго, што назва твора з’яўляецца ўзорам здвоенага збегу зычных, дае надзею на цікавы працяг. Стыль, прынамсі, неблагі. Трошкі падзабыты, савецкі – але з “паветрам”, з шасцідзесятніцкай свабодай… Аповесць пра “абпаленае вайной дзяцінства”, ды, як пісаў бы “шасцідзесятніцкі” крытык – з новай распрацоўкай тэмы, бо сярод вясковай дзятвы перад вайной з’яўляецца гарадская дзяўчынка, жыхарка “іншага” свету…

Паэма А. Дуброўскага-Сарочанкава “Новае неба” – з’ява ўнікальная у многіх адносінах. Хаця б у тым, што абраны аўтарам жанр сёння, мякка кажучы, не ў пашане. Як і ўзнёслая патэтыка, якою працяты твор. Твор на мяжы класічнага і новага мыслення, што аднак не наважыўся перайсці пэўную мяжу, якая б аддзяліла яго і ад першага, і ад апошняга. Зрэшты, магчыма, гэтае спыненне аўтара – таксама знак? У кожным разе, паэма таленавітая і – важна! – цэласная.

У аддзеле публіцыстыкі – інтэрв’ю з У. Мазго, нарыс Я. Вітчанкі, прысвечаны культурніцкай працы ў Валожынскім раёне. Дыскус-клуб “Маладосці” гэтым разам задаецца пытаннем – “як пачаць размаўляць па-беларуску?” І. Клімковіч у рубрыцы “Мая прафесія” знаёміць чытачоў з установамі, дзе можна набыць сэрэдне-спецыяльную адукацыю. У лютаўскім нумары І. Клімковіч прапануе разгорнутую гутарку з дырэктарам Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю У. Гапоненкам. К. Ладуцька публікуе нарыс пра ўраджэнца Беларусі, выдатнага вучонага-астранома Г. Ціхава. М. Міршчына ў артыкуле “Душа адкрытая…” коратка распавядае пра кнігу ліставання Р. Барадуліна з маці, прыводзячы ўрыўкі з гэтага выдання. Працягваецца публікацыя краязнаўчага даведніка “Літаратурныя мясціны Беларусі” Д. Крывашэя і А. Мальдзіса. А вось уласна крытычных матэрыялаў у нумары, па сутнасці, і няма. Шкада.

“Нёман”

 Працяг аповесці У. Караткевіча “Перадгісторыя” знаёміць з працягам прыгодаў Яна і іншых вядомых персанажаў. Алегарычнасць твора не дае магчымасці пераносіць дзеянне на пэўны гістарычны перыяд нацыянальнай гісторыі, але нельга і не суадносіць “Перадгісторыю” з “беларускім шляхам”. Быць можа, гэта самы зашыфраваны і самы “смелы” твор пісьменніка. Тое, што ён напісаны па-руску па-свойму тлумачыцца пісаннем Янам вучоных трактатаў пра родны народ на мове захопнікаў.

Падборка вершаў Ю. Сапажкова “Перад сумленнем сваім…” – да 70-гадовага юбілею аўтара, з чым яго шчыра і віншуем. Вершы – афарыстычныя, трапныя, лаканічныя, , часам – альбомныя; з уменнем назіраць не толькі за сабой (як гэта сёння робіць пераважная большасць лірыкаў), але і “за светам”, скажам так. Простыя і чалавечныя вершы.

Колькі апавяданняў А. Жука ў аўтарскім перакладзе з беларускай (адно з іх друкавалася летась у “ЛіМе”), безумоўна, прыцягнуць увагу чытача адвостраным стылем, самотным прачытаннем чалавечага жыцця, на што, вядома, заўсёды знойдзецца водгук.

Вершы М. Пазнякова ў перакладзе Г. Кісялёва амаль непазнавальныя. На жаль, я не маю пад рукой аргіналаў, але тое, што танальнасць і аўтарскі стыль кардынальна змяніліся, то гэта дакладна. І атрымалася, як на мой погляд, някепска. Як быццам М. Пазнякоў якраз па-руску ўсё жыццё і піша. Мусіць, так і павінен гучаць добры пераклад.

Асабіста для мяне “Тры апавяданні пра шчасце” У. Васіленкі сталіся маленькім акрыццём. А можа, і не маленькім, як гэта сказаць? Апавяданні кароткія, імпульсіўныя, па-добраму асацыятыўныя і наогул – добрыя. Ні на каго не падобныя – у нашых “шыротах”. А гавораць яны ўсё пра тое ж – пра мужчыну і жанчыну, пра дзіцячы свет, пра шчасце. Добра чытаецца такая проза ў чаканні вясны…

Нізка І. Катлярова “Нябесная вестка”  гаворыць пра смерць, а гэтая тэма ніколі не састарэе. Вершы вытрыманы ў межах традыцыйнай аўтарскай паэтыкі.

Апавяданні В. Ерышовай “Краіны расчараванняў” – інтэрнет-гісторыі пра сайты знаёмствў і што падчас гэтага адбываецца. Яно і цікава адно-два гэткіх аповеды пачытаць, а пасля трохі надакучвае. Стыль гладкі, зрэшты. Іранічны.

Вершы А. Несцерава – нешта апалінэраўскае, размашыстае ў параўнаннях, метафарах і асацыяцыях. Можна было б і без косак?

Навелы Н. Пархімовіч нагадваюць класічныя “непрыдуманыя” гісторыі з невялікім працэнтам празаічнай аблямоўкі.

Лірыка Н. Алейнікавай – самахарактарыстыкі лірычнай гераіні, экспрэсіўныя і насычаныя вітальнай энергіяй.

У аддзеле “Сусветнай літаратуры” надрукавана заканчэнне рамана М. Дзюгена “У Францыі шчаслівы, як бог”, а таксама падборка вершаў вядомага украінскага паэты Д. Паўлычкі ў перакладзе В. Зубаравай.

Раман Дзюгена, перайшоўшы з ваеннага ў найноўшы час шмат што страціў – найперш у сюжэтнай дынаміцы. Таму канцоўка атрымалася нейкай “змазанай”. А пачыналася ўсё не горш за Рамэна Гары…

Рубрыка “Дакументы. Нататкі. Успаміны” ўключае ў сябе эсэ А. Ждана, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння В. Тараса і фрагменты з дзённіка В. Грышкаўца розных гадоў.

“Да 65-годдзя Вялікай Перамогі” прапануецца матэрыял В. Бурдыкі “Гонар маёй брыгады – мой гонар” пра гісторыю 111-й артбрыгады і аднаго з афіцэраў гэтага падраздзялення – Фёдара Патаніна.

Рубрыка “Асоба” публікуе нарыс-гутарку Н. Саветнай “Пахне чабор”, прысвечаны вядомаму педагогу-метадысту М. Г. Яленскаму.

Цікавым падаўся матэрыял К. Ладуцькі, дзе зроблены партрэт былой мінчанкі Алены Говар, аўстралійскага гісторыка і наогул чалавека неардынарнага лёсу.

У крытычным аддзеле “Нёмана” – нарыс К. Камейшы “Раўняючыся на век” пра творчасць В. Макарэвіча, агляд паэтычнага даробку Т. Лейка робіць у артыкуле “Душа славянскага разліву” Н. Сенатарава. Я, Каршукоў рэцэнзуе новы раман А. Сульянава “Чорны Мерсэдэс”. Замыкае крытычную рубрыку “Кніжны агляд” А. Базылевіча.

“Полымя”

Аповесць “Служу Радзіме” М. Фядосіка з’яўляецца прыкладам твора, новага па тэматыцы для белрускай літаратуры, але дастаткова вядомага па сучаснай медыйнай прасторы. Маю на ўвазе твор “пра салдат”, іх службу-дружбу, розныя здарэнні і сітуацыі, звязаныя з вайсковай службай, гумарыстычныя падрабязнасці і спецыфічныя яе асаблівасці. Дарэчы, па словах супрацоўнікаў рэдакцыі “Полымя”, твор атрымаў ужо высокую ацэнку ў мэтавай аўдыторыі – ў беларускіх вайскоўцаў.

Працяг цыклу балад “Балады крыві любові” В. Шніпа прысвечаны постацям Усяслава Чарадзея, Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі), Юрыя Алелькавіча, І. Храптовіча, Ю. Нямцэвіча, А. Незабытоўскага, Р. Траўгута, Я. Карскага, М. Доўнар-Запольскага, К. Каганца, П. Крачэўскага, Я. Дылы, І. Дварчаніна, Ю. Лістапада, У. Жылкі. Публікацыя прымеркавана да 50-годдзя В. Шніпа.

Працяг рамана А. Брытуна “Пах мускусу” усё больш наладжвае на разуменне таго, што твор застанецца наборам сітуацый і не складзецца ў цэльную карціну. Усё-такі аўтару не хапіла майстэрства сілай свайго таленту і сваёй асобы прымусіць рухацца эстэтычную рэальнасць па арбіце свайго творчага “здумлення”.

Не хапае аўтара, яго магнітнай і магутнай, усюдыіснай і нябачнай прысутнасці. Ёсць апісанні, ёсць назіранні, пэўны жыццёвы досвед, але сабраць усё гэта ў адно не атрымалася – кантрапункт адсутнічае.

Тое самае ды з пэўнымі агаворкамі можна сказаць і пра апавяданне А. Макоўскага “Гора горкае”. Бо твор, як больш кампактны і лаканічны – атрымаўся. Але дзе тая багдановічаўская “хваля пачуцця”, якою мусіць набрыняць апавяданне (ці верш – жанр тут значэння не мае) з дапамогай аўтара? Тым не менш, апавяданне сярод лепшых публікацый гэтага месяца ў жанры малафарматнай прозы.

Нізкі вершаў Л. Кебіч і А. Легастаевай – лірычныя занатоўкі, разнастайныя па рытміцы і строфіцы.

Вершы Ю. Сапажкова “Смак чарэшні” ў перакладзе М. Мятліцкага набылі слоўную (лексічную) згушчанасць, урэшце, не ўласцівую арыгіналу,а хутчэй перакладчыку. У падборку, у адрозненне ад “нёманаўскай” публікацыі ўвайшлі вершы з больш разгорнутай вобразнасцю, буйнейшыя па фармаце.

У раздзеле навуковых публікацый – артыкул Т. Аляшкевіч “Гук і сэнс у паэтычным космасе Алеся Разанава”. “Школьныя далягляды” прапануюць працу Т. Шамякінай “Беларуская літаратура ў кантэксце”. М. Кенька публікуе свае развагі наконт перакладчыцкай справы і яе стану ў сучаснай Беларусі, успамінае пра часы, калі творцы краін-суседак актыўна перакладалі адзін аднаго. З публіцыстыкі – і матэрыял А. Марціновіча “На сінім Бабры ў бары…” пра культурніцкую працу ў Крупскім раёне (працяг “маладосцеўскай” рубрыкі). Г. Чарказян у эсэ “На хвалях Вечалля” распавядае пра сваё сяброўства з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, чыё 75-годдзе днямі святкавалі ўсе прыхільнікі творчасці знанага паэта. С. Андраюк разважае пра жыццёвы і творчы шлях Міколы Кусянкова.

Чытацкая і проста “экстралітаратурная” перапіска М. Лынькова з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва апублікаваная ў лютаўскім “Полымі” С. Нікіценкам. З малавядомых старонак – і заканчэнне працы П. Шпілеўскага “Мазыршчына” ў перакладзе А. Вашчанкі. Завяршаецца нумар традыцыйным “Календаром памятных дат”.

lim_by