Супольны генерацыйны досвед, які звычайна фармуе і абумоўлівае асобныя генерацыі, у выпадку генерацыі Х прыняў форму адсутнасці пакаленчай «траўмы». Хаця ім было наканавана жыць у вельмі дынамічны час, цяжка вызначыць нейкі пераломны момант у гісторыі, які б з’яднаў вакол сябе генерацыю.

НАВЯЗАНАЯ НАСТАЛЬГІЯ: Прымус групы

людзей успамінаць тое, чаго яны зусім ня ведаюць:

«Як я магу належаць да пакалення шасцідзесятых

гадоў, калі я іх нават не памятаю?»

Дуглас Коўпленд [1]

ПАКАЛЕННЕ X — САЦЫЯЛАГІЧНЫ І ГІСТАРЫЧНЫ АСПЕКТЫ

У 1991 г. пісьменнік з Канады Дуглас Коўпленд выдаў кнігу пад назвай «Пакаленне X. Аповеды з часу паскоранай культуры». Уплятаючы ў аповед пра жыццё тагачасных падлеткаў парасацыялагічныя спробы вызначыць, як яны разумеюць свет, ён стварыў славутую кнігу, якая да сёння застаецца сімвалам пакалення, і запачаткаваў дыскусію пра спецыфіку пакаленняў канца XX ст. Вынесенае ў загаловак «пакаленне X» — гэта тэрмін, які паходзіць з 60-х гг. XX ст. Тады брытанская журналістка Джэйн Дэверсан апублікавала ў часопісе «Woman’s Own» серыю інтэрв’ю з прадстаўнікамі брытанскай моладзі, якія знаходзіліся ў эпіцэнтры публічных скандалаў [2]. Высновы з працы над гэтым цыклам яна выклала ў напісанай супольна з амерыканскім журналістам Чарльзам Хамблетам кнізе, якая акурат і мела назву «Пакаленне Х». Тэрмін хутка ўвайшоў ва ўжытак. Яго пачалі паўсюдна выкарыстоўваць для абазначэння нігілістычна настроенай брытанскай моладзі — панкаў 1970-х гг. Але кніга Дугласа Коўпленда зусім змяніла значэнне гэтага тэрміну. У цэнтры яго зацікаўлення апынуліся прадстаўнікі пакалення, якія нарадзіліся паміж 1961 і 1981 гг. Яны ўяўлялі сабой дэмаграфічную групу, якая нарадзілася па паваеннай генерацыі, якую называлі ў Злучаных Штатах «бэбі-бумерамі».

Пакаленне Х — гэта:

Пакаленне пострэвалюцыйнае. Прыклад бацькоў навучыў яго не верыць у выратавальную сілу рэвалюцыі, але адначасова не прымаць некрытычна існага парадку. Характэрнай рысай гэтага пакалення з’яўляецца амбівалентнае стаўленне да свету: з аднаго боку — бунтарскае, з другога — горкае пачуццё, што вырвацца з існага парадку — немагчыма .

У адрозненне ад япі, пакаленне «не прымае… умоваў спажывецкай гульні і не бунтуецца супраць масавай культуры, як гэта рабіла контркультура 1960-х гг. і рух панкаў». Моладзь з гэтага пакалення мае развітую здольнасць да крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, дзякуючы чаму яна цалкам усведамляе яе негатыўныя рысы. Адначасова яны не ў стане выправіць заганаў рэчаіснасці: не вераць ні ў дынамічныя, ні ў імпульсіўныя дзеянні, і крытычна ставяцца і да тактычных прыёмаў. Такім чынам, здаецца, што генерацыя Х ставіцца да навакольнага свету найперш крытычна.

Пазіцыя прадстаўнікоў гэтай генерацыі вызначаецца своеасаблівай схільнасцю да пасрэднасці — гэтая схільнасць падкрэсліваецца стылем адмысловай неахайнасці, які папулярызаваў памерлы ўжо вакаліст гурту «Нірвана» Курт Кабэйн [7]. Прадстаўнікі пакалення Х ствараюць уражанне людзей, пазбаўленых амбіцый ці памкненняў. Яны прымаюць жыццё мінімалістычна і з свайго мінімалізму ствараюць філасофію, якая супрацьстаіць камерцыялізацыі.

Супольны генерацыйны досвед, які звычайна фармуе і абумоўлівае асобныя генерацыі, у выпадку генерацыі Х прыняў форму адсутнасці пакаленчай «траўмы». Хаця ім было наканавана жыць у вельмі дынамічны час, цяжка вызначыць нейкі пераломны момант у гісторыі, які б з’яднаў вакол сябе генерацыю. Дзякуючы глабалізацыі і «медыязацыі» рэальнасці прадстаўнікі пакалення Х робяцца назіральнікамі многіх важных падзеяў, адрасатамі вялізнай колькасці інфармацыі, што вядзе да пэўнай абыякавасці да бягучых праблемаў. Дуглас Коўпленд акрэсліў гэта наступным чынам:

НЕНАСЫЧАНАСЦЬ ГІСТОРЫЯЙ: жыццё ў часе, калі нічога не адбываецца. Галоўныя прыкметы — гэта залежнасць ад газет, часопісаў і тэлевізійных навін.

ПЕРАНАСЫЧАНАСЦЬ ГІСТОРЫЯЙ: жыццё ў перыяд, калі адбываецца зашмат. Галоўныя прыкметы — гэта залежнасць ад газет, часопісаў і тэлевізійных навін [4] .

Вельмі важнай у жыцці генерацыі Х застаецца згаданая Коўплендам роля СМІ. Медыі робяцца для моладзі не толькі асноўнай крыніцай ведаў пра свет, але і своеасаблівым пунктам адліку,

…яны перастаюць быць толькі пастаўшчыком інфармацыі і забаваў, яны становяцца істотным элементам, які фармуе ідэнтычнасць асобы, яе адчувальнасць і спосаб успрымання рэчаіснасці. Прыкладам можа тут быць тэлебачанне, якое для пакалення Х застаецца прызмай, праз якую яны глядзяць на рэчаіснасць па-за экранам.

Прадстаўнікі генерацыі Х валодаюць таксама высокай медыйнай кампетэнтнасцю, што спараджае новы, крытычны спосаб успрымання СМІ — у прыватнасці, тэлебачання. Ён вызначаецца іранічным, але адначасова і настальгічным спосабам успрымання зместу перадачаў.

Такім чынам прадстаўнікі пакалення Х у адносінах да СМІ больш становяцца крытыкамі, чым спажыўцамі. Ім не ўласцівы энтузіязм і заангажаваньне мала­дзейшых генерацый у медыйныя акцыі. Таксама адрозна ад сваіх наступнікаў яны менш палка ўспрымаюць адзін з найважнейшых сучасных сродкаў масавай інфармацыі — інтэрнэт. Яны не вераць у сацыяльную функцыю сусветнага се­ціва. Яны больш схільныя карыстацца інтэрнэтам утылітарна, адпаведна сваім патрэбам, і больш давяраюць словам на паперы.

Прадстаўнікі пакалення Х раслі ў цяжкі час эканамічнага заняпаду. Іхныя папярэднікі з неабходнымі здольнасцямі (такімі, як тэхналагічная абазнанасць) уваходзілі ў новую рэальнасць і хутка прасоўваліся па службовай лесвіцы, займалі кіроўныя пасады і багацелі, а прадстаўнікам генерацыі Х даводзілася задавальняцца нізкімі пасадамі (і, натуральна, меншай аплатай) або выбіраць зусім іншы шлях — накіроўвацца на нявыгадную, малапрэстыжную і неперспектыўную працу ў сектары паслуг, якую Коўпленд назваў «Мак-працай» [5]. Тых, што абіралі такі шлях, Коўпленд называе «гультаямі» [6]. Эканамічныя цяжкасці і факт, што пакаленне «атамізаванае, палярызаванае і не здольнае да больш салідарных паводзінаў» [7], спрычыняецца да таго, што гэтая генерацыя часта перажывае стрэс і фрустрацыю. Як піша Зігмунт Баўман, сацыёлаг і філосаф, які займаецца праблематыкай глабальнага капіталізму:

Пакаленне X — гэта не першае пакаленне, якое мае права адчуваць фрустрацыю. Аднак асаблівасць сітуацыі заключаецца ў тым, што надзвычай вялікая частка гэтага пакалення сапраўды выпала (або мяркуе, што назаўсёды выпала) з цягніка, які ідзе поўным ходам. Яму ўласціва таксама ўсёахопнае пачуццё разгубленасці, дэзарыентацыі і паняверка. Нягледзячы на любыя падабенствы, пакаленне Х інтуіцыйна прадчувае, разам з іншымі сучаснымі яму людзьмі, што яго клопаты адрозніваюцца ад клопатаў папярэдніх пакаленняў, хаця і на іх выпала свая частка нягодаў. І, што найважней, сёння наагул адчуваецца, што лекі, якія мы атрымалі ў спадчыну з мінулага, ужо не дапамагаюць [8].

У Брытаніі і Амерыцы вышэйзгаданай характарыстыцы адпавядаюць устаноўкі моладзі, якая прыйшла на свет паміж 1961 і 1981 гг. Выразную цэзуру для разумення пакаленняў у заходніх грамадствах складае вайна ў В’етнаме і яе сацыяльныя наступствы, г. зн. перадусім развіццё руху хіпі. Гэткае разуменне пакалення Х было пакладзена ў аснову кнігі Коўпленда і, здаецца, дагэтуль застаецца актуальным у заходніх краінах. Як доказ гэтага можна згадаць выданне анталогіі пад назвай «A Generation Defining Itself: In Our Own Words» [9]. Яна змяшчае літаратурныя творы пісьменнікаў з розных краінаў свету (між іншым, і Польшчы), якія з’яўляюцца прадстаўнікамі менавіта так зразуметага пакалення [10].

Праблема пакалення Х тычыцца перадусім краін заходняй культуры, прычым у кожнай з іх набывае форму, што залежыць ад мясцовых умоваў. Аднак прынцыповыя рысы, г. зн. вялікая роля спажывецкіх настрояў і СМІ ў што­дзённым жыцці, фрустрацыі, звязаныя з няпэўнасцю працы, страх будучыні, іранічна-настальгічнае стаўленне да рэчаіснасці — здаецца, што гэта прыкметы «Іксаў» незалежна да нацыянальнасці.

Праблема адпаведнасці заходніх дэфініцыяў рэаліям Усходняй і Цэнтральнай Еўропы вынікае перадусім з гістарычнай спецыфікі. На фармаванне характару генерацыі нашай часткі свету пераважна ўздзейнічалі не пацыфісцкія рухі, але палітычныя і сістэмныя перамены, канец сацыялізму і пачатак дэмакратыі. З прычыны пераменаў канца 1980-х — пачатку 1990-х гг. людзі, якія нарадзіліся ў 1961—1981 гг., не сталі маналітным пакаленнем, іхныя разыходжанні ў поглядах відаць на кожным кроку. У польскай прэсе 1990-х гг. разгарнулася дыскусія на гэтую тэму. Яе выклікалі перадусім розныя спосабы інтэрпрэтацыі самаго тэрміну «генерацыя Х». У 1990-я гг., калі даследаванні моладзевага пакалення не былі яшчэ распаўсюджаныя, было прынята атаясамліваць пакаленне Х з людзьмі, якія нарадзіліся ў 1960-я гг. Гэткая інтэрпрэтацыя магла весці да крыху няўдалай высновы, напрыклад:

Дыягназ Коўпленда, безумоўна, не супадае з дыспутамі, якія вядуць цяперашнія трыццацігадовыя, — яны, хутчэй, дасягнулі поспеху: адчуваюць задавальненне, звязанае з фармаваннем рыначнай эканомікі, авалодваюць сферамі інфармацыі і маркетынгу, належаць да класу прафесіяналаў. Гэтыя трыццацігодкі самі фармуюць культуру спажывання — а не культуру бунту. Здаецца, што акурат гэта асноўная розніца між партрэтам, створаным Коўплендам, і вобразам, які паўстае з польскай публіцыстыкі. Гэта значыць, аб’ектам антыпатыі нашых маладых прафесіяналаў не з’яўляецца пакаленне бацькоў… У Польшчы трэба яшчэ чакаць масавай культуры ўласнага «пакалення Х».

Сцвярджэнне, што «масавай культуры ў Польшчы» трэба было «яшчэ чакаць», аказалася праўдай. У ХХІ ст. мяжа пакалення Х ва ўсеагульным разуменні амаль самастойна перасунулася і пачала ахопліваць толькі тых людзей, што нарадзіліся ў 1970-я гг. Выявілася, што адно дзесяцігоддзе — самы адпаведны час, каб пакаленні Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «зраўналіся» з заходнімі генерацыямі. Усе тэорыі Коўпленда падаюцца амаль дасканалымі, калі гаворка ідзе пра вызначэнне сацыялягічных асаблівасцяў сённяшніх трыццацігодкаў.

Моладзь з нашай часткі Еўропы цалкам усведамляе прычыны свайго крытычнага і амбівалентнага стаўлення да свету і звязвае яго з гістарычнымі пераменамі. «Маё пакаленне, — піша малады публіцыст, — ёсць і будзе прамежкавым пакаленнем, заўсёды адной нагой у «старым», другой — у «новым». Мы — дзеці вялікага працэсу трансфармацыі ў нашай краіне». Людзі, якія нарадзіліся ў 1970-я, правялі дзяцінства ў сацыялістычнай рэчаіснасці, у якой паддаваліся ўплывам камуністычнай прапаганды, удзельнічалі ў працэсе сацыяльнага выхавання моладзі і адначасова маглі цешыцца з атрыманых «ад братняга савецкага народа» сувенірных пластмасавых гадзіннікаў, якія былі напоўненыя «шакаладападобнымі» прадуктамі, і тужліва глядзець на сапраўдны заходні шакалад, які можна было купіць хіба з-пад крыса. Сучасныя трыццацігодкі — гэта «пакаленне… якое перажыло набожнае захапленне заходнімі таварамі. Упакоўкі ад тавараў «адтуль» людзі расстаўлялі на паліцах сваіх «сценак» [11].

Выхаваныя ў час ідэалістычных каштоўнасцяў грамадскай працы і калектыву, яны з вялікімі цяжкасцямі знаходзілі сваё месца ў капіталістычнай рэчаіснасці. Адтуль менавіта іх татальная крытычнасць. Яны не знаходзяць сабе месца ў штодзённай гонцы за грашыма, часта не разумеюць яе правілаў. Яны адчуваюць сябе іншымі, але адначасова зусім не выключнымі.

Для маладзейшых за іх — пакалення 1980-х гг. нараджэння — аповеды пра час ваеннага становішча — гэта нудныя несусветныя глупствы; яны выхаваныя ў новым свеце і глядзяць на яго як штосьці несумненнае, таму што гэта ўжо было, калі яны нарадзіліся. Старэйшых за іх — пакаленне 1960-х гг. — новы свет лёгка паглынуў, выклікаючы іх захапленне, таму што тады былі вельмі запатрабаваныя маладосць і навізна.

Сацыяльная адметнасць пакалення 1970-х гг. у дачыненні да папярэднікаў застаецца відавочнай. Акурат тыя, хто нарадзіліся ў 1960-я гг., займаюць кіроўныя пасады, робяць бліскучыя кар’еры, зарабляюць сур’ёзныя грошы. Яны хутка знайшлі сваё месца ў капіталізме і паступова звяртаюцца да своеасаблівай ідэалагізацыі штодзённага жыцця, уключаючыся ў грамадскія ці палітычныя акцыі, у той час як пакаленне 1970-х дрэйфуе без нейкіх плянаў на будучыню.

Адрозна ад наступнікаў, народжаных у 1980-я, пакаленне людзей, якое нара­дзілася ў 1970-я гг., у цэлым захоўвае сантымент да мінулага, давяраючы састарэлым перагружаным школьным праграмам, якія гарантуюць збольшага засваенне тэарэтычных ведаў, а не практычных навыкаў. Пры ўсім пачуцці перавагі над малодшымі, якое вынікае з факту, што пакаленню 1980-х не давялося пакаштаваць сацыялізму, пакаленне 1970-х не адчувае сябе настолькі энергічным або самадастатковым, каб з імі канкураваць.

Такім чынам, вышэйзгаданыя характарыстыкі ў роўнай меры тычацца людзей, якія нарадзіліся ў 1970-я гг. ва ўсіх краінах нашай часткі Еўропы. Нягле­дзячы на невялікія адрозненні, якія паўплывалі на фармаванне лакальных нюансаў, пачуццё адметнасці з’яўляецца паўсюдным. Напрыклад, прадстаўнік украінскай генерацыі сцвярджае:

Украінскае пакаленне дваццацігадовых (якія нарадзіліся ў 1980-я. — К. Б.) гэта першае пакаленне свабоды, выхаванае не ў Савецкім Саюзе, а ў незалежнай дзяржаве. Я адчуваю, што яны адрозніваюцца цалкам нават ад майго пакалення трыццацігадовых (якія нарадзіліся ў 1970-я. — К. Б.). Яны не маюць адчування непрыстасаванасці, пастаяннай патрэбы рабіць штосьці для Украіны, неабходнасці адчуваць сябе патрэбнымі сваёй краіне. Тое, што Украіна ёсць, для іх відавочна [12].

Вядома, у Беларусі стновішча маладога пакалення выглядае зусім інакш. Яго цяжка будзе назваць «першым пакаленнем свабоды», як гэта было ва Украіне. Пасля развалу Савецкага Саюза свабода ў Беларусі прыняла зусім іншую форму. Яе першай фазай было ўвядзенне «беларускасці» ў грамадскае і публічнае жыццё [13]. Грамадства далёка не заўсёды сустракала гэта з энтузіязмам. Не дзіва, што прадстаўнікі старэйшага пакалення скептычна ставіліся да пераменаў, аднак гэты ж скептыцызм у пэўнай меры заставаўся рысай усяго грамадства.

У гэтым часе прадстаўнікі пакалення 1970-х гг. пераважна толькі ўваходзілі ў перыяд сталення. Несумненна, ім было чужое і сентыментальнае стаўленне да мінулага, і энтузіязм датычна будучыні. Такія паняткі, як «свабода» ці «незалежнасць», былі для гэтага пакалення ў значнай ступені інфантыльна абстрактнымі. Аднак гэтая генерацыя ўважліва сачыла за навакольным светам, каб натхніцца на фармаванне ўласнага светапогляду. Перш як маладыя людзі здолелі зразумець новую рэчаіснасць, чарговы раз наступіла радыкальная перамена, калі ў 1994 г. прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Аляксандр Лукашэнка і пачаў насаджаць аўтарытарызм. Наколькі пакаленне 1960-х гг. выяўляла і выяўляе незычлівае або нават варожае стаўленне да рэжыму Лукашэнкі [14], настолькі пакаленне 1970-х гг. паставілася з вялікай дыстанцыяй да палітычнай рэчаіснасці. У гэтым аспекце, бадай, у найбольшай ступені відаць спецыфіка беларускага пакалення — адстароненасць, нежаданне нейкага грамадскага дзеяння [15].

Такім чынам, галоўнай прыкметай беларускага пакалення 1970-х можна па­лічыць падкрэсленую дыстанцыю, своеасаблівую абыякавасць да палітычных праблемаў. Гэта тычыцца перадусім той часткі пакалення, якая звязаная з шырока зразуметай літаратурнай дзейнасцю. Але прадстаўнікі акурат гэтай генерацыі сталі таксама і стваральнікамі аднаго з найяскравейшых моладзевых палітычных згуртаванняў — «Маладога фронту», найбольш актыўная дзейнасць якога прыпадае на другую палову 1990-х гг. Аднак маладыя літаратары адкрыта дэманструюць адстароненасць ад палітычных пытанняў. Своеасаблівасць гэтай дыстанцыі і яе дэкларатыўны характар палягаюць у тым, што ў сучаснай Беларусі абыякавасць да палітычных справаў амаль немагчымая, асабліва для літаратурных творцаў, таму што ўжо сам выбар мовы твораў набывае форму палітычнага акту (паводле прынцыпу, што ўсё беларускамоўнае — нацыяналістычае і адначасова антылукашэнкаўскае).

Наколькі спецыфіка пакалення 1970-х неаспрэчная, настолькі яго тэрміналагічнае азначэнне дагэтуль застаецца праблематычным. На ўзроўні сацыялагічнага апісання такім акрэсленням, як «пакаленне Х», у Польшчы спадарожнічаюць, напрыклад, «ніякая генерацыя», «пакаленне JP2» (Яна Паўла ІІ), «пакаленне 1200 брута» [16], «пакаленне iPod», «пакаленне 89» [17], «пакаленне 2000» і «пакаленне Фруго». Усе вышэйзгаданыя тэрміны падкрэсліваюць іншую спецыфічную прыкмету сучаснасці гэтага пакалення, робячы акцэнт або на сімвалічных постацях, звязаных з жыццём пакалення (Ян Павел ІІ), або сімвалічныя брэнды (iPod, Frugo), або асаблівасці штодзённага быцця (1200 брута як адпаведнік «Макпрацы» Дугласа Коўпленда ў польскай рэчаіснасці). Два тэрміны (1989 і 2000) звяртаюцца да пэўных падзеяў, каб зрабіць іх падзеямі ключавымі для пакалення (звяржэнне каму­нізму або мяжа тысячагоддзяў). Такім чынам, хоць з метадычнага гледзішча ўтвораныя тэрміны выглядаюць найбольш адпаведнымі, гэтыя падзеі цяжка звязаць толькі з людзьмі, якія нарадзіліся ў 1970-я (скажам, на звяржэнне камунізму больш сур’ёзна глядзелі людзі, якія нарадзіліся ў 1960-я гады, а ў 2000 г. светапогляд некаторых прадстаўнікоў пакалення 1980-х быў ужо цалкам сфармаваны).

У Беларусі сітуацыя выглядае крыху інакш. Пакаленне 1970-х гг. звычайна не з’яўляецца аб’ектам даследаванняў і збольшага далучаецца да пакалення, якое нарадзілася ў 1980-я. Сканструяваную такім чынам групу звычайна называюць «пакаленнем next». Аднак адначасова існуюць таксама іншыя акрэсленні: «пакаленне Ы» або «посттутэйшыя» (зразумела, што ў асноўным гэтыя тэрміны адносяцца да літаратурнага пакалення), «пакаленне хіп-хоп» або «нэт-пакаленне». Гэтыя апошнія тэрміны ўзніклі перадусім дзякуючы жаданню адлюстраваць з’явы, характэрныя для сучаснасці і не цалкам зразумелыя для папярэдніх пакаленняў (як музыка хіп-хоп ці інтэрнэт). Два першыя тэрміны абавязаныя сваім з’яўленнем у значнай ступені культурнаму кантэксту. Такім чынам, «пакаленне Ы» можна ў роўнай меры прывязаць да «пакалення Х» і да панятку «пакаленне П», якое стварыў Віктар Пялевін. Назва «посттутэйшыя» апелюе да пакалення 1960-х, якое часта завецца паводле сфармаванай у 1987 г. літаратурнай групы «Тутэйшыя». З тэрміналагічнымі праблемамі літаратуразнаўства сутыкаецца як у Беларусі, так і ў іншых дзяржавах нашай часткі Еўропы. У большасці з іх пакаленне маладых пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1970-я, усё часцей стано­віцца аб’ектам літаратурных даследаванняў.

ТВОРЦЫ, ЯКІЯ НАРАДЗІЛІСЯ Ў 1970-Я ГГ.

Хоць у кантэксце маладой сучаснай літаратуры ў нашай частцы Еўропы найважнейшыя постаці (такія, як Віктар Пялевін ці Уладзімір Сарокін у Расіі, Анджэй Стасюк ці Марцін Святліцкі ў Польшчы, Юрый Андруховіч ва Украіне ці Алесь Аркуш у Беларусі) належаць да прадстаўнікоў генерацыі, якая нарадзілася ў 1960-я або раней, малодшыя пакаленні ўсё больш набываюць папулярнасць і ўжо часцей становяцца аб’ектам крытычных і літаратурна-гістарычных даследаванняў. У Польшчы, Расіі і Украіне крытыкі і даследчыкі апісваюць творцаў, якія нарадзіліся ў 1970-я гг., як літаратурнае пакаленне, чыё існаванне абумоў­ліваецца ў значнай ступені практычнай патрэбай спрашчэння крытычна-літаратурнага дыскурсу і сістэматызацыі сучаснай літаратурнай сцэны. З сацыялагічнага гледзішча існаванне пакаленняў, звязаных дзесяцігоддзем нараджэння, з’яўляецца ў другой палове ХХ ст. бадай бясспрэчным, але акрэсленне гэтых жа груп у катэгорыях літаратурных пакаленняў надалей застаецца спрэчным [18]. Гэтаму спрыяе пашыраная практыка творцаў з пакалення 1970-х гг. адмаўляцца ад любой прыналежнасці да нейкага пакалення [19]. Нягледзячы, аднак, на ўсе супярэчнасці гэткага разумення сучаснай літаратуры, яно застаецца даволі пашыраным прыёмам, якім карыстаюцца і крытыкі маладога пакалення, і аўтарытэты [20] з нашай часткі Еўропы.

«ПАКАЛЕННЕ «БУМ-БАМ-ЛІТУ» Ў БЕЛАРУСІ

У Польшчы, Расіі і Украіне праблематыка генерацыі ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама пытанне самаго пакалення творцаў, якія нарадзіліся ў 1970-я гг. (іх тэрміналагічнага акрэслення і вызначэння храналагічных межаў) ужо шмат гадоў застаецца аб’ектам жывых крытычных і навуковых дыскусіяў. Беларускі літаратурны дыскурс свабодны ад гэтай праблематыкі. Пазіцыя беларускіх даследчыкаў звычайна набліжаецца найбольш да гэтай, якую можна бачыць у Расіі. Яны, з аднага боку, часта засяроджваюць увагу на пакаленні «Тутэйшых», якое нарадзілася ў 1960-я гг., як на генерацыі пералому, першым маладым голасе «новай літаратурнай сітуацыі». З другога боку, да ўсіх творцаў маладзейшых за прадстаўнікоў гэтага пакалення яны ставяцца неяк агульна, як да прадстаўнікоў найноўшых літаратурных плыняў. У гэтым кантэксце здзіўляе падыход даследчыкаў да членаў групоўкі «Бум-Бам-Літ», першага літаратурнага згуртавання пакалення, народжанага ў 1970-я [21]. Найчасцей дзейнасць творцаў, звязаных з «Бум-Бам-Літам», апісваецца ў кантэксце культурных з’яваў у гэтак званай «новай літаратурнай сітуацыі» (якая надышла пасля рэформаў Гарбачова). Пры такім падыходзе «Бум-Бам-Літ» знаходзіцца побач з «Тутэйшымі» і «Таварыствам вольных літаратараў» (такі падыход прэзентуе Валянцін Акудовіч, аўтар першай разгорнутай працы пра «новую літаратурную сітуацыю» [22]) і гэтым самым не ўтварае асобнай з’явы на беларускай літаратурнай сцэне.

Аднак у беларускіх даследаваннях можна сустрэць іншыя спосабы інтэрпрэтацыі літаратурных з’яваў, якія ўзніклі ў Беларусі пасля 1985 г. Ганна Кісліцына, напрыклад, вылучае ажно тры пакаленні, якія тварылі пры «новай літаратурнай сітуацыі». Гэта пакаленне «Тутэйшых», пакаленне «Бум-Бам-Літу» і пакаленне «Таварыства вольных літаратараў» [23]. Гэткі падыход, несумненна, звязаны з даволі свабодным, абапёртым у значнай ступені на інтуітыўнае разуменне ўжывання тэрміну «пакаленне» (асабліва звярнуўшы ўвагу на факт, што члены «Таварыства вольных літаратараў» набіраліся з пісьменнікаў, якія ўваходзілі калісьці ў суполку «Тутэйшыя» [24]). Апошнюю храналагічна акрэсленую Ганнай Кісліцынай генерацыю — пакаленне «Бум-Бам-Літу» — даследчыца называе таксама «неагенерацыяй» [25] і супрацьпастаўляе яе пакаленню «нэкст», галоўнай прадстаўнічкай якога яна лічыць Віку Трэнас [26] (1984 г. нараджэння). З аднаго боку, такі падыход да сучаснай беларускай літаратурнай сцэны перамешвае разуменне пакаленняў і не спрыяе сістэматызацыі літаратурнага працэсу. Аднак у даследаваннях Ганны Кісліцынай можна назіраць адну вельмі важную тэндэнцыю, а менавіта спробу адасаблення творчасці звязаных з «Бум-Бам-Літам» аўтараў ад іншых літаратурных з’яваў у Беларусі пасля 1985 г. Валянцін Акудовіч сцвярджае, што адасобленасць «Бум-Бам-Літу» тлумачыў той факт, што гэтая суполка была

першая і, бадай, адзiная суполка ў гiсторыi беларускай лiтаратуры, у аснову якой быў пакладзены эстэтычны прынцып, а менавiта — эстэтыка постмадэрну [27].

Несумненна, на ўзроўні маніфеставаных дэкларацый сапраўды гэтак было, але постмадэрн у Беларусі прыняў незвычайную форму, значна больш падобную да авангарду. Арыгінальнасць «Бум-Бам-Літу» ў значнай ступені была звязаная з пакаленчай адасобленасцю, што яскрава выявілася ў творчасці сяброў суполкі. Сярод шэрагу прыкметаў генерацыі, якія прысутнічаюць у творах маладых пісьменнікаў пакалення 1970-х, бадай найбольш яскравай была неаднаразова ўжо згаданая крытычная адлегласць, якая аддзяляла маладую літаратуру ад ідэала­гічных, нацыянальных і палітычных пытанняў. Такі падыход паспрыяў таму, што ў Беларусі пачала развівацца зусім новая літаратура — нейтральная, у значнай ступені эгацэнтрычная, у крайнім выпадку агульначалавечая; літаратура, якая бунтуецца супраць традыцыйнага разумення паэта як правадыра і настаўніка, якая пачынае своеасаблівы дыялог з чытачом і якая аддаецца супольнай з чытачом забаве; якая стварае «новую літаратурную камунікацыю». Для беларускай літаратуры пачатку 1990-х, якая вырастала з канону, які распрацавала газэта «Наша Ніва», і надалей аддавала прыярытэт справам агульнанацыянальным перад агульнакультурнымі, пазіцыя, што адстойвала моладзь з «Бум-Бам-Літу», была ў вялікай ступені непрымальная. Адсюль таксама наглядны падзел між пакаленнямі на беларускай літаратурнай сцэне. Як пісаў адзін з сяброў-заснавальнікаў «Бум-Бам-Літу» Алесь Туровіч: «Маладыя літаратары часта адчувалі падтрымку з боку пісьменнікаў старэйшага пакалення, а не, здавалася б, тыпалагічна блізкіх «васьмідзесятнікаў», — магчыма, сказвалася канкурэнцыя». Суполка «Бум-Бам-Літ» у сваім першапачатковым выглядзе існавала толькі ў 1995—1999 гг., але яе заснавальнікі да сённяшняга дня займаюць уплывовае становішча на беларускай літаратурнай сцэне. Яны ўдзельнікі або стваральнікі надзвычай важных для маладой літаратуры выдавецкіх праектаў (напрыклад, «Schmerzwerk») ці нават культурных з’яваў (кшталту «Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці»). Акурат каардынаваныя імі праекты перадусім аб’ядноўваюць наймалодшую генерацыю беларускіх творцаў, якую найбольш адэкватна было б назваць «пакаленнем «Бум-Бам-Літу». Сярод членаў новай групоўкі ёсць таксама нешматлікія літаратары, якія нарадзіліся ў першай палове 1980-х (напрыклад, згаданая ўжо Віка Трэнас ці Вальжына Морт — 1982 г. нараджэння). Узаемазалежнасць і блізкія кантакты з творцамі, якія нарадзіліся ў 1970-я гг., спрычыняюцца, аднак, да таго, што яны застаюцца ментальна і ідэалагічна блізкімі да сваіх старэйшых калегаў. Таму іхнія творы адлюстроўваюць светапогляд генерацыі — беларускага адпаведніка пакалення Х.

Ужыванне назвы «пакаленне «Бум-Бам-Літу» да беларускіх творцаў-«сямідзесятнікаў» мае таксама іншае абгрунтаванне. Хоць з’яўляюцца нешматлікія галасы, якія выступаюць за ўвядзенне ў беларускі літаратурны дыскурс такіх назваў, як «пакаленне 1980-х» ці «1990-х» [28], іх непаслядоўны характар выракае іх на няўдачу. У гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. прынята вылучаць літаратурныя пакаленні на падставе іх адметных або падобных рысаў. Дзеля гэтага маем «пакаленне «Нашай Нівы», «філалагічнае пакаленне» [29] ці, урэшце, «пакаленне «Тутэйшых». Патрэба спрашчэння і сістэматызацыі сучаснага беларускага літаратурнага дыскурсу падказвае, што дзеля тэрміналагічных патрэбаў выпадае звяртацца да элементаў, якія найбольш яскрава адрозніваюць пакаленне. Несумненна, такім элементам была суполка «Бум-Бам-Літ», якая здабыла месца не толькі ў гісторыі літаратуры як суполка пераходнага перыяду, але і ў свядомасці даследчыкаў і крытыкаў.

Беларуская генерацыя творцаў, якія нарадзіліся ў 1970-я гг., такая ж неаднародная, як і яе аднагодкі з іншых краінаў Еўропы. Паэты, якія да яе належаць, вызнаюць розныя эстэтычныя погляды, развіваюць розныя плыні. Наколькі гэтаму пакаленню не ўласцівая дэкларатыўная барацьба з папярэднікамі (гэтую рысу часта падкрэсліваюць, у прыватнасці, творцы, звязаныя з суполкай «Бум-Бам-Літ»), настолькі яго прадстаўнікі нярэдка адкрыта дыскутуюць самі з сабою [30].

«ПАКАЛЕННЕ «БУМ-БАМ-ЛІТУ» Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ РЭЧАІСНАСЦІ

Пасля таго, як ў 1994 г. да ўлады прыйшоў Лукашэнка і асабліва пасля прэзідэнцкага рэферэндуму, які запачаткаваў гэтак званую рэсаветызацыю Беларусі [31], паўстала зусім новая рэчаіснасць. Пачатковы этап Лукашэнкавага праўлення сустрэўся з вострым грамадскім супрацівам. Яго асабліва яскравым прыкладам была так званая «Мінская вясна 1996 г.», серыя масавых акцыяў пратэсту (мітынгі, пікеты, дэманстрацыі, галадоўкі) супраць аўтарытарнага рэжыму, наступствамі якіх нярэдка былі збіванні ці затрыманні ўдзельнікаў. Гэта была рэакцыя на праект змены беларускай Канстытуцыі, які надаваў большыя паўнамоцтвы прэзідэнту дзяржавы. Быў агульнанацыянальны ўздым, імкненне абараніць асноўныя грамазянскія правы [32]. У падзеях «Мінскай вясны» актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі пакалення «Тутэйшых». Менавіта ў гэтым часе быў апублікаваны вышэйзгаданы верш Славаміра Адамовіча «Убей президента», за які паэта арыштавалі. Тады таксама быў збіты і арыштаваны Язэп Янушкевіч. Супраціў «Тутэйшых» выглядаў па-рознаму: ад удзелу ў мітынгах, праз публікацыю крытычных твораў, заснаванне недзяржаўных выдавецкіх праектаў — напрыклад, часопісу «Фрагмэнты» (на чале з Ігарам Бабковым), які адкрыта выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Аднак малодшыя калегі, прадстаўнікі «пакалення «Бум-Бам-Літу», у пэўнай ступені захоўвалі дыстанцыю да палітычных падзеяў. Хоць не звязаная з літаратурным светам моладзь падтрымлівала актыўны падчас падзеяў 1996 г. «Малады фронт» і праводзіла большасць антыпрэзідэнцкіх акцыяў і ў наступным годзе [33], творцы гэтага пакалення заставаліся даволі адарванымі ад палітыкі. Амбівалентнасць іх пазіцыі (звязаная таксама з фактам, што, як было ўжо згадана, сам выбар беларускай мовы мовай для творчасці ва ўмовах лукашэнкаўскай дзяржавы быў светапоглядным ці нават палітычным выбарам) непасрэдна вынікала з вышэйзгаданай спэцыфікі пакалення. «Генерацыя «Бум-Бам-Літу» не здолела ў дастатковай ступені ўключыцца ў нацыянальную барацьбу. Перш як яе прадстаўнікі дасьпелі да яе, адбылася змена ўлады, якая для неабыякавых да гэтай справы людзей была вялізарным расчараваннем. Сучасны пісьменнік і даследчык літаратурнага працэсу ў Беларусі так пра гэта пісаў:

Калі лёс папярэдняй генерацыі («Тутэйшых». — К. Б.) быў у чымсьці трагічны, дык лёс гэтай («пакалення «Бум-Бам-Літу». — К. Б.) — у чымсьці камічны. Калі ў першай палове 1990-х гг. у новай хвалі літаратурных рэвалюцыянераў няма патрэбы, дык у другой палове 1990-х ужо няма сэнсу змагацца, таму што беларускамоўны дыскурс катастрафічна хутка губляе свой грамадскі ўплыў…

Змена значэння літаратурнага дыскурсу, пра якую піша Максім Шчур, несумненна, мела палітычныя прычыны. Ініцыятывы Лукашэнкі дзеля вяртаньня ў савецкасць (не толькі ўвядзенне расійскай мовы як дзяржаўнай, але і замацаванне яе ў грамадскай і палітычнай прасторы, русіфікацыя галоўных СМІ ў краіне і прасоўванне расійскай культуры) адсунулі на перыферыю беларускамоўную культуру. Беларускамоўныя літаратары гублялі толькі што набытую функцыю правадыроў нацыі і сталі элітарнымі творцамі, слова якіх мае шанец дайсці толькі да вузкай групы чытачоў. Такая трансфармацыя статусу пісьменніка і змена аблічча чытача спрычыніліся да таго, што ў беларускай рэчаіснасці можна назіраць працэс новай літаратурнай камунікацыі, у якой змяніўся як характар творцы і спажыўца, так і спосаб фармавання літаратурнага паслання, у якім давялося зважаць на густы і ўпадабанні спажыўца. Адным словам, мяняўся ўвесь літаратурны дыскурс, што традыцыйнай беларускай літаратуры далося нялёгка.

Нежаданне гуртавацца або своеасаблівая дыстанцыя да гэтага працэсу таксама звязаныя з рысамі генерацыі творцаў, якія нарадзіліся ў 1970-я. Характэрны для іх скептыцызм адносна салідарных, арганізаваных дзеянняў спрычыняецца да таго, што рэальныя згуртаванні (здзейсненыя ў больш шырокім за рэдакцыю маштабе) не маюць вялікіх шанцаў на існаванне. З другога боку, яны надалей паўстаюць — і гэта абумоўлена тым, што ў беларускай культуры ўкаранілася традыцыя аб’ядноўвацца: напрыклад, у дзяржаўныя структуры, такія, як Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэтая своеасаблівая дыхатамія хоць і можа ствараць уражанне няспеласці генерацыі, непаслядоўнасці і неасэнсаванасці, з’яўляецца выдатным вобразам амбівалентнасці пакалення, якое заўсёды апынаецца дзесьці паміж (паміж дзвюма сістэмамі, двума тысячагоддзямі, ці ўрэшце дзвюма эстэтычнымі плынямі: авангардам і традыцыяй).

Для арганізацыйнай структуры пісьменніцкага асяроддзя з тых, што нарадзіліся ў 1970-я, значэннай застаецца стылістычная і эстэтычная, а часам нават і светапоглядная разнароднасць (асабліва ў дачыненні да патрыятычных каштоўнасцяў). Сярод прадстаўнікоў гэтай генерацыі — традыцыйныя творцы (напрыклад, Наталля Русецкая), авангардысты (Зміцер Вішнёў) і тыповыя постмадэрністы (Андрэй Хадановіч). Аднак іх яднае не толькі дзесяцігоддзе, у якім яны нарадзіліся, але і спецыфічнае стаўленне да свету і жыцця, напоўненае адстароненасцю, скептыцызмам і крытычнасцю. Адчуванае пачуццё адчужэння паэты спрабуюць нівеляваць па-рознаму: уцячы ва ўяўны свет (Дзяніс Хвастоўскі), праславіць сацыялістычную традыцыю (Усевалад Гарачка), вярнуцца ў дзяцінства (Вера Бурлак) ці проста жартаваць (Андрэй Хадановіч). Агульнай жа задачай іх творчай практыкі застаецца не толькі разуменне саміх сябе і навакольнага свету, але і спроба давесці ўласны утылітарызм і пераадолець нігілістычны комплекс да актыўнасці папярэдняга пакалення і энергічнасці наступнага.

Пераклала з польскай Яанна Бэрнатовіч

_____________________________________________________________________

1. Douglas Coupland. Pokolenie X. Opowiesci na czasy przyspieszajacej kultury / TrHTML clipboardans. Jan Rybicki. Proszynski i S-ka: Warszawa, 1999. S. 48. Арыгінальная назва: Generation X: Tales for an Accelerated Culture.

2. Сярод бунтарскіх паводзін моладзі аўтарка пералічвае: дашлюбнае сэксуальнае жыццё, атэізм, іншае стаўленне да каралевы і адсутнасць пашаны да бацькоў.

3. Цікава, што ў краінах Сярэдняй і Усходняй Еўропы стыль «грандж» выклікаў супярэчлівыя эмоцыі і натхняў да стварэння яго своеасаблівай легенды. У 1993 г. «Газета Выборча» пісала на тэму гранджу: «Гэта не мода, якая хоча падабацца. Яе мэта — выклікаць шок, таму што фанаты новага руху (можа, лепш сказаць — яго пакутнікі) — апрача характэрнай схільнасці да лахманоў і хаосу — не мыюць валасоў, не чысцяць пазногцяў, а замест пальчатак могуць нацягнуць старыя шкарпэткі» (Dorota Maj. Dzieci-smieci, czyli grunge // Gazeta Wyborcza. № 194. 20.08.1993. S. 19). Элементы гэтай стылістыкі можна таксама разглядаць як з’яву культуры. Гумарыстычны аналіз гэтай з’явы ў беларускай культуры падаў М. Жбанкоў у артыкуле з характэрнай назвай «Культура сьмецьця» і «Сьмецьце культуры».

4. Douglas Coupland. Pokolenie X. Opowiesci na czasy przyspieszajacej kultury. S. 13.

5. Douglas Coupland. Pokolenie X. Opowiesci na czasy przyspieszajacej kultury. S. 11.

6. Англ. slacker.

7. Zygmunt Bauman. Pokolenie na przemial. O globalnej wersji «Pokolenia X» // Fakt. Europa. № (6) 6/04. 12.05.2004. S. 8.

8. Тамсама.

9. Marlow Peerse Weaver (ed.). A Generation Defining Itself: In Our Own Words. P. 5. MW Enterprises: Los Angeles, 2004.

10. У каментарыях да гэтага выдання можна сустрэць выказванне галандскага крытыка, які сцвярджае, што анталогія з’яўляецца калейдаскопам поств’етнамскай генерацыі.

11. Пра калекцыянаванне ўпаковак піша таксама С. Сгуты, адзін з галоўных прадстаўнікоў польскага пакалення пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1970-я гг. (Slawomir Shuty. W paszczy konsumpcji // Piotr Marecki, Jan Sowa (red.). Frustracja. Mlodzi o Nowym Wspanialym Swiecie. Krakowska Alternatywa: Krakow, 2003. S. 10—22).

12. Marcin Wojciechowski. Pokolenie dzikiego kapitalizmu. Rozmowa z Serhijem Zadanem // Gazeta Wyborcza. Nr 147. Warszawa. 26.06.2006. S. 22.

13. Бадай, найбольш яскравым элементам гэтага працэсу было прыняццё закона, які надаваў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы Беларускай ССР.

14. Тут варта згадаць славуты верш Славаміра Адамовіча «Убей прeзидeнта», або песню гурта «Новае неба» «Прэзыдэнт, ідзі дамоў».

15. Гэтая сітуацыя крыху змянілася ў 2006 г., калі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Менску паўстаў намётавы гарадок на знак пратэсту супраць фальшавання вынікаў выбараў. Сярод удзельнікаў акцыі пратэсту былі й прадстаўнікі літаратурнага пакалення 1970-х гг., напрыклад, Андрэй Хадановіч.

16. Падчас абмеркавання гэтага тэрміну ў прэсе з’явілася шмат іншых прапановаў, у прыватнасці, жартоўных, сярод якіх, бадай, найбольш цікавай было «пакаленне глютамат натрыю» — жыццё без смаку. Гл.: Wojciech Staszewski. Pokolenie 1200 // Gazeta Wyborcza. № 124. Warszawa. 29.05.2006. S. 6.

17. Гэты тэрмін стварыла моладзь, якая ўдзельнічае ў працах Грамадскай рады Маладой гаспадаркі. З іх ініцыятывы паўстаў таксама вельмі цікавы даклад пра стаўленне маладога пакалення да эканамічных і грамадскіх з’яваў. Ён апублікаваны на інтэрнэт-старонцы www.pokolenie89.org.pl. Галоўныя высновы дакладу — гэтае пакаленне засяроджваецца на бягучых праблемах, хоча перадусім забяспечыць асноўныя патрэбы, але таксама аднагалосна заяўляе пра свой патрыятызм і негатыўнае стаўленне да працоўнай эміграцыі.

18. Гэтае пытанне застаецца аб’ектам даследаванняў шматлікіх сацыялогаў. Апрача згаданых заходніх даследчыкаў, варта назваць таксама польскія працы на гэтую тэму: Blanka Brzozowska. Gen X: pokolenie konsumentow. — Rabid: Krakow, 2005; Jan Garewicz. Pokolenie jako kategoria socjofilozoficzna // Studia Socjologiczne. a 1. 1983. S. 75—87; Antonina Kloskowska. Socjologia mlodziezy: przeglad koncepcji // Kultura i spoleczenstwo. a 2. 1987. S. 19—37; Jerzy Mikulowski-Pomorski. Pokolenie jako pojecie socjologiczne // Studia socjologiczne. a 3—4. 1968. S. 267—281; Maria Ossowska. Koncepcja pokolenia // Studia Socjologiczne. a 2. 1963. S. 47—51; Miroslaw Peczak. Starzy etosowcy i mlodzi pragmatycy // Wiez. a 6. 1992. S. 57—64; Piotr Sztompka. Socjologia: analiza spoleczenstwa. — Znak: Krakow, 2002.

19. Інтуітыўнае адрозніванне асобных пакаленняў сягае старажытнасці (варта тут згадаць хоць бы прапанаваны Герадотам падзел кожнага стагоддзя на тры пакаленні). У гуманітарных даследаваннях гэтым тэрмінам карыстаўся Агюст Конт, а ў гісторыі літаратуры ён з’явіўся ў час мадэр­нізму. Аднак яго канчатковая дэфініцыя застаецца да сёння аб’ектам дыскусіяў.

20. Напрыклад, Альгерд Баxарэвіч у сваім livejournal зацеміў: «Але ж насамрэч гэта ўсяго толькі чарговае з мноства сумнеўных абагульненьняў (пакалення. — К. Б.), ворагам якіх я быў, ёсьць і буду. Любое пакаленьне — перш за ўсё танны й даступны міт». Сацыялёг Ганна Свіда-Земба, якая шмат даследавала праблемы самасвядомасці і пераканнаняў пакалення 1970-х, сцвярджае, што гэткая пазіцыя характэрная для ўсёй генерацыі. У кнізе, дзе навукоўка падае вынікі даследаванняў моладзі, яна піша: «Маладыя людзі не адчуваюць сябе ні прадстаўнікамі перыяду трансфармацыі, ні пэўнага «новага» пакалення, супрацьпастаўленага папярэднім і наступным пакаленням, ні надзеяй новага сярэдняга класу, ні «страчаным пакаленнем», ні «пакаленнем надзеі». Свет са сваімі рознымі тонкасцямі і гістарычнай зменлівасцю явіцца хутчэй як своеасабліва недыферэнцыяваная глабальная структура, як «рэчаіснасць жыцця», перад якой кожны індывід сам па сабе сутыкаецца тварам у твар, выбірае сваю пазіцыю, прымае выклікі лёсу. Інакш кажучы, асноўныя фармулёўкі, у якіх моладзь выяўляе «свет», гэта «я і мой выбар», «я і мае пазіцыі», «я і мой лёс», «я і маё жыццё». Hanna Swida-Ziemba. Wartosci egzystencjalne mlodziezy lat dziewiecdziesiatych. Zaklad Socjologii Moralnosci i Aksjologii Ogolnej Instytut Stosowanych Nauk Spolecznych Uniwersytet Warszawski: Warszawa, 1995. S. 283—284.

21. Michal Glowinski. Krytyka, towarzyszka literatury // Znak. Rok L. № 518 (7). Lipiec 1998. S. 29.

22. Сярод галоўных членаў «Бум-Бам-Літу» Валянцін Акудовіч называе Альгерда Бахарэвіча (нар. у 1975), Змітра Вішнёва (нар. у 1973), Віктара Жыбуля (нар. у 1978), Алеся Туровіча (нар. у 1978), Ільлю Сіна (нар. у 1978) і толькі трох крыху старэйшых за іх творцаў: Сержа Мінскевіча (нар. у 1969), Юрася Барысевіча (нар. у 1966) і Усевалада Гарачку (нар. у 1968). Гл.: Валянцін Акудовіч. Разбурыць Парыж. Мінск: Логвінаў, 2004. С. 237.

23. Валянцін Акудовіч. Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю / Валянцін Акудовіч. Разбурыць Парыж. Мінск: Логвінаў, 2004. С. 209—297.

24. Ганна Кісліцына. Новая літаратурная сітуацыя: Змена культурнай парадыгмы. Мінск, 2006. С. 38—39.

25. Адзінства пакалення адносна членаў дзвюх гэтых суполак падкрэслівае таксама Ян Максімюк у сваім аналізе творчасці гэтай генерацыі: Jan Maksymiuk. Imiona umartwionej mowy. Esej o sredniomlodej literaturze bialoruskiej (niektore imiona) // Kartki. № 1. 1997. S. 6—8. Правільнасць гэтага падыходу пацвердзіў і адзін з членаў суполкі «Тутэйшыя», пісьменнік і даследчык беларускай літаратуры Сяргей Кавалёў: Сяргей Кавалёў. Таварыства маладыx літаратараў «Тутэйшыя»: першыя ўспаміны і артыкулы // Acta Albaruthenica 6. Droga ku wzajemnosci. Katedra Bialorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego. Warszawa, 2007. S. 172.

26. Ганна Кісліцына. Новая літаратурная сітуацыя: Змена культурнай парадыгмы. Мінск, 2006. С. 113, 149.

27. Тамсама. С. 36.

28. Валянцін Акудовіч. Разбурыць Парыж. С. 234—235.

29. Уладзімір Адамчык, Міраслаў Адамчык / Беларуская літаратура. Xрэстаматыя. — Сучасны літаратар: Мінск, 2004.

30. Наталля Русецкая на вокладцы свайго першага зборніка вершаў змясціла нават адназначны каментар, мэтай якога было аддзяліць яе творчасць ад творцаў, звязаных з «Бум-Бам-Літам»: «У паэзіі Наталлі Русецкай няма штучных інавацый для ўяўнага эфекту»: Наталля Русецкая. Два бяссонні. — Логвінаў: Мінск, 2004.

31. У аснову рэсаветызацыі была пакладзеная змена дзяржаўнай сімволікі (адмова ад традыцыі БНР, вяртанне традыцыі БССР) і ўвядзенне расійскай мовы як дзяржаўнай.

32. Менская Вясна 1996. Кроніка, дакумэнты, сьведчаньні. — Koіo Podkowy — «Наша Ніва»: Podkowa Lesna — Minsk, 1996.

33. Павал Севярынец, аўтар працы «Пакаленьне «Маладога фронту». Гісторыя моладзі, народжанай у 1970—1985 гг.», схіляецца да таго, каб прадстаўнікоў менавіта гэтай генерацыі лічыць галоўнай сілай палітычных рухаў другой паловы 1990-х гг. Неабыякавасць да нацыянальнай справы ён лічыць галоўнай рысай усяго пакалення і ўскладае на яго надзеі на палітычныя перамены ў Беларусі. Падкрэсліваючы, што ў новым тысячагоддзі менавіта гэтае пакаленне стварае нацыю (наймалодшыя прадстаўнікі пакалення, храналягічныя мяжы якога аўтар акрэслівае як 1970—1985, дасягнулі паўналецця), П. Севярынец заяўляе, што час пакалення «Маладога фронту» толькі яшчэ надыходзіць. Розніца ў інтэрпрэтацыі ролі і палітычнай дзейнасці пакалення тлумачыцца тым, што гэтае пакаленне неаднароднае. Істотным застаецца таксама факт, што аўтар як член і заснавальнік «Маладога фронту» перабольшвае значэнне гэтага ўтварэння. Здаецца, што гэтую тэорыю пацвярджае Алесь Аркуш, які, аналізуючы ў газеце «Наша Ніва» заслугі ў распаўсюдзе беларускамоўнай культуры літаратурнай суполкі «Маладняк» з 20-х гадоў ХХ ст., пісаў: «Нешта падобнае ў апошнія гады спрабавалі рабіць маладафронтаўцы. Але вынік іх працы значна слабейшы. Ужо праз год ад дзейнасьці МФ у правінцыі не засталося і сьледу». 

_____________________________________________________________________

Катажына Бартноўская — выкладчыца Варшаўскага ўнівэрсытэту.