Белая С. Да роднага ганку: З журналісцкіх нататак пачатку 90-х. Гутаркі з віленскімі беларусамі Амерыкі.  Мн.: Выдавецтва Віктара Хурсіка, 2009.

Думалася: вось сышлі і сыходзяць адзін за адным старыя віленчукі, непакінуўшы па сабе ні дзёньнікаў, ні ўспамінаў пра міжваенную пару, і ніхто з маладзейшых беларусаў, што аселі там, не пахадзіў за гэтымі старымі з дыктафонам ці нататнікам. І тут выявілася, што, што адна беларуска, Сьвятлана Белая,  на пачатку 1990-х  гадоў усё-ткі пахадзіла і што-кольвечы запісала з успамінаў тых віленчкоў, якія апынуліся на эміграцыі ў Злучаных Штатах. Гэтыя ўспаміны выйшлі летась асобнаю кніжкаю ў выдавецтве Віктара Хурсіка.

На пачатку 1990-х мала хто ў БССР ведаў, хто такія Юліяна Вітан-Дубейкаўская і Алёна Лекант-Сакалова, таму ня дзіўна, што нядаўняя выпускніца факультэту журналістыкі БДУ С. Белая, запісваючы вусныя ўспаміны эмігрантаў, рабіла памылкі і пісала Дубікоўская замест Дубейкаўская, Сакалоўская — замест Сакалова. Дый самі эмігранты, няправільна вымаўляючы прозьвішчы ці памыляючыся (доктар Іван Ермачэнка названы доктарам Яромічам, а ксёндз Віктар Шутовіч — Віктарам Цітовічам), дапамагалі С. Белай рабіць тыя памылкі. Але да 2009 году нашыя веды пра дзеячоў беларускае культуры значна абагаціліся, і памылкі, зробленыя на пачатку 1990-х, павінны былі выправіць рэдактарыкнігі «Да роднага ганку». Належала б рэдактарам удакладніць і напісаньне прозьвішчаў фальклярыста Міхала Фэдароўскага, і аднаго з мастакоў Сьляндзінскіх. На жаль, яны гэтага яны не зрабілі, і ў гэтым галоўны недахоп кнігі.

Рэдактары або сама С. Белая павінны былі б напісаць і камэнтары да пэўных выказваньняў аўтараў успамінаў. Напрыклад, трэба было б удакладніць, што працу пра «беларускі элемэнт у польскай рамантычнай паэзіі» напісаў ня Янка Станкевіч, а Станіслаў Станкевіч. Таксама дакладна вядома, што Антон Луцкевіч жыў на вуліцы Віленскай, а з 1931 году — на вуліцы Піўной у Вільні; тым часам у кнізе чытаем, што «ён меў некалькі пакойчыкаў» у Базыльянскіх мурох. Так, у Базыльянскіх мурох жылі некаторыя настаўнікі Беларускае гімназіі, але не Антон Луцкевіч. Сумнеўна гучаць словы пра тое, што лекцыі Антона Луцкевіча, якія ён чытаў у Беларускім студэнцкім таварыстве, Таварыстве беларускай школы ды іншых культурніцкіх арганізацыях, «насілі камэрцыйны характар». І ўжо зусім сьмешна чытаць цьверджаньне, што Натальля Арсеньнева «прайшла школу Гарэцкага, Машары (!), Васілька (!) і іншых таленавітых паэтаў».

Зрабіўшы такія папярэднія заўвагі, мушу адзначыць, што ўспаміны, запісаныя С. Белай і апублікаваныя ў кнізе «Да роднага ганку», падаюцца і ў форме маналёгу, і ў форме дыялёгу. Асобна адзначу, што кніга С. Белай зьяўляецца свайго роду ўнікатам, бо нейкага адмысловага зборніка ўспамінаў віленскіх беларусаў у нас, наколькі мне вядома, не было. Маюцца толькі «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» Зянона Пазьняка (Варшава, 2003). У кнізе «Да роднага ганку» можна прачытаць успаміны Раісы Галяк, Вітаўта Тумаша і Міколы Шчорса. Надрукаваныя тут і згадкі Антона Шукелойця, якія пэўным чынам дапаўняюць кнігу Зянона Пазьняка. Даўшы адпаведныя прадмовы, С. Белая зьмясьціла ў сваёй кнізе таксама тэксты Часлава Найдзюка («Успамі­ны аб унівэрсытэце Стэфана Баторыя») і Людвікі ды Ірэны Будзькаў пра Віленскую беларускую гімназію. Антон Шукелойць даў для зборніка свой тэкст пра Анатоля Бярозку, які паслужыў прадмоваю да тэксту самога Анатоля Бярозкі «Крыху пра Язэпа Пу­шчу ды ягоныя «Лісты да сабакі».

Уключаныя ў кнігу і гутаркі зь Янінай Каханоўскай ды яе дачкою Юліяй Андрусішынай, якія, што праўда, жылі ў міжваенным Менску (былі суседкамі Янкі Купалы). Зь міжваеннай Вільняй іх лучыла тое, што ў Гедымінавай сталіцы яны мелі знакамітага родзіча, зь якім іх маці і бабуля, Эмілія Шабуня з Луцкевічаў, вяла перапіску.

Зборнік успамінаў ілюстраваны фотаздымкамі зь сямейных архіваў Будзькаў, Галякоў, Каханоўскіх, Антона Шукелойця ды Міколы Шчорса. Некаторыя з гэтых здымкаў публікуюцца ўпершыню.

Мусіць, няма патрэбы пісаць, што кніга С. Белай будзе для гісторыкаў, літаратура- і мастацтвазнаўцаў яшчэ адной крыніцай ведаў аб беларускім жыцьці ў міжваеннай Вільні і — шырэй — у Заходняй Беларусі, а таксама (беручы пад увагу згадкі Я. Каханоўскай ды Ю. Андрусішынай) і ў міжваенным Менску. Напрыклад, я ўдакладніў інфармацыю пра асобныя моманты сямейнага жыцьця Антона Луцкевіча. Калі Антон Луцкевіч у сваіх тэкстах толькі намякаў на тое, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і газэта «Bieіaruskaja Krynica» мелі падтрымку з ковенскай Літвы, дык у кнізе С. Белай гэтыя намёкі пацьвярджаюцца адкрытым тэкстам.

У наш час шмат якія кнігі існуюць і ў друкаванай, і ў электроннай вэрсіях. З выдадзенай накладам усяго 250 асобнікаў кнігаю С. Белай ды ілюстрацыямі да яе можна пазнаёміцца таксама ў інтэрнэце (партал spadcyna.org).


Анатоль Сідарэвіч — гісторык, сталы аўтар «ARCHE». Летась уклаў і зрэдагаваў збор твораў Антона Луцкевіча «Барацьба за вызваленьне» (Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009).


ГЭТЫ АРТЫКУЛ ЧЫТАЙЦЕ Ў № 6 «ARCHE» ЗА 2010 ГОД  

Чытайце па тэме таксама  Ёсьць і такая кніга

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

Менск — Сяргей Бахун, тэл.(029)724-54-56, (029) 624-54-56 .

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.