Раман Джэйн Остэн з баевіком пад назвай «Пыха і перадузятасьць і Зомбі» паяднаў амерыканскі пісьменьнік Сэт Грэм-Сьміт у мінулым годзе. І чаго яшчэ можна было чакаць ад аўтара кніг «Як уратавацца ў фільме жахаў» і «Дапаможнік “Чалавека-павука”»?

Марыйка Мартысевіч, вандруючы па Амэрыцы, пабачыла кніжкі, якія ўскаламуцілі яе душу, і наймацней — «Пыха і перадузятасьць і Зомбі». У Марыйкі кніга Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасьць» — найлюбімая (як, дадам, і ў большасьці ангельцаў згодна апытаньню, якое ладзілася ў 2007 годзе; у сьпісе 200 лепшых кніг па версіі BBC у 2003 годзе «Пыха і перадузятасьць» займала другое месца), і тыя навамодыя гульні з клясыкамі ёй не прыйшліся да спадобы.

Стаўленьне да гэтага літпраекту ў многім абумоўлена і тым, што Мартысевіч — беларуска.

«Нейкія чэрці — для кожнага клінічнага выпадку свой — перапісваюць які-небудзь знакаміты англамоўны клясычны твор, уплятаючы ў яго сучасны жанр маскультуры, — піша Марыйка. — Паводле анатацыяў гэта ўсё пародыя. Што там на выхадзе — нат уявіць цяжка».

Мартысевіч ня вельмі ўнікла ў гэты новы літаратурна-выдавецкі трэнд, які сапраўды быў распрацаваны ў ЗША, і не паведаміла ў сваім блогу аніякіх падрабязнасьцяў пра яго. Яна гідзіцца і асьцерагаецца такіх кніжак і тэндэнцый — некаторыя маладыя беларускія крытыкі нават у Амэрыцы застаюцца зашпіленымі на ўсе гузікі і, трымаючыся за клясычную літаратуру быццам інваліды за кійкі, крочаць па тамтэйшым літаратурным абшарам, гледзячы сабе пад ногі. Калі маладыя так сябе паводзяць, дык што тут наракаць на старых крытыкаў, якія па-ранейшаму сядзяць, як карчы, на радзіме і працягваюць зачытваць да дыр «апупеі» Івана Навуменкі, трэсьціся над спарахнелымі старонкамі інтымнага дзёньніка Максіма Багдановіча і вучыць студэнтаў па зашмальцаваных кніжках Міхася Мушынскага?

«Ня ведаю, як у каго, а ў мяне пасьля такога культурнага шоку разьвілася жаданьне ўвесьці закон пра 200–300 гадовае аўтарскае права», — зласьліва-іранічна кажа ў заключэньне Марыйка.

Кпіны над сучаснай замежнай кніжкай — як гэта тыпова для беларусаў, якія, жартуючы над іншаземным, працягваюць насыпаць мяжу паміж сабою і чужым сьветам.

Раман Джэйн Остэн з баевіком пад назвай «Пыха і перадузятасьць і Зомбі» паяднаў амерыканскі пісьменьнік Сэт Грэм-Сьміт у мінулым годзе. І чаго яшчэ можна было чакаць ад аўтара кніг «Як уратавацца ў фільме жахаў» і «Дапаможнік “Чалавека-павука”»? Калі раман Остэн пачынаецца са словаў: “Усе ведаюць, што маладзён, які мае сродкі, мусіць шукаць сабе жонку”, то першы сказ кнігі Грэм-Сьміта гучыць так: “Усе ведаюць, што зомбі, які мае мазгі, мусіць шукаць сабе больш мазгоў”.

Сястрычкам Бэнэт і містэру Дарсі давядзецца змагацца з жывымі мерцьвякамі, якіх шмат зьявілася ў вясковай Англіі. У красавіку 2009 года кніга, першы наклад якой склаў 120 тысяч асобнікаў, узьнялася на першы радок рэйтынга чытацкіх патрабаваньняў Amazon.co.uk. У амэрыканскім Amazon.com гэта пародыя ўзьляцела з 300 на 27 месца ў агульным рэйтынгу бэстсэлераў; газэта The New York Times прызначыла ёй трэцюю зьверху паліцу ў сваім сьпісе. У тым жа годзе Грэм-Сьміт узяўся пісаць «Аўраама Лінкальна, паляўнічага на вампіраў» — першую кнігу з трох для выдавецтва Grand Central Publishing. Піпл хавае, але ня ўсё так цынічна і проста: крытыкі спрабуюць зразумець фэномен «Пыхі і перадузятасьці і Зомбі» — калі клясычную кнігу (у дадзеным выпадку Остэн) чытаюць самааддана і закахана цягам гэтулькі дзесяцігодьдзяў, зь ёю сапраўды могуць адбывацца парадаксальныя, незвычайныя рэчы, і вялікія напластаваньні розных чытацкіх уяўленьняў робяцца прыдатнай глебаю для нараджэньня зомбі. Дарэчы, у расейскага аўтара Віктара Пялевіна ў рамане «t» (2009) Тодар Дастаеўскі ёсьць апошнім змагаром з зомбі ў зруйнаваным імі ж горадзе на Няве, і гэта адна з наймоцных частак твору.

Што ж, кнігі-гібрыды зьявяцца ў нас няхутка: зомбі ходзяць занадта марудна, і Марыйка Мартысевіч можа спаць спакойна. А калі сур’ёзна, то мы занадта сур’ёзныя. Як бы ня здарылася так, што мерцьвякі некалі стануць адзіным сродкам абудзіць цікавасьць чытачоў да твораў Івана Навуменкі і дзесяткаў іншых беларускіх літаратараў, кнігі якіх, быццам косьці ў скляпеньнях, парахнеюць у бібліятэках, замест таго, каб быць сярод жывых — няважна, у якім абліччы.

paval-abramovi4.livejournal.com