Зацемка наконт “Малой падарожнай кніжка па горадзе Сонца” А. Клінава.

Гэтую кнігу шмат рэцэнзавалі, і з піярам не скрыўдзілі. У тым ліку і з танным. Але ж не магу не сказаць пра яе некалькі слоў, бо адчуваю “Малую падарожную кнігу па горадзе Сонца” Артура Клінава ў нечым роднай і блізкай.

Аўтар знайшоў хітрую мастацкую форму ўвасаблення сваёй задумы. Дзякуючы гэтаму Мінск у “Падарожнай…” як бы выявіў сваю сутнасць і логіку.

Сапраўды, сталіца Беларусі ці не адзіная з усіх Еўрапейскіх сталіц, у якой няма повязі з гісторыяй, то бок адсутнічаюць палацы даўнейшых цароў, каралёў, імператараў. Гэта горад як бы не ўкаранёны ў зямлю і гісторыю. Нават рэчка Няміга, некалі слаўная, сышла пад зямлю.

Але ж Артур Клінаў паказаў, што Мінск, пры адсутнасці гістарычнай ўкаранёнасці, тым не менш моцна ўгрунтаваны ў гісторыю савецкага часу, і ўсё ў ім мае свой сэнс. Будучы мастаком па сваёй асноўнай прафесіі, Клінаў і аналізуе горад як мастак, знаходзячы ў архітэктурных праектах і планіроўцы ўсялякія савецкія падвохі і хітрыкі, а таксама сродкі псіхалагічнага ўздзейнічання на яго жыхароў і гасцей. У Мінска, аказваецца, шмат розных сэнсавых пластоў, усё на сваім месцы, усё ўтрымлівае яўны ці скрыты парадак. Маецца на ўвазе пераважна ядро горада. Зрэшты, ускраіны таксама аналізуюцца Клінавым, паказваючыся як своеасаблівыя спадарожнікі гэтага ядра, якія маюць свой унутраны свет і свае законы.

У Клінава горад як бы пастаянна асветлены сонцам, што бачыцца яўнай нацяжкай, калі прыгадаць, што асноўны колер нашага надвор’я – шэрая воблачнасць, сонечных дзён у нас зусім небагата. Плюс два месяцы снегу. Але гэты прыём ужыты, думаецца, для парадаксальнасці сітуацыі. З аднаго боку – паказана змрочная савецкая рэчаіснасць, зададзеная каменнымі рэчышчамі вуліц і дамоў Мінска, а з другога – светлае, летняе дзіцячае і падлеткавае ўспрыманне аўтара, яго ўспаміны і рэтраспекцыі.

Дзяцінства Клінаў, як аказалася, правёў на вуліцы Ламаносава (дакладней – гэта не вуліца, а тупік). А я – на вуліцы Някрасава, што ідзе зусім блізка і паралельна Ламаносава. Прычым хадзілі па тых раёнах мы з аўтарам прыкладна ў адны і тыя ж гады. Дамы там стаяць шчыльна, няма куды кінуць вока, і мяне з хаўруснікамі, як і Клінава з ягонымі, цягнула ў блуканні па горадзе. Употайкі ад бацькоў, з самага ранняга ўзросту мы дабіраліся да праспекта, парка Чалюскінцаў, Камсамольскага возера, парка Горкага. Чыжоўка і Серабранка здаваліся нам краем свету, куды было вельмі складана і доўга дабірацца пры адсутнасці метро. Таму гэтыя раёны паўставалі ў нашай свядомасці збольшага міфамі, і міфамі змрочнымі.

Другім аўтарскім прыёмам, што стварае аб’ёмнае гучанне Падарожнай кнігі, з’яляецца кантраст паміж відавочнай любоўю аўтара да свайго места – і насмешлівай, задзірыста-іранічнай манерай “расшыфроўкі” савецкай архітэктуры і савецкіх ідэй. Бо кожнае дзяцінства, юнацтва жыве як бы ў сваім, перпендыкулярным дарослай рэчаіснасці горадзе. Выглядае, што Клінаў гэта ўбачыў значна пазней, калі пасталеў. Што і з’явілася асноўным штуршком да напісання гэтага неардынарнага твора.

Ну, і галоўнае, што “Падарожная…” – кніга найперш расшыфроўкі вобразу горада, яго ідэі, а ўжо ў другую чаргу – кніга асабістых успамінаў, якія далікатна і наўмысна адсунуты аўтарам на другі план. Бо каму было б цікавае мемуарнае нагрувашчванне падрабязнасцяў з дзяцінства і юнацтва мінскага мастака і пісьменніка? У асноўным блізкім людзям. А каму было б цікавае звычайнае разважанне пра сталічную архітэктуру? Пераважна спецыялістам. А вось сімбіёз першага і другога дае вынік узаемнага ўзмацнення. На парадак, на два парадкі пашыраецца кола чытачоў “Падарожнай…”, дзе горад ідзе ў звязку з жыццём чалавека.

iuzhyk.livejournal.com