Цяпер „Майстроўня“, „Талака“, „Тутэйшыя“ — нібы напаў-легендарныя назвы зь „цёмных вякоў“ беларускага нацыянальнага жыцьця зь-перад Адраджэньня канца 80-х.

Словы „Талака“ і „Тутэйшыя“ Vaš Suziralnik упершыню пачуў на палітінфармацыі супраць „нефармалаў“ у школе: там казалі, што гэты гатунак нефармалаў ёсьць шмат горшы, больш шкодны і небясьпечнейшы за ўсялякіх металіcтаў, панкаў, рокераў ды ўсе іншыя, таксама глыбока чужыя савецкай моладзі, маральна-палітычна непажаданыя элемэнты. Гэткія палітінфармацыі, ды гутаркі ў Менску пра разгон удзельнікаў Гуканьня Вясны 1986 году, толькі абвастрылі сярод вучнёўска-студэнцкай моладзі цікавасьць да тых даволі „экзатычных“ у, здавалася, дашчэнту проста-савецкім горадзе-героі Минске поглядаў, ідэяў і згуртаваньняў „нефармалаў“, маўляў, асабліва-небясьпечнага гатунку, што неўзабаве ператварыліся ў цэлую зьяву новага нацыянальнага адраджэньня. Аднак калыскаю бадай усяго будучага руху сталася яшчэ ў 1980 годзе „Майстроўня“. Як гэта сталася, адкуль запачаткаваўся новы беларускі нацыянальны рух — падзеі „цёмных вякоў“, 30-гадовы юбілей якіх прыпадае на гэты час, асьвятляюць Сяргей Дубавец і Вінцук Вячорка (viacorka ):

Сяргей Дубавец, „Гісторыя аднаго цуду: Вінцук Вячорка (1)“
— © 2010 „Радыё Свабода“
 

„…Да Майстроўні, да 1980 году ў Беларусі былі асобныя людзі і невялічкія групы людзей, якія хацелі бачыць сваю краіну нармальнай, беларускай, незалежнай і рабілі дзеля гэтага, што маглі. Усе яны йснавалі аўтаномна і пры тым усе адны адных ведалі. Мысьлілі па-дысыдэнцку, што надавала іх існаваньню паўлегальны закрыты характар. <…> Усё пачынае завязвацца ў адзін клубок. “Парнат”, мастацкая вучэльня, тэатральна-мастацкі інстытут з аднаго боку і філфак з журфакам з другога. Мастакі зь філёлягамі задумляюць разам публічна зладзіць Каляды, адрадзіць народны абрад на вуліцах Менску. <…> Майстроўня праіснуе некалькі гадоў і падзеліцца на мноства асяродкаў, якія ў адзін цудоўны дзень стануць групамі падтрымкі БНФ, а БНФ зробіць краіну незалежнай…“

 

suziralnik.livejournal.com