З нагоды выхаду перакладу навэлі Ёнаса Люшэра «Вясна барбараў».

Швайцарская навэля ў чароўным беларускім перакладзе сталася сапраўдным падарункам на завяршалыя год сьвяты. Беларускае чытацтва ня так часта пестуюць дыхтоўнымі тэкстамі, пагатоў перакладамі, таму чарговы пераклад Ірыны Герасімовіч варта ўспрымаць і як новую эстэцкую перамогу, і як перамогу рацыянальную, перакладніцкую, прафэсійную. Перакладніца ўжо сьмела і прынцыпова сьцьвердзілася на ніве перакладніцкай. Калі раней мы чакалі перакладаў зь нямецкай мовы пераважна ад Васіля Сёмухі, то цяпер мы іх чакаем яшчэ і ад Ірыны Герасімовіч. Цікава, што гэтым разам перакладніца скарысталася тарашкевіцай, на якой звычайна не працуе, але тут дзеля рэтрасьці ёй спатрэбілася, і вельмі ўдала і дамесца, тарашкевіца. Няхай толькі выкарастаная, як неабходны сродак, рэсурс, тарашкевіца, тым ня менш, паўстала з-пад пяра спадарыні Герасімовіч ува ўсёй сваёй зграбнасьці і поўнай сучаснасьці.

Дзякуючы перакладу нам адкрываецца непаўторны, удалы стыль маладжавага навэліста Ёнаса Люшэра, які віртуёзна ўжывае такую ўласьцівую навэлі тэхніку, як наратыўная эпаналепса, калі на пачатку і ў канцы тэксту амаль па-прароцку гучыць “Ты не пра тое пытаесься”. Прыгэтым ляпідарна замыкаецца кола наратыву, і чытачу прапануецца надалей самастойна разважаць пра прачытанае.

Філязофскія развагі пісьменьніка і падзеі ў навэлі можна ўспрымаць, як пэўную рэакцыю на глябалізацыю і аксэляраваньне жыцьця, ладу жыцьця заходнікаў перадусім, але і іншых культураў, якія зьвязаныя з Захадам аднымі путамі капіталізму. Літаратура – сацыяльны раман і фантастыка – здаўна цікавіцца тэмай развагаў і страхаў чалавека на мяжы барбарыі і цывілізацыі, жывёльнага і сацыяльнага, і магчымымі варыянтамі разьвіцьця сутыкненьняў ці канфліктаў паміж гэтымі станамі.

Навэліст малюе сытуацыю, калі раптам рынулася брытанская фінансавая сыстэма і, як golden boys і golden girls зь лёнданскага City раптам сталі нікім. Беларусам і зусім нават не golden ужо вядомая і насамрэч вядомая падобная сытуацыя, калі рынулася i не аднойчы беларуская фінансавая сыстэма, таму тэкст ня проста прарочы, але і вельмі зразумелы і актуальны ў Беларусі. Зусім нядаўна беларусы зноў сталі на некалькі дзён ахвярамі падобнай крызы і ператварыліся па волі дзяржавы ў жывёлаў, брутаў і хапугаў. Можна толькі ўявіць маштаб жывёльнасьці, дзікунства ў іншай і больш заможняй краіне.

Нездарма аўтар пераносіць нас у Тунэзію і разьвівае сытуацыю на мяжы тунэзійскага і брытанскага, швайцарскага, усходняга і заходняга. Нездарма і назва навэлі “Вясна барбараў”. Тут можна пабачыць паралелі з нядаўняй арабскай вясной, але гэтым разам размова якраз не пра тунэзійцаў ды арабаў наагул, а якраз пра сапраўдных барбараў — заходнікаў.

Да ўсяго надзвычай тонка аўтар дэманструе амальгамнасьць і бязгусьціцу, уласьцівую многім заходнікам і цэлай турыстычнай прамысловасьці Захаду, якія ўпарта ганяюцца за экзотыкай і аддаляюць чалавека ад аўтэнтыкі.

Ня будзьма забываць, што на сяньняшні дзень нашыя перакладнікі – гэта своеасаблівыя жаўнеры на моўным фронце. Пераклад – ня толькі складаная і Сызыфава праца, але яшчэ цудоўны мэханізм і нават часам зброя, якая абараняе і спрычыньвае культуру, мову да сучаснага.

Нічога падобнага раней не выходзіла ў Беларусі – ані з-пад пяра мясцовых аўтараў, ані з-пад пяра перакладнікаў, таму гэтая навэля – цудоўная філязофская залацінка, поўная гумару, але і елкасьці, калі прызадумацца.

Як у чытача ў мяне няма пытаньняў да перакладніцы. Хіба крыху аднаго разу мяне зьдзівіла вельмі наркамаўскае тут слова “брокерша” замест больш натуральнага тарашкевічанскага “брокерка”, але ў астатнім кожнае слова кропелькай прыгожа і суладна сьлізгала ў бурлівую раку тэксту.

Ня будзьма забываць, што на сяньняшні дзень нашыя перакладнікі – гэта своеасаблівыя жаўнеры на моўным фронце. Пераклад – ня толькі складаная і Сызыфава праца, але яшчэ цудоўны мэханізм і нават часам зброя, якая абараняе і спрычыньвае культуру, мову да сучаснага. Без перабольшваньняў пераклад, асабліва ў Беларусі, – гэта палітыка і змаганьне. У краіне, дзе няма ніякай моўнай палітыкі, дзе няма такога панятку, як «моўная бясьпека», якраз пераклад і перакладнікі ды перакладніцы забясьпечваюць, хаця б часткова, гэтую самую бясьпеку.

Таму застаецца толькі падзякаваць перакладніцы, якая наблізіла нас да актуальнага і эстэцкага, і падарыла нам такое цікавае і мудрагелістае чытво. Перакладніцы, дзякуючы якой, беларусы аднымі зь першых у Эўропе ды сьвеце маюць магчымасьць прачытаць цудоўны тэкст швайцарскага пісьменьніка. Бо нароўні з ангельскай і расейскай тэкст зьявіўся адначасова і па-беларуску.