Снежань – месяц падсумаванняў. Усе падбіваюць рахункі, што зрабілі за год, шкадуюць пра тое, чаго здзейсніць не ўдалося. Абяцаючы, зрэшты, у хуткім часе выправіць становішча.

Кніга года-2011 па версіі часопіса “Маладосць”

Снежань – месяц падсумаванняў. Усе падбіваюць рахункі, што зрабілі за год, шкадуюць пра тое, чаго здзейсніць не ўдалося. Абяцаючы, зрэшты, у хуткім часе выправіць становішча. Гэтую псіхалагічную схільнасць чалавека пераймаюць і медыі: традыцыйна ў кожнай галіне з’яўляюцца спісы найяскравейшых падзей, найбольш заўважных на працягу года асобаў. Не пазбаўлены падобнай тэндэнцыі і літаратурныя перыядычныя выданні. Сёння “Маладосць” прапаноўвае свой top-10 кніжных падзей 2011 года. Мы вырашылі падзяліць іх, у адпаведнасці з даўняй традыцыяй падобных рэйтынгаў, на дзве часткі:fiction (літаратурна-мастацкія выданні) i non-fiction (літаратура факта, біяграфіка, навуковыя і навукова-папулярныя выданні).

Fiction

1. Чэслаў Мілаш. “Збор твораў. У 4 т.: “Выратаванне”, “Зямля Ульра”, “Даліна Ісы”, “Родная Еўропа”.

Першае месца трэба аддаць сёлета кнізе перакладной. Чатыры густоўна выдадзеныя тамы паэзіі, прозы і эсэістыкі выдатнага польскага пісьменніка Чэслава Мілаша – праект года. Том вершаў збольшага паўтарае ранейшыя выданні, але тры астатнія – цалкам свежы перакладчыцкі плён. Адзін з найлепшых стылістаў і чуйных мысляроў Еўропы, грамадзянін Вялікага Княства наблізіўся ўрэшце да беларускага чытача

2. Антон Францішак Брыль. “Не ўпаў жолуд”.

Гэтая тонкая кніга з паўтара дзясяткамі вершаў і дзвюма маленькімі паэмамі абяцае зрабіць у беларускай паэзіі маленькі выбух. Матэматык Антон Францішак Брыль, знаўца стараанглійскай і познелацінскай паэзіі, пісаў яе ледзь не дзесяць гадоў. Кожнае слова ў творы – дакладнае, трапнае; рыфмы – свежыя, роўны рытм. У беларускай паэзіі, хворай на разбэрсанасць і рэлятывізм, з’явіўся неакласіцыст

3. Макс Шчур. “Ліст, знойдзены на папялішчы”.

Дэбютная празаічная кніга Макса Шчура, якая таксама доўга збіралася аўтарам, усё ж дайшла да чытача. Творы кнігі – абсалютна разнапланавыя – напісаны ў розным рытме: ад медытатыўнага да скорапісу плыні свядомасці. Недзе аўтар гуляе ў постмадэрн, недзе ў мадэрн, недзе ў рэалізм, і па прачытанні застаецца няўлоўнае адчуванне таго, што гулялі менавіта з табой. Ні на каго не падобны аўтар, пражскі затворнік, у чарговы раз агаломшыў прыхільнікаў свайго таленту.

4. Алесь Разанаў. “І потым нанава пачаць”; “З Вяліміра Хлебнікава”, “Der Mond Denkt, Die Sonne Sinnt” (“Месяц думае, сонца разважае”).

Мэтр беларускай паэзіі сёлета завершыў выданне своеасаблівага збору твораў. Праўда, пра заканчэнне чаго-кольвек, маючы на ўвазе Разанава, гаварыць складана: ён дагэтуль працягвае здзіўляць. Магчыма, у наступным годзе нас чакае яшчэ некалькі яго новых кніг – хто ведае? У 2011-м жа створаны прэцэдэнт у беларускай кніжнай справе: выдадзены збор вершаў беларускага паэта на нямецкай мове.

5. Эдгар По. “Маска Чырвонае Смерці: выбраныя навелы, вершы, эсэ”.

Калектыў з 19 перакладчыкаў даказаў, што, калі моцна захацець, можна і класіку перакласці. Да нядаўняга часу класічных аўтараў у нас перакладалі вельмі неахвотна, а такіх культавых, як Эдгар Алан По – і пагатоў. Мяркуйце самі: дзе Рабле, Сервантэс, Бадлер і Рэмбо? Кніг такіх няма, я ўжо не кажу пра навуковую іх падрыхтоўку. Але першая ластаўка ў выглядзе “безумного Эдгара” прыляцела. У планах маладых перакладчыкаў (і нельга гэтаму не парадавацца) – зборнік аповедаў Конан Дойла пра Шэрлака Холмса.

6. Андрэй Федарэнка. “Мяжа”.

У новую кнігу празаіка Андрэя Федарэнкі ўвайшоў аднайменны раман і збор апавяданняў апошніх гадоў. Як буйны фармат, так і малы – аднолькава падуладныя аўтару. Раман – нестандартны (а ці можа ён у ХХІ стагоддзі быць стандартным?), падобны да самавыкрывальніцкай прозы позняга Зошчанкі. Апавяданні – класічныя; іх таксама можна параўноўваць з Мапасанам і Чэхавым, але навошта? Хіба Мапасан вудзіў рыбу каля наскрозь пракамарэлай канавы? Не, не вудзіў. І не ведае, што гэта такое. А Федарэнка ведае, і нам расказвае так, што пачынаеш пляскаць сабе па спіне, чуючы дзынчэнне.

7. Ігар Кулікоў. “Паварот на мора”.

Першая кніга Ігара Кулікова адразу прыцягнула ўвагу аматараў беларускай паэзіі. Лінгвіст і пралетар-метрабудавец, Кулікоў зазірае ў самыя архаічныя пласты славянскіх моваў, спрабуючы вылушчыць з іх схаваныя ці забытыя эйдасы. Эмацыянальны тон кнігі – хутчэй агрэсіўны, чым спакойны. У хаосе моўнай шматзначнасці Кулікоў адчувае сябе як рыба ў вадзе. Назіраць за наступным ростам маладога паэта будзе надзвычай цікава.

8. Віктар Слінко. “Арахна”.

Трэцяя кніга вядомага паэта-мадэрніста. Другая выйшла ў 2001 годзе, таму новая чакалася даўно. Рэдкія публікацыі Віктара Слінко заўсёды прыцягвалі ўвагу. Яго адметны паэтычны почырк спачатку параўноўвалі з разанаўскім, але пазней прамыя адсылкі зніклі і цяпер Слінко – цалкам самабытны аўтар. Разгалістыя метафары і метафізічныя празарэнні паэта даступныя ў выглядзе гожага і даволі аб’ёмнага зборніка.

9. Іван Лагвіновіч. “Элегія палескага матыля”.

Іван Лагвіновіч, выбавіўшыся нядаўна ад зямных турбот, застаўся тэкстам, які сёння і належыць прачытаць — бо выйшла яго апошняя, пасмяротная кніга «Элегія палескага матыля». У пасмяротны зборнік, складзены Леанідам Галубовічам і Анатолем Сідарэвічам, увайшлі новыя вершы, а таксама выбраныя творы з папярэдніх кніг Лагвіновіча: «Разлук выраёвых», «Ляда юдолі», «Палыновых кветак», «Далёкага і блізкага», «Піліпаўкі». Падбіралася, зразумела, самае лепшае. У прыватнасці, добра паказана майстэрства: гнуткасць радка, метафара, параўнанне. Сілаба-тоніка Лагвіновіча і праўда выканана ў лепшых традыцыях класічнай, традыцыйнай «ціхай» лірыкі.

10. Герман Гесэ. “Стэпавы воўк”.

Майстэрства Васіля Сёмухі вядома кожнаму знаўцу айчыннага пісьменства. Арэол “Фаўста” да сённяшняга дня ахутвае вядомага перакладчыка. Мала хто ведае, што спадар Васіль працягвае плённа працаваць. Зусім нядаўна выйшлі яго перастварэнні В. Гамбровіча, М. Марон, Э.-Т.А. Гофмана. Сёлета мэтр парадаваў кнігай Германа Гесэ. Культавы раман культавага аўтара, “Стэпавы воўк” распавядае пра глыбіні чалавечай свядомасці і пошукі сапраўднага “я”.

Non-fiction

1. Адам Бабарэка. Поўны збор твораў. У 2 т.

Гэта, бясспрэчна, кніга году. Фундаментальнае выданне, падрыхтаванае Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, і перш за ўсё Віктарам Жыбулем, упрыгожвае цяпер паліцу кожнага філолага. Адам Бабарэка – філосаф, крытык, удзельнік літаратурнага руху 1920-х, рэпрэсаваны выгнанец, добры сын, муж і бацька паўстае са старонак двухтомнага выдання ва ўсёй шматаблічнасці і ў той жа час цэльнасці сваёй асобы. Рукапісы яго доўга чакалі свайго Шампальёна. Асаблівая рэч і па сутнасці асобная кніга ў кнізе – каментарыі ўкладальнікаў. Такога аб’ёму і вычарпальнасці айчынная кнігавыдавецкая дзейнасць, бадай, не ведала ніколі. Тысячы старонак тэксту і сотні старонак каментароў – чытанне для спакушаных таямніцамі сапраўднай гісторыі літаратуры, дзе па-ранейшаму мора загадак і непарушаных міфаў.

2. Энцыклапедыя “Максім Багдановіч”.

Трэцяя персанальная энцыклапедыя (пасля “Янкі Купалы” і “Францыска Скарыны і яго часу”) – сапраўдны падарунак для ўсіх чытачоў вечна маладога песняра. Тут змешчана практычна ўсё, да чаго меў дачыненне Багдановіч пры жыцці і набыў па смерці – прызнанне ў мастакоў, музыкаў, філосафаў. Ёсць і асобны артыкул “Багдановіч і інтэрнэт” – ці мог пра гэтыя рэчы думаць класік? Думаецца, каб ён сёння жыў тут, стаў бы актыўным карыстальнікам.

3. “Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы. Кн.2. Ч.1.”; “Інстытут беларускай культуры. 1922–1928 : дакументы і матэрыялы”.

Гэта, на жаль, апошнія работы, у якіх прымаў актыўны ўдзел светлай памяці Віталь Уладзіміравіч Скалабан. Структура зборнікаў крыху розніцца: “Купала і Колас” наследуе традыцыі кісялёўскай школы, дзе дакументы размяркоўваліся паводле асобных “сюжэтаў”. Матэрыялы Інбелкульта папросту пададзены ў пераліку. Абедзве кнігі – важнейшая распрацоўка нашай дакументалістыкі. У адценнях і недагаворанасцях, якія задаюць архіўныя матэрыялы, хаваецца не менш прасторы для роздуму, чым у якім-кольвек літаратурным творы.

4. Ян Максімюк. “Словы ў голым полі”.

Кніга напаўзабытых тэкстаў вяртае ў 1990-я, дзіўны час паўставання новых сэнсаў і перараскладання культурных сістэм. Крытыка Максімюка пісалася на еўрапейскім узроўні, ягоны пераклад “Уліса”, наскрозь міфалагічнага, сам міфалагізаваўся – толькі першая частка джойсаўскага твора была апублікаваная. “Словы ў голым полі” – кніга адкрытая для размовы, тут няма адзіна правільных пастулатаў, няма акадэмічнай літаратуразнаўчай сістэмы класіфікацый і перыядызацый. Але тут ёсць сваё. Тое, што так лёгка вычышчаецца ў журналісцкай мітусні – захавалася.

5. Беларуская мемуарная бібліятэка (Вып.1: Аляксандр Стагановіч “Успаміны пасла”. Вып.2: Яўстафій Янушкевіч “Успаміны (1805-1831)”).

Даўно неабходная рэч нарэшце з’явілася: выдавецтва “Лімарыус” распачала “Беларускую мемуарную бібліятэку”. Мемуарыстыка дагэтуль у Беларусі застаецца ці не найменш вывучанай галіной, пры ўсім тым, што ў савецкі час зборнікі ўспамінаў і асобныя публікацыі мемуарнага кшталту з’яўляліся досыць рэгулярна. Першыя ластаўкі новай кніжнай серыі – кнігі Аляксандра Стагановіча і Яўстафія Янушкевіча, абсалютна розныя паводле зместу і прадмету адлюстравання, аднак падрыхтаваныя на прыкладна аднолькавым (вельмі высокім) навуковым узроўні.

6. “Міждысцыплінарныя даследаванні актуальных праблем тэорыі літаратуры”.

Чарговы зборнік акадэмічнага аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры дае магчымасць паглыбіцца ў нетры сучаснага літаратурнага працэсу. Тэорыя ў Беларусі – амаль непрыкметная, яе нібыта няма. А тым часам усё новыя і новыя калектыўныя кнігі (“Літаратура пераходнага перыяду”, “Чалавечае вымярэнне ў сучаснай беларускай літаратуры”) і аўтарскія манаграфіі (напрыклад, “Паэтыка беларускай літаратуры” Я. Гарадніцкага), што на працягу апошніх гадоў выходзяць з-пад пяра айчынных тэарэтыкаў, выклікаюць толькі захапленне і павагу.

7. Д. Дзятко, С. Шахоўская. “Беларускае мовазнаўства: дысертацыі па беларускай мове, абароненыя ў Рэспубліцы Беларусь (1990-2010)”.

Шыкоўны падарунак для ўсіх беларусістаў – 319 дысертацый, падрабязна апісаных аўтарамі-моваведамі. Усе мовазнаўчыя даследаванні, што падаваліся да абароны ў Вышэйшую атэстацыйную камісію за апошнія 20 гадоў, былі абагульнены, сістэматызаваны, каталагізаваны і цяпер даступныя для чытача. Даведнік, зручны ў карыстанні, але – амаль рарытэтны. Тыраж – усяго 120 асобнікаў. І гэта ў нейкім сэнсе таксама дадае кнізе вартасці.

8. Увэ Рада. “Галасы Панямоння”.

Выключная з’ява, калі краязнаўчую кнігу вырашае напісаць замежнік. Немец Увэ Рада сваім прыкладам паказвае, як старую тэму можна паказваць па-новаму. Ён апісвае не горад ці вёску, раён, вобласць. Ён апісвае раку. Нёман паўстае ўва ўсёй велічы сваёй тысячагадовай гісторыі. Для ракі не існуе межаў, як і для часу: аўтар вядзе гаворку пра бітвы і прымірэнні, пра беларусаў і палякаў – і ўсё гэта злучае ў адно бацька-Нёман. Папулярна напісаная, але нагружаная вялікай колькасцю малавядомых фактаў кніга.

9. Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў. “Расійска-беларускі слоўнік”.

Які аматар беларускага слова, займеўшы нарэшце факсімільнае выданне “Беларуска-расійскага слоўніка” Некрашэвіча-Байкова, не шкадаваў аб адсутнасці адваротнага выдання! Некаторыя нават і ведалі, што такі слоўнік існаваў, але арыгінальны варыянт 1920-х гг. знайсці было амаль немагчыма – настолькі рарытэтная была рэч. І вось сёлета кнігалюбы, фанаты-мовазнаўцы і аксакалы-пурысты мелі радасць: пад рэдакцыяй Сяргея Запрудскага, дбайна вычытаны і папраўлены, “Расійска-беларускі слоўнік” стаў адным з самых папулярных выданняў на беларускай мове. Тыраж яго імкліва разыходзіцца. Магчыма, у 2012-м слоўнік выйдзе ў трэці раз.

10. Алесь Тарановіч. “Берлінская мазаіка”.

Вельмі рэдкія ў нашай літаратуры тэксты на, скажам так, небеларускія тэмы. Кніга беларуса Алеся Тарановіча пра свой улюбёны горад Берлін адразу стала заўважнай. Аўтар, доўгія гады жывучы за мяжой, выдатна вывучыў многія аспекты тамтэйшай рэчаіснасці і з непадробнай шчырасцю распавядае пра плюсы і мінусы эміграцыі. Мінусаў надзвычай шмат, і якраз на іх акцэнтуецца ўвага. Аднак ёсць і бясспрэчныя перавагі: калі незнаёмы горад становіцца тваім, то і ты ўжо перастаеш быць чужым для яго – становішся фрагментам вялікай гарадской гісторыі.

Маладосць. — 2011. — №12