Алесь Бычкоўскі. «Анамалія». Фантастыка. «Галіяфы», 2012.

 

Фантастычны тэкст нараджаецца пры перасячэнні трох немагчымых: немагчымае месца, немагчымы час і немагчымая рэч у падкрэслена рэалістычным асяродку. Такім чынам, у кнізе Алеся Бычкоўскага нараджэнне немажлівага робіцца ўрэчаісненым: аўтар умее ўбачыць цуд у звыклым і будзённае ў неверагодным. Часам, праўда, здаецца, што з’яўленне серыі «Калекцыя беларускай фантастыкі» ў беларускай прасторы — падзея сама па сабе фантастычная, хоць усе творы з кнігі «Анамалія» друкаваліся ў часопісе «Маладосць».

Банальныя сумесныя вучэнні войскаў (аповесць «Анамалія» пачынаецца з яскравага эпізода армейскай руціны) прыводзяць у іншы час, і пакуль чытачы будуць суправаджаць героя ў яго выпадковым падарожжы, літаратуразнаўцы з задавальненнем зафіксуюць чарговы зварот маладых аўтараў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны (мы ж памятаем надакучлівы стэрэатып «беларуская літаратура — пра вайну і вёску»). Жахі вайны ў такім кантэксце нібыта падкрэсліваюць: выратаванне з тых умоў магчымае толькі ў фантастычных варунках.

Фантастычныя ўмовы не адмяняюць галоўнага: фізічна ўдасканаленыя людзі з процьмай імплантаў у розных частках цела, людзі, якія валодаюць найсучаснымі тэхналогіямі, заўсёды застаюцца людзьмі: яны прагнуць улады і грошай, выяўляюць бязлітаснасць да наяўных паплечнікаў і аслабелых ворагаў. Амбітныя і сквапныя, хлуслівыя і помслівыя, людзі ніколі не стануць шчаслівымі самі, а зрабіць іх шчаслівымі прымусова таксама немагчыма. І адзінае, што можна зрабіць з чалавецтвам, — гэта альбо знішчаць яго (у апавяданні «Муары Лідлу» распавядаецца, што на новых планетах ёсць нават алгарытм пакарання хцівых прыхадняў, у якім натуральным чынам удзельнічаюць незвычайныя мясцовыя істоты), альбо адмежавацца ці нацкаваць людзей саміх на сябе («Скарпіёны Даўра»), альбо пазбавіць людзей тэхнічных магчымасцяў распаўсюджваць сваю агрэсію («Дзень імператара»).

На ўзбочыне фантастычнага кірунку гэтай кнігі знаходзяцца два апавяданні — «Ён прыйдзе апоўначы» і «Хвалі. Бязмежная плынь», якія, зрэшты, то з лёгкім гумарам, то са светлым сумам апавядаюць пра чалавечае шчасце (і няшчасце). Кожны чалавек з’яўляецца адначасова і кавалём свайго лёсу, і яго марыянеткай, але можна натхнёна змагацца за жыццё або грунтоўна вытлумачаць уласную бяздзейнасць, бо, як вядома, «хвалі ўзнікаюць дзякуючы таму, што заўжды ёсць той, хто назірае зверху і шпурляе ўніз камяні»…