Ад паэта да графамана ў некаторых выпадках адзін крок: атрымаўшы першыя ўхвальныя водгукі, асобныя літаратары лічаць, што зацуглялі Пегаса на векі вечныя. І незаўважна для сябе саміх спускаюць свайго крылатага каня ў мясарэзку і гоняць-гоняць паэтычны «фарш». На фоне гэтых майстроў «каўбаснага жанру», да колькасці і актыўнасці якіх паціху прывыкаеш, выгадна вылучыўся Леанід Галубовіч, які некалі ў 50 гадоў абвясціў, што больш не будзе пісаць вершы.

Паэзія і ўзрост — наогул складаная тэма. Памятаю, як неяк малады крытык адчайна і катэгарычна адмаўляў сталым паэтам у жаданні кахаць. Але праблема мне бачыцца не столькі ў каханні, колькі ў тым, што ўваходзіць у іншы ўзрост прыгожа — гэта таксама талент.

І вось у 62 гады ў Леаніда Галубовіча выйшлі «вершы пасля вершаў», творы, якія альбо не маглі быць напісаны ў маладзейшыя гады, альбо былі б напісаны інакш, альбо інакш успрымаюцца (у 62 гады каханне сапраўды «да дамавіны»).

Лірычны герой Л. Галубовіча аказваецца ў тым узросце, калі бацькі, многія сябры і аўтарытэты ўжо там , а ён яшчэ тут. І герой пачынае прымервацца да сваёй будучыні, без страху, без трымцення («Калі ж пакарае Гасподзь — і жыць буду доўга»), без лішняга спадзеву («А дзе складзена жыццё — забуцвее забыццё»), натуральна і недзе нават па-гаспадарску:

Усе мае лепшыя вершы

Са мною павінны памерці,

Калі ж я сканаю першы,

То вы ім паверце («Усе мае лепшыя вершы».)

У вершах шмат рэфлексіі: лірычны герой зразумеў жыццё, ён больш не робіць чароўных памылак маладосці, і ў гэтым ёсць набліжэнне да ісціны, аб’ектыўнай і немастацкай: «І як ні рыфмуй, як страфу ні вяршы, — выходзіць банальна й занадта цвяроза»(«Ну, вось і Купалаў я век перажыў…»).

І вось ужо, здаецца, усё зразумела. Можна сесці і чакаць фіналу:

Лыжка за лыжкай,

як дыетычную страву, —

без жадання —

з’ядаю сваё жыццё («Хвіля за хвіляй»).

Для сталага чалавека жыццё не рыхтуе сюрпрызаў, ён ведае: можа быць так, вось так альбо гэтак. Усё прадказальна. І самае цікавае ў гэтым узросце — сам чалавек:

«Ты абсалютна абмежаваны

чалавек, —

Кажа мне жонка, —

І тут табе нецікава,

і туды ты ехаць не хочаш,

І нічога, апроч сябе,

ты не бачыш…»

Дык і праўда ж,

Самае невядомае

для мяне — гэта я сам.

(«Ты абсалютна абмежаваны чалавек».)

У чарговы раз з новай сілай паўстае пытанне, якое муляе таленавітаму чалавеку на працягу ўсяго жыцця: жыць нармальна, як усе, ці гарэць у творчасці?

Проста жыцця па-за сэнсам

прагла душа, як збавення… («так я сыходзіў ад вершаў…»)

Але пытанне «Жыць ці гарэць?» у 20 гадоў — абстрактная забаўка, а ў 60 — творчае гарэнне можа мець канкрэтныя наступствы:

памятаю, ваенны хірург

буднічна чаканіў мне:

спакой —

аснова жыцця,

і вядомы крытык,

Што рана сышоў

Запальна-горычна выдыхаў мне ў самае вуха:

Спакой згубны для творцы («Памятаю, ваенны хірург…»)

А чым з’яўляецца творчасць для лірычнага героя Леаніда Галубовіча? Гэта слова, якое «вымкнула» з-пад улады Бога, гэта слова, забранае ў Бога («Беспрытульныя словы»). І ў такім кантэксце творчасць выглядае не проста эмацыйным узрушэннем, але яшчэ і своеасаблівым грахом.

Лірычны герой пачынае абыходзіцца з талентам і творамі па адпаведным сцэнары: ён раздзяляе талент — як нешта дадзенае і нязменнае — і сам працэс стварэння тэкстаў, які мусіць быць пад кантролем пісьменніка:

Калі паэт класічна запівае

Альбо паэтка ў трыццаць

зацяжарыць,

То кожны з іх міжволі забывае,

Што спальвае на ўсчыненым

пажары

Не талент свой,

А волю ім валодаць. («Калі паэт класічна запівае…»)

Паняцці волі і сілы волі важныя не толькі для паэзіі Галубовіча, але і для яго лёсу, прыватнага і прафесійнага. За тыя дзесяць гадоў, што не пісаліся вершы, Леанід Галубовіч стаў такім крытыкам, чые артыкулы чыталі нават тыя, хто мала цікавіўся літаратурай наогул. Ён не разменьваўся на графаманаў і быў дастаткова зацятым, каб выцягнуць з небыцця і затрымаць на гэтым свеце памяць пра паэтаў, якія не змаглі апанаваць свае страсці і ўзяць пад кантроль свой талент. Але гэтая ўлада над сабой Л. Галубовічу таксама давалася нялёгка: «І дух мой цела так скрамсаў…» («Нада мною».)

Місію паэта Леанід Галубовіч памяняў на місію крытыка, каб зноў вярнуцца… у паэзію. Дакладней, каб стаць на мяжы паміж жывымі і памерлымі («А той і гэты свет не адгародзіш строга»), паміж памяццю і забыццём, паміж жаданнем пісаць вершы і імкненнем гэтае жаданне задушыць, паміж пакаленнем класікаў і пакаленнем маладых аўтараў.

Быць мосцікам, які звязвае тых і гэтых, — яшчэ адно пакліканне
Л. Галубовіча. Тады становіцца зразумелым, чаму прадмову да кнігі напісаў Ціхан Чарнякевіч. Так, ён адзін з самых таленавітых крытыкаў свайго пакалення, але гэтае пакаленне па ўзросце пасуе
Л. Галубовічу ў дзеці. Калі аўтар сам сабе эксперт, калі мала засталося аўтарытэтаў, то ўжо не прадмова выступае для падтрымкі вершаў, а вершы — для падтрымкі прадмовы, для «легалізацыі». І бачыцца ў гэтым такое свята творчай непыхлівасці і мастацкай пераемнасці: прадстаўнік старэйшага пакалення пры сваім жыцці дае месца і прызнанне прадстаўніку маладзейшага пакалення.

Л. Галубовіч канцэптуальны ў кожным сваім літаратурным кроку: яму стае сілы волі, каб спыніцца
і агледзецца, каб пераадолець інерцыю творчасці, бо менавіта ў такіх умовах адбываецца выхад на новы ўзровень.

* Кніга прадастаўлена Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі
(г. Мінск, пр. Незалежнасці, 116).