У сёлетнім №11 часопіса «Маладосць» вока зачапілася за твор Валерыя Гапеева «Доказ закона прыгажосці». Гэтую, як пазначыў сам аўтар, «аповесць для старшакласнікаў» я прачытаў вельмі хутка і застаўся ў пэўным збянтэжанні.

Звычайная жыццёвая гісторыя юначае прагі да атрымання сэксуальнага досведу. Пабольш рамантычнасці. Паменш цынізму. Плюс яго вялікасць Інтэрнэт з форумам і аськай як фактычна адзін з немалаважных герояў твора. І ілюзія абавязковага хэпі-энду. І рэзкаваты паварот ад яго.

Чытаць было цікава. Усё-ткі мне даводзіцца працаваць і з той узроставай групай, пра якую піша Валерый Гапееў. Таму між волі я параўноўваў вобразы герояў аповесці з рэальнымі школьнікамі. І вось тут мяне ўсю дарогу адольвалі супярэчлівыя эмоцыі. Не ва ўсіх сітуацыях галоўныя героі — старшакласнікі Кацярына і Юрый — мне нагадалі кагось з маіх вучняў таго ж узросту. Можа быць таму, што пісьменнік больш увагі надзяліў канструяванню іх унутранага свету і амаль праігнараваў вонкавы кшталт іх паводзін. З прычыны гэтай незраўнаважанасцямі Каця і Юра здаюцца занадта дарослымі. Зрэшты, Аксана Бязлепкіна ў чарговы раз можа мяне ўпікнуць і сказаць, што я проста слаба разбіраюся ў юначай псіхалогіі. Мо’ яно і так. Але чыннік суб’ектыўнасці ўспрыняцця ніхто не скасоўваў. Гэта тычыцца і навакольнай рэчаіснасці, і рэчаіснасці літаратурнага твора.

Праўда, ці не большае здзіўленне выклікала наяўнасць у тэксце ладнай колькасці русізмаў і калькаў з рускай мовы. Не хочацца верыць, што гэта свядомы выбар аўтара. Можа быць гэта творчы прыём, каб наблізіць твор да трасянкава-рускамоўнай рэальнасці тыповага беларускага горада? Ці каб палегчыць успрыняцце твора тымі самымі старшакласнікамі? Але цікава, колькі з іх прачытае «Доказ закона прыгажосці»? Спадзяюся, што ўсё ж болей, чым індывідуальных падпісчыкаў «Маладосці».

 

balachon.livejournal.com