У 2002 годзе ў першым нумары альманаху «pARTisan» мастацтвазнаўца Вольга Капёнкіна разважала пра стан сучаснага беларускага мастацтва. У прыватнасьці, яна адзначала, што беларускі мастак на міжнароднай сцэне «не нясе ніякага яснага выказваньня, нічога не абвяргае й не сьцьвярджае».

 

За гэтым, паводле меркаваньня Вольгі, хаваецца пустата «ідэалягічнае зоны, зоны-двайніка», якою зьяўляецца сёньня Беларусь як былая савецкая правінцыя.

У гэтай прасторы мастак пачуваецца качэўнікам, і ў той жа час кантэкст становіцца глебаю для ягонай творчасьці. У якасьці прыкладу Вольга прыводзіць праект «Партызанскія галерэі» Ігара Цішына. Іншы аўтар, на якога яна спасылаецца, — Ігар Саўчанка, які зьвяртаецца да тэмы рэфлексіі над кантэкстам як да праблемы ідэнтычнасьці, што фармуецца ў прасторы «паміж зацьверджанымі сэнсамі, уяўленьнямі, мітамі», здольнай у будучыні ператварыцца ў мэтафізычнае памежжа Ўсходняе Эўропы.

АД ПАМЕЖЖА ДА СУЧАСНАСЬЦІ

Дзесяць гадоў таму Беларусь як памежжа разглядалі ня толькі мастацтвазнаўцы, але і філёзафы. Самым актыўным прыхільнікам гэтага канцэпту быў Ігар Бабкоў. У ягоным разуменьні, памежжу ўласьцівая асаблівая этыка, якая дазваляе адмовіцца як ад пазыцыі дамінаваньня, альбо панаваньня, гэтак і ад пазыцыі падначаленага, альбо прыгнечанага. Праблема гэтага панятку, аднак, палягала ў тым, што ён разглядаўся як супрацьлегласьць моцнай суб’ектыўнай пазыцыі, у якой беларусы сябе асэнсаваць пакуль што не маглі, маючы вакол мацнейшых Іншых: Расею й Заходнюю Эўропу. Пераадольваньне ж гэтае пазыцыі лёгка было абвесьціць, але цяжка ажыцьцявіць. Менавіта таму ў першае дзесяцігодзьдзе ХХІ ст. набірае моц новы вызначальны для арт-працэсаў у Беларусі панятак — панятак сучаснасьці.

Сучаснасьць, як пісаў яшчэ ў 80-я гады ХХ ст. М. Фуко, мусіць разумецца не як гістарычная эпоха, а як устаноўка. Вырашальным для яе зьяўляецца тое, што яна «адразу адзначае нашую датычнасьць да цяперашняга моманту й паўстае як нейкае новае заданьне» [1].

Калі мадэрнісцкае мастацтва, якое нарадзілася ў другой палове ХІХ ст. як новая парадыгма культуры наогул, ставіла сваёй задачаю прадвызначыць правілы як арганізацыі самога твору, гэтак і ягонага функцыянаваньня ў грамадзтве, то сучаснае мастацтва як пэўны спосаб стаўленьня да актуальнасьці й нават павышаная адчувальнасьць да яе ператварыла само сябе ў адкрытую дыскурсіўную прастору, што бесьперапынна фармуецца паміж прадметамі, людзьмі і, самае важнае, паміж мастаком і публікаю.

У гэтым сэнсе сучаснасьць, як і памежжа, парушае дачыненьні панаваньня й падпарадкаваньня, але не адмаўляе суб’ектнасьці, якая прымае выгляд адчувальнасьці да таго, што цяпер адбываецца.

Той, хто валодае гэткай адчувальнасьцю, зь лёгкасьцю ператварае пэрыфэрыю ў цэнтар (і наадварот), бо размаўляе на адной мове са сваімі раскіданымі па ўсім сьвеце сучасьнікамі.

З качэўніка ён пераўтвараецца ва ўдзельніка адкрытае супольнасьці, сутнасьцю якой сучасныя філёзафы называюць ня згоду, а рознагалосьсе, альбо дысэнс, які парадаксальным чынам дазваляе быць разам. Разам такім чынам аказваюцца тыя, хто ня згодны з дамінантнымі ў грамадзтве й культуры правіламі гульні, ці то эканамічнымі, ці то палітычнымі, ці то сымбалічнымі, і хто гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за вызначэньне новых правілаў, бо бязь іх ня можа існаваць ніводная супольнасьць. У якой жа ступені аказваюцца здольнымі ўступаць у гэткую супольнасьць дысэнсу беларускія мастакі?

НОВАЯ ГЕНЭРАЦЫЯ СУЧАСНАГА БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА

У апошнія гады нулявых на сцэне беларускага мастацтва зьяўляецца новая генэрацыя аўтараў, якой не было дзесяць гадоў таму. Хтосьці зь іх, як Марына Напрушкіна, жыве ў Бэрліне. Хтосьці, як Сяргей Шабохін, Жана Гладко, Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава, зьвязаныя зь менскаю галерэяй «Ў». Хтосьці, як Андрэй Лянкевіч, перамяшчаецца ў міжнароднай прасторы й заражае сваёю мабільнасьцю шматлікіх прыхільнікаў (фатограф лёгка зьбірае на свае выступы ў Менску 150 чалавек).

Гэтым мастакам у асноўным крыху болей за трыццаць, але яны ня раз ужо паказалі сябе ў межах індывідуальных і калектыўных праектаў у Беларусі й за яе межамі. У новае дзесяцігодзьдзе ХХІ стагодзьдзя дакумэнтацыя іхных працаў увайшла адразу ў некалькі выданьняў: «Радыюс нуля: анталёгія арт-нулявых» (рэд. А. Жгіроўская, В. Шпарага, Р. Вашкевіч) і мультымэдыйная энцыкляпэдыя беларускага сучаснага мастацтва «Suchart» (сумесны праект 34mag.net і ArtAktivist.org).

Новая генэрацыя беларускіх мастакоў працуе ў рознай манеры й з рознымі мэдыямі, аднак усіх іх адрозьнівае нетрывіяльнае разуменьне палітычнага, якое сталася для іх асабістым. Гэта новая тэндэнцыя, якая раней была ўласьцівая творчасьці асобных беларускіх мастакоў, цяпер аб’ядноўвае цэлую генэрацыю. Штораз, як распавядаюць самі мастакі, пры стварэньні сваіх праектаў ім даводзіцца пераломліваць штосьці ў сабе — перадусім адольваць тыя калектыўныя фобіі, стэрэатыпы й звычкі, якія надаюць беларускай рэальнасьці характар — а дакладней, выгляд — устойлівасьці й нязьменнасьці.

І тычыцца гэта ня толькі страху публічнае прасторы й мэтафізыкі ўлады (С. Шабохін, Ж. Гладко), боязі быць іншым(ай) (М. Гулін), напрыклад, геем, альбо адчуваньня абсалютнае прадвызначанасьці сацыяльных роляў, напрыклад, жанчыны й маці (А. Слабодчыкава, Ж. Гладко), але і канструяваньня мінулага й памяці (А. Лянкевіч).

Можна таксама адзначыць, што ў гэтых мастакоў ёсьць настаўнікі, зь якімі часьцяком яны ўдзельнічаюць у калектыўных выставах. Гэта найперш Алесь Пушкін і Аляксей Лунёў, Аляксандар Камароў і Лена Давідовіч, Андрэй Дурэйка й Максім Тымінько. У іхных працах таксама можна знайсьці адсылкі да беларускіх аўтараў, што ўжо сталіся мэтрамі, такіх як Людміла Русава, Сяргей Кірушчанка, Ігар Цішын і інш.

Першаю ў шэрагу найважнейшых выставаў, дзякуючы якім прадстаўнікі гэтае новае генэрацыі заявілі пра сябе шырокай публіцы за межамі Беларусі, сталася «Opening the Door? Belarusian art today» (куратар Кястуціс Куйзінас). Гэтая выстава адбылася напрыканцы 2010 году ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Вільні, а праз паўгода экспанавалася ў галерэі «Захента» ў Варшаве. Знамянальнасьць дадзенага праекту палягала ў тым, што палову ўдзельнікаў складалі беларускія мастакі, якія жывуць за межамі нашае краіны.

Сымбалем выставы, выяўленым на вокладцы кнігі-каталёгу мастаком Юрыем Шустам, стаў ператвораны ў глёбус «алмаз» новае Нацыянальнае бібліятэкі ў Менску.

Такім чынам адбылася арт-апрапрыяцыя афіцыйнае беларускае сымболікі, пашыраную вэрсію якой у выкананьні таго ж Юрыя Шуста можна было ўбачыць у Музэі сучаснага мастацтва ў Ляйпцыгу ў студзені — лютым 2012 году ў межах міжнароднага арт-праекту «Сцэнары Эўропы» (куратар беларускае часткі Лена Прэнц».

Гэта новая форма працы зь беларускаю рэальнасьцю атрымала сваю канкрэтызацыю ў межах калектыўнае выставы «Радыюс нуля» (куратары Руслан Вашкевіч, Аксана Жгіроўская й я), якая прайшла ў Менску на заводзе «Гарызонт» у сакавіку 2012 году й прысьвячалася падагульненьню вынікаў першага дзесяцігодзьдзя ХХІ ст. у сучасным беларускім мастацтве.

Ад іранічнага стаўленьня да сучаснасьці 90-х («партызанскі бутык» А. Клінава) наведвальнік выставы пераходзіў да досыць сур’ёзных і ў той жа час скрайне асабістых арт-выказваньняў пра «жаночае» й штодзённасьць (М. Напрушкіна, І. Саламаціна, М. Гулін), мэтамарфозы гарадзкое прасторы (У. Цэсьлер, С. Ждановіч, А. Рыбчынскі, А. Іваноў), памяць пра Другую сусьветную вайну (А. Лянкевіч) і цэлы комплекс сацыяльных адчуваньняў — пачынаючы ад дакрананьня рукі іншага (І. Саўчанка) і заканчваючы дастаткова цялеснымі адчуваньнямі ўласнага мастацкага досьведу («Revision») і сутыкненьня арт-дзейнасьці з тканкаю палітычнага (С. Шабохін).

Яшчэ большае завастрэньне гэтых новых для сучаснага беларускага мастацтва адчуваньняў можна было сустрэць на арганізаванай Вольгай Капёнкінай у галерэі «EFA Project Space» у Нью-Ёрку ў 2012 годзе выставе «Гукі маўчаньня: мастацтва ў пэрыяд дыктатуры». У гэтай выставе ўдзельнічалі яшчэ некалькі маладых беларускіх мастакоў, напрыклад, Яўген Шадко. Ягоныя жывапісныя працы аб’яднаныя адразу некалькімі сюжэтнымі лініямі:

безаблічны й татальны характар беларускае палітычнае рэальнасьці, якая асабліва выразна перажываецца на галоўнай, Кастрычніцкай, плошчы Менску — у месцы небясьпечнае сустрэчы ўсіх тых, для каго палітычнае сталася вымярэньнем жыцьця, ад якога немажліва адхіліцца.

Менавіта на гэтай плошчы ў кастрычніку 2012-га аказаўся затрыманы Міхаіл Гулін, які спрабаваў у межах міжнароднага праекту «Going public. Пра цяжкасьці публічнага выказваньня», ініцыяванага Ленай Прэнц і рэалізаванага адразу ў яшчэ некалькіх краінах акрамя Беларусі (Нямеччына, Літва, Расея), узьвесьці свой пэрсанальны манумэнт з рознакаляровых кубікаў. У выніку мастак апынуўся перад судом.

Аднак да новых тэндэнцыяў сучаснага беларускага мастацтва апошняга дзесяцігодзьдзя варта прылічыць ня гэтае затрыманьне — такое здаралася й раней, напрыклад, з Алесем Пушкіным, — а сам удзел нашых мастакоў у транснацыянальных праектах, што пасьлядоўна рэалізуюцца ў некалькіх краінах. Арт-выказваньні беларускіх мастакоў на міжнароднай сцэне ўдавалася пачуць і ў нашай краіне. Яшчэ адзін гэткі праект таксама Лены Прэнц «На захадзе ад усходу» — беларуская частка транснацыянальнага праекту «Europe (to the power of) n» — быў рэалізаваны ў галерэі «Ў» у верасьні 2012 году.

***

Вяртаючыся празь дзесяць гадоў да ацэнкі сучаснага беларускага мастацтва Вольгаю Капёнкінай, магу зрабіць выснову пра тое, што беларускі мастак на міжнароднай арэне сёньня спрабуе знайсьці адэкватныя сродкі выяўленьня свайго спэцыфічнага досьведу, які для вонкавага назіральніка часьцей за ўсё носіць адно імя — Лукашэнка. Беларуская рэальнасьць для новае генэрацыі мастакоў ня тоесная Лукашэнку, але ўсё ж мае да яго дачыненьне.

Сваю — сьвядомую альбо не — задачу яны бачаць у тым, каб выявіць, паказаць, распавесьці, што за гэтым імем хаваецца рэальнасьць іхнага самага напружанага й нават інтымнага жыцьця, ад якога немажліва ўцякаць і ухіляцца.

Гэтая рэальнасьць, аднак, ня ёсьць для іх чымсьці само сабою зразумелым — нацыяю, культурай, мовай зь вялікае літары і, як вынік, складаным чынам канструюецца ў штодзённых індывідуальных і калектыўных практыках, рабіць бачнымі якія й закліканае сучаснае мастацтва.


[1] Цыт. па: Фуко. М. Что такое Просвещение? // Интеллектуалы и власть: избр. полит. ст., выступления и интервью. М., 2002. С. 344.

pARTisan #20’2013