Першым уладальнікам ордэна “За вернасць Бацькаўшчыне” стаў Мікалай Тарасюк, разьбяр з Пружаншчыны. Цяпер жа плён працы Мікалая Кузьміча накіраваўся ў вёску Крывая Бельскага павета, дзе нядаўна адсвяткаваў 90-гадовы юбілей самадзейны мастак і паэт Анатоль Краўчук.
Адразу скажам, што ордэн “За вернасць Бацькаўшчыне” – недзяржаўная ўзнагарода. Заснавала яго невялікае кола беларускай інтэлігенцыі, раскінутай паміж дзвюма краінамі – Беларуссю і Польшчай.

Ордэн мае цікавую гісторыю. Усё пачалося з дзеда Тарасюка, які, як таленавіты народны майстар, меў шмат разнастайных заахвочванняў і падзяк, ды жартаваў, што не хапае яму ордэна. Тады людзі, якія апекаваліся Тарасюком і добра ведалі яго творчасць, вырашылі самі той ордэн арганізаваць. На гэта ахвотна адгукнуўся вядомы мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. Так у мінулым годзе ажыла даўняя мара пружанскага разьбяра.

Аднак ідэя аказалася занадта своечасовай і патрэбнай, каб застацца адзінкавай акцыяй. На сённяшні момант вырашана, што такія ўзнагароды будуць выдавацца штогод пажылым асобам, якія працуюць на гонар сваёй радзімы. У гэтае вызначэнне вельмі лёгка ўпісваецца постаць Анатоля Краўчука.

Пейзажыст бацькаўшчыны

Ён нарадзіўся ў 1923 годзе ў вялікай беларускай вёсцы Крывая. З дзяцінства маляваў, ды бедная сям’я не магла сабе дазволіць вучыць мастака. Сітуацыя крыху памянялася пасля таго, як на Падляшшы ўсталявалася савецкая ўлада. Яна прынесла з сабой шмат негатыўнага, але, як вядома, дзецям адкрывала дзверы да навукі. Як піша старшыня грамадскага аб’яднання “Музей малой бацькаўшчыны” ў Студзіводах і адзін з фундатараў ордэна Дарафей Фіёнік, Анатоль Краўчук паспеў скарыстаць гэта на сваю карысць. Усяго з месяц вучыўся ў беластоцкім доме творчасці, але патрапіў у вучні да знакамітага мастака Мікалая Чурабы. Мастацтвазнаўцы, ды і сам Краўчук, зазначаюць, што настаўнік значна паўплываў на развіццё індывідуальнага стылю вучня.

Тымі курсамі і скончылася мастацкая адукацыя падляшскага хлопца. Рэкамендацыю на паступленне ў Віцебск ён рэалізаваць не мог, паколькі сям’я не змагла б пацягнуць такую матэрыяльную ношу. Вярнуўся ў Крывую, працаваў на гаспадарцы і маляваў у вольны час.

З нямецкай акупацыяй Анатоля вывезлі ў Германію на прымусовыя працы, дзе ён прабыў ажно да вызвалення ў 1945 годзе. Вяртаючыся з арміяй, малады мастак трапіў у Лунінец, і ў шпіталі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай Корбут – цёткай вядомай беларускай гімнасткі. Маладыя пабраліся, але жыць доўга і шчасліва на адным месцы пры Саветах не атрымалася. Пара накіравалася на уральскі лесапавал, дзе прабыла да 1956 года. Адтуль паехалі ўжо не на радзіму жонкі, а на Падляшша, дзе новыя парадкі ўсталёўвала Польшча.

Працаваў Анатоль Краўчук заўсёды фізічна (кім яшчэ ўладкавацца чалавеку без адукацыі?), таму мастацтва было патрэбай душы і адпачынкам. Яго пейзажы – гэта замалёўкі родных краявідаў, сельскагаспадарчых работ, адлюстраванне настрою ў розныя паравіны года. Зрэдку сустракаюцца і патрэты, не толькі чалавечыя, але і жывёльныя, бо ў светаўспрыманні суладнага з прыродай творцы няма месца тыповай чалавечайысакамернасці ў адносінах да братоў нашых меншых.

Вернісаж

Яго першая выстава адбылася толькі ў 2002 годзе, пасля знаёмства з Дарафеем Фіёнікам, які адразу пачаў апекавацца вясковым самародкам. Пасля таго былі і яшчэ выставы, у тым ліку ў 2010 годзе ў брэсцкім мастацкім музеі, дзе працы падляшца выстаўляліся побач з работамі Мікалая Чурабы.

Вось і да 90-годдзя Анатоля Краўчука ў вёсцы Шчыты Бельскага павету прайшоў вернісаж яго новай выставы. Прычым новай літаральна – усе карціны намаляваны цягам апошніх трох год. На гэтым вернісажы акружаны жонкай, дзецьмі і сябрамі Анатоль і атрымаў ордэн “За вернасць Бацькаўшчыне”.

Дарафей Фіёнік заўважае: “Колькі ўжо дзеду год, а глядзіш на ягоныя працы і бачыш няспынны творчы рост, пошук формаў”. Дарафей не любіць, калі творчасць Краўчука называюць наіўным. Ён упэўнены, што пры іншых абставінах, каб б Анатоль змог атрымаць прафесійную адукацыю, гэта быў бы энцыклапедычны мастак.

Быў бы, ды не стаў. І ў гэтай непрафесійнасці, наіўнасці і ёсць асноўная моц яго таленту. Таму што ён просты і зразумелы сваім землякам, чые многія хаты і ўпрыгожваюць карціны Анатоля Краўчука.