Я мала знаёмы з мастаком Анатолем Жалудко, але раблю яму чарговы сяброўскі жэст рукой. І запрашаю вас далучыцца.

 

 

У маёй паставе да Анатоля мала эмацыйнага піетэту. Толькі адна ягоная карціна вісіць на сценах майго жытла (купіў дачцы на дзень народзінаў). Амаль чыстае налічэнства (начетничество).  Назбіраў чалавек дзясяткі тысяч ужо экспанатаў для музея ў роднай вёсцы? Назбіраў. Распрацаваў канцэпцыю ажыўлення вёскі і, адпаведна,  музея (на сёння грымучы проста-такі праект “Наш родны кут Сабалі”) ? Распрацаваў. Самае простае: пабудаваў сабе ўласнаручна дом у Брэсце з майстэрняю? Правільна, у адрозненне ад многіх-многіх просьбітаў у дзяржавы,  – двайны няпросьбіт, бо выслабаніў кватэрную чаргу і не клянчыць майстэрню. Усё пабудаваў.

Дык  чаму не рабіць такому самавітаму чалавеку сяброўскія жэсты?  Асабліва ў сітуацыі, калі з ягоных задум …скажам так, ніводная не жыве лёгкім лёсам.

Прыкладам, напачатку Анатоль Жалудко паліраваў са сваім праектам этнамузея крэслы ў пачакальнях брэсцкіх чыноўнікаў. Было гэта дарма і доўга.

Цяпер так вось, калі не горш, складваецца з ягонай канцэпцыяй  адбудовы Старажытнага Берасьця.

— Заявіў я яе даўно, – кажа Анатоль Жалудко. – Старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышэнкаў ад маёй прапановы зрабіць у Кавалёва палескі этнамузей адмахнуўся, але ідэю адбудаваць  старажытны горад  успрыняў добра.  Ажывіўся ўвесь, чаму, маўляў, не…

Сапраўды, чаму не, калі  і грошай надта многа не вымагае такі падыход, і пабачыць старое Берасьце можна будзе, і можна будзе ўжо неўзабаве. Каму стане блага ад таго, што адновяцца ўсе 21 (паводле іншых звестак, 23)  храмы сярэднявечнага горада, скальпіраваныя з аблічча горада магутным ударам расійскай фартэцыі, ударам плошчай у 4 квадратныя кіламетры! А грошай многа не трэба таму, што прапануецца аднавіць гістарычныя каштоўнасці не ў натуральную велічыню, а ў маштабе 1: 10.

Зразумела, лепш было б паціху аднаўляць гістарычнае Берасьце, каб яно было адэкватнае ўнікальнаму паселішчу ў аднайменным археалагічным музеі, але не жывем у Арабскіх Эміратах, і шэйхаў, адпаведна, няма. А плюсы – яны навідавоку.

Па-першае, такая гістарчыная пляма дзе-небудзь пасярод Кобрынскага ўмацавання была б цудоўнай турыстычнай атракцыяй. Па-другое, гэта выдатная магчымасць пазбавіць нашых школьнікаў сумніўнага шанцу ўліцца ў тэлепузікавае і кампостна-мозгавае пакаленне. Па-трэцяе, гэта яшчэ больш сцвердзіла б прынцып непрыцягнення крывёй у дачыненні да нас, жыхароў Брэста. Бо толькі раён Дуброўкі  і Каціна Бора з прылягаючай Лясной можа канкурыраваць з ваколіцамі цытадэлі Брэсцкай крэпасці ў якасці рэкрэацыйнай зоны. Па-чацвёртае, такі падыход удзесяцёра змяншае вышыню аглядальнай пляцоўкі, на неабходнасці якой  налягаў  уладальнік “Эрмітажа” Уладзімір Мікулік (з поўнай падставай заўважым: усё звысоку агляднае для турыста аналагічна разжаванай для старога не-японца ежы і таму вельмі пажаданае). Па-пятае, нішто не замінае вывесці Сярэднявечнае Берасьце ў паменшаным памеры і паралельна паціху  займацца рэканструкцыяй таго, што можа быць рэканструяваным, у натуральную велічыню.

Анатоль Жалудко з радасцю паказвае карціну, на якой стары горад. “Вось, чым не эскіз для маштабіраванага Берасьця!”

Дык чаго гудзім? А вось чаго. Па-першае, называўся гэты праект як собскі чыноўнікамі з трыбун. “Ну, прысабечылі, расперазалі мех уласных грошай,  пабудавалі – дык хоць справа была б зробленая,  – мяркуе аўтар ідэі. –  Хоць усё роўна крыўдна. Але ж не будзе так, – выдае на тое, што ўвогуле будзе ніяк”.

Па-другое, дадумваю яму ва ўнісон, НІ РАЗУ нешта не чуў на разглядах канцэпцыі “Брэст-2019”, якія робяць прыезджыя “культуртрэгеры і менеджары культуры”, каб нехта хоць заікнуўся  пра нешта такое.  Канешне, мы рылам не выйшлі, каб нешта талковае для свайго горада сфармуляваць, ходзім па ім з тупымі абліччамі…І чаго ўжо, пры такіх абліччах, запрашаць, – прасцей самім пальцы веерам з трыбуны ды  дальназорка міма тутэйшых сярмяжнікаў, каб госці здалёк навучылі.  З пабудаванага Пятром 300 гадоў таму з еўрапейскім прыкідам Піцера, прыкладам,  або і наогул з-пад Астрахані.

Але недзе выспела ўжо нязгода…