Сапраўдны росквіт экслібрыса як асобнага віду мастацтва Беларусь перажыла ў пачатку ХІХ стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд назіралася шырокае распаўсюджанне літаграфскай тэхнікі, якая зрабіла кніжны знак больш даступным і масавым. Магнацкія бібліятэкі Гутэн-Чапскіх, Хадкевічаў, Храптовічаў, Тышкевічаў тэрмінова абзавяліся ўласнымі экслібрысамі, гэтым самым сцвярджаючы сваю значнасць і месца ў тагачасным грамадстве. Тыя кніжныя знакі сталі больш лаканічнымі па малюнку, строгімі і вобразнымі па кампазіцыі і тэхніцы выканання.

І. Экслібрыс — слова старадаўняе

Экслібрыс — лацінскае слова, у перакладзе азначае «з кніг». Гэты невялікі папяровы ярлычок, які называюць таксама кніжным знакам, наклейваецца ўладальнікамі бібліятэк на ўнутраны бок вокладкі ці пераплёту. На ім часцей за ўсё размяшчаюцца імя і прозвішча ўладальніка і які-небудзь малюнак, звязаны з прафесійнай дзейнасцю ці асабістымі інтарэсамі. Над эстэтычнай прыгажосцю і дасканаласцю кніжнага знака працавалі найбуйнейшыя графікі свету і, трэба сказаць, дасягнулі ў гэтым значных поспехаў. Экслібрысы выконваюцца пераважна ў тэхніцы лінагравюры, афорта, цынкаграфіі, літаграфіі і ксілаграфіі, іншы раз выкарыстоўваюцца змешаныя тэхнікі.

Гісторыя экслібрыса сягае ў глыбіню вякоў. Першыя з іх з’явіліся яшчэ на рукапісных кнігах і мелі выгляд таго ці іншага герба. З пашырэннем кнігадрукавання змяніўся і знешні выгляд кніжнага знака. Да існуючага на малюнку герба дадалася арнаментыка з імёнамі тых, каму знак належаў. Але асабліва шырокае распаўсюджанне экслібрыс атрымаў у Нямеччыне ў эпоху так званага гутэнбергскага кнігадрукавання, калі на змену рукапісным прыйшлі друкаваныя кнігі. Напрыклад, ужо ў ХVІ стагоддзі сярод майстроў, якія стваралі кніжныя знакі, сустракаюцца імёны вядомых еўрапейскіх гравёраў Альбрэхта Дзюрэра, Лукаса Кранаха і Ганса Гольбейна. Паступова экслібрыс ператвараецца ў асобны від мастацтва са сваімі традыцыямі, эстэтычнымі стандартамі і вартасцямі. Вядомая беларуская даследчыца Людміла Налівайка, пішучы пра эвалюцыю кніжнага знака Еўропы, адзначала, што «ўжо ў канцы ХVІ стагоддзя ў кампазіцыях з’явіліся партрэты ўладальнікаў збораў, інтэр’еры бібліятэк, выявы замкаў, манастыроў». Далей кніжныя мініяцюры сталі аздабляцца гірляндамі з кветак, амурамі з апушчанымі паходнямі, віньеткамі, арыгінальнымі шрыфтамі, што сведчыла аб імкненні майстроў зрабіць свае творы больш прывабнымі і цікавымі для чытачоў.

  • Якія кніжныя знакі можна аднесці да катэгорыі ўласна беларускіх? Напэўна, самы слушны і кваліфікаваны адказ на пастаўленае пытанне даў адзін з буйных даследчыкаў і збіральнікаў экслібрысаў вядомы расійскі вучоны Сяргей Фарцінскі, які заявіў, што «ўсе бібліятэкі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад нацыянальнасці ўладальніка, можна з поўным правам лічыць беларускімі», а далей дабавіў: «…калі яны пасля рэвалюцыі (ад сябе дадам, што і пасля развалу СССР. — Аўт.) апынуліся ў іншых краінах або на тэрыторыі іншых савецкіх рэспублік — гэта ні ў якім выпадку не ўздзейнічае на паходжанне экслібрыса».
Узнікненне беларускіх кніжных знакаў таксама звязана з развіццём спачатку рукапіснай, а потым і друкаванай кнігі. Тое ж спалучэнне месяца і сонца на малюнку Францішка Скарыны можна з поўным правам лічыць як адной з першых выдавецкіх марак, так і асабістым гербам ці экслібрысам. Не сакрэт, што бібліятэкі ў мінулым належалі толькі заможным і ўплывовым людзям, таму першыя масавыя кніжныя знакі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся на кнігах княжацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх…

У свой час мастацтвазнаўцы Віктар Шматаў і Анатоль Тычына, аўтары прадмовы да кнігі «Беларускі кніжны знак», што выйшла ў Мінску ў 1975 годзе, робячы экскурс у гісторыю айчыннага экслібрыса, зазначалі, што галоўнымі недахопамі кніжнага знака сярэдневякоўя і эпохі Асветніцтва з’яўляліся яго кампазіцыйная перагружанасць, празмерная дэталізаванасць і пампезнасць. Пры тым, што яго знешняя атрыбутыка заставалася ранейшай. У цэнтры малюнка звычайна размяшчаліся фамільныя гербы або вензелі ў акружэнні пышных арнаментаў і ваенных эмблем, прозвішчы ж уладальнікаў або дэвізы, згодна з традыцыямі таго часу, выконваліся на французскай ці лацінскай мовах і падкрэслівалі веліч і магутнасць гаспадароў бібліятэк. Эпоха нарадзіла і выдатных беларускіх майстроў-гравёраў. Напрыклад, найбольш вядомымі стваральнікамі кніжных знакаў ХVІІІ стагоддзя з’яўляюцца нясвіжскія майстры Гершка Ляйбовіч, Францішак Бальцэвіч, Янджыеўскі і іншыя.

Сапраўдны росквіт экслібрыса як асобнага віду мастацтва Беларусь перажыла ў пачатку ХІХ стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд назіралася шырокае распаўсюджанне літаграфскай тэхнікі, якая зрабіла кніжны знак больш даступным і масавым. Магнацкія бібліятэкі Гутэн-Чапскіх, Хадкевічаў, Храптовічаў, Тышкевічаў тэрмінова абзавяліся ўласнымі экслібрысамі, гэтым самым сцвярджаючы сваю значнасць і месца ў тагачасным грамадстве. Тыя кніжныя знакі сталі больш лаканічнымі па малюнку, строгімі і вобразнымі па кампазіцыі і тэхніцы выканання.

Першая палова ХХ стагоддзя ў гісторыі развіцця беларускага экслібрыса стала знакавай і сімвалічнай, бо менавіта тады з’явіліся першыя кніжныя знакі на беларускай мове. Да гэтай групы адносяцца штэмпелі і экслібрысы Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Рамуальда Зямкевіча… Па ўсіх сваіх мастацкіх параметрах яны адпавядаюць духу часу. Напрыклад, у мініяцюрку вядомага беларускага бібліяфіла і бібліёграфа Рамуальда Зямкевіча былі ўведзены Калізей і егіпецкія піраміды, на кніжным знаку Вацлава Ластоўскага, акрамя ўдала скампанаванага крыптаніма «В.Л.», прысутнічаюць паліца з кнігамі і некаторыя элементы са старажытных слуцкіх паясоў, а лацінскія літары «А.Р.» у абрамленні нацыянальнага арнаменту складаюць аснову экслібрыса паэта і грамадскага дзеяча Алеся Гаруна (Алеся Прушынскага).

  • Не меншую цікавасць уяўляюць і эстампы, надпісы на якіх хоць і не выкананы па-беларуску, але належаць вядомым прадстаўнікам беларускай культуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У тым ліку геральдычны штэмпель бібліятэкі выдаўца і мовазнаўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы, экслібрысы пісьменніка і краязнаўца Аляксандра Ельскага, гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага, рэктара БДУ, вядомага гісторыка Уладзіміра Пічэты, этнографа Аляксандра Сержпутоўскага…

ІІ. Пад крылом нацыянальнага Адраджэння

Найбольшы ўздым перажыў кніжны знак Беларусі ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя, калі беларускі народ пачаў будаўніцтва свайго ўласнага дзяржаўнага дома. Цікавасць да экслібрыса становіцца ўсеагульнай, асабліва гэта з’ява закранула асяроддзе беларускай творчай інтэлігенцыі. На гэты факт адгукнулася нават маскоўская газета «Известия», якая змясціла на сваіх старонках артыкул паэта Сяргея Гарадзецкага «Культура Беларуси», дзе ён, адзначаючы высокі ўзровень беларускай графікі, называючы прозвішчы лепшых беларускіх мастакоў, даючы ім належную прафесійную характарыстыку, між іншым зазначыў: «Тут же нужно отметить повальное увлечение белорусской интеллигенции экслибрисами, иногда очень интересными».Гэтыя словы пацвярджаюцца і канкрэтнымі лічбамі. Калі на мастацкай выставе 1925 года, якая праходзіла ў Менску, экспанавалася толькі 8 экслібрысаў, выкананых чатырма мастакамі, то на наступных іх колькасць узрасла ў некалькі разоў. Ды і той факт, што экслібрысы беларускіх майстроў выстаўляліся на ўсесаюзных і міжнародных выставах 1927-1928 гадоў у Маскве, Кіеве, Ленінградзе, Лейпцыгу, Лос-Анджэлесе, Мілане, гаворыць сам за сябе. Але найбольш адчувальны штуршок у станаўленні беларускага кніжнага знака дало ўтварэнне ў 1926 годзе Беларускага таварыства бібліяфілаў, а праз два гады Беларускага таварыства калекцыянераў. Не меншую карысць прынесла і публікацыя на старонках часопіса «Наш край» аналітычнага артыкула Міколы Каспяровіча «Краязнаўства ў сучаснай графіцы», дзе ў якасці ілюстрацый выкарыстаны экслібрысы і графіка Яўхіма Мініна, Паўла Гуткоўскага, Анатоля Тычыны і Шміта. Не засталося незаўважаным і тое, што ў 1926 годзе пры Інстытуце беларускай культуры па ініцыятыве вядомага навукоўца Міколы Шчакаціхіна была створана камісія, якая пачала займацца пытаннямі пошукаў нацыянальнага шляху развіцця беларускага выяўленчага мастацтва. На адным з яе пасяджэнняў у снежні 1926 года быў прачытаны даклад Міколы Каспяровіча «Беларускі экслібрыс», у якім аўтар падрабязна прасачыў узнікненне беларускага кніжнага знака пачынаючы з ХVІ стагоддзя. У якасці прыкладаў выкарыстоўваліся выданні магната Вялікага Княства Літоўскага Хадкевіча, а таксама Полацкай езуіцкай акадэміі.

  • Выхад кнігі Аляксандра Шлюбскага «Exlіbrіs’ы Анатоля Тычыны» стаў доўгачаканай падзеяй у жыцці кнігалюбаў і калекцыянераў рэспублікі. Менавіта гэта выданне паклала пачатак сістэматычнаму вывучэнню гісторыі беларускага кніжнага знака.

З часам пашыраўся дыяпазон уладальнікаў экслібрыса. Акрамя прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, размова пра якіх пойдзе ў іншых раздзелах нарыса, уласныя экслібрысы займелі Цэнтральнае бюро краязнаўства (мастак Павел Гуткоўскі), Віцебскі дзяржаўны музей (мастак Яўхім Мінін), Інстытут беларускай культуры (мастак Павел Гуткоўскі). У гэты час над экслібрысам працуюць дзве групы мастакоў. Адна знаходзіцца ў Віцебску, у склад яе ўваходзяць Зіновій Гарбавец, Мікалай Загароўскі, Яўхім Мінін, Саламон Юдовін. Другая згуртавалася вакол Інстытута беларускай культуры ў Менску. Яе найбольш актыўнае ядро складаюць Аляксандр Грубэ, Павел Гуткоўскі, Генадзь Змудзінскі, Анатоль Тычына і Алесь Ахола-Вало. Узнікла патрэба ў стварэнні ўласнага нацыянальнага стылю для экслібрыса, які абапіраўся б на даўнія традыцыі, звычаі, гісторыю і культуру беларускага народа. Для ажыццяўлення пастаўленай мэты мастакі звярнуліся да вывучэння народнага мастацтва, архітэктуры, этнаграфіі, прыроды, заняліся даследаваннем кніг Скарыны, яго шрыфтоў ды іншых асаблівасцей і атрыбутаў.

Беларускі экслібрыс з часам становіцца элементам пазнавальнасці і адметнасці, своеасаблівым нацыянальным брэндам для творчай інтэлігенцыі краю. Уласныя кніжныя знакі займеў выдатны вучоны і ідэолаг краязнаўчага руху ў Савецкай Беларусі Мікола Каспяровіч. Як цяпер стала вядома, ён меў прынамсі тры экслібрысы, якія выканалі для яго мастакі Мікалай Загароўскі, Яўхім Мінін і Анатоль Тычына. Арыгінальнымі папяровымі мініяцюркамі валодалі навукоўцы Мікола Шчакаціхін, Аляксандр Шлюбскі, Іван Фурман, доктар і культурны дзеяч Іван Цвікевіч, гісторык Зміцер Даўгяла, пісьменнікі Віталь Вольскі, Змітрок Бядуля, Янка Маўр… Але ж гэта толькі маленькая часцінка з таго, што нам вядома, што дайшло да нашага часу. Не выключана, што адметнымі экслібрысамі славіліся і ўласныя бібліятэкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, але, на вялікі жаль, цярністы шлях нацыянальнай гісторыі не змог данесці да нас, іх нашчадкаў, тыя выявы.