«…Каждый, пристально глядя, увидит казенный барак».
«…По причине вечной мерзлоты все прочее здесь непрочно и невечно…»
А. Жданаў

Бунтарскі характар Аляксея Жданава, легендарнага героя мінскай багемы, праявіўся ўжо ў дзяцінстве: Аляксея выключылі са школы за тое, што «творча пераасэнсаваў» жэст піянера-героя (які замахнуўся гранатай на акупантаў), адкалупаўшы на помніку (каля штабу Беларускай вайсковай акругі) ад надпісу «Марат Казей» апошнюю літару. Пасля трох курсаў БДУ, дзе Жданаў вывучаў філасофію, яго выключылі з той самай нагоды — за нелаяльнае стаўленне да афіцыйнай ідэалогіі (у прыватнасці, за адмову ўхваліць замарожванне «Пражскай вясны» 1968-га). Чалавек бескампрамісны, аматар дыскусій, ён не ўмеў падтакваць або своечасова прамаўчаць.

Адслужыўшы ў будбаце на Калыме, Аляксей уладкаваўся працаваць вартаўніком: у начной цішы пісаў вершы і філасофскія трактаты. Ездзіў на «шабашкі» на Далёкі Усход, у пілігрымкі па слядах свайго куміра Варлама Шаламава ды іншых ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (Шаламаў да таго часу ўжо памёр, аднак Жданаў пазнаёміўся і потым ліставаўся з удавой пісьменніка, гасцяваў у яе). На грунце ўражанняў ад тых падарожжаў была напісаная «Паэма», спіскі якой разам з іншымі вершамі хадзілі ў Мінску па руках і, канешне, трапілі ў КДБ. Аляксею давялося паспытаць долю многіх бунтароў брэжнеўскай эпохі: на пачатку васьмідзясятых яго на некалькі месяцаў адправілі на прымусовае лекаванне ў псіхіятрычны шпіталь з «дысідэнцкім» дыягназам «запаволеная шызафрэнія».
Неўзабаве пасля выхаду са шпіталю Жданаў кінуў пісаць вершы: аднойчы яму падалося, што ўжо не здолее пераўзысці напісанае, дый паказваць іх сваім знаёмым сталася надта небяспечна.

Працаваў вахцёрам у харэаграфічнай вучэльні, сябраваў там з юнымі балерынамі, выпраўляў ім граматычныя памылкі ў сачыненнях па рускай мове (даволі добра, дарэчы, ведаў і польскую). У апошняе дзесяцігоддзе жыцця ён напісаў толькі іранічную паэму пра «мутанта» Сямёнава, п’есу — у суаўтарстве з Наталляй Татур — «Бабуля праездам» (яна была пастаўленая на сцэне Рускага тэатра ў Таліне) і некалькі філасофскіх тэкстаў, у тым ліку пра рытуальныя маскі і пра два асноўныя крыптакласы, на якія ён дзяліў чалавецтва, — «немцаў» і «марсіянаў».

Пры канцы 1993-га — Аляксей крыху не дачакаўся — мінскае выдавецтва «Мет» выпусціла зборнік выбраных (напэўна, адно з кожных дваццаці) вершаў, складзены самім аўтарам. Пры жыцці яго тэксты практычна не публікаваліся, — калі не лічыць аднаго верша ў «Новом мире», найбуйнейшым савецкім літаратурным часопісе. Да дзесяцігоддзя з дня смерці паэта часопіс «Немига литературная» выдаў новую кнігу Жданава — «Западный полюс земной», але ў рукапісах засталося яшчэ мноства тэкстаў, непрымальных і для сённяшняга бамонду, на які б полюс ён ні арыентаваўся. Зрэшты, «заходнярусы» — адна з фракцыяў прыўладных мысляроў — ужо спрабуюць асэнсаваць постаць Жданава як, мажліва, лепшага паэта за ўсю дацяперашнюю перадгісторыю нашых земляў, быццам бы «русейшых» за саму Расію.
Прычына смерці Аляксея, паводле іншай версіі (агучанай мастаком і пісьменнікам Артурам Клінавым), выглядала аж занадта рускай: былы паэт задыхнуўся, седзячы за сталом у п’яным сне, — незнарок пераціснуў шыю краем рондаля з квашанай капустай.

Вось адзін з крамольных вершаў, якія не пралезлі ані ў першую, ані ў другую кнігу:

Подо мной колебался прогнивший дощатый настил,
Колебалась душа, как рябая поверхность болота.
Я готов был солгать, только нужный момент упустил:
Стала правдою ложь в изменившихся точках отсчета.
Наше свальное место, которое многие чтут
Историческим полем, где время струит свои токи,
Наполнялось народом, и слышался сдержанный гуд.
За завесою дыма вставала звезда на Востоке.
Ложь цвела, как сирень, — запашок долетал до ноздрей.
И не плаха — прогнивший настил, — а, скорее, трибуна,
Вифлеемская пустошь — площадка чумных лагерей
Для народа — творца, созерцателя и тугодума.

Пакінуўшы паэзію, Жданаў прысвяціў сябе іншаму мастацтву — жывапісу (пачаў, вядома, з калажоў і графікі). У складзе авангардных суполак «Форма», «Плюраліс», «Бло», а потым індывідуальна Аляксей удзельнічаў у мностве выставаў і перформансаў, у тым ліку ў серыі акцыяў «уваскрашэння» Казіміра Малевіча:
гэта Жданаў з Ігарам Кашкурэвічам скалацілі крыжападобную «супрэматычную» труну, з якой у вобразе Казіміра ўзнімалася і знікала сярод гледачоў Людміла Русава.

Уваскрашэнню Малевіча папярэднічала спроба «рэабілітацыі» іншага знакамітага земляка, Марка Шагала, прымеркаваная да юбілею мастака-эмігранта, зненавіджанага тагачаснымі афіцыйнымі ідэолагамі, крыптасталіністамі. Тузін мастакоў і паэтаў з касмапалітычнага крыла андэрграўнду, у тым ліку і Жданаў, прайшоў дэманстрацыяй — пад транспарантам «Да здравствует столетие Шагала!» — па цэнтральных вуліцах Мінска (па праезнай частцы) да ўзбярэжнай Траецкага прадмесця. Там у атачэнні міліцыянтаў паэты пачыталі вершы, Аляксей — паэму «Уцякач». Калі крыху пазней, у тым самым 1987 годзе, улады забаранілі выставу авангардыстаў «Перспектыва» ў інстытуце БелНІІНЦІ, Жданаў разам з калегамі-мастакамі прайшоў у дэманстрацыі пратэсту ад інстытута да гарвыканкама. На наступны дзень выставу дазволілі аднавіць (паўплывала на ўлады, вядома, не дэманстрацыя, а тое, што Аляксей даслаў тэлеграму з просьбай пра заступніцтва Раісе Гарбачовай).

Некаторыя заможныя калегі ахвотна куплялі палотны Жданава, аднак жыў ён па-філасофску, ледзь не ўсе свабодныя грошы траціў на кнігі і бяседы — спачатку з сябрамі, а затым і з незнаёмымі людзьмі. Ад грошай пазбаўляўся ледзь не прынцыпова. Аднолькава ненавідзеў ману і мані, таму і турыстаў-калекцыянераў з сытага Захаду ігнараваў. Калі і быў Жданаў антысталіністам, то і антыманетарыстам, антырыначнікам таксама — у іншую гістарычную эпоху, напэўна, стаўся б трацкістам або анархістам.

Перад тым як пераключыцца на выяўленчае мастацтва, Жданаў амаль не ўжываў алкаголю, быў вельмі разборлівы ў выбары сяброў і суразмоўцаў. Рыхтуючы рукапіс другога зборніка, сказаў у прадмове: «Я не хачу пісаць вершаў, якія не змясціліся б у маім маленькім чалавечым сэрцы», — аднак жывапіс, відаць, запатрабаваў ад яго яшчэ большага напружання душы, чым раней паэзія, ператварыў бачны свет у надта пякучую, пякельную пустэльню. Карціну ён лічыў удалай толькі тады, калі сам адчуваў у ёй магутны энергетычны патэнцыял, параўнальны з высокаградусным напоем. Перыяды інтэнсіўнай працы чаргаваліся з разгуламі, якія Аляксей тлумачыў тым, што павінен «падсілкавацца энергетычнай вадкасцю, якая на многае адкрывае вочы». Навучыўся ў пахмурнае надвор’е бачыць у пялюшках аблокаў адлюстраванне зямлі (у жоўтых і блакітных колерах). Сябры кажуць, меў здольнасці да гіпнозу.

Напэўна, кожны шчыры мастак (які малюе так, як падказвае ўласная інтуіцыя, не на замову або дзеля продажу) раней ці пазней пачынае верыць, што ўвесь свет такім і ёсць, як на ягоных карцінах. Паэты і філосафы таксама могуць навыдумляць пра рэчаіснасць абы-што, тыя жудасныя вобразы менш пераканаўчыя, бо застаюцца ва ўяўленні, мастаку ж дадзена напраўду, на ўласныя вочы ўбачыць свае напрыдумляныя кашмары.
Пакуль Аляксей быў паэтам, страшыдлы навокал яму хіба што мроіліся, калі ж узяўся за пэндзаль — пачалі бачыцца, і не толькі на палотнах.

Карціны Жданава насяляюць людзі-мутанты, жыхары такога самага мутанта-горада, падобнага да шахты ці бункера, дзе чалавеку з тонкай скурай няма месца: відаць, усе людзі, здольныя да летуценняў, даўно памёрлі, згарэлі ў полымі рэвалюцыі або закамянелі ў вечнай сібірскай мярзліне, а тыя, што прыстасаваліся і абраслі салам, — безнадзейна муціравалі, страцілі атрыманае ў дзяцінстве аблічча. З гэтых карцінаў нас пільна, ва ўпор разглядаюць, быццам казюрак, «людзі новай фармацыі» з перакошанымі сутаргай тварамі і гарачымі (з бяссоння?) вуглямі вачэй. За плячыма ў іх — зорнае неба і мігатлівыя агні начнога горада-прывіда. Аляксей амаль заўжды маляваў (або выразаў для калажаў) толькі галаву і верхнюю частку тулава сваіх персанажаў — магчыма, таму, што прыкладна столькі ж усе мы бачым штодня ў люстэрку.
Зрэшты, твары «мутантаў» ён заўсёды паказваў анфас, як на плоскіх дзіцячых малюнках, — і таму нельга выключыць, што гэта не твары, а рытуальныя маскі, крыху падобныя да «іншапланетных» ідалаў з выспы Вялікдня.

Праз тры гады пасля смерці Аляксея адзін з такіх ідалаў-масак (нават з мініяцюрнай турмой усярэдзіне) быў усталяваны на пагорку над Магаданам, сталіцай Калымскага краю (каля аўтобуснага прыпынку «Бібліятэчны»). Стварыў гэты манумент, «Маску скрухі», прысвечаную загінулым палітвязням, Эрнст Неізвестны — ягоная эстэтыка, на мой погляд, наогул блізкая да жданаўскай. Вакол той велічэзнай маскі раскінуліся сімвалічныя могілкі з сімваламі ўсіх асноўных рэлігіяў на камнях (ёсць там і пяціканцовая зорка) і назвамі навакольных лагераў на бетонных плітах. З вока маскі бягуць слязьмі чалавечыя твары — каструбаватыя, але ўсе розныя, індывідуальныя, як і на палотнах Аляксея (у другім воку — акно з кратамі). У свой час Мікіта Хрушчоў вінаваціў Неізвестнага: «Чаму ты гэтак скрыўляеш твары савецкіх людзей?» — а пазней скульптар распалавініў і твар Хрушчова на надмагільным помніку.

Містычным чынам сюжэт той «Маскі скрухі» на шмат гадоў раней праступіў на карціне Жданава «Калыма» (яна цяпер захоўваецца ў паэта А. Аўруціна): сярод пярлінава-шэрага краявіду — дзве даўгія чарады надмагільных камянёў на пагорку, які, калі крыху прыгледзецца, аказваецца галавой муміі Леніна ў прыкрамлёўскім маўзалеі.
І тым не менш Жданаў наўрад ці пагадзіўся б на ролю патолагаанатама савецкага кашмару жыцця. У свае працы ён імкнуўся ўкласці не антыкамуністычны, а гуманістычны пафас, персанажаў-мутантаў ён пісаў без здзеку — хутчэй, спачувальна.

Тое ж самае розніць аповеды яго завочнага настаўніка Варлама Шаламава ад тэкстаў Салжаніцына, напісаных з даўжэйшай і халадзейшай арбіты.

Некаторыя з сяброў Аляксея мяркуюць, што ён быў больш таленавіты як філосаф, а ўжо потым як паэт і мастак. Арыентуючыся на расійскую рэлігійна-філасофскую традыцыю пачатку ХХ стагоддзя, Жданаў спрабаваў пераасэнсаваць яе з пазіцыяў структуралізму, які ставіць пад сумнеў не толькі непазбежнасць светлай будучыні, але таксама веліч Дзяржавы і самазванага Цара звяроў, рыбінаў і планктону (Чалавека). У пэўным сэнсе можна сказаць, што жывапіс быў для Жданава трэцяй моваю, паэзія — другой, а пры перакладзе захаваць можна не ўсё, што хацелася б. Зрэшты, і ў карцінах, і ў вершах добра чуецца эпічная, быційная інтанацыя. «Мутанты» выглядаюць манументальна, нагадваюць эскізы роспісу храма ў гонар Апошняга Суда над «пятай калонай» або над «пятым колам» грамадства (андэрграўндам?).

Жданаў ненавідзеў дагматыку і фарысейства, ён быў чалавекам рэлігійным, але не прававерным, а ерэтычным. У многіх карцінах — як і ў вершах — іскрыцца гумар, карнавальны настрой, зло і дабро часова мяняюцца ролямі. Наўрад ці можна дакладна сказаць, савецкія твары пісаў ён, маскі для касмапалітычнага «хэлоўіна» або аўтапартрэты. Мноства «мутантаў» знешне падобныя да аўтара: верагодна, сляды савецкіх, чарнобыльскіх і марсіянскіх мутацый ён шукаў не толькі ў іншых людзях, але і ў сабе самім.

«…По причине вечной мерзлоты все прочее здесь непрочно и невечно…» — гэтае назіранне Жданава кажа, відавочна, і пра эфемернае буянне кветак у сібірскай тундры ўлетку, і пра чаргаванне «адлігаў» з «прымаразкамі» ў расійскай і навакольнай гісторыі. Калі ж зірнуць яшчэ шырэй — бачыцца крохкасць нашай планеты сярод абыякавай пустэльні космасу. Таму і героі карцінаў Жданава, «мутанты»і расплюснутыя зоркі над імі — не абавязкова ахвяры савецкай самаакупацыі. Сам ён лічыў паняволенай не асобную краіну, а ўсю планету і, адпаведна, захопнікамі называў не камуністаў, а прыхадняў-марсіянаў (да якіх сарамліва, з выбачэннямі прылічваў і самога сябе).

Паводле уфалагічнай тэорыі Жданава, усе народы паходзяць ад «абвавілоненых» немцаў, і жывем мы не на зямной кулі, не на глобусе, а на кубасе. Сярод нас жывуць і кіруюць намі (з дапамогай сабакаў і катоў) падступныя прыхадні, апранутыя ў чалавечую абалонку (на сваёй гістарычнай радзіме, Чырвонай планеце, яны выглядаюць як калюжыны і кляксы). Нашчадкі немцаў звычайна не думаюць, толькі нястомна ядуць, піва п’юць і працуюць. Марсіяне ж таемным чынам плюшчаць Зямлю, мерачыся ператварыць яе з куба ў квадрат, а чалавечыя целы — у свае звыклыя кляксы (ад сябе дадам, у гэтую канцэпцыю магла б упісацца і тэорыя «яйкаквадратаў» паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца).
Не выключана, што «мутанты» на карцінах Жданава ўвасабляюць не марсіянаў або немцаў, а іхніх супольных нашчадкаў ад мяшаных шлюбаў — яны разумнейшыя за звычайных зямлянаў, але не ведаюць, што з тым розумам рабіць, пакутуюць ад лішніх думак.

Немцы рухаюць прагрэс, дасканаляць цывілізацыю, марсіяне ж тым часам развіваюць культуру, хоць робяць гэта ненаўмысна. Усе з’явы культуры, паводле тэорыі Жданава, — гэта экскрэменты марсіянаў, якія харчуюцца духоўным жыццём немцаў, якога самі немцы (фактычна, усе людзі) звычайна не цэняць і нават не заўважаюць. Перамагчы марсіянаў немцы маглі б толькі ў тым выпадку, калі б паверылі ў існаванне душы і каштоўнасць духоўнай субстанцыі, наогул паразумнелі б — вось тады яны і дабудавалі б планетарны кубічны рай, дзе поўнымі кубкамі пілі б сваё шчасце.

Паэт, як ніхто, ведае, што такое дасканаласць, і, натуральна, мае прычыны пакутаваць ад таго, што бачыць навокал, дый у сябе самом. Са словаў сяброў-мастакоў, ён усё жыццё, і асабліва ў апошнія гады, мэтанакіравана займаўся самазнішчэннем. У Аляксея было хворае сэрца, ён страшыўся смерці, аднак не рабіў нічога, каб затрымаць яе. Прынцыпова не лячыўся, свядома балансаваў на грані паміж жыццём і смерцю, адкуль наш свет бачыцца «крыху збоку». Аднойчы сэрца не вытрымала, Аляксею было тады 45.

В 1995 г. у легендарнай ужо галерэі «Шостая лінія» прайшла мемарыяльная выстава Жданава, дзе апроч жывапісу экспанаваліся загадкавыя «іншапланетныя» аб’екты са зварнога жалеззя, прэзентаваліся відэафільм і першы зборнік паэзіі. Людміла Русава і сын Жданава Ягор Любімаў у масках і пыльных апранахах, імітуючы персанажаў мастака, паказалі перформанс «Мутанты — словы — маскі» — прымусілі гаварыць і крычаць карціны Аляксея: агучылі пяць ягоных тэкстаў пра мастацтва (не апублікаваных дагэтуль).

Дарэчы, назву гэтай галерэі — адзінай у Мінску, што спецыялізавалася на эксперыментальных жанрах мастацтва (за шэсць гадоў, у 1992–98 гг., у ёй адбылося паўсотні акцый і выставаў), — Жданаў і прыдумаў — пазычыў у старой назвы вуліцы, дзе яна знаходзілася (цяпер вул. Дарашэвіча). Калі Аляксей памёр, мастакі звярнуліся да ўладальніка «Шостай лініі» з просьбай прысвоіць галерэі імя Жданава, аднак паразумення ў гэтым пытанні не знайшлі.
Сама галерэя, на базе якой меркавалася заснаваць Цэнтр сучаснага мастацтва (такія цэнтры пры падтрымцы Фонду Сораса былі створаныя ва ўсіх былых сатэлітах і нутраных рэспубліках СССР, апроч бяссорасамаснай Беларусі), неўзабаве абеспрытулілася і загнулася ад прымаразкаў — як многія наватарскія ініцыятывы, што прараслі былі ў Беларусі на пачатку 1990-х.

Почасту, асабліва ў апошні перыяд жыцця, Жданаў «сыходзіў у народ», супольнічаў ледзь не з мадэлямі сваіх персанажаў. Казаў, што гэта вельмі цікавыя людзі, да якіх варта прыгледзецца бліжэй. Старых сяброў заставалася побач усё меней: некаторыя з’ехалі з краіны, іншыя заняліся камерцыяй. Скончылася шумная эпоха «перестройки», распаліся авангардныя суполкі — і тэматыка жывапісу і паэзіі Жданава на пэўны час згубіла вастрыню: тады паўсюль, на ўсіх экранах, пераважна такое і паказвалі — мажліва, тагачасная свабода слова і падкасіла мастака. Некаторыя з былых сувыстаўнікаў кажуць, што ён сканаў за тры-чатыры гады перад тым, як нырнуць у труну.

Ратуючыся ад адзіноты, Аляксей прыдумаў сабе двайніка, паэта-таксіста Юрыя Планера — умудронага жыццём чалавека, які няспынна сыпаў афарызмамі і быў героем анекдотаў, што складаў і распавядаў сам Жданаў: пры ўсім сваім самалюбстве Аляксей быў чалавекам сціплым і любіў заставацца ў цені. На першы погляд, «Партрэт Юрыя Планера» мала чым розніцца ад іншых карцін з жыцця «мутантаў». І ўсё ж у ім ёсць адна важная дэталь: у гэты дзіўны твар уманціраванае маленькае люстэрка, каб любы глядач падумаў перад карцінай пра сябе. Сам Жданаў, напэўна, быў гатовы ўбачыць сябе ў кожным з нас.