Прыпыніце плэер з апошняй серыяй «Шэрлака». Адкладзіце ў бок чыталку з раманам Сарокіна «Тэлурыя». Пастаўце на паўзу ноўтбук з гульнёй Battlefield 4. Бярыце таксі і кабанчыкам імчыцеся на Нямігу. Вам патрэбны будынак былога ваенкамату, дзе цяпер — галерэя Савіцкага.

Бо, ведаеце, «Шэрлака» вы яшчэ паглядзіце. Апошні раман Сарокіна — лайно. Battlefield 4 — гульня файная, але можна прайсці яе пазней. А выстава Алены Кіш «На шчасце» будзе ісці яшчэ толькі тыдзень, да 15 студзеня. Можаце не паспець. А паспееце — дык захочаце вярнуцца з блізкімі і сябрамі. Бо яны не павераць, калі будзеце пераказваць ім тое, што прачытаеце ніжэй.

На мой сціплы погляд, гэтая экспазіцыя — ці не асноўны цуд, які чакае нас у галіне выяўленчага мастацтва ў 2014. Кіш згадалі! Кіш прывезлі ў Мінск! Па Кіш не трэба ехаць у Заслаўе!

Хто такая Алена Кіш? Ды ўсяго толькі адзін з трох найбольш пазнавальных мастакоў Беларусі — так бы я вызначыў яе месца ў культурным працэсе першай паловы 20-га стагоддзя. Калі-небудзь яе працы абяруць візуальным сімвалам нашай Радзімы. Прыйдуць часы, і яе сюжэты будуць друкаваць на цішотках і змяшчаць на беларускіх сувенірах, як грузіны — выявы Пірасмані.

Але — не цяпер. Цяпер яе ведае абмежаванае кола мастацтвазнаўцаў ды тыя людзі, што паспелі набыць цудоўную кнігу Сяргея Харэўскага пра сто выбітных твораў беларускага мастацтва.

Дык вось. Ведаеце гісторыю дзядзькі Язэпа Драздовіча, мастака-летуценіка, якому мроіліся пейзажы на Сатурне, палеткі Юпітэра, гарады Марса? Драздовіча, які хадзіў па вёсках, пісаў карціны, ды так і сканаў — па дарозе з адной вёскі ў другую?

Дык вось, Драздовіч — гэта паспяховы буржуа ў параўнанні з Кіш.

Па-першае, пра гэтую мастачку амаль нічога не вядома дакладна. Уявіце сабе творцу дваццатага стагоддзя, ад якой засталіся толькі легенды ды апокрыфы. Усё, што маем — яе творчасць ды вусныя ўспаміны тых людзей, для якіх яна паспела нешта стварыць. І ўсе мае веды пра Кіш базуюцца на вось такіх пераказах людзей, трохі болей дасведчаных за мяне.

Далей: трагічнае жыццё Ван Гога, які спрабаваў быць пастарам, нёс слова Божае бедным ды скончыў мастаком-няўдахам, у якога за жыццё набылі толькі адну карціну — гэта сапраўднае success story ў параўнанні з нашай Аленай.

Бо за ўсё жыццё ў яе ніколі не было дома. Яна бадзялася ад вёскі да вёскі ды пісала свае творы для вяскоўцаў за ежу ды начлег. І адбывалася тое не ў цёмнае Сярэднявечча, а ў «1930—40-я гады», як пазначана пад творамі на выставе (дакладнае датаванне зрабіць немагчыма).

Цікава? У дакументальным фільме пра Кіш, які вам могуць прадэманстраваць, калі вы звернецеся да ветлівай цётачкі на экспазіцыі, вы не пабачыце ні асабістых рэчаў Кіш, ні архіўных дакументаў пра яе жыццё. Усё, што захавалася — адна яе фотка. І тое — не факт, што гэта менавіта здымак Алены Кіш. Ды гэтае трапнае слова «дзівакаватая», якое вычарпальна характарызуе яе.

Вар’ятка? Дзікунка? Ведзьма? Можна казаць і так. Калі вы хочаце абразіць гэтую незвычайную жанчыну.

Я б сфармуляваў інакш: асоба не з нашага сусвету. Чалавек, які бачыў хараство іншых рэальнасцяў. Урэшце, мастак заўсёды трохі ненармальны. Быў бы нармальным, гандляваў бы ў краме «Элегантные шапкі» на Ждановічах-4.

Тое, што стварыла Кіш — гэта не толькі цуд выяўленчага мастацтва ў жанры «прымітыў». Бо «прымітывам» займаліся той жа Пірасмані ды мой любімы француз Русо. Ад Русо ды Пірасмані Кіш адрозніваецца тым, што рабіла свае «дзівакаватыя» творы на дыванах, упісаўшы іх у вясковую беларускую традыцыю. Такіх распісаных дываноў няма ні ў каго з нашых геаграфічных суседзяў — ні ў рускіх, ні ў літоўцаў, ні ў украінцаў. Кажуць, бліжэйшая да нас краіна, дзе ў вёсках на сцены вешаюць дываны-распісанкі — Румынія.

Ад Кіш няшмат засталося. Каб не даследчык беларускай этнаграфіі Мікола Раманюк ды не знаны мастак Уладзімір Басалыга, якія сабралі па вёсках парэшткі скарбаў, што пакінула пасля сябе мастачка, мы б нічога ніколі не даведаліся пра Кіш. Яна б сканала ў нябыце, як сканалі шмат якія забытыя нашыя геніі. Для іх не знайшлося месца ў памяці суайчыннікаў, якія шчыра лічаць асноўнымі навінамі ў галіне нацыянальнай культуры шлюб Пугачовай ды Галкіна, разборкі вакол псеўданіму Роўлінг ці яшчэ нешта, не датычнае ні да Беларусі, ні да культуры.

Дык вось, вяртаючыся да асноўнага. У Кіш ёсць усяго тры (!) сюжэты, якія яна тыражавала: «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай». Зноўку цікава: адкуль яны ўзяліся? З яе персанальнага ўяўлення? Ці тое было традыцыяй той мясцовасці, дзе яна пачынала рабіць свае дываны? І чаму, напрыклад, «ліст да каханага», а не «ліст ад каханай»?

У той упартасці, у якой Кіш рэпрадукуе гэтыя сюжэты, бачная моцная традыцыя кшталту той, якую бачым у кітайскай акварэлі Хой Ана: тут таксама ёсць пяць асноўных сюжэтаў: «Бамбук у тумане», «Пейзаж з ракой», «Тыгр на снезе», «Снегіры зімой», «Сосны». І мастак не можа вынаходзіць новыя сюжэты, гэта не ў ягонай волі. Майстэрства тут у тым, каб практыкавацца ў вытанчанасці рэалізацыі адной з ужо створаных (500 гадоў назад?) кампазіцый. І гэта не лічыцца ў кітайцаў «капіяваннем». Гэта — тое ж самае, што каліграфія: кожны каліграф створыць іерогліф па-свойму, і тое будзе сапраўдным мастацтвам.

З лёгкасцю праглядаецца рэалізацыя творчай спадчыны Кіш у будучыні. З «Вернісажу» мастакоў у цэнтры Мінска знікае мазня «пад Айвазоўскага» ды «Шышкіна» і з’яўляюцца палатняныя дываны: «Рай», «Дзева на водах», «Ліст да каханага». Турыстам апавядаецца пра дзівачку, што прыдумала тыя дываны. Дываны разлятаюцца за $500 і забяспечваюць Мінску вядомасць куды лепей за Чэмпіянат свету па хакеі. Бо, пабачыўшы тую «дзеву на водах», яе не забудзеш ніколі!

На выставе ў галерэі Савіцкага вы ўбачыце 13 прац, атрыбутаваных Алене Кіш. Дзве з іх дакладна напісаныя не ёй — тут не трэба быць доктарам мастацтвазнаўства, каб пазнаць не яе руку. 11 астатніх дзеляцца на два тыпы: адрэстаўраваныя і некранутыя.

Мне болей падабаюцца тыя пажоўклыя, шэра-залацістыя, да якіх пакуль не дайшла рука рэстаўратара. Кажуць, некаторыя з іх паспелі пабываць мяшкамі пад бульбу, але тое можа быць адным з апокрыфаў пра гэту жанчыну.

Станьце насупраць аднаго з кішавых «Раёў». Углядзіцеся ў гэтых дзіўных птушак. Паглядзіце, як завіваюцца хвасты ў казачных ільвоў. Зазірніце ў возера з гарлачыкамі. Сія-тыя лічаць, што менавіта азёрную ваду Кіш лічыла пераходам з нашага свету ў той чароўны, які выяўляла. Не дзіва, што яна тапілася тры разы. На трэці, у 1949-м, выцягнуць не паспелі…

Ёсць людзі, якія плачуць, калі глядзяць на яе працы. Але мяне тут напаткала шчасце. Адсюль, ад яе выяў раю, да сапраўднага раю на нябёсах — тры крокі. Можна дакрануцца рукой. Тут ужо чутно спяванне анёлаў і вуркатанне чароўных ільвоў.

Пачуць тое жадаю і вам.