Да 15 студзеня ў менскай Галерэі Савіцкага праходзіць выстава маляваных дываноў Алены Кіш.

Выстава названая арганізатарамі “На шчасце”. Артыкул у “Звяздзе” мае зусім ужо светлы загаловак – “Шчасце Алены Кіш”.

Зрэшты, Алена Кіш патапілася.

У рачулцы з такой пазнавальнай назвай – Вужанка. Гэта каля не менш памятнага Грозава (Случчына, 1-ы Грозаўскі полк…), дзе Вужанка і пачынаецца, там гэта зусім яшчэ ручаіна. Недалёка – яе родная вёска Раманава, якую перайменавалі ў Леніна. Колькі ўжо зачэпак. Там, дзе грымела Слуцкае паўстанне, – гняздо прускіх назваў.

Але дакументальны фільм (яго паказваюць на выставе) даводзіць – ужо ў першыя пасляваенныя гады дывановая прамысловасць так рэзка пайшла ўгору, што дываны мастачкі перасталі быць па вёсках запатрабаваныя. Свой “рай” Алена Кіш малявала і пры немцах.

У сучаснай беларускай культуры лічыцца, што ў беларусаў не прынята тапіцца. Круціся, еш з заробленага, памоўквай – перачакаеш усе навалы.

У сучаснай культуры ўвогуле лічыцца, што тапіцца – не прынята.

Восем гадоў таму супрацоўніца літоўскага Рэгіянальнага парку ракі Нярыс (Вяллі), даследніца традыцыйнай культуры Іда Станкявічуце пайшла з жыцця, патапіўшыся летнім сонцастаяннем у Вяллі. Для тамтэйшых рупліцаў традыцыйнай культуры гэта па сёння – Знак, а таксама Табу. Ціха кажуць, што добраахвотна ахвяравалася рацэ і яе апякунцы – Вялёне. (Іда даследавала сакралізацыю валуноў пасярод Вяллі і абрадавасць па выпраўленні памерлых ракою ў тагасвет.)

Як і Алене Кіш, ёй было 53 гады.

Вялля

…На выставе – усе трынаццаць захаваных дываноў Алены Кіш. (Два з іх, дзе палітра іншая і сюжэты больш разгорнутыя, выклікаюць у мастацтвазнаўцаў сумневы.)

Сюжэтаў (як і фарбаў) у Алены Кіш было строга абмежавана: “Рай”, “Пісьмо да каханага”, а таксама – “Дзева на водах” (так, на водах). Часта на палотнах яны злучаліся.

“У мастачкі ніколі не было ні свайго дому, ні мужа, ні дзяцей” (з фільму). Не мела ні свайго сямейнага “раю”, ні таго, каму пісала б ліст.

Алена Кіш так мэтаскіравана паўтарала свае тры сюжэты, што само гэта выглядае на яе пасланне ў свет. Гэта пра тое, што песціш і паўтараеш, але свядома не праецыруеш у будучыню. Ліст, які пішацца і кожны раз спальваецца. Пранізліва ўзіраючыся вочы ў вочы.

Месідж Алены Кіш для нас сучасных – такі, якога больш нідзе-нідзе не знойдзеш.

Яна не малявала шчасця. Яна бачыла нешта і падазравала, што гэтага не ўнясеш у жыццё. (Мо’ таму сяляне і прыкмецілі, што яе дываны прыносяць-такі шчасце?..)

Гэта ніякім чынам не сучасна. Сучасна – старацца дасягнуць. Як заведзены гамункул. Дастасоўваючы бізнэс-псіхатэхнікі.

Алена Кіш жыла ў гэтай аднамомантавай “шчыліне” – дзе свядома запыняеш рэалізацыю нечага, разумеючы, што гэта будзе “не тое”. Гэта не перфекцыянізм, не, – гэта вытанчаная форма экзістэнцыі. Гэта нават не трагізм. Бо несканчальна.

Дываны, якія засталіся, даюць гэтым пустым, публіцыстычным словам смак рэчаіснасці. Там варта пабыць.

…Вось, было калісь наша магутнае ВКЛ (падстаўце сваё). Хтось, натхнёны, тупа хоча вярнуць моц. Хтось, прасвятліўшыся, зразумеўшы ўтапічнасць гэтага, выбірае прыслужваць панам сённяшняга свету, спадзеючыся прымазацца і кусануць. Алена Кіш – гэта момант паміж “прасвятленнем” і далейшай практычнасцю.

Шчасце? Шчасце. Яна, будучы паміж, — сшывала. Вось што прыносіла шчасце.

З нейкага часу ў нас так не ўмеюць.