Пытанне, ці ісці на Славука, неяк нават не стаяла, бо для мяне гэты дзядзечка — чалавек, які стварыў самую каштоўную кнігу, што мне даводзілася трымаць у руках. Памятаеце зялёненькае выданне «Беларусі ў фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага? Тое, самае першае, што з’явілася на хвалі перабудовы і адраджэння? Памятаеце тых русалак, ведзьмакоў, цмокаў ды іншых пудзілаў, што глядзелі на нас з ілюстрацый? Дык вось, Валеры Славук — гэта мастак, які намаляваў нам свет Баршчэўскага. Здаецца, каб не ілюстрацыі, я — тады звычайны несвядомы доўбень — нават не паспрабаваў бы кніжачку пачытаць, бо яна была па-беларуску, а мне трэба было рабіць высілкі, каб адштурхнуцца ад утульненькага свету рускай мовы і пачынаць прыгадваць роднае маўленне.

Я зачытаў «Шляхціца Завальню», якога Славук «напісаў» для мяне разам з Баршчэўскім, да дзірак. Ён натуральна рассыпаецца ў руках. Але я даражу гэтай кніжкай больш за ўсё ў маёй бібліятэцы, бо гэта больш чым кніга. Гэта садок дзіваў. Натуральна, у такую аранжарэю цудаў ператвараецца любое месца, дзе ёсць працы Славука. Цяпер — на непрацяглы тэрмін — гэта Музей сучаснага мастацтва ў Мінску. Дык спяшайцеся.

Мастацтва — адна з нешматлікіх галін крэатыўнай дзейнасці, дзе падрабязны аповед пра сабж не спойліць яго, а наадварот, падвышае зацікаўленасць. Самы падрабязны расказ пра карціну не заміне вам выдыхнуць ад здзіўлення, калі вы яе ўбачыце. Дык намалюю, што вас чакае там, у тым зальчыку Музея, дзе пасуцца кентаўры і танчаць русалкі.

Па-першае, я ішоў туды, думаючы, што Славук выставіць свой самы паспяховы праект, праект-баявік, «Шляхціца Завальню». Мне здавалася, што арыгіналы ягоных ілюстрацый да Баршчэўскага сабралі б натоўп зацікаўленых. Але не. Тут дзве траціны новае, яшчэ нікім не бачанае і нідзе не паказанае. Не меней чароўнае.

У апісанні на ўваходзе Славука называюць «беларускім Дзюрэрам», што, дарэчы, смешна, бо Дзюрэру часаць і часаць да нашага спадара Валерыя. Не, я не жартую, я некалі ў Берліне набыў шыкоўнае выданне гравюр Дзюрэра і добра ведаю ягоную спадчыну. Але Дзюрэр занадта банальны ў параўнанні са Славуком. Славук — гэта Дзюрэр, якому дададзена містычнага рэалізму «беларускай школы» (гл., напрыклад, Сяргея Баленка), а зверху паліта сумессю з Эшэра і Гоі.

Паспрабую растлумачыць на прыкладзе самай дзіўнай карціны, што экспануецца ў зале. Яна называецца «Рыбная лоўля» і ёсць адзінай каляровай выявай на выставе. Дык вось, на першым плане мы бачым мужыка, які цягне з невялічкай канавы рыбіну. Мужык апрануты ў джынсы і нейкую сярэднявечную хламіду кшталту вопраткі валацугі. Побач з героем — дзяўчына. Яна цалкам аголеная, толькі нейкая хусцінка на сцёгнах. Вось гэтая кабеціна — не, не танчыць, чаго можна было б чакаць ад асобы з яе целаскладам, прыгажосцю і ступенню апранутасці. Яна засяроджана варыць вуху з рыбы, што ловіць герой.

І тут вока пачынае аглядаць наваколле паляны, на якой мы бачым гэтую дзіўную ідылію. І заўважае са здзіўленым трымценнем, што ў траве, у лісці дрэваў сядзяць нейкія дзіўныя істоты — ці то анёлкі, ці то матылі з чалавечымі целамі. Некаторыя з іх страшныя, некаторыя — з добрымі тварамі. Чым больш ты глядзіш на паперу, тым больш дзівосаў заўважаеш, і звычайная побытавая сцэна рыбнай лоўлі ператвараецца ў магію, казку беларускага лесу, у якім за кожным дрэвам шэпчуцца русалкі.

У фундаментальнай «Вясне» Батычэлі выяўлена болей за 100 відаў рэальнай флоры. Там ёсць нават нашыя паўночныя ірысы ды нямецкія эдэльвейсы. Дык вось, Славук працуе тут як Батычэлі: на дрэвах бачны кожны лісцік, мастак рэпрэзентуе кожны валасок на галовах герояў, выпісвае кожную травінку пад іх нагамі. Я глядзеў на гэтую працу 15 хвілін і кожны момант заўважаў нешта новае. Вось, у вадзе, русалка! Вось у нябёсах, птэрадактыль.

Тут мы падышлі да самага галоўнага. Увесь гэты мільён дэталяў створаны тэхнікай «пяро, туш, акварэль»! Гэта не афорт!

Не заўсёды сюжэты Славука беларусацэнтрычныя. Напрыклад, вось «Фантан» — акватынта, зробленая ў 1994-м. Мы бачым дасціпнае пераасэнсаванне «Фантана вечнай маладосці» Лукаса Кранаха: на першым плане сядзіць дзівак і мочыць ногі ў вадзічцы. Да той крыніцы, ідзе група: нейкі ці то манах, ці то падарожнік у падранай і зацыраванай вопратцы, рэвалюцыйны матрос у скуранцы і цяльняшцы і, нарэшце, традыцыйны прыдурак-дачнік: шорты, кепка, нос бульбінай. Усім хочацца вечнага жыцця.

А вось «Пляж», на якім «атдыхаюшчыя» ды іншая свалата суседнічаюць са страшным і спрадвечным — тапельцамі, кентаўрамі ды іншымі казачнымі персанажамі.

Аднак самая цікавая для мяне праца знаходзіцца ў кутку і мае назву «Дыялог». Тут мы бачым дзве міфалагічныя постаці — нейкія ці то здані, ці то постлюдзі. Яны сядзяць пасярод змрочна-фантастычнага пасохлага ельніку і вядуць размову. Адзін з іх падкрэслена добры. Другі — суворы волат. Спачатку ты фіксуеш позірк на галоўных героях і толькі потым заўважаеш, што за першым, добрым, стаіць атара авечак. І раптам тыя самыя авечкі ператвараюцца ў сабак — аднолькавых бялявых сабак, якіх вока, падманутае майстэрствам мастака, прыняло за авечак, бо іх статак мае такую ж клінападобную форму. Вось тут, у гэтым пазнаванні, — сапраўднае дзіва высокага мастацтва. Яно не тэкстуальнае, гэта нават цяжка перадаць словамі. Далей мы бачым, што за суворым волатам таксама ёсць свая «армія» — гэта чорныя каты, што сядзяць на дрэве, да якога ён прыхінуўся.

Гэты «дыялог» вядуць армія белых добрых авечак-сабак і чорных катоў, у размове ўдзельнічае ўвесь лес, і, зноў жа, ёсць рэчы, якія цяжка перадаюцца словамі: проста прыйдзіце і пільна ўгледзьцеся.

Любая праца Славука — гэта чароўны лес, у які хочацца ўвайсці і ў ім застацца. Мець адзін з ягоных малюнкаў на сценцы — тое самае, што прыдбаць чароўнае акно ў іншы свет, які такі ж, як наш, але трохі меней мудацкі.

Ёсць творцы, якія капіююць рэальнасць, ёсць людзі, што яе змяняюць. Славук — чалавек, пасля якога вашая рэальнасць ужо ніколі не будзе цалкам рэальнай. Паглядзеўшы на гэтыя карціны, вы ніколі не будзеце бачыць беларускія лясы, рэчкі і азёры так, як бачылі раней.