У сярэдзіне ХІХ стагоддзя рускі мастак Дзмітрый Струкаў (1827—1899) зрабіў вандроўку па беларускіх землях. Ён замалёўваў гістарычныя краявіды, храмы, творы мастацтва. Пачаўся шлях з Віцебшчыны, не абмінуў ён і Случчыну.

У хуткім часе да друку быў падрыхтаваны альбом выяў беларускай даўніны. Аднак пабачыла свет выданне толькі цяпер. Прэзентацыя выпушчанага рэспубліканскім выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” альбома ““Д. Струков. Альбом рисунков 1864—1867 годов” прайшла 27 верасня ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Неабходнасць такога выдання адчувалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А сёння яно мае яшчэ большую каштоўнасць, бо на яго старонках мы бачым помнікі гісторыі, мастацтва і архітэктуры, якіх ужо няма. Акрамя двух соцен малюнкаў, мастак пакінуў таксама цікавыя літаратурныя апісанні мясцін, якія наведваў. Увагу аматараў слуцкай даўніны, несумненна, прыцягнуць матэрыялы, прысвечаныя нашаму краю.

Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў быў не толькі мастаком, але і археолагам, архітэктарам, гісторыкам, краязнаўцам і нястомным вандроўнікам

Адзначым, што ў розныя часы межы Случчыны мяняліся. Колішняе Слуцкае княства па памерах было значна большым за цяперашні Слуцкі раён. Пасля далучэння ў канцы ХVІІІ стагоддзя да Расіі ўсходняя частка гістарычнай Случчыны апынулася ў межах Бабруйскага павета. А ў Слуцкі павет увайшлі тэрыторыі Нясвіжчыны і Клеччыны. Таму многія помнікі, якія мастаком у свой час адзначаліся тэрыторыяй Слуцкага павета, сёння знаходзяцца на тэрыторыях іншых раёнаў.

Напрыклад, у сяле Круговічы была намалявана Юр’еўская царква, цяпер гэта вёска Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У сяле Грыцэвічы стаяла Петрапаўлаўская царква, а цяпер Грыцэвічы адносяцца да Клецкага раёна.

Вельмі цікавыя замалёўкі былі зроблены ў сяле Раманава (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёна). Мастак занатаваў на паперы выгляд старажытнага замчышча, выявы Юр’еўскай і Мікалаеўскай цэркваў, зрабіў план колішняга мястэчка.

Працаваў Дзмітрый Струкаў і ў Слуцку. Акрамя кароткіх звестак пра горад і асобныя яго аб’екты, у Троіцкім манастыры былі зроблены замалёўкі твораў дэкаратыўна-прыкладнога матацтва, у тым ліку сярэбранай чашы Юрыя Алелькавіча, рэзанай па косці панагіі ХVІ стагоддзя і іншых. У Мінскім кафедральным саборы ім быў знойдзены і замаляваны сярэбраны напрастольны крыж, ахвяраваны ў ХVІ стагоддзі князем Юрыем Алелькавічам Троіцкаму манастыру.

Пуцявыя замалёўкі мастак выконваў на паперы алоўкам і акварэллю. Пасля сканчэння работы, у 1875 годзе, для дэманстрацыі малюнкі часова былі перададзены ў Віленскі ўніверсітэт. Аднак гістарычныя падзеі развіваліся такім чынам, што большая частка з іх там і засталася, некаторыя апынуліся ў іншых гарадах. Да гэтага часу калекцыя захоўваецца ў Аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта, таму магчымасць для даследчыкаў карыстацца малюнкамі Струкава была абмежавана.

Выдадзены ў Беларусі тыражом 1800 экзэмпляраў альбом з факсімільнымі рэпрадукцыямі гэтых малюнкаў стаў сапраўдным падарункам як для навукоўцаў, краязнаўцаў, так і для ўсіх аматараў гісторыі і культуры Беларусі.

Альбом мае даволі прэзентабельны выгляд, важыць пяць кілаграмаў. Ён з поспехам дэманстраваўся на нядаўняй ХХІV Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-ярмарцы, а напрыканцы верасня, як гаварылася вышэй, быў прадстаўлены навукоўцам і шырокай грамадскасці ў Мінску.

На старонцы, дзе прадстаўлены аўтарскі калектыў, што працаваў над ім, адзначаны і тры спонсары, за лік сродкаў якіх выданне пабачыла свет.
Першым у гэтым радку стаіць Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. У сувязі з гэтым нагадаем, што ў нядаўнім часе Слуцкі цукровы камбінат таксама спансіраваў падрыхтоўку і выхад такіх каштоўных для нас альбомаў, як “Слуцкая палитра” (прысвечана збору твораў выяўленчага мастацтва, што захоўваюцца ў фондах мясцовага краязнаўчага музея) і “Слуцк. Путешествие во времени” (з фотаздымкамі горада ХІХ – ХХ стагоддзяў).

Напрыканцы адзначым, што Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў быў не толькі мастаком, але і археолагам, архітэктарам, царкоўным гісторыкам. Яго дзейнасць звязана пераважна з помнікамі рускай старажытнасці. Тым не менш, у Расіі дагэтуль няма грунтоўных даследаванняў і выданняў, прысвечаных гэтаму цікаваму мастаку.

Альбом, што з’явіўся ў Беларусі, стаў першым. А яго колішняя вандроўка па Беларусі стала прычынай да таго, каб імя Струкава ўвайшло і ў гісторыю мастацтва нашай краіны.