Нажаль, у нашым краі не захавалася нічога, аналягічнага бібліятэцы ў Эскорыал, у чым мы магі-бы бачыць выгляд кнігазбораў у тутэйшых інтэр’ерах XVI-XVII ст.

Рэдкае выключэньне знаходзім у Дзяржаўным мастацкім музэі на партрэце Цыпрыяна (Кіпрыяна) Жахоўскага (Żochowski) (1635 — 1693), мэтрапаліты Кіеўскага і ўсяе Русі, датаваным 1680 годам, са збораў Радзівілаў у замкавым палацы ў Нясьвіжы. Рэдкасьці гэткай выявы ёсьць свае прычыны. Арыстакратыя не паказана на патрэтах у бібліятэках: справаю шляхты была вайна, зброя (зрэдку бачым асобны малітоўнік у руцэ), бо кніжкі былі справаю найперш духавенства. Партрэты духавенства звычайна паведамлялі ці то пра набожнасьць, ці то кананічную ўладнасьць, а не пра кнігалюбнасьць. Як будзе згадана ніжэй, Жахоўскі, займаючы крыху сьпэцыфічнае становішча ў тагачасным каталіцкім сьвеце, як уніяцкі мітрапаліт, і ў кантэксьце тагачаснай барацьбы вакол уніі ды контр-рэфармацыйнае барацьбы, магчыма меў асаблівыя прычыны паказацца на партрэце зь менавіта гэтымі, паказанымі там кнігамі.

Канешне, — нават зыходзячы з дапушчэньня, што Жахоўскі тут намаляваны ў нейкім рэальным, а ня ў цалкам сымбалічным інтэр’еры, — няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што інтэр’ер той быў дзесьці на землях сучаснае Беларусі. Аднак, за адсутнасьцю лепшых прыкладаў, зьмяшчаю яго тут на наступнай падставе: зь вялікай імавернасьцю можна дапусьціць, што, паводле задумы аўтара, менавіта гэткім мелася тады быць „тыповае“ аблічча кніжніцы ў сядзібе царкоўнага іерарха ў нашых краёх: г.зн. такая кніжніца, выгляд якой быў-бы максімальна пазнавальны для тутэйшага тагачаснага гледача, і максімальна дарэчны, ў ягоных вачох, у кантэксьце таго, што паказана на карціне. — Акрамя таго, сам гэты партрэт быў часткаю гістарычных Радзівілаўсіх інтэр’ераў у Нясьвіжы і ёсьць часткаю тутэйшых гістарычных інтэр’ераў у кожным разе.

На карысьць думкі аб тым, што мастак сапраўды меў на ўвазе прадставіць воку тутэйшага гледача нейкую найбольш „тыповую“, пазнавальную тагачасную бібліятэчку, могуць сьведчыць наступныя акалічнасьці. Па-першае, гэткі тып бюрка, пісьмовага стала ў спалучэньні з кніжнымі паліцамі, быў сапраўды вельмі тыповым гатункам мэблі ў працоўным габінэце, напрацягу XVII ст. ды-й шмат пазьней, добра вядомы з выяваў таго пэрыяду (і з фактычна захаваных прыкладаў). Далей, на карціне бачым кнігі, пастаўленыя ў „новы“ (г.зн. тады замацаваўся адносна нядаўна) спосаб – сьпінкамі вокладак наперад. Перад тым, у сярэднявеччы, а месцамі і прынамсі да канца XVI ст. (як у бібліятэцы Эскорыал), кнігі ставілі блёкам наперад, і надпіс назвы, калі быў, мусіў зьмяшчацца непасрэдна на абрэзе папяровага ці пэргаміннага блёка. Па-трэцяе, тут бачым ужо кнігі ў найбольш тыповых, „сучасных“ і масавых, на прасторы ад Ліссабону да Смаленску, вокладках XVII ст.: з белага пэргамену, магчыма замест дошак кардон, на сьпінках пераплётаў атрамантам напісаныя імёны аўтараў і (ці) назвы. Раней, мабыць па трацыцыі з часоў рукапіснай кнігі на пэргаміне, пераплёт рабіўся найчасьцей зь цёмных гатункаў скуры на дошках (на якіх нічога разборліва не напішаш у кожным разе). Цісьненьне было яшчэ найчасьцей сьляпое; цісьненьне золатам на скуры сьпінкі пераплёту існавала, аднак было мабыць вельмі дарагім і ў кожным разе ў нашых краёх яшчэ не распаўсюджаным: тут жа нам паказваюць не вялікакняскую бібліятэку, а тагачасную „службовую“ кніжную паліцу прадстаўніка духавенства.

Нарэшце, для ўвагі гледача мастак выразна прамаляваў імёны аўтараў і (ці) назвы: так, каб гледачу яны лёгка чыталіся, бо відавочна меліся на мэце быць для яго пазнавальныя. У гэтым асаблівасьць твораў старое іканаграфіі: што часта зьмяшчала тэкт, прызначаная бо ня толькі малюнак паказваць, але й прамаўляць словамі. —

1) Першы фаліянт зьлева на паліцы — „Biblia Sac…“: гэта — „Сьвятая Біблія“ на лацінскай мове, афіцыйнай і абавязковай рэдакцыяй якой у Каталіцкім Касьцёле на стан 1680 г. была рэдакцыя, выдадзеная пры папе Клемэнце VIII, поўны тытул якой гучаў: „Biblia Sacra Vulgatæ editionis Sixti Quinti Pontificis Maximi jussu recognita atque edita“. Найбольш аўтарытэтнымі былі італьянскія выданьні 1592, 1593 і 1598 гг., і можна прыпусціць, што ў бібліятэцы мітрапаліта, які сам атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Рыме, было адно з гэтых выданьняў.

2) Другая кніга зьлева, чытаецца як штосьці „S. Brsilij Magn…“. Гэтая назва можа падацца параўнальна складанейшай для прачытаньня, аднак перш мы бачым S., што ў гэтым кантэксьце мае азначаць „сьвяты“, затым бачым „Б“ (як далей у „Baronij“ і „Bellarmini“), бачым „silii“, ды бачым „Magn…“, што мае адразу нагадаць пра „Magnus“, „Вялікі“. Cьпіс сьвятых, да імёнаў якіх ва Ўсходняй або Заходняй цэкрвах дадавалася „Вялікі“ — досыць кароткі, у якім на „б“ пачынаецца толькі „Базыль“. Сьвяты Базылі Цэзарыйскі, або Сьв. Базыль Вялікі, жыў у 329/330 – 379 гг, адзін з Айцоў Усходняе Царквы, м.ін. адзін з аўтараў абраду Бізантыйскае літургіі і аўтар правілаў усходне-хрысьціянскага манаства. Дык ёсьць і дадатковая акалічнасьць дзеля таго, каб на паліцы Жахоўскага быць Базылю Вялікаму: Жахоўскі быў базыліянінам: а гэта падштурхоўвае да думкі, што перад намі найбольш імаверна — „Analecta Ordinis S. Basilii Magni“, статут Базыліянскага ордэну. Фаліянт з імём Базыля Вялікага — адна з толькі дзьвюх кнігаў Айцоў Усходняе Царквы, якую бачым на паліцы ўніяцкага ўладыкі, аднак зазначым, што менавіта Статут базыльянскага ордэну, на аснове манаскіх правілаў Сьв. Базыля Вялікага, быў зацьверджаны Рымам у лацінскім перакладзе пад згаданым тытулам: у адрозьненьне ад іншых твораў гэтага аўтара (некаторыя зь якіх таксама мелі лацінскі пераклад), а таму, — з усіх іншых магчымых твораў Базыля Вялікага, — наяўнасьць менавіта базыліянскага статуту па-лаціне магла спарадзіць, прынамсі, найменш падозраньняў ва „усходняй схізме“. — Той факт, што чытаецца нібы „Brsilij“, магчыма трэба аднесьці да рэстаўрацыі 1968-1972 гг.

3) „S Io. Chrysostomi …“: гэта другі ўсходне-хрысьціянскі аўтар на паліцы Жахоўскага — Ян Златавусны (ц.-слав. Іоаннъ Златоустъ). Нажаль, нам не паказана далейшая назва. Аднак Ян Златавусны быў ва Усходняй, у т.л. уніяцкай, царкве знакамітым найбольш з 2 прычынаў. Па-першае, як аўтар літургіі: літургія Яна Златавуснага, разам зь літургіяй згаданага вышэй Базыля Вялікага — гэта дзьве вэрсіі літургіі, што там служацца (акрамя літургіі раней асьвячаных Дароў). Па-другое, сярод усходніх хрысьціянаў меў найшырэйшае распаўсюджаньне гамілетычны зборнік ( — казаньняў), званы „Златоустъ“: які зьмяшчаў пераважна казаньні самога Яна Златавуснага.

Літургіяй Яна Златавуснага па-лаціне не карысталіся, таму сэнсоўным выглядае залічыць гэтую кнігу да аднаго з выданьняў яго гамілетычных твораў. А што тычыцца лацінскіх выданьняў, творы Яна Златавуснага друкаваліся ад канца XV да канца XVII ст. некалькі дзясяткаў разоў, прычым у пераважнай большасьці выпадкаў — у паказаным тут фармаце in-folio, таму прапанаваць больш дакладную ідэнтыфікацыю не падаецца магчымым.

4) „D. Thomae de Aquino.“: сьледам за найважнейшым гамілетам хрысьціянскага Ўсходу, на паліцы зьмешчаны найважнейшы тэоляг сярэднявечнана Захаду: Тамаш Аквінскі. Наўрацьці мы бачым тут, у адзіным фаліянце, рэалістычную выяву ягонай шматтомнай „Summae Theologicae“. За 100 гадоў, што мінулі перад 1680 г., творы Тамаша Аквінскага друкаваліся каля 30 разоў, бальшыня in-folio, таму больш дакладна вызначыць імаверны твор, якім магла быць (зыходзячы з вэрсіі рэалістычнага малюнку) тая кніга, здаецца немагчыма.

5) Наступная кніга — „Rob Bellarmini Controv…“: на паліцы Жахоўскага найноўшая каталіцкая кніжная зброя супраць „гэрэтыкаў“ ягонай эпохі. Поўная назва твору — „Disputationes de Controversiis Christianae Fidei adversus hujus temporis hereticos“, імя аўтара — Робэрто Беллярміно (Roberto Francesco Romolo Bellarmino, 1542 – 1621). Гэта быў знакаміты ў Эўропе італьянскі езуіт і найважнейшы дзеяч контррэфармацыі міжнароднага маштабу. Між інш. праславіўся тым, што старшыняваў па першай справе супраць Галілея, забараніўшы выкладаць ці абараняць тэорыю абарачэньня Зямлі вакол Сонца. Аб важнасьці становішча Бэллярміно ў тагачасным Каталіцкім Касьцёле сьведчыць той факт, што ён быў аўтарам прадмовы ў новай (тады) афіцыйнай рымскай рэдакцыі лацінскае Бібліі — гл. пад №1 вышэй.

6) „Caes. Baronij Annali ii[?]“: таксама з арсэналу контр-рэфармацыі, твор пад назваю „Caesaris Baronii annales ecclesiastici…“ — 12-томная гісторыя царквы з рымкіх часоў, укладзеная Чэзарэ Бароніюсам (Cesare Baronio, Baronius). Гэта была найбольш падрабязная рымска-каталіцкая гісторыя хрысьціянскай царквы з выдадзеных у эпоху контр-рэфармацыі, скіраваная на абарону вяршэнства ўлады Рымскага Пасаду ў сусьветным хрысьціянстве ад крытыкі пратэстантаў (і праваслаўных, хоць іх пэўна ня мелі на мэце). Упершыню надрукавана паміж 1588 і 1607 гг. Пасьля назвы, здаецца дададзена „jj“ ці „ii“ можа азначаць „том 2“: аднак, калі так, асаблівае значэньне канкрэтна 2-га тому для асобы Жахоўскага, або ягонай пасады ўніяцкага мітрапаліта, мне невядома. (Магчыма, паказаны нумар тому, у якім распавядаецца пра разрыў паміж Рымам і Канстантынопалем ды даводзіцца рацыя Рыму).

7) Апошняя кніга — „Corpus juris canonici“, рымска-каталіцкі корпус (кодэкс) кананічнага права. Новая вэрсія кодэксу была зацьверджана папам Рыгорам XIII і выйшла ў Рыме ў 1582. Жахоўскі мог прывезьці яго непасрэдна з Рыму, а аднім зь іншых канкрэтных кандыдатаў на паліцу (зыходзячы з вэрсіі рэалістычнага малюнку) можна лічыць парыскае выданьне in-fol. 1587 г., якое, пасьля згаданага афіцыйнага рымскага, лічылася тады адным з найбольш аўтарытэтных. — Гэты фаліянт мусіў сымбалізаваць кананічную ўладу Жахоўскага, як арцыбіскупа, мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі: хоць насамрэч ён быў часткаю усходне-царкоўкай гіерархіі, а не рымска-каталіцкага епіскапату, якога той кодэкс непасрэдна датычыўся.

Яшчэ 2 меншыя кнігі ляжаць гарызантальна згары. Выглядае, што верхняя мае назву па-польску „Kazania okazyonalne“. Аляксей Хадыка ў артыкуле „Св. Язафат Кунчэвіч: складаньне культу і іканаграфіі ў Беларусі“ („Наша Вера“ № 2/2006), кажа, што маўляў, „Жахоўскі прысвяціў Кунцэвічу некалькі казанняў, рукапісную кнігу якіх пад назвай «Kazania okazjonalne» можна бачыць адлюстраванай на партрэце Жахоўскага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (1680)“. Нажаль, ён не падае спасылак (ні ў гэтай публікацыі, ні ў аналягічнай у „Спадчыне“) на крыніцы, а таму застаецца неяк невідавочна, адкуль-то яму сталася вядома, у гэткіх падрабязнасьцях, аб зьмесьце рукапіснай (!) кнігі на паліцы Жахоўскага на карціне ў 1680 г.. Справа з „рукапіснай“ кнігай Жахоўскага (© Аляксея Хадыкі?) выглядае досыць сумніўна: у 1680 г. творы даўно распаўсюджваліся друкам і ніхто ўжо ніякай рукапіснай кнігай шырока праславіцца ня мог: фактычна, рукапісная кніга тады ў Эўропе была ўсяго толькі неапублікаваным прыватным рукапісам, зьмяшчэньне якога, у такой якасьці, на карціне выглядае невытлумачальна (пазбаўленым сэнсу, бо ніхто з гледачоў нейкі канкрэтны неапублікаваны прыватны рукапіс пазнаць-бы ня мог). — Прагляд „Bibliografii Polskiej“ Эстрайхэра паказаў, што сапраўды, ніякай кніжкі пад такім тытулам надрукавана не было. Аднак Несецкі, „Herbarz Polski“ (Том Х), працытаваўшы тытул „Colloquium…“ (гл. ніжэй) і яшчэ іншага выданьня Жахоўстага (Gratulatio Michaeli I Regi Poloniae…“), дадае: „Są i kazania jego w druku“: што, відаць, мае азначаць, што паасобныя казаньні Жахоўскага друкаваліся шматразова пры розных аказіях. Таму падаецца больш імаверным, што тут ідзецца не аб рэальным фаліянце пад такім тытулам, а толькі аб сымбалічным: сымбалі таго факту, што Жахоўскі быў аўтарам царкоўных казаньняў з розных нагодаў — якія склалі-бы кнігу пад такім зборавым тытулам („Прынагодныя казаньні“), калі былі-бы насамрэч выдадзеныя разам. — Што тут ідзецца сапраўды аб творах самога Жахоўскага, апублікаваных ці неапублікаваных — зусім верагодна, бо „Kazania okazyonalne“ „пакладзеныя“ разам зь (ніжэй) „Colloquium Lubelskie“: поўны тытул „Colloquium lubelskie między zgodną i niezgodną bracią narodu ruskiego vigore konstytucyi warszawskiey na dzień 24 stycznia a. 1680 złożone. Leopoli: Collegium Societatis Iesu 1680“, аўтарства Жахоўскага.

Гэтак, у выяве бібліятэкі Жахоўскага назіраем спалучэньне зьместу рэальнага і сымбалічнага, у досыць тыповай для тагачаснага партрэтнага жывапісу манеры. З аднаго боку, мастак паказаў натуралістычны выгляд кніжніцы: і цалкам імаверна, што кнігі Жахоўскі меў сапраўды ў такім бюрцы-шафцы ды ў пераплётах менавіта такога выгляду, бо гэта быў агулам вельмі звычайны тагачасны гатунак мэблі і пераплётаў. Што тычыцца гэтых дэталяў, патрэт сапраўды мог малявацца ў рэальным інтэр’еры. Аднак з другога боку, карціна зусім ня мусіла дэманстраваць, што ў кніжніцы мітарапаліта было ўсяго гэтыя 9 (або, зыходзячы з габарытаў шафы, агулам каля 15) кніг. Разгляд аўтараў і (ці) назваў падводзіць да думкі, што тыя аўтары або тытулы на паліцы, старанна прапісаныя на карціне для прачытаньня гледачом, мелі на мэце сымбалізваць, — у дадатак да ўласнага аўтарства Жахоўскага згаданых вышэй твораў, — шэраг канкрэтных рэчаў: прыналежнасьць Жахоўскага да каталіцкага духавентва (№1), яго вышэйшую тэалёгічную адукацыю (№4), яго высокую духоўную пасаду (№7), прыналежнасьць да ўніяцкай царквы (№ 2 і 3), прыналежнасьць да базыльянскага ордэну (№ 3), а таксама поўную лёяльнасьць Рыму ў кантэксьце тагачаснае контр-рэфармацыйнае барацьбы ў Эўропе ды барацьбы са „схізмаю“ ў Рэчы Паспалітай (№ 5 і 6).

Паказаць, што, хоць у ягонай царкве ня служыцца лацінская імша, як у рэшты католікаў сьвету, аднак сам ён чытае выключна самыя правільныя каталіцкія кніжкі свайго часу (а калі-й грэка-бізантыйскіх аўтараў — па-лаціне), ды сам піша (і, пэўна, казаньні прамаўляе) по-польску.Але ўсе гэтыя акалічнасьці канешне не памяншаюць значнасьці таго, што на карціне бачым досыць дэталёвую выяву прыватнай або працоўнай бібліятэчкі ў 1680 г., такую, якая мелася выглядаць рэалістычнай і пазнавальнай для тагачаснага тутэйшага гледача.