Гэтым разам сярод адфільтраваных расійскіх журналістаў аказаліся і зусім прастадушныя. Адзін дык адкрытым тэкстам падзякаваў беларускаму прэзідэнту за сытны пачастунак, прытворна бядуючы, што растаўсцеў за лічаныя дні на тутэйшых харчах.

“Нічога, тры дні пабегаеце і скінеце вагу, гэта не праблема”, — лагодна пажартаваў расслаблены (свае людзі!) Лукашэнка. На традыцыйнай прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ 11 кастрычніка ў Мінску панавала амаль што сямейная атмасфера. Гэтакі цёплы міжсабойчык.

Што і не дзіўна: у спісы ўлучаюць пераважна тых, хто настроены кампліментарна, ад каго чакаюць хай сабе дубовых, але станоўчых публікацый. Многія едзяць у Беларусь такім чынам раз за разам.

Зацяжарыць ад беларуса

Папярэдне БЕЛТА анансавала, што на прэс-канферэнцыі будзе прэзентавана болей за 70 СМІ, прычым сукупны наклад друкаваных выданняў складае амаль што 3,5 млн. асобнікаў, патэнцыйная тэлеаўдыторыя — 130 мільёнаў чалавек, радыё — болей за 120 мільёнаў.

130 мільёнаў — гэта, лічы, уся Расія, уключна з немаўлятамі ды адпетымі алканаўтамі, якія даўно павыносілі з хаты тэлевізары ці ўвогуле не прачухваюцца. Які адсотак рэальна паглядзіць беларускага Робін Гуда, змагара супраць Керымава ды іншых алігархаў — вялікае пытанне.

Дарэчы, піяр-адмыслоўцы беларускага афіцыйнага лідара маглі б значна павялічыць жаданую аўдыторыю ў суседняй краіне, каб рызыкнулі запрасіць прадстаўнікоў зубастых выданняў болей ліберальнага кшталту, чым падмятыя мясцовымі адміністрацыямі рэгіянальныя газеты, левапатрыятычная прэса ды казённа-інтэграцыйны пул. Але ж запрасі тых разняволеных — напішуць з падколкамі, зробяць матэрыялы з падвойным дном. Не, лепей без такіх пісьменнікаў!

Карацей, сабралі каго трэба. І вось адзін з гонарам сведчыць, што ў зале пераважна савецкія людзі, другая дамаўляецца з прэзідэнтам нарадзіць дзіця ў Беларусі ад тутэйшага мужчыны, трэцяя артыкулюе нешта кшталту палітычнага даносу на беларускую апазіцыю (можна падумаць, такога дабра Лукашэнку не стае). Аб прывітаннях ды пажаданнях ад землякоў і казаць няма чаго — такія пасажы у духу перадачы “Поле цудаў” сталі ўжо на падобных імпрэзах рытуалам.

Плён селекцыі — бяззубы міжсабойчык

Вострыя пытанні можна было на пальцах пералічыць. Ды і тыя выглядалі спецыфічна, кшталту: чаму не хочаце прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асецію, калі вы сапраўдныя саюзнікі? Дамінавалі ж пытанні пра “беларуска-тамбоўскія дачыненні” (адзін калега літаральна так і выказаўся). Што і зразумела — трэба вярнуцца ў свой рэгіён не толькі з пакункамі ў чырвона-зялёных пластыкавых торбах, але і з нейкім эксклюзівам у дзюбе: вось, “бацька” сказаў, што менавіта наша вобласць яму асабліва дарагая!

Ведаеце, самае прыкрае нават не ў тым, што туры праплочвае беларускі бок. Так, у ідэале журналіста павінна камандзіраваць рэдакцыя, каб не было ніякай ангажаванасці. Але, калі ўжо на тое, дык публіка з нашай недзяржаўнай прэсы таксама ездзіць па Бруселях-Берлінах звычайна за кошт боку, які прымае (беднасць, беднасць!).

У гэтым жа выпадку вырашальную ролю мае селекцыя выданняў, прадстаўнікоў якіх “дапускаюць да цела”. Вы можаце сабе ўявіць, каб крытычны матэрыял пра беларускага правадыра напісаў прадстаўнік праханаўскай “Завтра”? Ці нейкага з “інтэграцыйных” СМІ? А ці доўга пратрымаецца на працы журналіст тыповай расійскай абласной газеты, які раздраконіць Лукашэнку? Там жа мясцовая прэса заціснутая, як і ў нас, а губернатару трэба з Беларуссю гандляваць.

Калі ты не калючы, то ты ўжо не журналіст

Зрэшты, наўрад ці ў каго з прысутных у зале і варушыліся нейкія крамольныя думкі. Прымітывізм большасці пытанняў сведчыць пра варты жалю ўзровень залежнай ды ідэалагізаванай прэсы. Хаця дзеля справядлівасці зазначу, што пасля мінулых прэс-тураў з’яўляліся дзе-нідзе і адрозныя ад панегірыкаў, нават даволі крытычныя матэрыялы. Толькі вось ці запрасілі іх аўтараў гэтым разам?

І я згадваю прэс-канферэнцыі Лукашэнкі для айчынных журналістаў. Таксама прасейвалі публіку, дазавалі “нячэсных”. Але хаця б дзеля блізіру пускалі, і менавіта яны, “нячэсныя”, давалі бой — хто з алімпійскай вытрымкай, не зважаючы на імгненныя ашаламляльныя контратакі, а хто з потам на лбе, нібыта трапіўшы знянацку ў клетку з тыграм.

І неаднойчы ў голасе правадыра, відавочна раздражнёнага колкімі пытаннямі, гучалі выразна пагрозлівыя ноткі.

Я шмат крытыкую нашыя недзяржаўныя медыі за хібы якасці, праеў ужо гэтым плех. Але вось ёсць тыя, прыкормленыя, з пакункамі — і ёсць нашы журналісты, што ідуць на рызыку і робяць сваю місію. Прычым не толькі на прэс-канферэнцыях, але і на вулічных акцыях, калі табе могуць разбіць аб’ектыў ды твар, зацягнуць у пастарунак. Ці робяць сваю місію, проста пішучы радкі, за якія могуць пасадзіць у турму.

Гэта не самамэта — лезці на ражон, троліць уладных персон, але калі ты не рызыкуеш, калі ты не калючы, не дыскамфортны для іх, то ты ўжо не журналіст. Тады застаецца дзякаваць за сытнае харчаванне.