Вядоўца прапануе пачаць праграму наўпроставым уключэннем з Сімферопаля, дзе працуе здымачная група АНТ. “…Добры вечар, студыя!” — вітаецца з вялікага манітора карэспандэнт, што стаіць на фоне ахутанага змрокам горада, снавання машын з уключанымі фарамі. Кідаю позірк на свoй гадзіннік: 13.20.

Не, мой старэнькі гадзіннік не сапсаваўся. І сонца ў Крыме бандэраўцы не адключылі. Проста ў мінскай студыі АНТ ідзе імітацыя жывога эфіру — імітацыя, якую (гэта потым пакажа рэакцыя ў маім фэйсбуку) мноства гледачоў прымае за чыстую манету.Ток-шоў “Пазіцыя” запісваецца ў панядзелкі ў абед, а транслюецца пасля 21 гадзіны. За гэты час запіс стрыгуць, прычым месцамі заўважна, што я зведаў на ўласным досведзе, узяўшы ўдзел ў перадачы 17 сакавіка, назаўтра пасля крымскага рэферэндуму, які паставіў на вушы ўвесь свет. Адпаведнай была і тэма дыскусіі — “Выбар Крыма”.

Рэжуць без нажа

На паказ увечары адвялі гадзіну, запіс жа доўжыўся болей за паўтары. Таму без рэзкі і мантажу абысціся было немагчыма. Багата выразалі і з маіх выказванняў. І ў прынцыпе тут станавіцца ў позу недарэчна. Але ж пытанне ў тым, што менавіта патрапіла пад нож.

Напрыклад, з майго “апошняга слова” (пры канцы перадачы кожнаму з экспертаў далі магчымасць зрабіць сваё рэзюмэ) пакінулі толькі пару фраз. Прычым адсеклі ўсё, што я казаў наконт неабходнасці акуратна (каб не справакаваць рускага мядзведзя) адбудоўвацца ад Расіі ва ўсіх сферах, каб захаваць нашу незалежнасць.

Аднак мне яшчэ пашэнціла: “апошняе слова” эксперта BISS Андрэя Елісеева ўвогуле не дайшло да гледача. Між тым Елісееў даў адлуп кіраўніку праекта “Западная Русь” з ягонымі тэзамі пра “трыадзіны суперэтнас” (сапраўды, нашто тады дзяржаўныя межы у арэале яго пражывання?), абмаляваў змрочныя наступствы прызнання рэферэндуму для Беларусі.

Адметна і тое, што менавіта скарацілі з маіх разваг — шэраг вострых момантаў, найперш пра небяспеку, якую нясе Беларусі занадта моцная прывязка да Масквы. Затое пакінулі ўвесь базар-вакзал, калі экзальтаваныя адэпты крымскай авантуры Крамля (такая ацэнка, уласна кажучы, і была маёй пазіцыяй) накідваюцца гуртом і не даюць сказаць слова.

Пры бязлітаснай рэзцы прынцыповых момантаў быў пакінуты, аднак “раяль у кустах” — “пытаннечка” з залы, чаму Класкоўскі, які за савецкім часам рэдагаваў камсамольскую газету, цяпер, маўляў, падтрымлівае новы ўкраінскі ўрад (чытай: “бандэраўцаў”).

Мне было чым парыраваць, хаця б тым фактам, што менавіта камсамольскія функцыянеры і знялі мяне з рэдактарскай пасады ў 1991 годзе: перабудовачная газета “Знамя юности” стала з іх гледзішча “падрыўной”, “дэструктыўнай”, бо крытыкавала замшэлую камуністычную сістэму. Мне і сёння не сорамна за тыя яркія гады, калі “Знамёнка”, якую рабіла бліскучая каманда маладых журналістаў, адчуўшых смак галоснасці, стала найпапулярнейшым беларускім выданнем з накладам пад 800 000 асобнікаў.

Але я проста зазначыў, што мая “персанальная справа” — па-за межамі тэмы ток-шоў.

Пры мантажы выразалі шмат чаго па тэме, а гэты брудненькі пераход на асобы, бач, пакінулі.

Прапагандысцкі антураж

Увогуле, сама рамка перадачы была прапагандысцкай. Возьмем журналісцкія сюжэты, якімі перабівалася спрэчка ў студыі, ствараўся фон абмеркавання і якія пэўна ж уплывалі на настрой гледачоў, каторым было прапанавана галасаваць у падтрымку або супраць вынікаў крымскага рэферэндуму. Дык вось, сюжэты былі аднабокія, завостраныя супраць “бандэраўцаў” пры ўладзе ў Кіеве ды супраць Захаду.

Так, каб падаць у карыкатурным плане Вярхоўную раду Украіны, акцэнтавалі ўвагу на законапраекце, толькі яшчэ ініцыяваным (!) двума (!) дэпутатамі, што прапануюць не ўжываць ў дачыненні да Кіева азначэння “горад-герой”. Во які, маўляў, антысавецкі шабаш!

Пры гэтым не прагучала, што змены ў моўны закон, якія сталі прапагандысцкай страшылкай і ледзь ці не апраўданнем расійскай акупацыі Крыма, в.а. прэзідэнта Украіны Турчынаў так і не падпісаў. То бок ніхто статус рускай мовы на паўвостраве не скасоўваў!

Дыскусія ці балаган?

Не магу сказаць, што цягам запісу вядоўца Вадзім Гігін затыкаў мне рот. Хаця ўвогуле ён відавочна не прытрымліваўся нейтральнасці, у прыватнасці выразна адчувалася адмоўнае стаўленне да новых уладаў у Кіеве. Таксама не вельмі прыемна, калі цябе раз-пораз спрабуюць збіць з думкі на паўслове.Зрэшты, сама па сабе жорсткая палемічная атмасфера мяне не палохае. Збянтэжыла іншае — канцэнтрацыя сярод запрошаных гасцей публікі дэ-факта прарасійскага кшталту, энтузіястаў крымскай авантуры.

Рэч у тым, што для канструктыўнай дыскусіі мусіць быць мінімум узаемаразумення. Немагчыма сэнсоўна дыскутаваць з людзьмі, якія ўпэўнены, што ў Кіеве ўзялі ўладу нацысты.

Аднак, гледзячы на вынікі мантажу, пачынаеш моцна сумнявацца: ці патрэбна была стваральнікам перадачы сапраўдная дыскусія? Або тых лічаных людзей, што стаялі на пазіцыі тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, выказвалі нязгоду з агрэсіяй Крамля, запрасілі толькі дзеля кволай пазнакі альтэрнатывы?

Сапраўды, ну не могуць жа заходнерусісты, шавіністы ламаць палемічныя дзіды між сабой! Але, ангажаваўшы экспертаў з іншымі поглядамі, гледачу прапанавалі на выхадзе не супольны рознабаковы роздум над тэмай, а даволі бязладны балаган, у якім асэнсаванне пастаўленых праблем немагчымае.

Такім чынам, імітуецца не толькі жывы эфір, у значнай ступені і сама дыскусія толькі імітуецца. Гэта або відавочная няўдача аўтараў, або, наадварот, наўмысны прыём.

Дык хто ў нас пятая калона?

Пастфактум у фэйсбуку я прачытаў і такія рэплікі: а няма чаго, маўляў, цягацца на дзяржаўнае ТБ, пэцкацца ўдзелам у спектаклях праўладных прапагандыстаў. Хаця больш было фрэндаў, што згадзіліся з маім падыходам.

А ён такі: нават не маючы ілюзій наконт датрымання стваральнікамі праграмы канонаў журналісцкай этыкі, усё адно варта было пайсці і выказаць на як мага шырэйшую аўдыторыю сваю пазіцыю ў гарачым, прынцыповым пытанні, што тычыцца і лёсу нашай незалежнасці.Я ў гэтым плане не трымаюся андэграўнднага чыстаплюйства. Ёсць выпадкі, калі варта весці і апрыёры няроўны бой. Многія фігуры з незалежнага грамадства, апазіцыйныя палітыкі і публіцысты прывыклі выступаць перад сваёй, блізкай паводле поглядаў публікай. У інтэрнэце, сацыяльных сетках стварыліся нейкія віртуальныя гета.

Тэлебачанне ж глядзіць у значнай ступені іншая публіка. І хай шырокі глядач бачыць і чуе, што не ўсе тут уляглі ў імперскі шал. Асабіста мне важна было таксама сказаць сваё па-беларуску.

Шкада, што так абсеклі маю ключавую думку: трэба дбаць пра беларускі інтарэс, а не ісці ў чужым фарватары; нельга дапусціць, каб наша краіна стала закладніцай імперскай палітыкі з рызыкай страціць сваю незалежнасць. Аднак тое-сёе ўсё ж прагучала, і я гэтым задаволены.

Самая ж фішка, што на дзяржаўным тэлебачанні мне (з іміджам апазіцыянера ў вачах праўладнай публікі) давялося быць адным з лічаных дзяржаўнікаў і дэ-факта абараняць пазіцыю беларускага МЗС наконт тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны — абараняць у атмасферы імперскага шалу! Дык хто ў нас пятая калона, спадарства?

АНТ пазіцыянуе сябе як найболей разняволены з дзяржканалаў, тут сапраўды спрабуюць адысці ад панылага прапагандосу. Але ў крытычныя моманты сістэмная хіба дзяржаўнай прэсы — кан’юнктурнае глушэнне нявыгадных уладным вярхам матываў — дае пра сябе знаць. Гэтым разам, відаць, пабаяліся дражніць Маскву, выставілі напаказ сервільную псіхалогію “малодшых братоў”.

Якое ТБ можна называць тэлебачаннем

Вярнуўшыся з запісу ток-шоў, я адвёў душу, напісаўшы артыкул “Крэмль улятае ў Беларусь на крылах крымскай кампаніі” для Naviny.by. У адрозненне ад таго, што выйшла ў выніку ў эфір дзяржаўнага тэлеканала, з гэтага тэксту ніводнага майго слова не выкінута. Падумаў: дзякуй богу, што ў нас яшчэ не прыдушылі інтэрнэт!А назаўтра мяне запрасілі выказацца на тую ж крымскую тэму ў “Гарачым каментары” “Белсата”. “Тут эфір не парэзалі?” — падкалоў ў фэйсбуку Viktar Malishevsky.

Я напісаў у адказ: “…Тут жывы эфір без балды. І ўжо таму “Белсат” можна называць тэлебачаннем”.