У справаздачы падсумоўваюцца дадзеныя трохтыднёвага маніторынгу беларускіх электронных і друкаваных СМІ датычна асвятлення прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. у Беларусі.

1. Уводзіны

У справаздачы падсумоўваюцца дадзеныя трохтыднёвага маніторынгу беларускіх электронных і друкаваных СМІ датычна асвятлення прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. у Беларусі.

Згодна з графікам Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Рэспублікі Беларусь, гэты перыяд ахоплівае этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.

Зазначым, што маніторынг мае на мэце:

— ацаніць, наколькі эфектыўна і поўна беларускія медыя здольныя адлюстроўваць разнастайныя палітычныя і грамадскія погляды кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў;

— прыцягнуць увагу журналісцкай супольнасці краіны да таго, што абавязак медыя – усебакова, поўна і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі прафесійнымі стандартамі і нормамі інфармаваць выбарцаў пра электаральны працэс, палітычныя платформы і погляды кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама ролю іншых удзельнікаў гэтага працэсу;

— даць розным удзельнікам электаральнага працэсу дадзеныя, на падставе якіх можна выявіць, наколькі аб’ектыўна і бесстаронна асвятлялася выбарчая кампанія ў дзяржаўных і недзяржаўных медыя;

— садзейнічаць фармаванню поўнай карціны прэзідэнцкай кампаніі.

2. Падсумаванне вынікаў

* У дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ тэма прэзідэнцкіх выбараў у згаданы перыяд была далёка не прыярытэтнай. Гэткае сцверджанне вынікае, напрыклад, з таго, што тэме выбараў адводзілася часу ў два ці тры разы меней за сюжэты, прысвечаныя надвор’ю.

* Гэтыя ж медыя не падалі аніякіх адмысловых матэрыялаў, прысвечаных збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. А калі і паведамлялася пра збор подпісаў, дык датычна патэнцыйных апанентаў дзеючага прэзідэнта дамінаваў іранічна-прыніжальны тон ды ўжываліся абразлівыя параўнанні.

* У дзяржаўных СМІ дамінаваў станоўчы вобраз толькі аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты – дзеючнага кіраўніка дзяржавы. Прозвішчы астатніх прэтэндэнтаў альбо ігнараваліся, альбо толькі ўзгадваліся.

* Акрамя дзеючага прэзідэнта дзяржаўныя СМІ ахвотна асвятлялі дзейнасць ЦВК, тэрытарыяльных камісій і мясцовых уладаў. Палітычныя партыі, што ўдзельнічаюць у выбарах, увагу дзяржаўных медыя не выклікалі. Апазіцыя, калі і ўзгадвалася, дык выключна адмоўна і ў выглядзе дэперсаналізаванага суб’екта.

* Цягам усяго перыяду маніторынгу і асабліва ў яго заключнай частцы названыя вышэй медыя публікавалі матэрыялы, якія ствараюць уражанне перадвызначанасці вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

* У дзяржаўных СМІ зафіксаваны таксама шэраг фактаў асвятлення выбарчага працэсу, не адпаведнага міжнародна прызнаным стандартам і прынцыпам журналісцкай этыкі.

* Недзяржаўная прэса падала больш шырокую карціну выбарчай кампаніі. У той час як дзяржаўныя СМІ фактычна ігнаравалі патэнцыйных кандыдатаў (за выключэннем дзеючага прэзідэнта), недзяржаўныя медыя надалі ім большую ўвагу і ўжо на гэтым этапе выбарчай кампаніі. Некаторыя з іх зрабілі патэнцыйных кандыдатаў галоўнымі дзеючымі асобамі выбарчага працэсу.

* Няма сумневу, што ацэнка суб’ектаў выбарчага працэсу, падаваная недзяржаўнымі СМІ, больш збалансаваная. Тое ж тычыцца і стылістыкі, у якой адсутнічаюць “моцныя” , правакацыйныя ці абразлівыя выразы.

Усе гэтыя высновы базуюцца на выніках апрацоўкі дадзеных маніторынгу, што падаюцца ніжэй.

ІЛЮСТРАЦЫІ ГЛ. У ДАДАТКУ

3. Асноўныя дадзеныя

 

3.1 Дзяржаўныя медыя

 

Так, навінная праграма “Панарама” (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання) адвяла дзеючаму прэзідэнту амаль 75% часу (параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу), ЦВК амаль 19% , назіральнікам з краін СНД – 6% і толькі ўзгадала пра патэнцыйных кандыдатаў спп. Някляева і Правалінскага (менш за 0,06%) , а таксама Гайдукевіча (0,1%). Прэзідэнта Лукашэнку і яго дзейнасць праграма ацаніла выключна станоўча, ролю назіральнікаў з краін СНД – нейтральна, а ЦВК — нейтральна і пазітыўна.

Выбарчаму працэсу праграма “Панарама” адвяла 0,86% часу, надвор’ю– 3,45%, спорту 17,4%. Астатні ж час быў прысвечаны іншым тэмам, ад эканомікі і палітыкі да культуры і сацыяльных праблемаў.

Падобная дынаміка назіраецца ў праграме “Наши новости” АНТ, у праграме “Радыёфакт” Першага нацыянальнага канала дзяржаўнага радыё. У іх параўнальна з астатнімі суб’ектамі маніторынгу сп. Лукашэнка займае адпаведна 69,7% і 79,8% эфірнага часу. Іншыя прэтэндэнты альбо адсутнічаюць, альбо толькі ўзгадваюцца, прычым толькі некаторыя з іх, як, напрыклад, спп. Рыжоў і Раманчук у праграме “Наши новости”.

Тэме выбараў у названай праграме АНТ было адведзена часу прыкладна ў 2 разы меней за надвор’е, а ў праграме “Радыёфакт” – меней у 3 разы.

Праграма ”Навіны Рэгіён” (Тэлерадыёкампанія “Магілёў”) яшчэ менш увагі надала патэнцыйным кандыдатам. Так, прэзідэнт Лукашэнка атрымаў 7% часу, а сп. Гайдукевіч — амаль 0,6%. Іншыя ж прэтэндэнты былі праігнараваныя ўвогуле. Выбарчаму працэсу праграма адвяла 1,6% часу, надвор’ю – 6%, спорту — 4,2%. Адпаведна, астатні час прысвечаны іншым тэмам, не звязаным з выбарамі.

“СБ” акрамя дзеючага прэзідэнта (68,3% плошчы параўнальна з іншымі суб’ектамі) не брала пад увагу іншых прэтэндэнтаў. Сярод іншых суб’ектаў, пра якія пісала ў кантэксце выбараў, — апазіцыя (13,6%), ЦВК (11,3%), праўрадавыя арганізацыі (5,1%) і назіральнікі з краін СНД (1,6%). Адзіным суб’ектам, які “СБ” ацэньвала негатыўна, была апазіцыя як неперсаніфікаваны суб’ект, што ў сваю чаргу яшчэ больш адцяняе станоўчую ацэнку прэзідэнта і яго дзейнасці.

Істотных адхіленняў ад вызначаных вышэй тэндэнцый асвятлення выбарчага працэсу не выяўлена і ў астатніх манітараваных дзяржаўных медыя, а менавіта: тэлевізійных праграмах “В центре внимания” (Першы нацыянальны канал), «Первый городской» (Гомель), “Новости региона” (Магілёў), радыё “Экспрэс 101,3 FM” (Гомель), Абласное радыё (Магілёў), інтэрнет-рэсурс www.belta.by, газеты “Рэспубліка”, “Гомельская праўда” і “Могилёвская правда”.

3.2 Недзяржаўныя медыя

 

“Комсамольская правда в Беларуси” за той жа самы перыяд асноўную ўвагу надала прэтэндэнтам на пасаду кандыдатаў у прэзідэнты. Былі згаданыя 11 прозвішчаў такіх асоб. Аднак дзеючаму прэзідэнту (параўнальна з астатнімі) была адведзена большасць газетнай плошчы, амаль 82%. І рэпрэзентаваны ён быў галоўным чынам станоўча. Астатнія 10 прэтэндэнтаў атрымалі на ўсіх разам 18% плошчы і былі рэпрэзентаваныя нейтральна.

Інтэрнет-газета naviny.by, у адрозненне ад названых вышэй дзяржаўных медыя і “Комсомольской правды”, падала надзвычай шырокую карціну выбарчага працэсу, якая ўлучае 40 суб’ектаў выбарчай кампаніі. Прычым галоўнымі дзеючымі асобамі (актарамі) гэтага перыяду былі якраз патэнцыйныя кандыдаты, ЦВК ды некаторыя палітычныя партыі і рухі. Пры гэтым патэнцыйныя кандыдаты ацэньваліся даволі збалансавана, г. зн. як нейтральна, так і пазітыўна ці адмоўна ў некаторых выпадках.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Бюлетэнь №1

1 лістапада 2010 г., Мінск, Беларусь
Ілюстрацыі.pdf