Дзвюма найбольш пазітыўнымі і магутнымі тэндэнцыямі ў апазіцыі за апошнія некалькі гадоў было ўзнікненне «новых СМІ» і рост актыўнасці моладзі. Гэтыя тэндэнцыі пэўным чынам узаемазвязаныя, і важна зразумець характар гэтай узаемасувязі.

У гэтым артыкуле я спынюся на чатырох галоўных пунктах судакранання паміж імі. Па-першае, «новыя СМІ», або інтэрнет-СМІ, — адна з вельмі нешматлікіх сфер, у якіх дэмакратычная апазіцыя яўна пераўзыходзіць рэжым. Па-другое, «новыя СМІ» — гэта сфера, у якой дамінуе і ход развіцця якой вызначае моладзь. Па-трэцяе, «новыя СМІ» — гэта не толькі перспектыўная і ўплывовая крыніца незалежнай інфармацыі, але і істотная форма актыўнасці ды супраціўлення рэжыму. І нарэшце, «новыя СМІ» — найбольш эфектыўны сродак, якім карыстаецца моладзь для залучэння як мага большай колькасці сваіх аднагодкаў шэрагі дэмакратычнай апазіцыі.

 НОВЫЯ СМІ ЎРАЖВАЮЦЬ

З прычыны рэпрэсій з боку рэжыму традыцыйныя друкаваныя СМІ, якія прытрымліваюцца альтэрнатыўнага пункту гледжання, зведалі істотны заняпад. Адны з іх спынілі выхад, тыражы іншых упалі ці працягваюць падаць. У той жа час папулярнасць сеткавых выданняў, у тым ліку інтэрнет-версій незалежных газет, такіх, як «Наша Ніва», няспынна расце. Заснаваная менш як два гады таму штодзённая інтэрнет-газета «Ежедневник», якая рассылаецца чытачам па электроннай пошце ў фармаце PDF, мае ўжо больш за 46 000 падпісчыкаў. Змушаныя пад ціскам рэжыму сысці ў інтэрнет, многія выданні адказалі на гэты выклік надзвычай дастойна. Яны здолелі стаць нашмат больш наватарскімі і дзейснымі, чым іх дзяржаўныя канкурэнты.

Варта толькі глянуць на дадзеныя інтэрнет-статыстыкі, каб убачыць безумоўную перавагу апазіцыйных «новых СМІ». У трыццатцы найбольш папулярных інфармацыйных вэб-вузлоў пятнаццаць рэсурсаў звязаныя з дэмакратычнай апазіцыяй. «Белорусские новости», «Хартыя-97» і «Белорусский партизан» больш папулярныя за дзяржаўныя медыявузлы. Сярод апошніх у памянёную трыццатку трапілі толькі «Советская Белоруссия», БелТА і «Вечерний Минск». Адзіны рэгіянальны інфармацыйны партал у спісе — «Народныя навіны Віцебска» — робіцца групай дэмакратычных актывістаў і журналістаў. Калі «Хартыя-97» і «Белорусские новости» ўзначальваюць сотню найбольш папулярных сайтаў у Беларусі, то з дзяржаўных рэсурсаў тут можна знайсці толькі адзін — вузел Беларускага гідраметцэнтра Pogoda.by.

Дзесяткі мясцовых няўрадавых арганізацый і незалежных газет маюць уласныя сайты і часам з’яўляюцца больш папулярнымі крыніцамі інфармацыі, чым мясцовая дзяржаўная прэса і яе вэб-старонкі. Хоць рэжыму ўдаецца кантраляваць тэлебачанне і радыё, незалежныя беларускія тэле- і радыёстанцыі вяшчаюць з-за мяжы. Інфармацыйныя сайты дзвюх з іх — радыё «Свабода» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» — таксама знаходзяцца ў трыццатцы найпапулярнейшых. Між тым, у ёй няма ніводнага вузла дзяржаўных электронных СМІ.

МОЛАДЗЬ НА ПЕРАДАВОЙ

Не павінен стаць сюрпрызам той факт, што рухавіком апазіцыйных «новых СМІ» з’яўляецца моладзь. Хоць галоўныя рэдактары большасці вядучых апазіцыйных інтэрнет-старонак дасягнулі паўналецця яшчэ ў 1990-я ці раней, ядро тэхнічных і творчых работнікаў такіх рэсурсаў складае моладзь. Вэб-майстры, дызайнеры, праграмісты, фатографы, вядучыя інтэрнет-дзённікаў і рэдактары «новых СМІ» належаць пераважна да пакалення маладых.

Сярэдні ўзрост журналістаў і дыск-жакеяў «Еўрапейскага радыё для Беларусі», напрыклад, 21—22 гады; у цэлым тэхнічны персанал гэтай радыёстанцыі не старэйшы за 26 гадоў. Большасць рэгіянальных вэб-вузлоў, у тым ліку папулярныя «Народныя навіны Віцебска», Horki.info і Zhodzina.info, робяць актывісты ва ўзросце да 30 гадоў.

Рэжым усведамляе, што прайграе інтэрнет-змаганне. Цяпер уступае ў сілу новы закон, які прадугледжвае кантроль над інтэрнетам. Таксама рэжым разумее сувязь паміж «новымі СМІ» і моладдзю. Першай судовай справай, распачатай супраць «новых СМІ», быў працэс над удзельнікамі моладзевай ініцыятывы «Трэці шлях», якія на сваёй інтэрнет-старонцы размясцілі мультфільмы з «абразай» Лукашэнкі. Гэты працэс быў ужыты як нагода для нядаўніх сакавіцкіх рэйдаў супраць беларускіх незалежных СМІ.

НА ВАСТРЫІ ЛЯЗА

Моладзь таксама з’яўляецца рухальнай сілай для інавацый у медыясферы, дзе яна стварае унікальныя праекты і дастасоўвае найноўшыя тэхналогіі да па-трэб беларуска- і расійскамоўных інтэрнет-карыстальнікаў. Адрозна ад сваіх старэйшых калег, большасць маладых беларускіх журналістаў вельмі дасведчаныя ў тэхнічных сродках мультымедыя — яны могуць рабіць рэпартажы, выкарыстоў-ваючы аўдыё-, відэа- і інтэрнет-тэхналогіі. Два гады таму рэдакцыя аднаго закрытага ўладамі друкаванага часопіса пачала выпускаць першы беларускамоўны мультымедыйны моладзевы часопіс, распаўсюджваючы яго на кампакт-дысках. Ператварэнне друкаванага выдання ў мультымедыйнае толькі паспрыяла росту яго папулярнасці і прывабнасці сярод моладзі, якая цягнецца да сучасных тэхналогій. Апрача тэксту і ілюстрацый, фармат кампакт-дыска дазваляе выкарыстоўваць відэа, гукавое і музычнае суправаджэнне, флэш-анімацыю. Аб’ём кожнага выпуску на кампакт-дыску таксама значна большы і ўжо не абмяжоўваецца сарака друкаванымі старонкамі. Кампакт-дыскі лёгка чытаюцца, капіююцца і распаўсюджваюцца на любым камп’ютэры, таму выданні такога роду могуць разыходзіцца ў неабмежаванай колькасці копій.

Летась група маладых аўтараў сеткавых дзённікаў і праграмістаў стварыла рэсурс 101blog.net, які аўтаматычна аналізуе каля 11 тысяч найбольш папулярных беларускіх інтэрнет-дзённікаў. Вэб-вузел дазваляе сачыць за найбольш папулярнымі навінамі, людзямі і абмеркаваннямі ў шырокай беларускай супольнасці аўтараў сеткавых дзённікаў. Маладымі актывістамі з Цэнтра інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятываў «Трэці сектар» (няўрадавая арганізацыя з Гродна) была заснаваная адна з першых беларускіх інтэрнет-радыёстанцый «Твой стыль».

МАЛАДЫЯ І ВІРТУАЛЬНЫЯ

Віртуальная актыўнасць стала неад’емнай часткай беларускай рэальнасці, асабліва калі гаварыць пра сучаснае «лічбавае» пакаленне. Згодна са статыстыкай за снежань 2006 г., 32 % працаздольнага насельніцтва Беларусі рэгулярна карыстаюцца інтэрнетам. Больш як палова з гэтых людзей маладзейшыя за трыццаць гадоў. Як паведамляе беларускае Міністэрства статыстыкі і аналізу, калі ў 2000 г. у Беларусі налічвалася толькі два камп’ютэры на 100 сямей, у 2007 г. гэтая лічба вырасла да 26. Для сем’яў з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў гэты паказчык яшчэ вышэйшы і дасягае 40 персанальных ЭВМ на 100 хатніх гаспадарак. Доля інтэрнет-карыстальнікаў ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшых вырасла з 16,2 % у 2006 г. да 20,7 % у 2007-м, а колькасць уладальнікаў мабільных тэлефонаў летась перавысіла сем мільёнаў чалавек.

Несумненна, што большасць карыстальнікаў усіх гэтых высокатэхналагічных прылад складае моладзь. Паводле вынікаў апошніх сацыялагічных даследаванняў, студэнты ставяць віртуальную актыўнасць на другое месца па папулярнасці — яе апярэджвае толькі наведванне дыскатэк, клубаў і кінатэатраў. Хоць большасць маладых інтэрнет-карыстальнікаў разглядаюць глабальную камп’ютэрную сетку перш за ўсё як крыніцу забаваў, у час вандровак па ёй ім наўрад ці ўдаецца абысці ўвагай навіны і іншую сур’ёзную інфармацыю, размешчаную на беларускіх інтэрнет-парталах. Як паказала афіцыйнае сацыялагічнае апытанне студэнтаў дзвюх гомельскіх ВНУ, больш як траціна рэспандэнтаў лічаць інтэрнет сваёй асноўнай крыніцай інфармацыі.

Маладыя інтэрнет-карыстальнікі ўтвараюць жывую і ўплывовую супольнасць, якая распаўсюджвае незалежную інфармацыю сярод дзесяткаў тысяч чалавек і нярэдка фармуе грамадскую думку. Беларуская моладзь займае трынаццатае месца ў свеце сярод карыстальнікаў «Жывога журнала», маючы ў гэтай сістэме больш як 24 000 дзённікаў. Хоць многія эксперты сцвярджаюць, што шмат для каго з беларускіх аўтараў іх дзённікі з’яўляюцца забавай, у цэлым гэтая супольнасць не застаецца апалітычнай або пасіўнай. Аднымі з найбольш папулярных суполак сярод беларускіх аўтараў «Жывога журнала» з’яўляюцца By_politics (890 удзельнікаў), By_mova, якая аб’ядноўвае тых, хто прапагандуе беларускую мову ў інтэрнеце (850 удзельнікаў), By_trash, вядомы сваімі карыкатурамі і допісамі, што адлюстроўваюць беларускую рэчаіснасць у эпоху Лукашэнкі (631 удзельнік), Minsk_news (556 удзельнікаў), а таксама суполка Minsk1067, якая аб’ядноўвае тых, хто цікавіцца гісторыяй Мінска (410 удзельнікаў). Асабістыя дзённікі некаторых маладых палітыкаў, такіх, як Алесь Міхалевіч ці Франак Вячорка, маюць амаль тысячу пастаянных чытачоў кожны.

З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ МАГІСТРАЛІ НА ПРЫЛЕГЛЫЯ ВУЛІЦЫ

Моладзь — гэта не толькі стваральная сіла апазіцыйнага інтэрнета, але і галоўныя яго напаўняльнікі і карыстальнікі. Віртуальная актыўнасць пры гэтым пераходзіць у рэальную. Моладзевыя лідэры выкарыстоўваюць сусветнае паву-цінне дзеля лепшага кіравання сваімі арганізацыямі і для павелічэння ўплыву сваіх акцый у рэальным свеце. Пасля таго як у 2006 г. быў ліквідаваны намётавы лагер на плошчы Каліноўскага, моладзевыя актывісты знайшлі прытулак у разнастайных сеткавых суполках. Інтэрнет зрабіўся віртуальнай Плошчай, дзе маладыя актывісты гуртаваліся, заўзята камунікавалі і рыхтавалі новыя формы супраціву. Сусветнае павуцінне з самага пачатку дапамагала актывістам пазбягаць міліцэйскіх кардонаў і пашырала аўдыторыю іх акцый.

Пасля сакавіцкага разгону адна з найбуйнейшых суполак «Жывога журнала» — Minsk_by — адыграла выключную ролю ў арганізацыі шматлікіх флэш-мобаў і ў многім вызначыла аблічча дэмакратычнага руху ў 2006 г. З таго часу яна стала яшчэ больш папулярнай, здабыўшы 4000 пастаянных чытачоў, але ўжо наўрад ці можа лічыцца платформай для медыяактыўнасці. Цяпер большасць экспертаў, актывістаў і аўтараў дзённікаў успрымаюць яе як месца бясконцых спрэчак паміж фанатамі розных вэб-праглядчыкаў, прыхільнікамі Пазняка і Мілінкевіча, лібераламі ды кансерватарамі і г. д. Вядучая роля ў генерацыі інтэрнет-актыўнасці перайшла да меншых суполак, вакол якіх гуртуюцца людзі з блізкімі інтарэсамі і каштоўнасцямі.

Адным з найбольш папулярных моладзевых рэсурсаў такога роду з’яўляецца сайт Generation.By. Ён арыентуецца на маладых людзей з яркай індывідуальнасцю, якія любяць свабоду, дасведчаныя ў новых тэхналогіях, добра адукаваныя і вызначаюцца практычным стаўленнем да жыцця. Замест марнавання часу на бессэнсоўныя дэбаты з апанентамі беларускамоўны праект Generation.By прапагандуе пазітыўнае стаўленне да жыцця, прапануе арыгінальныя арыентаваныя на моладзь матэрыялы, якія часта цытуюцца іншымі СМІ і інтэрнет-рэсурсамі, папулярызуе сучасную беларускую моладзевую культуру і стымулюе разнастайныя формы актыўнасці. Некаторыя з прадуктаў Generation.By, напрыклад, калекцыя эматыконаў з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам ці віншавальныя флэш-паштоўкі з Калядамі 2007 г. здабылі вялікую папулярнасць не толькі ў беларускай, а і ва ўкраінскай ды расійскай моладзі.

МОСТ ПАМІЖ ВІРТУАЛЬНАЙ І РЭАЛЬНАЙ АКТЫЎНАСЦЮ

Generation.By — адзін са шматлікіх праектаў, якія пазіцыянуюць сябе як «новыя СМІ», што не толькі існуюць у віртуальным асяроддзі, але і намагаюцца ўплываць на яго. Стваральнікі памянёнага сайта, яшчэ нядаўна студэнты, а сёння — маладыя спецыялісты, кажуць, што яны свядома пішуць не пра любую з’яву ў палітычным або сацыяльным жыцці Беларусі, а толькі пра найважнейшыя падзеі, абмінутыя ўвагай іншых СМІ, з акцэнтам на моладзевае і культурнае жыццё. Калі ў верасні 2007 г. выключылі з універсітэта і забралі ў армію Змітра Жалезнічэнку, Generation.By першы сярод «новых СМІ» выступіў з эксклюзіўнай інфармацыяй на гэтую тэму. Адрозна ад матэрыялаў іншых выданняў, тут Жалезнічэнка паўставаў не як ахвяра рэжыму, а як паспяховы малады чалавек з трывалымі маральнымі прынцыпамі — вобраз, вельмі прывабны для моладзі. Сайт маляваў яго як узор для пераймання — актыўны малады чалавек і выдатны студэнт, які не захацеў адмовіцца ад сваіх правоў, у тым ліку ад права гаварыць і атрымліваць загады ў войску па-беларуску, нягледзячы на парушэнні яго правоў як чалавека і грамадзяніна.

Два гады таму, калі з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта за паездку на канферэнцыю Еўрапейскага саюза студэнтаў адлічылі Таццяну Хому, Generation.By распачаў кампанію салідарнасці ў яе падтрымку. Гэта было не першае ў Беларусі адлічэнне паводле палітычных матываў, але ўпершыню ў абарону выключанай студэнткі распачалі шырокую інфармацыйную кампанію як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. І гэтая кампанія была праведзеная сіламі моладзевых «новых СМІ». Дзякуючы намаганням студэнтаў-валанцёраў, якія пісалі пра Таццяну ў сваіх онлайн-дзённіках і перакладалі інфармацыю пра яе на замежныя мовы, Таццяніна справа заняла першыя месцы на старонках беларускіх, украінскіх, расійскіх ды шмат якіх еўрапейскіх выданняў.

Віртуальная інфармацыйная кампанія, праведзеная Generation.By, мела надзвычай рэальны ўплыў. Беларускія студэнты збіралі подпісы ў падтрымку Таццяны, а міжнародныя арганізацыі даслалі сотні лістоў рэктару універсітэта, у якім яна вучылася. Таццяну так і не аднавілі; хваля рэпрэсій сярод студэнтаў-актывістаў не спынілася. Але БДЭУ быў выключаны з Еўрапейскай асацыяцыі універсітэтаў, паслужлівыя бюракраты ўбачылі, што парушэнні законаў не праходзяць незаўважанымі, а беларускія студэнты натхніліся ідэяй працягваць барацьбу за справядлівасць. У красавіку 2006 г. студэнты БДЭУ адмовіліся ўдзельнічаць у «публічным пакаянні», якога рэктар патрабаваў ад іх таварышаў, заўважаных на сакавіцкіх дэманстрацыях. У сакавіку 2008 г. аўстрыйскія студэнты наладзілі пікет падчас канферэнцыі, у якой браў удзел рэктар БДЭУ, у выніку чаго доктару Шымаву, перш чым пачаць даклад па праблемах эканамічнага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай, давялося публічна тлумачыць, чаму ён адлічыў Таццяну Хому. Відэазапіс ягонага выступа з’явіўся шмат у якіх СМІ, у тым ліку на сайце радыё «Свабода». У красавіку 2008 г. рэктар Шымаў перадумаў і не стаў выключаць з універсітэта Людвісю Атакулаву — студэнтку трэцяга курса і актывістку «Маладога фронту», — пасля таго як у яе падтрымку падпісаліся 150 студэнтаў. Сёння Таццяна Хома працягвае навучанне за мяжой, адначасова займаецца праваабарончай дзейнасцю і супрацоўнічае з Generation.By.

У сакавіку 2007 г. беларускія аўтары сеткавых дзённікаў паспяхова правялі інтэрнет-кампанію збору грошай пад заклад для Дзяніса Дзянісава — моладзевага актывіста і аднаго з лідэраў намётавага лагера, якога зняволілі за палітычную дзейнасць. У Гродне сеткавыя дзённікі сталі стартавай пляцоўкай для мабілізацыі гараджан на абарону помнікаў архітэктуры горада, што апынуліся пад пагрозай разбурэння падчас рэканструкцыі Старога горада. Група вядомых гро-дзенскіх інтэрнет-карыстальнікаў збірала інфармацыю пра апошнія падзеі адносна так званай рэканструкцыі, публікавала яе ў сетцы і аператыўна арганізоўвала мірныя пратэсты каля помнікаў, якім пагражала разбурэнне, у рамках грамадзянскай кампаніі «Ратуйма Гродна!».

Ужо праз некалькі дзён пасля арышту Андрэя Кіма, які адбыўся ў час мірнай дэманстрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у студзені 2008 г., паўстала суполка «Жывога журнала» ў яго падтрымку. Апрача інфармацыі пра маладога лідэра, якому далі паўтара года турэмнага зняволення, фатаграфій і відэаролікаў з акцый за вызваленне палітычных вязняў у Беларусі, тут таксама быў змешчаны шэраг коміксаў з Андрэем у якасці галоўнага персанажа. Стваральнік гэтай суполкі і Андрэеў сябар так тлумачыў гэтую ідэю:

Мы хочам, каб як мага больш людзей даведаліся, што Андрэй быў зняволены незаконна. Праз гэтыя матэрыялы мы хочам паказаць Андрэя высакародным, інтэлігентным і шчырым чалавекам, якім ён сапраўды і з’яўляецца.

Пры дапамозе суполкі, што яднае больш як 150 удзельнікаў, яе аўтары што-дзённа знаёмілі чытачоў з жыццём Андрэя ў Бабруйскай калоніі, ініцыявалі грамадскія кампаніі ў яго падтрымку, арганізоўвалі вулічныя пратэсты і паказы, а таксама прыцягвалі ўвагу грамадскасці да іншых палітычных вязняў.

Дзякуючы маладым актывістам інтэрнет у Беларусі — ужо не паралельная рэальнасць, адарваная ад штодзённага жыцця. Generation.By, напрыклад, вядомы сваімі «аўторкавымі сустрэчамі добрых людзей»: кожны другі аўторак тыя, хто сустракаецца на сайце, збіраюцца разам у рэальным жыцці. «Гэтай традыцыі ўжо амаль тры гады, — гаворыць адзін са стваральнікаў праекта. — Гэта магчымасць сустрэцца вельмі розным людзям у нефармальнай атмасферы, абмеркаваць апошнія навіны, падзяліцца цікавымі ідэямі. Часта такія абмеркаванні ператвараюцца ў новыя праекты». Адна з апошніх аўторкавых сустрэч адбылася адначасова ў Беларусі, Аўстрыі, Італіі і Нідэрландах. Маладыя беларусы цесна знітаваныя між сабой як у рэальным жыцці, так і ў інтэрнеце пры дапамозе дзённікаў, «Скайпа», сацыяльных сетак, сотавых тэлефонаў і іншых сродкаў камунікацыі. Інтэрнет пры гэтым служыць унікальным мостам паміж віртуальнай і рэальнай актыўнасцю.

У ПРАВІНЦЫІ, АЛЕ НА СУВЯЗІ

Хоць «новыя СМІ» — гарадскі рух, які нарадзіўся ў сталіцы, маладыя актывісты па-за межамі Мінска не застаюцца ўбаку. Яны таксама ўзбройваюцца высокімі тэхналогіямі, каб дайсці да як мага большай колькасці грамадзян і апярэдзіць мясцовыя ўлады ў барацьбе за людскія сэрцы і байты. Адрозна ад мінскіх агульнанацыянальных «новых СМІ», мясцовыя інтэрнет-праекты зазвычай ініцыю-юцца і ажыццяўляюцца не прафесійнымі журналістамі, а дэмакратычнымі актывістамі.

Некалькі месяцаў таму Горацкі райвыканкам займеў афіцыйны сайт, закліканы скласці канкурэнцыю апазіцыйнаму Horki.info, заснаванаму ў чэрвені 2007 г. Створаны маладымі няўрадавымі актывістамі, сайт Horki.info паспеў зрабіцца дынамічным і папулярным рэсурсам, які адыгрывае важную ролю ў мясцовым грамадскім жыцці. Найбольш рэйтынгавымі яго матэрыяламі за апошнія месяцы былі допісы пра візіт у Горкі дэмакратычнага лідэра Аляксандра Мілінкевіча, арганізаваны камандай Horki.info, а таксама артыкул пра сустрэчу мясцовай дэпутаткі парламента з выбаршчыкамі, якая адбылася пад уплывам адмысловай петыцыі, складзенай дэмакратычнымі актывістамі. На сустрэчы дэпутатцы задаваліся пытанні наконт рашэння ўладаў пабудаваць непадалёк ад Горак АЭС. Horki.info стаўся адным з ініцыятараў грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва станцыі, сабраўшы пры гэтым больш як 1500 подпісаў. Сайт таксама служыць рупарам для маладога кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі. Horki.info — гэта не толькі інфармацыйная пляцоўка ў кіберпрасторы, але і частка рэальнай сеткі мясцовых НУА, палітычных партый і незалежных СМІ, якая ахоплівае шырокае кола праграм, накіраваных на развіццё масавай актыўнасці.

Самы папулярны рэгіянальны сайт — інтэрактыўная інтэрнет-газета «Народныя навіны Віцебска» — быў створаны групай маладых актывістаў з кола «зялёных». Цяпер гэты рэсурс мае некалькі тысяч чытачоў, больш як сотню RSS-падпісчыкаў і часта цытуецца агульнанацыянальнымі незалежнымі СМІ. Ён мае спецыяльнае пагадненне з найбуйнейшай рэгіянальнай газетай Віцебшчыны «Информ-банк», якая выходзіць тройчы на тыдзень тыражом 40 тысяч асобнікаў і рэгулярна перадрукоўвае матэрыялы з «Народных навін Віцебска».

Інтэрактыўны сайт з выразнай дэмакратычнай накіраванасцю, зарыентаваны на прапаганду масавай журналістыкі, стварыла група маладых актывістаў з Жодзіна. Але што больш важна, гэты партал з’яўляецца неад’емнай часткай іх няўрадавай ініцыятывы «Незалежная рэспубліка Жодзіна», ужо вядомай сваімі грамадзянскімі кампаніямі. Маладыя актывісты з Барысава таксама ўключылі «новы СМІ» ў сваю грамадзянскую кампанію. У маі 2008 г. валанцёры ініцыятывы «За чысты Барысаў» распаўсюдзілі сярод гара-джан тысячы анкет, у якіх ім прапаноўвалася падзяліцца сваімі поглядамі наконт інфраструктуры (дарог, месцаў адпачынку і г. д.) двух галоўных раёнаў горада. Мяркуецца, што бліжэй да восеньскіх выбараў звароты з просьбамі наконт паляпшэння мясцовых умоваў будуць перададзеныя ў гарвыканкам. Адначасова з гэтым серыя фотарэпартажаў і артыкулаў пра кепскі стан гарадскіх раёнаў будзе публікавацца на сайце ініцыятывы.

Барысаўскі партал — частка унікальнай сеткі мясцовых сайтаў www.belarda.org, створанай камандай мясцовых актывістаў, пераважна не старэйшых за трыццаць пяць гадоў, з Беларускай асацыяцыі рэгіянальнага развіцця. Гэтая сетка аб’ядноўвае 90 рэгіянальных інтэрнет-старонак, якія поруч з навінамі ўтрымліваюць і такую карысную інфармацыю, як адрасы ды тэлефоны мясцовых органаў улады, пералік АЗС, звесткі пра змены ў рабоце транспарту і г. д., што робіць іх зручнай інфармацыйнай крыніцай для мясцовых жыхароў і прыцягвае ўвагу тых з іх, хто не цікавіцца палітыкай і мала ведае пра дэмакратычны рух.

САМВЫДАТ XXI СТАГОДДЗЯ

Нягледзячы на ўсё большую папулярнасць інтэрнета і новых тэхналогій, віртуальная рэчаіснасць у Беларусі даступная яшчэ не кожнаму. Таму, каб быць эфектыўнымі, «новыя СМІ» павінны дапаўняцца некаторымі ранейшымі метадамі работы. Напрыклад, незалежная газета «Салідарнасць», якая пасля выключэння яе з дзяржаўнай сістэмы распаўсюджвання выходзіць у інтэрнеце, — піянер беларускага самвыдату XXI стагоддзя. Яе трансфармацыя з друкаванага выдання ў адзін з найпапулярнейшых сайтаў навін спрычынілася да грандыёзных змен у структуры яе аўдыторыі. Цяпер «Салідарнасць», якую чытаюць пераважна маладыя інтэрнет-карыстальнікі, што жывуць у гарадах, з’яўляецца інавацыйным лідэрам сярод «новых СМІ». Так, яна збіраецца распачаць выкарыстанне фармату PDA, што дазволіць яе чытачам атрымліваць свежыя навіны на свае мабільныя тэлефоны. Тым не менш, каб утрымаць за сабой ранейшае кола чытачоў — шахцёраў і рабочых Салігорска, рэдакцыя сайта штотыднёва рыхтуе выпуск у фармаце PDF, які спампоўваецца распаўсюднікамі, раздрукоўваецца на старонках А4 і раздаецца на працоўных месцах.

Каманду, якая рыхтуе папулярны сайт Zabej.info, аб’яднала любоў да футболу. Гэтыя юнакі і дзяўчаты выкарыстоўваюць інтэрнет для арганізацыі незалежных вулічных футбольных чэмпіянатаў. Першы з іх прайшоў у Мінску, цяпер настала чарга рэгіёнаў. Паколькі папулярнасць такіх чэм-піянатаў і колькасць задзейнічаных у іх каманд хутка вырасла (летась Zabej.info арганізаваў першы ў Беларусі жаночы чэмпіянат па футболе), маладыя актывіс-ты пачалі выпускаць уласны бюлетэнь у фармаце PDF. Сёння гэта адно з найбольш прывабных і цікавых моладзевых выданняў у краіне. Хоць Zabej.info і аддае перавагу спорту перад палітыкай, гэтая ініцыятыва адкрыта выступае супраць дзяржаўнай сістэмы размеркавання і рэгулярна публікуе крытычныя артыкулы па розных аспектах дзяржаўнай моладзевай палітыкі.

ЧАМУ ЎСЁ ГЭТА ВАЖНА

Сувязь «новых СМІ» і моладзі важная з наступных прычын:

1. «Новыя СМІ» — з’ява будучыні, і толькі маладыя могуць сапраўды зазірнуць у яе. Таму яны ўжо лідэры ў гэтай сферы. Старэйшае пакаленне дэмакратычных актывістаў, як і ідэолагі рэжыму, толькі стараюцца паспець за імі ў віртуальным свеце.

2. Дзякуючы ядру з творчай і таленавітай моладзі «новыя СМІ» выходзяць пераможцамі ў сеткавай інфармацыйнай вайне. Дагэтуль рэжыму амаль ніяк не ўдалося перашкодзіць «новым СМІ».

3. Тады як «бацькі» дэмакратычнай апазіцыі наўрад ці могуць прывабіць беларускіх «сыноў», «новыя СМІ» прыцягальныя для маладых. Калі нават пакінуць убаку палітыку, ужо сам інтэрнет цікавы для моладзі. Адрозна ад перманент-на раз’яднанай апазіцыі «новыя СМІ» — адна з нямногіх рэчаў у Беларусі, якаяможа аб’яднаць маладых людзей і натхніць іх. Паводле слоў стваральнікаў Generation.By, толькі некалькі ўдзельнікаў гэтай супольнасці, што налічвае некалькі соцень юнакоў і дзяўчат, належаць да нейкага палітычнага руху. Большасць складаюць музыканты, фатографы, дызайнеры, спецыялісты ў сувязях з грамадскасцю і простыя студэнты, якія хочуць зрабіць нешта новае для сябе, сустрэць цікавых людзей ды вераць, што іх дзейнасць карысная для грамадства.

4. «Новыя СМІ» ствараюць вобраз яркай і прыцягальнай беларускай апазіцыі і нонканфармісцкай моладзі. Беларуская кіберпрастора поўная экстравагант-ных ідэй і творчага настрою.

5. Інтэрнет-суполкі — гэта ўласцівая XXI стагоддзю форма сеткавай камунікацыі і самаарганізацыі. Яны яднаюць беларусаў з розных мясцовасцей і розных сацыяльных слаёў.

6. «Новыя СМІ» — гэта недарагі для апазіцыі спосаб ахапіць як мага шырэйшую аўдыторыю сярод моладзі, якая ніколі не чытае незалежнай друкаванай прэсы.

7. Нарэшце, сеткавыя дэмакратычныя ініцыятывы, нават самыя дробныя, могуць натхніць тысячы юнакоў і дзяўчат, якія вандруюць па сусветным павуцінні. Некаторыя са сталых моладзевых рэсурсаў ужо нарадзілі дзесяткі падобных праектаў на рэгіянальным узроўні.

З гэтых прычынаў для сённяшніх лідэраў беларускай палітычнай апазіцыі надзвычай важна глыбей зразумець, што адбываецца з «новымі СМІ», больш увагі надаваць сваёй прысутнасці ў інтэрнет-прасторы і ўсвядоміць уплыў гэтай прасторы на будучых лідэраў краіны. Сёння «новыя СМІ» і моладзь знаходзяцца на перадавой стварэння сучаснай беларускай гарадской культуры, якая спрыяе ўмацаванню беларускай самасвядомасці і пашырэнню ідэалаў свабоды, незалежнасці і дэмакратыі.

________________________________________________

Ірына Віданава выкладала гісторыю ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і Ліцэі пры БДУ. У 1998 г. стала галоўным рэдактарам адзінага ў Беларусі незалежнага моладзевага часопісу «Студэнцкая думка». Гісторык па адукацыі, у 2006 г. яна атрымала ступень магістра грамадзкай палітыкі са спэцыялізацыяй у мэнэджмэнце некамэрцыйных арганізацыяў і міжнароднай палітыцы ва ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса. Падчас навучаньня ў ЗША працавала ў двух вядучых дасьледчыцкіх інстытутах. Піша артыкулы на мола-дзевую праблематыку, праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні моладзевай думкі ў Беларусі. У «ARCHE» друкаваўся яе аналіз «Апантаныя надзеяй: Беларуская моладзь пасьля выбараў 2006 г.».