Сяргей Будкін прааналізаваў кнігу Зьмітра Сасноўскага, прысьвечаную гісторыі беларускай музыкі: «Ясна, што такую колькасьць інфармацыі за сьціслы тэрмін ня ў змозе перапрацаваць нават цэлая каманда навукоўцаў. А тут адзін Сасноўскі даводзіць, што і адзін у поле – воін. Толькі вось прэтэнзій да яго дасьледаваньня багата».

Зьміцер Сасноўскі адзін з тых, хто ўвёў у сучаснай Беларусі моду на серэднявечча і зрабіў нямала, каб вярнуць зь небыцьця старадаўнія інструмэнты. Зробленае ім у гэтай галіне яшчэ толькі чакае свайго асэнсаваньня. Сам жа Зьміцер узяўся за асэнсаваньне таго, што было зроблена ў беларускай музыцы да яго. Задачу перад сабой дасьледчык паставіў звышскладаную, але нехта мусіць быць першым. Яго дзьве апошнія працы не без падставаў можна называць першымі спробамі сыстэматызаваць гісторыю беларускай музыкі ад першабытнасьці да нашых часоў. Гаворка тут пойдзе пра кнігу, якая выйшла ў 2012 годзе ў выдавецтве «Харвест» – «Гісторыя беларускай музычнай культуры XIX – XX стст.». І хоць нідзе ў выданьні не фігуруе, што гэта ёсьць падручнік па гісторыі музыкі, сам аўтар яго пазыцыянуе, як першы навуковы дапаможнік па гэтай тэматыцы. А яшчэ аўтар наракае на тое, што не пачуў ніводнага публічнага водгуку на сваю працу. Дык выправім гэту сытуацыю хоць часткова.

У кнізе Сасноўскага апісваюцца асноўныя падзеі і зьявы ў беларускай музыцы ад пачатку XIX стагодзьдзя і ажно да пачатку XXI стагодзьдзя. Гонар аўтару робіць тое, што ў напісаньні гэтай працы ён грунтаваўся ня толькі на звыклых крыніцах, г.зн. ранейшых кнігах беларускіх савецкіх спэцыялістаў. Але зьвярнуў увагу на тое, што знаходзілася па іншы бок мяжы. Маюцца на ўвазе – дасьледаваньне кампазытара Мікалая Куліковіча, выдадзенае ў ЗША, здымкі і копіі беларускіх выданьняў зь Нямеччыны, таксама скарыстаўся артыкуламі, выданьнямі і кнігамі, якія выходзілі ў Польшчы. А да ўсяго аўтар зьвярнуўся да асабістых архіваў некалькіх асобаў, скарыстаў уласныя матэрыялы, сабраныя падчас экспэдыцый. Гэта сьведчыць пра тое, што Зьміцер сядзеў ня толькі ў «гугле». Хоць, мяркуючы па ўсяму, у сеціве ён таксама багата часу правёў. У сьпісе літаратуры даволі шмат спасылак на тое, што давялося знайсьці праз інтэрнэт. І разам з сапраўды вартымі ўвагі артыкуламі, там сустракаюцца спасылкі на даволі сумнеўныя крыніцы. Напрыклад, пункт 63 у сьпісе літаратуры знаходзіцца малаінфарматыўная ды яшчэ і непісьменная з пункту гледжаньня граматыкі інфармацыйная нататка з сайту euromost.org, а ў пункце 88 аўтар крыніцы пазначаны наогул дзіўна: «Наталля Я.». Больш за тое, пункты 153-167 суцэльныя спасылкі на сайты, напрыклад «153. http://be-x-old.wikipedia.org». У навуковым асяродзьдзі спасылкі на вікіпэдыю лічыцца мовэтонам. А вось з падшыўкамі газэтаў аўтар не сядзеў і дарма – тамака багата інфармацыі для дасьледчыка. На прэзэнтацыі кнігі Сасноўскі адказваючы на закіды наконт таго, што ў кнізе няма навуковага кіраўніка, самадзейна заявіў: «Я сам сабе кіраўнік». Між тым, не зашкодзіла б, каб кнігу перачытаў гісторык, культуроляг ды яшчэ абазнаны карэктар перад яе выданьнем. Пры старанным вычытваньні выданьне стала б толькі больш дасканалым, бо ёсьць да яго прэтэнзіі.

Адна зь іх – розны стыль выкладаньня. Вельмі адчувальна калі Сасноўскі піша сам, а калі капіюе ды ўстаўляе. Не, Зьміцер не плагіятар. Ён проста цытуе вартыя ўвагі працы (асабліва Міхаіла Куліковіча – на ёй пабудаваны шмат якія разьдзелы кнігі), каб падмацаваць сваю ўласную думку наконт таго, што беларусам ёсьць чым ганарыцца. І спрабуе вярнуць на месца тое, што ссунулі яго папярэднікі. Напрыклад, Іна Нізіна, зь якой аўтар уступае ў завочную спрэчку на старонках сваёй кнігі. «І вось парадокс – Іна Назіна не збірала ў сваіх экспедыцыях інфармацыю менавіта пра дуду (экспедыцыі А.Лася, Т.Кашкурэвіча і аўтара гэтай кнігі паказваюць, што дудары жылі ў тыя часы, калі адбываліся экспедыцыі І.Назінай; вясковыя людзі ажно дагэтуль, да пачатку XXI ст. распавядаюць унікальныя звесткі пра канструкцыю, рэпертуар дуды і нават імёны і біяграфіі дудароў)», – піша Сасноўскі. Ясна, што аўтару ёсць што сказаць з гэтай нагоды, але пры такім выкладзе яго наступнікам давядзецца ўжо заняцца сістэматызацыяй яго даволі сумбурных выказваньняў. Аўтар бярэ на сябе адказнасьць даваць пэўныя ацэнкі падзеям, так што часам ствараецца ўражаньне, што чытаеш не працу з прэтэнзіяй на навуковасьць, а злабадзённы публіцыстычны артыкул, які грунтуецца перадусім на эмоцыях. Ён сапраўды ўздымае вельмі балючыя для беларускай культуры пытаньні пра тое, як «прафесія кампазітара ў Беларусі амаль асуджана на выміранне» (стр.242), але сур’ёзнай аналітыкі за гэтымі словамі няма, толькі назіраньне і спачуваньне. Ці пасаж пра спартовыя арэны, які так разлаваў Міністэрства інфармацыі, якое дала адлуп гэтай кнізе.

Ясна, што такую колькасьць інфармацыі за сьціслы тэрмін ня ў змозе перапрацаваць нават цэлая каманда навукоўцаў. А тут адзін Сасноўскі даводзіць, што і адзін у поле – воін. Праўда, часам аўтар вымушаны проста цытаваць цэлыя кавалкі іншых працаў, не прапускаючы інфармацыю празь сябе. А бывае, што і забываецца ўказваць на першакрыніцу. Тут ёсьць асабістая прэтэнзія. У разьдзеле «Песьняры» на стр. 242-243 Сасноўскі цытуе практычна літаральна ладны кавалак артыкулу з кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу», але не пазначае крыніцу. Праца з крыніцамі наогул дзівіць сваёй неахайнасьцю. У тым жа разьдзеле аўтар пераказвае гісторыю пра тое, як Мулявін выканаў у прысутнасьці Лукашэнкі незаплянаваную «Пагоню» і спасылаецца на тую ж зацемку на euromost.org. А ў той зацемцы згадкі пра гэты эпізод папросту няма…

Выданьню проста неабходная навуковая вычытка, бо які б разумны, імпэтны і ўпэўнены ў сябе ня быў аўтар, ён ня можа ахапіць усё і часам можа памыліцца проста на пустым месцы, як на стр.236 дзе напісана: «На пачатку XX стагоддзя беларускае опернае мастацтва было выкраслена ўладай Рэспублікі Беларусь з прыярытэтаў развіцця айчыннага мастацтва». Гэта толькі ўважлівы чытач зразумее, што тут маецца на ўвазе «канец XX стагоддзя», але такія храналягічныя збоі для навуковага выданьня проста немагчымыя! Праз пару старонак – ізноў няўцямнасьць: «Апошні канцэрт «Песняроў» прыпаў на 1991 г.». Гэта што было? Аўтар далей жа сам піша пра канцэрт «Песьняроў» у 1994 годзе. Ды наогул «Песьняры» канцэртавалі да самай сьмерці Мулявіна, дзяржаўны ансамбаль існуе і цяпер ужо без яго стваральніка.

Аўтар не заўжды вычарпальна падае факты, што можа стварыць блытаніну. Напрыклад, на стр. 297 вядзецца пра тое, што песьня «Ведаю, што не вернешся» прынесла Чэславу Неману небывалы посьпех. Але ці ж яна сапраўды так звалася і пісалася? Варта б усе іншамоўныя назвы пісаць у арыгінале. Няясна і далей – на стр.298 напісана, што той жа Немэн запісаў у 1974 годзе кружэлку зь беларускімі народнымі песьнямі. Але не падаецца, ані выдавец той кружэлкі, ані яе назва, ані хоць бы назвы некалькіх твораў, якія ў яе ўвайшлі.

Улічваючы малыя памеры дасьледаваньня, ня дзіва, што шмат якія факты, няхай сабе і вельмі значныя, у кнігу не патрапілі. Напрыклад, наогул не кранаецца джаз-музыка – у кнізе ані згадкі пра славутага Эдзі Рознэра, які кіраваў дзяржаўным джаз-аркестрам БССР, а потым быў сасланы саветамі ў канцлягер. На жаль, ані слоўца няма пра беларускі музычны андэграўнд 60-70-х, пра рух беларускіх гіпі, пра пачынальнікаў беларускага незалежнага року – гурты «Мроя» і «Бонда», пра каманды, якія знайшлі новы падыход у інтэрпрэтацыі народных сьпеваў на пачатку 90-х – «БазЫлькі», «Палац» і «Троіца». Гэта не кажучы ўжо пра тое, што няма ані згадкі пра такія жанры, як жабрацкія, рэвалюцыйныя, ваенныя, дзіцячыя, турэмныя, паўстанцкія сьпевы, пра музыку, што пісалася для кіно і г.д. Аўтар прысьвячае джазу і року па сказу ў караценькай прадмове і адкрыта піша, што не разглядае гэтыя праявы, бо «беларускі сучасны джаз заслугоўвае шчырай павагі, але, нягледзячы на творчасць выдатных майстроў, не знаходзіць масавага слухача з-за слабой музычнай падрыхтаванасці беларускай публікі». Даволі дзіўнае тлумачэньне, за якім чытаецца, што самога аўтара гэты кірунак проста не цікавіць.

А вось пра рок: «Рок-музыка Беларусі на цяперашнім этапе развіваецца ва ўмовах падпольнага вальнадумства, бо галоўныя рок-каманды не маюць выхаду да СМІ». Але ці ж гэта можна лічыць прычынай таго, што аўтар абсалютна ігнаруе гэтую зьяву ў сваёй кнізе, прысьвечанай – чытаем назву – «гісторыі беларускай музычнай культуры XIX – XX стст.». Шмат якіх пытаньняў не было б да Сасноўскага, каб назва яго кнігі была не такой усеабдымнай, а звалася «Гісторыя некаторых народных інструмэнтаў», напрыклад, ці «Дуда: да і пасьля», нешта такое. Якраз інфармацыі пра дуду ў кнізе вельмі багата. Пасьля прачытаньня ні ў каго не застанецца сумневу, што дуда (а не цымбалы!) – галоўны інструмэнт беларусаў.

Слушны падыход абраў Сасноўскі ў самім выкладзе падзеяў. Ён спрабуе глядзець на разьвіцьцё беларускай культуры ў агульнасусьветным кантэксьце і зьвяртае належную ўвагу на тых творцаў, якія ўзбагацілі сусьветнае мастацтва. Вельмі цікавае назіраньне з спасылкай на Віктара Скарабагатава прыводзіцца на стр.24: калі ў вакальным цыкле «Да Касі» Міхала Клеафаса Агінскага зьняць фактуру і пакінуць толькі першую, другую і трэцюю долі, то атрымаецца той жа матэрыял, што гучыць у «Вясельлі Фігаро» Моцарта, напісанай на восем год пазьней.

За адну толькі спробу апісаньня гісторыі беларускай музычнай культуры аўтару варта выказаць падзяку. Сасноўскі – адзіны пакуль чалавек, які ўзяў на сябе сьмеласьць узьняць такую глыбку. Гонар яму робіць тое, што працаваў у архівах, у тым ліку і з ілюстрацыйным матэрыялам. Вялікі плюс кнігі ў тым, што яна багата ілюстраваная, у тым ліку рэдкімі фота. А яшчэ гэтага чалавека узвышае тое, што ён ня толькі сыстэматызуе гісторыю, але і сам стварае яе.

Зьміцер Сасноўскі – Гісторыя беларускай музычнай культуры XIX – XX стст. (Харвест, 2012)
Набыць гэтую і ранейшыя працы аўтара можна на Knihi.by.

Пра аўтара:

Штатны эксперт і сябра «вялікага журы» Experty.by. Рэдактар музычнага парталу «Тузін Гітоў» (ад 2003), музычны аглядальнік газеты «Наша ніва» (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на NetRadio і на «Радыё Рацыя». Рэдактар і суаўтар кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу», прадусар узнагарод «Рок-каранацыя» (2005-2007). Аўтар ідэі і прадусар праекту «Тузін.Перазагрузка».