Запуск новага і даўгачаканага туру Мілен Фармёр «Timeless tour» адбыўся 7 верасьня ў Бэрсі ў Парыжы. І адбыўся фантастычна, фараанічна. Удала, з імпэтам. Усё набыло вялікакняскі ровень: відовішча, гук, візуальнае суправаджэньне і тло сцэны, плястыка як жывых танцораў, так і робатаў, густоўны выбар і новая інтэрпрэтацыя песьняў.

Строі сьпявачкі, ейная далікатнасьць у грамадаваньні з публікай, сьлязьлівасьць і сюрпрыз дуэту з Гары Джулсам пакінулі многіх ня проста ў захапленьні, а часам і ў здранцьвеньні. А танцы робатаў наагул агаломшалі многіх з 15 000 прысутных у Бэрсі. У дадатак, віртуальны дуэт рудой прыгажуні з Мобі стаўся цудоўным своеасаблівым віртуальным пасланьнем для кожнага замілаванца і замілаванкі творчасьцю Мілен.

А ўсё пачалося – пасьля пэўнай, натуральна, затрымкі – з прамыслова‐футурыстычнага адкрыцьця шоў. Kараліца францускага поп зьявілася з непаўторнага і інтэнсыўнага зоркападу, праз які ўсё ж‐такі прабіўся касьмічны карабель у стылі Alien. На борце акрамя самой Фармёр знайшліся і іншыя вандроўнікі: 5 жывёлападобных робатаў і 6 брутальных, замаскулінных чалавекаў‐танцораў. Жан‐Поль Гат’е мінімальна апрануў апошніх (павязкі, спадніцы, шорты) і досыць казачна і выдварна апрануў адзіную showgirl Францыі. Яна зьдзіўляла ўсіх то простым крэмавым строям, то сукенкай а ля Мары‐Антуанэта, то аргазьмічнай бліскучай чырвонай кактэльнай сукняй, то, нарэшце, простай, але ж такой сэксуальнай і пасавальнай ёй тройкай.

Канцэрт Фармёр пачала, на дзіва, адна – без танцораў, ані іншых суправаджэнцаў. Пачала сьмела і амаль адразу выйшла на кантакт з публікай – проста сваёй стрыманай эмацыйнасьцю. Яна амаль не размаўляла з публікай, больш плакала, аднойчы нават зьбілася, некалькі разоў з‐за сьлёзаў не змагла працягнуць песьні Je te dis tout, але публіка дапамагла ёй вярнуцца ў каляіну. І простым merci яна выратавала сытуацыю і навяла парадак.

А калі зорка дайшла да сваіх шлягераў, самых папулярных і вядомых франкамоўных песьняў – Desenchantée, Sans contrefaçon i Rêver, то заля амаль ашалела і кінулася ў скокі.

Насамрэч, сюрпрызаў не адбылося – зорка пацьвердзіла статус непаўторнасьці і недасягальнасьці на франакамоўным музычным алімпе. Шоў адбылося, публіка засталася задаволенай, а многія то і наагул атрымалі эстэтычны шок, аргазм. Мілен прадэманстравала, як можна цудоўна спалучаць рэтра з наватарствам і рабіць дыхтоўны поп. Ну і тэхнічныя, візуальныя экспэрымэнты сьпявачкі адразу выносяць яе ў авангард францускай поп‐культуры. Тут ёй няма роўняў, тут яна адна робіць ціхія рэвалюцыі без ахвяраў. Падаецца, нават у больш заможнім англа‐моўным сьвеце музыкі мала знойдзецца такіх сьмелых і з густам экспэрымэнтатараў і экспэрымэнтатарак.

Такім парадкам, першы канцэрт рудой красуні ня стаўся блінам сабаку, запуск мэгаракеты Фармёр адбыўся больш, чым пасьпяхова. Сьпявачка працягвае свае канцэрты на арбіце, пакуль у самой Францыі. А праз месяц яна працягне палёт далей – нават заплянаваная адна пасадка ў Менску. Хочацца верыць, што  беларусы разумеюць хто і з чым да іх ляціць… Яшчэ ёсьць магчымасьць і шанец набыць квіткі на тую, хто абяцае дакрануцца да адвечнага… Мілен і замілаванцы ейнай творчасьцю, да сустрэчы 27 кастрычніка!