Гурт “Тлушч” могуць палюбіць тыя, каму даспадобы абсурдысцкія тэксты ў стылі раньняга Міхалка і позьняга Вольскага, якія суправаджае няроўны іранічны вакал ды да жаху брудныя гітары.

Нейкі разумнік усё ж угаварыў музыкаў з гурта “Завулак Vinny Stigm’ы” зьмяніць назву на больш чытэльную ды запамінальную. Цяпер яны завуцца “Тлушч” і тым самым рызыкуюць быць паблытанымі зь іншым “каляпанкрокавым” гуртом – “Тлуста луста”. Але ў тым інтарэс ды інтрыга – калі “Завулак…” ужо меў сякую-такую вядомасьць у вузкіх колах, то “Тлушчу” давядзецца заваёўваць сваю публіку наноў.

Іх могуць палюбіць тыя, каму даспадобы абсурдысцкія тэксты ў стылі раньняга Міхалка (“Мы з маёй гірлой заточым пару фруктовых ільдоў”) і позьняга Вольскага (“Думаеш, што ў гэтым вінаваты Гаўс, празь яго паедзеш ты балоты паўз?”), якія суправаджае няроўны іранічны вакал ды да жаху брудныя гітары. Справа абыходзіцца без бруднай лаянкі і праклёнаў на адрас сыстэмы. Яны працуюць у фармаце кароткага выказваньня-намёку – даўжыня большасьці трэкаў не сягае і дзьвюх хвілінаў, і ўцямнага пасылу яны не маюць. Вакаліст каманды Паша Белы навучыўся пісаць песьні такім чынам, што яны з аднолькавым посьпехам могуць прагучаць як на падпольнай паці аматараў “Ляпісаў”, так і на “бээрэсэмаўскай” вечарыне. Чаго варты толькі загалоўны нумар альбому – верх абсурду пра тое, што нас яднае толькі тлушч. Ці сумная гісторыя пра хлопца, якога выпраўляюць адбываць разьмеркаваньне, а для яго сталічных сяброў у гэты час у клюбе “мочаць рок “Зьвяры”. Сярод усяго гэтага вэрхалу вылучаецца мілая і лірычная баляда “Кінатэатар Вільня” (ня блытаць з старым баевіком гурта “КальЯн” – “Кінатэатар Радзіма”).

“Тлушч” прапануе такі лайтовы панк-рок з чыста беларускім калярытам, каб граць сабе ў ахвотку, не здраджваць сумленьню, але пры гэтым не асабліва нарывацца на непрыемнасьці.

Спампаваць альбом можна па спасылках: mediafire | vk | bandcamp

Ідэя: 6
Выкананьне: 5
Тэксты: 7
Запіс: 5
 Аздабленьне: 6