«Стары Ольса» – «Santa Maria», Мн., 2013, «БМАgroup».

Увага! Гэты тэкст працягвае практыку вяртаньня роднай мовы да ідэі ґрафічнага ўвасабленьня адной літарай наступных здвоеных гукаў:

Дж/дж – Җ җ

Дз/дз – Ђ ђ

Давайце абмяркуем? Зьвяртаем адразу ўвагу, што не ўсялякае дз ёсць ђ, бо, напрыклад, надземны, надзвычай маюць папросту зьбег зычных Д і З, а ня гук Ђ (параўнайце: надземны і нађейны; дый паджыльны ня ёсць паҗыльны). Што гучыць па-рознаму, мусіць і пісацца па-рознаму. Затое расейскае ГАИ ў нас было б не ДАІ (цягай за цыцкі), а ЂАІ, бо Ђяржаўная Аўтамабільная Інспэкцыя. А якія цудоўныя словы мяђьвеђь, дожҗ.
___________

Модны панятак «зорка шоўбізу» колісь датычыў толькі поп- і рок-музыкі, але цалкам заканамерна, што час унёс свае карэктывы, аж нават у пушчаным на самацёк беларускім шоўбізе, куды так і не ўліваюцца фінансавыя плыні, ёсць рэальныя зоркі ў мэтал-стылістыцы («Znich», «LitvinTroll»), у рытм-энд-блюзе («Крама», «P.L.A.N.»), нават у бардаўскай песьні (Віктар Шалкевіч і Сяржук Сокалаў-Воюш зьбіраюць вялізныя канцэртовыя залі рэґулярна), а ў колісь аскетычнай мэдыявальнай плыні («Стары Ольса», «Testamentum Terrae») ёсць ажно свае рэкардсмэны шоўбізу. Паводле канцэртовай і выдавецкай актыўнасьці з гуртом «Стары Ольса» ніхто й не параўнаецца, дый менавіта з яго пачалася папулярызацыя былога аскетызму сярэднявечнай эўраэкзотыкі з беларускім кантэкстам. Толькі што выдађены альбом «Santa Maria» які па ліку – ђясяты, пятнаццаты? Гэтага ня ведаюць нават музыкі, бо на адным фэсьце сам бачыў Зьмітра Сасноўскага, лідэра калектыву, які з пођівам набыў у шапіку невядомы яму дыск «Старога Ольсы». Дык вось «Santa Maria» – гэта зусім новы прэцэдэнт, калі пра альбом ня чуў нівођін прад’юсар, бо музыкі зрабілі яго на свой страх і рызыку, затое абапіраліся на ўласны досьвед, ґуст. Бадай, атрымалася…

Зрэшты, пачну з недахопаў, каб ня скончыць за супакой. Ня першы раз сустракаем назву твора «Saltarello» на дысках «Старога Ольсы» (і ня толькі): то гэта твор безыменнага італьянскага аўтара XIV стагођьђя ў альбоме «Сярэднявечная дыскатэка» (2005), то італьянская мэлёдыя XV стагођьђя ў складанцы «Medieval» (2009), то неабмежавана пазначаны твор XV-XVII ст. на другой частцы альбому «Скарбы Ліцьвінаў» (2004, «Рэнэсанс»). Каму мала, дык вось вам яшчэ: цяпер «Стары Ольса» прапануе «Saltarello» кампазытара Diomedes Cato (1560-пасьля 1619). Бадай, ня варта біць сябе ў груђі з лямантам «я адмысловец, а ты нічаво не панімаіш», каб потым дэманстраваць такое занадта фрывольнае жанґляваньне эпохамі й асобамі. Лепш спакойна і ўважліва прыслухоўвацца да заўвагаў крытыкаў. Менавіта крытыкаў, а не піяршчыкаў. Бо акурат першыя засьведчаць, што зграны гіт «Saltarello» найлепш якраз у новым альбоме «Santa Maria». Ну проста ідэальная эўрадэнс-інструмэнталачка. Як і «Totentanz» («Сьмяротныя скокі»), што чамусьці вандруе з альбома ў альбом, а нават вядома і ў вэрсыі славутага Феранца Ліста.

Танцавальнасць (ня толькі сьмяротную) захоўваюць і больш сур’ёзныя тэмы альбому, як загалоўная «Santa Maria» (насамрэч, так званы колавы танец з лятынскіх манускрыптаў XIVст., які мае назву «Llibre Vermell de Montserrat» або па-нашаму з каталанскаe «Чырвоная кніга кляштару Мансэрат»). Песьня й загучала па-нашаму ў пераклађе Зьмітра Сасноўскага:

Засьпявай ађінай паньне, Авэ Марыя,
Славу, гонар, шанаваньне, Авэ Марыя!
Была панна на самоце, калі завітаў анёл,
Габрыэль у Божай цноце да яе з нябёс сышоў.
Разнасіў анёл бясконца песьню словаў залатых:
«Блаславённая пад сонцам ты, Марыя, назаўжды!»

Але ж у беларусаў ёсць і свая «Чырвоная кніга кляштару Мансэрат», якая вядомая як «Полацкі сшытак», або «Астрамечаўскі збор» з калекцыі полацкага арцыбіскупа Цыпрыяна Жахоўскага, адкуль «Стары Ольса» таксама ўзяў чарговым разам 7 кавалкаў: «Balkano», «Nuovo» (ну гэта ясна пра нав’ё), «Cantario» (для галісійцаў і каталанцаў тут нешта пра сьпевы, якіх на гэтым дыску нешта няма, а лятынская мова мае на ўвазе нейкі чан, пра які з інструмэнталу не здагадаесься), «Цюпа», «Пастар», «Трытон», «Sliczna kwiecie». Так, было ђьвюхмоўе і ў часы «Полацкага сшытку», але «Стары Ольса» польскія рыфмы перакладаць ня стаў, заграўшы інструмэнталку і… згубіўшы рэліґійны кантэкст:

Jezu śliczny kwiecie, zjawiony na świecie:
A czemuż się w zimie rodzisz,
Ciężki mróz na się przywodzisz,
Nie na ciepłem lecie, nie na ciepłem lecie?

Затое слухаецца як дыскашляґер старажытнасьці! Так, давалі дыхту полацка-берасьцейскія стваральнікі гітоў ђьвюхмоўнай Рэчы (Res) Паспалітай (Publica), пакуль камусьці не захацелася паціснуць адну з моваў, акурат беларускую, чым і скончылася паспалітая справа (Res). Затое пачалася паасобная. Мо пра гэта й песьня Войцэха Длугарая «Eiusdem nationis» (з лятыны «Тая ж прыналежнасць»), але… зноў дайшоў да нас толькі танец (відаць, не падабаліся думкі нашых ґеніяў заходнім і ўсходнім браткам, а нам жа здаўна абы дар Божы захаваць, нам і прыналежны – мову, веру і кут свой уласны).

З сярэднявечных кампазытараў Вялікага Княства Літоўскага пакінуў у альбом «Santa Maria» свой твор і Валенты Бакфарк. Назва нямецкая «Schöner deutscher Danz» (проста «Прыгожы нямецкі танец»), але танчыць яго лёгка можна й па-беларуску, бо напісаны вугорскім віртуозам-лютністам і кампазытарам падчас ягонай эміґрацыі ў ВКЛ (вось такія былі ў нас гастАрбайтары тады).

Варта супакоіць і аматараў сярэднявечных сьпеваў, бо ці не надта інструмэнтальным апынуўся гэты альбом «Старога Ольсы»? Не! Дык вось напрыканцы альбому Алесь Чумакоў сьпявае «Quen a omagen da Virgen» галісійска-партугальскага кампазытара ХІІІ стагођьђя Alfonso el Sabio ў беларускім пераклађе Зьмітра Сасноўскага. Цяпер гэта «Маці-каралева», ђе захаваны рэліґійны кантэкст, бо мелася на ўвазе нябесная каралева, хоць пађеі перанесены ў Венэцыю (былі свае рамантычныя звабы ў розныя часы для ўсяго сьвету).

Даўняя гісторыя гэта адбылася сапраўды
У краіне гор і паэтаў, ў сонечнай Венэцыі.
А над горадам сьвяціла сьветлай чыстай верай
Блаславёна Santa Maria, маці-каралева.

Што там далей – варта асабіста паслухаць павучальны сюжэт у эмацыйным выкананьні гурта «Стары Ольса». Слухачу ня толькі прыемна, але ён і мудрэй становіцца.

Буђь я піяршчыкам, а не аналітыкам, мог бы дачапіцца да занадта запазычанага рэпэртуару беларускіх музыкаў, але… Ці не падкрэсьліваюць яны гэтым, што Беларусь здаўна была арґанічнай часткай Эўропы. Вунь нават у мастацкай аздобе альбому выкарыстаны ня толькі сярэднявечныя карцінкі італьянца Җэнтыле дэ Фабрыяно ці немца Альбрэхта Ђюрэра, а нават і мапа французскага гісторыка ды картоґрафа Ніколя Сансона, бо гэта мапа ВКЛ, нашай Рађімы.

Мо зноў не дацягнуў «Стары Ольса» да ґрунтоўнае канцэптуальнасьці чарговага альбому (заўжды нейкі збор з Бакфарка, Длугарая і «Полацка-Віленска-Эўрапейскіх сшыткаў»), але ці патрэбна тое мэдыявальнаму гурту, раз ягоныя рэлізы й без таго наросхап? Тады аматары важкіх канцэпцыяў мусяць чакаць ад іншых. А «Стары Ольса» застанецца «Старым Ольсам» (цяпер гэта Зьміцер Сасноўскі – дуда, вакал; Алесь Чумакоў – вакал, жалейкі, цыстра; Андрэй Апановіч – бубны; Ільля Кубліцкі – лютня, цыстра; Марыя Шарый – дудка, жалейкі; Сяргей Тапчэўскі – духавыя й ударныя, вакал). Дый ђякуй Богу!