Дзіўна, эстэтычнае, прыгожае выратоўвае нас ад канчатковай восеньскай дэпрэсіі і аўтарытарнай тугі. Таму бузьма ўдзячнымі заходнім прыбышам і носьбітам прыгожага, якія не даюць беларусам счэзнуць канчаткова

Халодная і цьмяная восень працягваецца. І ня толькі грогам ці глінтвайнам грэемся мы ў чаканьні сьнегу. Нас грэе француская музыка. Пасьля дынамічнай і сугрэўнай Мілен Фармёр да нас едзе іншая француская зорка з аптымістычным пасланьнем – Эма Шаплен[1], кампазытарка, сьпявачка ў стылі опэрнага попу, ці клясычнага красовэру. У Менску яна яшчэ не была, затое была яна ва ўсім сьвеце: сьпявала ў храмах Балі, на руінах Атэнаў, Хамамэту, у сынгапурскай опэры, перад Зімовым Палацам у Пецярбургу, у Крэмлёўскім палацы. Ейны сапрана з стараіталійскімі ноткамі шармуе, кранае, гальванізуе. Яна наўмысна выбрала стараіталійскую мову для сьпеваў, бо толькі на ёй, на мове Дантэ, “на мове паэзіі, мараў і драмы”, на думку артысткі, можна выказацца натуральна і поўна. А яшчэ яна сьпявае па-гішпанску, па-ангельску, разьбіваючы тым самым міт пра францускі моўны шавінізм. Апошнім часам ейны голас можна часта пачуць у амэрыканскіх фільмах.

Ейная галоўная кампазыцыя “Spente Le Stelle” ніколі нікога не пакіне абыякавым. Цяпер яна выступіць перад беларусамі ў “Саркафагу”, прабачце, у “Палацы Рэспублікі”, дзе незабыўныя эмоцыі і прыемныя дрыжыкі, няма сумневу, чакаюць кожнага. Гэтая маладая выканаўца і кампазытарка, якая бясстрашна экспэрымэнтуе і зьядноўвае поп і клясыку, народныя і опэрныя сьпевы, у чарговы раз дэманструе эўрапейскі дыхт музыкі, выкананьня, якому малазразумелыя такія зьявы, як халява, непрафэсыяналізм і безгалосіца. Ужо анэкдатычнай сталася гісторыя ейнага сьпеву ў Маскве з расейцам М. Баскавым, які папросту ня выцягнуў прыпеўкі. У свае 39 год Эма Шаплен застаецца сур’ёзнай і поўнай праектаў, экспэрымэнтаў сьпявачкай, якую акрамя Менску чакаюць у Кіеве, Маскве і Пецярбургу.

Дзіўна, эстэтычнае, прыгожае выратоўвае нас ад канчатковай восеньскай дэпрэсіі і аўтарытарнай тугі. Таму бузьма ўдзячнымі заходнім прыбышам і носьбітам прыгожага, якія не даюць беларусам счэзнуць канчаткова.


[1] Шаплен – слушны варыянт перакладу і перадачы прозьвішча сьпявачкі. Але ж памылкова яно падаецца, як Шаплін. У нашых усходніх суседзяў яна вядомая, як Шаплін, а таму бяздумна прозьвішча перайшло ва ўжытак і да нас. Зрэшты, гэта стала ўжо звычкай, “нормай”: той самы лёс напаткаў прозьвішча іншай францускай мэгазоркі – Мілен Фармёр. Паводле практычнай транскрыпцыі, прозьвішча сьпявачкі павінна перадавацца на беларускую мову, як Фармёр. Але ж пад уплывам расейскамоўнага ўжытку – Фармер, апошні варыянт зачастую памылкова дамінуе ў беларускамоўным ужытку.