Турнэ завершана, Мілен і ейная каманда вярнуліся дамоў, але сьвята працягваецца. Якраз напярэдадні калядак сьпявачка, якая здаўна ўмее выбіраць моманты атакі рынкаў і жадункаў сваіх фанатаў, выпусьціла аўдыё-вэрсыю турнэ з добра і дыхтоўна апрацаванымі кампазыцыямі, прэзэнтаванамі падчас шоў.

Альбом Timeless 2013”, як смачны дэсэрт пасьля турнэ, як лёгкі напамін пра супольнае дзеяньне з сьпявачкай, зьявіўся перад калядкамі, каб і ў сьвяты суправаджаць сваіх замілаванцаў. Відэа-вэрсыя канцэрту зьявіцца пазьней – у сакавіку 2014 году, але ўжо цяпер зьнятая завабка-урывак з канцэрту на песьню з перадапошняга альбому “Diabolique mon ange. Мілен умее надаваць другое жыцьцё сваім няновым, але такім жывучым і запамянальным кампазыцыям. Гэтая няпростая, глябальная, унівэрсальная, страшэнна мэлянхалійная, эмацыйная і амурна няроўная кампазыцыя сталася вястункай сакавіцкай падзеі – выхаду фільму, зьнятага падчас канцэрту Мілен у Францыі, Бэльгіі, Швайцарыі, Беларусі і Расеі. І тут зноў сьпявачка перасягае самую сябе: за некалькі дзён праз вірутальныя каналы прададзеныя больш за 10.000 квіткоў не на канцэрт, а на кінапрэм’еру фільму. Замілаванцы Фармёр застаюцца вернымі ёй, як першаму і апошняму каханьню.

А яшчэ рудая зорка-мнішка, якая зрэдчас адкрываецца публіцы ды і тое звычайна падчас турнэ, дала каляднае інтэрвію часопісу Gala, у якім ня толькі павіншавала ўсіх з новым годам, але падзялілася пэўнымі таямніцамі жыцьця. Так, яна зноў вярнулася ва ўспамінах ў родны сьнежны Квэбэк, прыгадала сваяцкую повязь з Брэтанью, зь якой паходзіць частка ейных сваякоў. А таксама Мілен прызналася, што ў франкамоўнай эстрадзе апошнім часам яна пільна сочыць за надзвычай таленавітым і шматабяцальным бэльгам Stromae, які штораз зьдзіўляе і зачароўвае сваёй непрадказальнасьцю. Зрэшты, зноў і зноў усплывае ў размове ейная мара і праект прасьпяваць у дуэце з Muse.

Акрамя таго яна прызналася, што яе дужа палохае слова нармальнасьць, якое апошнім часам сталася такім гучным, паўсюдным і навязьлівым у палітыцы, у грамадзтве. “Так сумна і ненармальна быць нармальным”, — рэзюмавала сьпявачка, якая выбрала свабоднае жыцьцё вольнай кабеты – бяз прымусу, шлюбу, мужа, сям’і, якія б толькі зруйнавалі творчую свабоду.

І на разьвітанку некалькі словаў пра каханьне, як галоўную, асноўную тэму жыцьця і творчасьці рудой прыгажуні. Какетліва, але і сьмела кажа яна ў інтэрвію, што ў каханьні галоўнае не кахаць, ня мучацца, не чакаць, а проста займацца ім. Бо астатняе мала чаго мае супольнага з каханьнем. Праўда, трэба заўважыць, у песьнях Мілен ня толькі займаецца каханьнем, але і кахае – аддана, моцна, аднабакова, рознаўзроўнева, часта безнадзейна. І хоць гэта нешта аддаленае ад рэальнага каханьня, але мільёны, мільярды людзей чамусьці бязупынку ўвальваюцца ў яго. І апошняе відэа-падарунак ад Мілен “Diabolique mon ange– якраз доказ таму.